Міколка-паравоз
Шрифт:
Хацеў тут Міколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.
— Няхай сабе і малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезці, чым катораму з вас вялікаму…
На гэтым і разышліся, строга-настрага наказаўшы Міколку, каб ні слова, ні гуку ніхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.
— Ну, што вы, маленькія якія, ці што… — не на жарты ўсердаваў Міколка. — Ці буржуй я, ці меншавік, па-вашаму…
Чуў Міколка пра меншавікоў як пра вялікіх паскуднікаў, якія любому буржую гатовы заўсёды боты лізаць.
— Ну, глядзі ж, — яшчэ раз сказалі яму на развітанне.
А раніцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку, сказаў яму паціху:
— Ну, уставай, бальшавік! Пойдзем сваіх ратаваць. Глядзі ж не падкачай… Зловяць, скажы — за галубамі палез.
— Якія ж галубы па начах! — папракнуў Міколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.
— Тады скажы, што за семечкамі палез.
— За семечкамі яшчэ можна… — згадзіўся Міколка з такой прапановай.
Станцыя хавалася ў прадранішнім змроку. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары, пыхкалі парай паравозы ля дэпо, збіраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялі адзіночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Каб не быць заўважанымі нямецкімі часавымі, Міколка з рабочымі прабіраўся каля вагонаў, хаваючыся ў іх доўгім цені.
І тут ля вагонаў заўважылі і дзеда Астапа. Ён ішоў следам за ўсімі, не адстаючы ні на крок. На яго накінуліся ўсе:
— Куды табе, дзеду, ісці! Ідзі кладзіся спаць!
Аднак дзед аж узлаваўся:
— За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакінуў унука свайго ў небяспецы?
І колькі ні спрачаліся з дзедам, нічога не выйшла. Дзед не адступіў і рашуча ішоў услед. Вось і пакгаўз. На ім пабліскваюць цьмянымі аганькамі два-тры ліхтары, відаць шырокія дзверы. Ля іх стаіць, не зварухнецца, нямецкі часавы. Дзесьці далёка за пакгаўзам пабліскваюць у небе агнявыя зарніцы — відаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарніцы загадкава пазірае часавы. Водбліскі іх мігцяцца на шырокім бліскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.
Задумаўся часавы, абапёрся на вінтоўку, не зварухнецца.
А побач з пакгаўзам — вялікія штабелі дроў. Сюды і дабраліся Міколка, Павел і другія рабочыя. Адсюль добра відаць пакгаўз і часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Міколка бачыць, як у руках яго таварышаў з’яўляюцца рэвальверы. Людзі становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Міколку ціха вядуць да пакгаўза бліжэй, пад самы апошні штабель дроў.
— Ну, цяпер дзейнічай сам! Ды глядзі ж, не патрап пад вінтоўку! — дае апошнія парады брат Павел.
Міколка ўзіраецца ў часавога, да яго якіх трыццаць ці сорак крокаў. Відаць толькі спіна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлі, ціха пасоўваецца Міколка да пакгаўза, хаваючыся за раскіданыя побач каменні. Міколка паўзе і думае: што будзе з ім, калі заўважыць салдат, і куды трапіць нямецкая куля. Добра, каб у галаву — адразу і ўсё табе тут… А калі ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!
Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся, замёр на якую хвіліну-другую. Не з-за страху за свой жывот — які там у яго жывот! — а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую
«Эх! хаця б ды супакоілася, а то яшчэ ўчуе немец…» — думае Міколка ды праз шчыліну між каменнямі сочыць за часавым. Той ужо супакоіўся, нейкую песеньку пачаў ціха напяваць. Папоўз Міколка далей. Вось і ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. І праз якую хвіліну быў ужо Міколка пад ганкам і прабіраўся праз дзірку ў цаглінах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапіўшы рукой у нешта слізкае і халоднае. Але ўспомніў, што і днём тут хаваюцца часам жабы, супакоіўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабіў ён налёты сюды са сваімі таварышамі. Вось і гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвіком.
Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Спачатку нічога не бачыць Міколка, і толькі прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якія згрудзіліся ў кутку на ахапках гнілой саломы. Недалёка на сценцы мігае закапцелы чыгуначны ліхтар. Пад ім ляжыць чалавек і, як відаць, не спіць, бо часта варушыцца і ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Міколка і пазнаў — гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машыніст Арлоў. Разам з бацькам колькі пачысцілі яны на сходах эсэраў ды меншавікоў, тыя прымушаны былі заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свіст, вострыя жарты і кепікі.
Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Міколка хуценька перадаў аб усім, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго і глядзі, развіднее.
Доўга не збіраліся. Адзін за адным з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу, па аднаму выбіраліся з-пад ганка і адтуль Міколкавым спосабам паўзлі да дроў. Міколка сядзеў пад ганкам і скрозь ранішні змрок сачыў за Паўлавымі сігналамі. Апусціць той руку за штабелем дроў — значыць можна паўзці чалавеку. Падыме руку — значыць нельга, няйначай часавы ходзіць па насцілу, над ганкам. Так і выпусціў усіх восем чалавек, арыштаваных немцамі.
А сам затое ледзь не папаўся. Толькі высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Міколка, як рак у пячору, сядзіць там сагнуўшыся, чакае і бачыць: над самым над ім сядзіць нямецкі часавы, ногі на прыступку ганка паставіў, вінтоўку да калена прыціснуў. Відаць, надакучыла яму стаяць, і, не бачачы поблізу начальства ў такі час, рашыў ён прысесці. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногі і цягні пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзіць Міколка хвіліну, сядзіць другую, трэцюю. А далей ужо і нясцерп бярэ — калі ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут і кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу. Засунуў Міколка канец рукава ў рот, сядзіць ды чхнуць баіцца.