Міколка-паравоз
Шрифт:
— А як жа жыць? — спытала яшчэ раз маці, нічога не разумеючы з таго, што гаварыў жандар. Той нічога не адказваў, а толькі выкідваў па чарзе невялікія набыткі Міколкавай сям’і. Дзед узяўся быў за адломленую ножку тапчана, каб кінуцца на жандара, але Міколка заўважыў, як адсцёгвае жандар кабуру рэвальвера, і кінуўся к дзеду, павіс у яго на руцэ, крычучы на ўвесь вагон:
— Не трэба, дзеду, не трэба… Гэты сабака і забіць можа цябе…
— Вон, шчанюк! — і жандар, схапіўшы Міколку за плечы, адштурхнуў яго за дзверы.
Маці сядзела
— Як жа нам далей жыць? Што ж гэта за бяда такая…
— А гэта ўжо не мая справа… Мне-то што! — пасмейваўся жандар і не кідаў сваёй работы.
Да вагона пазбіраліся людзі: жанчыны з вагоннага пасёлка, некаторыя рабочыя з дэпо. Спачатку гаварылі ціха паміж сабой, сумна ківалі галовамі, спачувалі Міколкавай сям’і. Потым пачалі гаварыць гучней і гучней, і хутка каля вагона чуліся ўжо крыкі, пагрозы, гучная лаянка, некаторыя спрабавалі ўгаворваць жандара:
— Што ты робіш, чалавеча, на зіму людзей выганяючы на холад? Сягоння іх, а заўтра нас выганяць будзеш?
— Адыдзі, а то ўраз і цябе арыштую… — агрызаўся жандар, накладаючы пячатку на дзверы пустога вагона.
— Знайшлі ў кім совесць шукаць! Ці была яна калі ў сабакі… — гаварылі адны. А другія ўжо грозна наступалі на жандара. Яны былі гатовы ўзяць яго, разарваць на кавалкі, умяшаць у брудную прамазучаную зямлю.
Тады падняўся дзед, які сядзеў увесь час на разбітым тапчане і сумна пазіраў на народ. Дзед рашуча ступіў уперад, загаварыў:
— Кіньце, людцы, гэтага сабаку… Не ў ім жа справа… Не выганіць ён мяне сягоння, дык заўтра іх дваццаць знойдзецца, усё роўна выкураць. А вы толькі непрыемнасці можаце набыць сабе. Ёсць вышэй за іх людзі, яны разумеюць чалавечую справядлівасць. Калі сына забралі гэтыя сабакі, дык гэта ж непаразуменне. Тыя, што вышэй, тыя ўсё разбяруць, тыя ўбачаць, хто правы і хто вінаваты… А вы разыходзьцеся, людцы, па хатах.
Дзед верыў яшчэ ў нейкую вышэйшую справядлівасць, верыў крыху ў цара.
— Не можа быць, каб ён дапускаў такія непарадкі, калі чалавека за нівошта садзяць у турму.
Прадаўшы сёе-тое з манаткаў і надзеўшы свае медалі, ездзіў ён да вышэйшага жандарскага начальства хадайнічаць аб сыне. Але прыехаў вельмі пахмуры і расчараваны. Здзеў медалі свае, Міколку кінуў:
— На, унучак, хавай са сваімі гузікамі — бліскучыя цацкі будуць…
І, дастаўшы з кішэні паперу, чытаў яе Міколкавай мацеры. То быў прысуд над бацькам Міколкі. Па «загаду яго імператарскай вялікасці» быў засуджаны Міколкаў бацька на дзесяць год катаргі.
— «Яго імператарскай вялікасці»… — мармытаў паціху дзед. — Погань гэта, а не вялікасць… А я думаў…
Шмат аб чым перадумаў дзед. Жылі цяпер у невялічкім хлеўчуку, складзеным са старых шпал. Гэты хляўчук аддаў ім пад жыллё адзін стрэлачнік. Дзед хадзіў кудысьці на работу, ці то пілаваць, ці то складаць дровы. Маці хадзіла таксама на падзённую работу: то мыла чужую бялізну,
Худое жыццё настала для Міколкі. Некаму было і «зайцавым хлебам» пачаставаць. Часта яшчэ, учуўшы знаёмы гудок паравоза, кідаўся спрасонку Міколка да маці:
— Стаў самавар, мама, бацька едзе!
Але ставіць самавар не было патрэбы, і маці ўгаворвала Міколку:
— Спі, сынок, спі… Бацькаў цягнік яшчэ далёка, далёка.
Дні цягнуліся за днямі, шэрыя, нудныя, халодныя. Толькі і было шчасця, калі прыходзілі некаторыя рабочыя, суцяшалі маці і дзеда:
— Не гаруйце, усё пройдзе, усё мінецца, будзе свята калі-небудзь і на нашай вуліцы… Не ўсё ж ім ды ім.
Суцяшалі гэтыя рабочыя, дапамогу аказвалі. То грашыма, то дроў прыстараюцца, то змайструюць печку чыгунную, каб не так даймаў холад. І тады рабіўся весялейшы дзед, жартаваў з Міколкам, падбадзёрваў яго:
— Не сумуй, унучак, дачакаемся і мы з табою лепшае долі…
Суцяшаў, суцяшаў дзед, але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Неяк застудзіўся ён на рабоце, прастыў. Ледзь дахаты прыйшоў і злёг, з ложка не падымаўся.
І колькі ні даглядалі за ім маці і Міколка, аслаб зусім дзед, да сябе паклікаў:
— Відаць, трэба мне паміраць… Дык глядзі ж, Міколка, слухайся маці, расці. А ты гадуй хлопца, да працы прывучай… Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся, кожны здабываў хлеб сваім гарбом…
Заплакаў тут горка Міколка, баючыся расстацца з найлепшым таварышам сваім і з другам-прыяцелем.
Але не здаў пазіцыі дзед. Меў здаровую кроў ён. Сяк-так ад хваробы выкачаўся. Толькі надоўга выбыў са строю, і Міколкавы прыгоды надалей доўга абыходзіліся без удзелу дзеда Астапа.
А дні ішлі. І неўзабаве пасля дзедавай хваробы пачалі да Міколкавай сям’і даносіцца чуткі, адна другой дзіўней, адна другой цікавей. Чуткі ішлі па чыгунцы аж з самага Петраграда. Спачатку цьмяныя, невыразныя, нібы вялікі смутак пайшоў у народзе і рабочы люд супроць цара выступае. Хадзілі чуткі, што скора прыйдзе свабода і буржуям будзе канец. Буржуям і прыганятым іх. Чуткі рабіліся ўсё больш яснейшымі, і ўжо ў кожнай хаце гаварылі, што ў Петраградзе пачалася рэвалюцыя.
Неяк аднаго разу вечарам да Міколкавай сям’і зайшоў жандар. Быў ён чамусьці без шаблі і без свае чырвонае шапкі. І голас быў зусім не той. І выгляд зусім не начальніцкі. Зайшоў у хату і, пажадаўшы добрага дня, нечакана пачаў прасіць Міколкаву маці, каб яна забылася на ўсё старое, бо «ці мала чаго ў жыцці бывае, усякіх там непрыемнасцей…».