Мая Іліяда

на главную - закладки

Жанры

Поделиться:

Мая Іліяда

Мая Іліяда
5.00 + -

рейтинг книги

Шрифт:

Уладзімір Караткевіч

Мая Іліяда

Беларуская песня

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа, Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро. Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель... Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб'ецца, Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе. Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры, Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў, Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах, І бары-акіяны, і неба - разлівы ільноў. Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі, Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, А мужчыны, як скалы, - ударыш, і зломіцца меч. Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі, Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі, Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары. Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі, Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок. Ты - наш край. Ты - чырвоная груша над дзедаўскім домам, Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць, Ты - наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому Не дамо абсмяяць, апаганіць,  забыць ці мячом зваяваць. Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе. Мы клянёмся табе, што ніколі, Ніколі, Ніколі, Так, Ніколі не кінем, Не кінем, Не кінем цябе. 

I. Зямля журботы

Дзяўчына пад дажджом

Над
лесам, над садам дзікім
Дожджык забалбатаў, І успыхнулі раптам гваздзікі У нетрах абмытых траў. Цёплыя кроплі скачуць Па залацістай лазе; Дожджык - "царэўна плача", Сонца ў кожнай слязе. З нізкай цёплай адрыны, Учуўшы ласкавы капёж, Ў лёгкай сукенцы дзяўчына Выбегла проста пад даждж. Кроплі яе цалавалі Палка, пяшчотна, да слёз, Вусны дзяўчыны хапалі Срэбра з ясных нябёс. Дожджык зрабіў сваё цуда, Ён абляпіў, як мог, Плечы, маленькія грудзі, Гнуткія лініі ног. Бэзам з садоў павявала, Вечна хацелася жыць. Дзяўчына ад шчасця спявала. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Стронцый быў у дажджы.

Трасцянец

Суайчыннік, стань! Тут знішчалі людзей. Суайчыннік! Запомні навек: Тры гады па сто трыццаць сем у дзень, І ў гадзіну - па шэсць чалавек. Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін Тут навекі чарнеў небакрай. Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі: Памятай... Памятай... Памятай!! Нам свяціў далёкага шчасця маяк, Мы любілі свой край залаты... З нас кожны быў, як маці твая... Як каханая жонка... Як ты... Час адной папяросы - і попел густы Асядаў на бяроз галлё... І таму не верце спакою, браты, Пакуль лётае ноч над зямлёй. Мы - прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы. Каб цемра не ўпала на край, Мы гарэлі паходнямі ў лютай начы... Па-мя-тай! Па-мя-тай! Па-мя-тай!!! 

Здратаваныя магiлы

Петрасу Антэасу

Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою, Я адчула цябе і на свет нарадзіла. Вёсны скрыпкай спявалі, а зімы - трубою. Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы? Ты не вер дактарам. Мне не цяжка прыйшлося. Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні. За труною людзей - нібы ў полі калоссяў, Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны. Мне не цяжка. Мне іншае горка, мой родны, Што цябе ўладары ліхалецця і ночы, Баючыся за "Грэцыі роднай свабоду", Не пусцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы. Хто ж з іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле? На Галгофу калісьці пусцілі Марыю, А цябе - на магілу маю не пусцілі. Праз абшары марэй, праз світанні і ночы Я кажу са сваёй здратаванай магілы: Ты не плач, маё сонца, мой любы сыночак, Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы. Я прывыкла да вечных з табой развітанняў, Войны, турмы, падполле і Грамаса скалы, Немцы, ўласныя каты і англічане, - Ўсё жыццё я чакала, бясконца чакала. Што было мне да вашых сутычак і зброі? Проста я не хацела знішчэння і смерці, І маланкі над Грамасам білі не ў хвоі, Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца. Нехта чорную здраду між намі пасеяў, І пайшлі вы з радзімы ў выгнанне, ў выгнанне. З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі Я чакала цябе, як чакаюць світання. І канец. І людскія маўклівыя гурмы. Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога. Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы, Хай праклён на вас, ворагі людства і бога. Без сыноў, без надзеі, без шчасця, без мая, Не схіліўшы да скону жаночыя плечы, Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае, Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых. Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы І дапытваюць кожную былку і камень. На зямлі руднікі, і турэмныя вежы, І капцы мацярок, што спавіты дратамі. ...Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося: Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай. На чале тваім - церні, ў далонях - калоссі, За спіною - бясконцыя гордыя сцягі. Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці. Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле - Ты не смей, ты са мною не смей сустракацца, Мой далёкі, мой смелы, мой добры, мой мілы. 

Балада плахі

Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць. Кожны дзень, выпускаючы дых, Паміраюць хлапчынкі распятыя І збавіцель не помніць пра іх. Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя, Што ні дзень павісаюць яны На крыжах з бамбука, магноліі І суровай паўночнай сасны. Не паспеўшы зрабіцца мужчынамі, Сустракаюць са зброяй бяду. Галаву не на грудзі дзяўчынам, А на слізкую плаху кладуць. Плацяць катаргай і эшафотамі За братоў сваіх душу жывую, Хочуць дыхаць - задушаць гаротаю, Хочуць думаць - ссякуць галаву. У чырвонай ад сонца Касціліі, Ў парнай сельве і ў зорных ільдах Кожны дзень яны бураць Басылію: Чалавечы свой, просты жах.. Але йдуць і за век свой ратуюць, За дзіцячы след на траве, За высокую годнасць распятую, За найменне тваё, Чалавек. Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца За свабоды ўласнай лядо? О зямля, святая калодніца, Гора, мужнасці, смерці юдоль! У былым іх - трушчобы няветлыя, У сучасным - глухая турма, І няма для іх раю светлага, І суда іхнім катам - няма. Толькі час вам уздасць поўнай мераю. Але ўсё ж - пакуль прыйдзе той час, - Калі ёсць на зямлі гэтай вера, Калі варта жыць - то для вас. 

Балада аб трыццаць першым сярэбранiку

І прадаў ён Хрыста. І яму адвалілі за гэта Трыццаць срэбных дынараў. А Кайяфа яшчэ падарыў Трыццаць першы сярэбранік, звонкай і важкай манетай, Толькі-толькі адлітай на царскім манетным двары. Ні за што. Проста так. Падарунак не падарунак, - А хутчэй ад свайго дабрадушша накінуў на чай За мужчынскі, суровы і стрыманы той пацалунак, На які адказаў Пётр-апостал ударам мяча. Каб у тыя часы ў Іудзеі вадзіліся свінні - Ўзнагародаю лепшай была б яму іх чарада... Справа, ясна, не ў тым, што прадаў ён "гасподняга сына". Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў. Ўсё адно нібы зайца, што, гнаны крывавай пагоняй, Паратунку шукае ў нагах тваіх, бо не ўцячэ, Выдаць людзям са стрэльбай, а тыя рабрынай, далонню, - За вушамі яго, каб, канаючы, ён завішчэў. І распяты сканаў. І тады фарысеям і катам Крыкнуў здраднік: "Крывёю абмылася грэху гара! Кроў прадаўшы нявінную, што нарабіў я, пракляты?!" Бразнуў змаху грашмі, і яны пакаціліся ў гразь. Пад дажджом ачышчальным - сухі - ён адчуў, што загінуў, І вяроўку дастаў, і яе у пякельнай журбе Завязаў на суку ад агіды дрыжачай асіны, І ударам нагі шар зямны адштурхнуў ад сябе. А за трыццаць манет падабраных ганчар-срэбралюбца Уступіў свой кавалак зямлі без якіхсьці умоў, Каб зрабіць там сталічныя могілкі для самагубцаў (На тым месцы цяпер пяць някепскіх даходных дамоў). Ад далейшай гісторыі пэўна і камень заплача: Трыццаць першы дынар не знайшлі, хоць шукалі й яго, - Нейкі мытар яго сярод гною і гразі убачыў І схаваў ад усіх, неўпрыкмет наступіўшы нагой. Той дынар быў шчаслівай манетай. І хцівец смярдзючы З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь, І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы, Бо каб вешацца - трэба таксама сумленне займець. І шпурляў ён каменні ў распятага божага сына, Кідаў львам хрысціян і дзяўчат-неафітак хвастаў, А затым, як і ўсе, стаў узорным хрысціянінам І даносам ды вогнішчам біўся за славу Хрыста. Больш за рымскага папу шумеў на ўсяленскіх саборах, А пасля, ў сарацынскім палоне, бы ўмыўся багном, Першы крыкнуў "алах!" і наглядчыкам стаў на галёрах, І былых аднаверцаў раменным сцябаў бізуном. З сотняй твараў, як ідал індыйскі, шматрукі, як Брама, Быў пры тронах і плахах накшталт валачашчага пса. Адчыняў перад ворагам роднага горада браму, "Молат ведзьмаў" пісаў і на Бруна даносы пісаў. Толькі здрадзе не здрадзіў і тым, хто за здраду заплаціць, І таму перад кожным мярзотнікам гнуўся дугой І даносіў на бацьку, даносіў на сына, на маці, На сяброў, што з-пад выбухаў вынеслі мужна яго. А паколькі мянціў ён прыгожа, то ўсе, як бараны, Паўтаралі за кімсьці: "Вось вернае праўдзе плячо! О, які ён трывалы, які ён перакананы, Як ваюе за думкі свае ён агнём і мячом!" Ён нястомна разводзіў хлусні беспардоннай турусы І паклёп, як гадзюка, сычэў ля парога турмы, І ніхто не сказаў яму слова старых беларусаў, Што "прымаем мы здраду, а здрадніка вешаем мы". Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам, Па гестапах служыў, па засценках, ад стогнаў глухіх, Па ахранках... А зараз ваюе за "наш гуманізм. Не здзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх. З дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі. І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госцем ваш дом... Вось сядзіць..Вось ідзе... Вось бярэ вашых дзетак на рукі... Пнецца ў неба з трыбун... П'е гарэлку за вашым сталом. Але выпадак дай - распаўзецца чумою па свеце, Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў... Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце, Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?! До ўжо! Сэрца хлусні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў. Разам з джалам схавайце падлюгу ў свінцовай труне, Адбярыце і знішчыце трыццаць першы пракляты сярэбранік, А іначай - няшчасце Зямлі. А іначай - канец. 

Крумкачы

Стаяў жахлівы позні лістапад. Навекі зніклі лебедзі з каналаў, А з сэрца знікла радасць. І вясна З каханнем і з птушынай прагнай песняй Была далей, чым маладосць мая. Чым горш, тым лепш. Таму я не пайшоў На вуліцы, дзе маладосць спявала, А кінуўся да кручаных завулкаў І заглыбіўся ў іх. Старая Рыга Мяне ўзяла, як змучанага сына. Я ведаў, што яна мяне суцешыць. Калі ж не зможа даць спакой жыцця, Дык дасць спакой хоць небыццём
стагоддзяў.
І я выходзіў зноў на тыя ж вулкі, І зноў, і зноў. І мне здалося ўрэшце, Як быццам той, што йдзе перада мною, Я сам. Ссутулены. У чорнай шапцы. Што бачу сам сябе я са спіны... Засекі. Склады. Блокі на вяроўках. Маслісты брук. Куродым соцень год На мёртвых дахах. Мордачкі анёлаў З парочнаю усмешкай на парталах, - Ўся тая Рыга, што аж шэсць стагоддзяў Смактала сок з твайго народа, друг. З народа, што уласнымі рукамі Паклаў тут кожны камень. Для чужых... Бляшаны пеўнік копціцца ў дыму Над комінам. Туман (ці, можа, хмары) Абняў за пояс Домскую званіцу, І толькі шпіль узносіцца над ім. І раптам з Домскай вежы проста ў хмары Ўзняліся з хрыплым крыкам крумкачы, Як чорныя крыжы вякоў мінулых; Што год, то крыж. Яны лятуць угору, Вышэй, вышэй. Над шпілем. Над Даўгавай. Над Рыгай, над Лaчплесісам, над краем, Над бедным пеўнікам, што ад трывогі На бронзавым прутку замітусіўся. Знікаюць у тумане крумкачы... Іду далей. І вуліцамі цягне Такім халодным, горкім, страшным дымам, Як быццам там, за рогам гэтай вулкі, На плошчы, зноў святошы паляць латаў. І цень крыжа лягла на твар палонных, На струшчаныя ў бітве іх мячы. О Рыга! Што гэта са мной? Я мару? Нішто. Хіба у сонечнага пеўня Няма мільёнаў дужых абаронцаў? Хіба яны трымаць не могуць зброю? Хіба не тут мой друг? Туманны горад, Ты вылечыў мяне пасля хваробы: Ты скінуў мне цяжар вякоў на плечы, Цяжар забітых, страчаных, палонных, Цяжар паўстанняў, і распраў, і слёз - Пакуль ва ўсёабдымным болю гэтым Не патануў мой непрыкметны боль І я не выпрастаўся. Крумкаччо! Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах. Вам хмары, нам - зямля. Яе - не рушце. Кажу апошняе святое слова: Мой меч з мячамі балтаў, з Рыгой, з другам, З усёй латышскай добраю зямлёй. Мой друг, мой брат, Ад гэтых вузкіх вуліц, Што мне далі спакой, і гнеў, і сілу, Іду да новых вуліц. Да цябе. Прыпомні месца, дзе ў тузе і шчасці Узнікла наша вернае сяброўства. Былі там песні, і віно, і смех. І там была яна. Ты памятаеш? Яе згубіўшы, я цябе прыдбаў, Тваё сяброўства і тваю радзіму. Так, шчасце мне, відаць, не задалося. Але пакуль лунаюць крумкачы Над вулкамі заблытанымі Рыгі, Пакуль са мною плачуць вочы друга Над цяжкай стратай - ёсць яшчэ жыццё. 

Пры смерцi

Ложак - краіна мая, Калыска, труна і дом... Як далёкі сцюдзёны маяк, Сонца мёртвае за акном. І няма да яго выйсця. Промні - нажы, прасціны - глыжы. Мне - чатыры... І роўна палову жыцця - На грані жыццё дрыжыць. Я памёр бы, Знаёмы з апошняй тугой Раней, чым з песняй бароў... Замест слёз з вачэй і замест усяго Па кроплі точыцца кроў. Не заслоніць мяне ад тых, што прыйшлі, Маіх салдацікаў раць, На хвалістых прасцінах мае караблі У кільватэр бяссіла стаяць. З гор каленяў маіх упадуць яны За ложак, за край зямлі... Іншыя, чорныя караблі Чорныя ветразі ўгору ўзнялі, Па мяне прыйшлі, прыплылі... Не будзе з джунгляў гарачы Ганг Несці ў мора хваль шумаўё, Не будзе кідацца акіян На фарштэвень шхуны маёй. Ніколі азёраў смелая сінь Не папросіцца мне ў радкі, Ніколі не будзе мне Белай Русі, Невядомай, адзінай Белай Русі, Бароў і Дняпра-ракі. Ложак - мая краіна Разам са мною памрэ... Ніколі, ніколі не будзе дэльфінаў У сініх абшарах марэй... Нібы з нежылога дому, Што стыне сярод магіл, Нейкія незнаёмыя Ідуць паўз мяне ў снягі. Ідуць з пакінутай сонцам зямлі, Ад ільдоў - на другія палі, Ідуць на белыя караблі, Што барвяныя ветразі ў небе ўзнялі, Па іх прыйшлі, прыплылі. З Грэнландыі, стынучай сярод снягоў. Паплывуць да ф'ёрдаў сваіх, Да новых творцаў, да новых "багоў", Што некалі вылепяць іх. Кастусь ідзе і нясе на плячы Пяшчоту сваю і боль, Ракута бязгучна звоніць у шчыт, Бязгучна смяецца цыганскі кароль. Нямыя, ідуць яны ў нейкі край, У чырвоны марозны дым, І схіляюць галовы ў апошнім "бывай", І знікаюць адзін за адным... Дубее, дранцвее без гукаў дом. Ў хаце прысмерак, сіні туман... І сцюдзёны, барвяны пажар за акном, А за ім - нічога няма. 

Балада аб асуджаных і аб чалавечым "даруй"

Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце, Мо на Марсе, а мо на Зямлі Праз паклёп, і прэнг, і пакуты Чалавека ў смерць прывялі. Чэрап свой заціснуўшы ў рукі, Ён спасцігнуць не мог галавой Ўсю нязмернасць жыцця і мукі, Ўсю нязмернасць смерці сваёй. Ён не мог зразумець адзінага, Ён не выціснуў, як ні тужыў, Разумення апошняй хвіліны, Разумення апошняй мяжы. Сам-насам, без думкі аб цудзе Разлучаўся з сабою ў вяках, З добрым шчасцем, якога не будзе, Злом, што будзе дарэмна чакаць, З незламаным бэзам і горам, З лепшай думкай, падобнай на стрэл, З тымі дзецьмі, якіх не створыць, І з людзьмі, якіх не сустрэў. З ненапісанымі радкамі, З таямніцай роднай зямлі, З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі, Светлым дзівам, што ўсё маглі: На арэлях дзяўчыну гушкаць, Біць рыдлёўкай засохлы глей, Кельму ўзяць або выпусціць птушку, Чару ўзняць або даць на хлеб. І раптоўна павязка ўпала, Вочы ўгледзелі зноў зару. І раптоўна яму сказалі: "Мы дарэмна цябе катавалі. Калі можаш - забудзь і даруй. Дай сваё дараванне небу, Што заўсёды бачыў з акна, І айчыннаму жорсткаму хлебу, І радзіме нашай, І нам. Кінь муры і забудзь аб "гуме", Ўсім прабач і ў жыццё ідзі, І застанься з зямлёю і думай, З гэтым сонцам Адзін на адзін". І ад слоў, як вясёлкай светлай, Свет размыла і павяло. О найлепшае сонца ў сусвеце: Смех вачэй, што бачаць святло! "Усім дарую. Усім дару я Даравання лёгкай рукой, Ўсім праменням, што ў кратах шаруюць І ў палацы плывуць ракой. Нават каменю. Нават лёсу, Аб якім калоцімся мы, Нават тым няшчасным калоссям, Што ўзрасцілі хлеб для турмы. Нават дурню злоснаму, богу, Што на здзек нас стварыў. І аднак..." (Можа, ён не сказаў такога, Але думаў напэўна так.) ...Рак пракляты, што лапамі злымі Разрастаецца ў плоці жывой, Калі вы сябе звеце - радзіма, - Не дарую радзіме такой. Не дарую ад веку... да веку... Буду жыць ці не буду жыць. Чым настрашыце вы чалавека, Што вярнуўся з апошняй мяжы? Самай жорсткай павязкай грубай Не пагасіць ніколі зло У вачах маіх гонар і любасць І прыўкраснае сонца святло. 

Балада пра дзiка i чалавека

Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць І злятае шэрань з бяроз, Дзік разрыў бурты бульбяныя І ў курдобу пусціў мароз... Чалавечыя гучныя крокі І сабачы бязгучны крок Аддаляліся ноччу глыбокай Ад агнёў на сутычку і кроў. Проста з чыстага неба памалу Церушыўся на вёску снег, А ля весніц Зоська стаяла І чамусьці кпіла з мяне: "Бач ты, вецер у портках свішча... А сабака... Такога ж нідзе... Сышчык! Сам сабе хлеба ішча! Падапры яго, бо ўпадзе..." Я змаўчаў... Нашто мне такая?.. Ўся як месяц у зімнім гаю, Як ільдзістага хлеба акраец, Што памёрлым у пекле даюць. Калі мы гэты край пакінем, Засумуе адзін толькі бор... О зямля мая, о краіна, О снягі ў зіхаценні зор!.. Чуйна слухай, рыжая Курта, Пільна ў мёртвыя нетры глядзі. Дзік, з'явіўся да снежнага бурта, Мей адвагу адказваць, дзік. Ён з'явіўся. Яго нарадзілі Змрок начны і сняжынак плач. Ён ішоў праз гурбы застылыя, Адзінец, самотны сякач. Узараная тушай гэтай Баразна снегавая плыла... Я ударыў па ім дуплетам І падраніў, а не паклаў. З лютай ярасцю чорнага тромба, Што ламае дрэвы ў бары, Ён ляцеў на мяне, як бомба, Вывяргаючы кроў і рык. Бомба з шэраню, бомба са шчэці, З мяса, рыку, з болю ўканец, Бомба з ярасці, бомба са смерці Для кахання, для зор, для мяне... Курта ўпялася смерці ў сцёгны, Каб яе ад мяне адцягнуць Даць імгненне для стрэлу і стогну, Даць грымотам хвіліну адну. І дала... Нерухомым пластам Ён ляжаў, пачварны красун, - Буры, шчэцісты, грузлы, ікласты, Як апошні забіты лясун. Бы зімовы россып каліны, Кроў апырскала снежны разор... О якая чужая краіна! О снягі ў зіхаценні зор! Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў, Нарадзіў барвяны туман І зямлю ад цябе пазбавіў. А на ёй і кахання няма. Мы дзялілі і шчасце і гора, І лясы і спевы травы. Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш? Мне, забітаму, ты, жывы?.. Палазы рыпелі да вёскі, І ў кароткай птушынай журбе Гіль абтрос алмазы з бярозкі - Як апошні прывет - на цябе. І ўзвалілі цябе ля парога На вароты, нібы на шчыт, І дымелі ў паветры ногі, Як на скон чатыры свячы. Шчэць смылела павольным палам, Абсыпаўся попел сухі: Так і нас мо ў пекле абсмаляць За вялікія нашы грахі. Ён ляжаў аддана і проста. Разувалі яго талакой З рагавых пантофлікаў вострых, Бы ў аршанскай краме якой. Потым госці елі старанна. Я ж сядзеў і не еў, як святы: Дзік не вінен... Проста бураны... А па бульбе мы з ім - браты, Па самоце несамавітай, Па трывожных думах у сне. Я маўчаў. Госці, п'яныя, сытыя, Гаманілі, хвалілі мяне. Стала ў хаце і дыму, і тлуму, Заспявалі ўсёй грамадой, І кудысь адляцелі думы, Што віселі ўвесь дзень нада мной. А ўначы, калі неба хмурае Ўсімі дрэвамі снег мяце, Выйшаў я, гэтым тлумам задураны, І ля форткі убачыў цень. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Калацілася, што бярозка, Як кране яе снегам сівым... "Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська? Я ж з табой!.. Я жывы..."
Комментарии:
Популярные книги

Черный дембель. Часть 3

Федин Андрей Анатольевич
3. Черный дембель
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Черный дембель. Часть 3

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Болотник 2

Панченко Андрей Алексеевич
2. Болотник
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Болотник 2

Чайлдфри

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
6.51
рейтинг книги
Чайлдфри

Очкарик 3

Афанасьев Семён
3. Очкарик
Фантастика:
фэнтези
5.75
рейтинг книги
Очкарик 3

Хозяйка забытой усадьбы

Воронцова Александра
5. Королевская охота
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Хозяйка забытой усадьбы

Лейб-хирург

Дроздов Анатолий Федорович
2. Зауряд-врач
Фантастика:
альтернативная история
7.34
рейтинг книги
Лейб-хирург

Князь Серединного мира

Земляной Андрей Борисович
4. Страж
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Князь Серединного мира

Элита элит

Злотников Роман Валерьевич
1. Элита элит
Фантастика:
боевая фантастика
8.93
рейтинг книги
Элита элит

Бастард

Майерс Александр
1. Династия
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард

Кодекс Крови. Книга ХIV

Борзых М.
14. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга ХIV

Печать мастера

Лисина Александра
6. Гибрид
Фантастика:
попаданцы
технофэнтези
аниме
фэнтези
6.00
рейтинг книги
Печать мастера

И только смерть разлучит нас

Зика Натаэль
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
И только смерть разлучит нас

Имя нам Легион. Том 11

Дорничев Дмитрий
11. Меж двух миров
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Имя нам Легион. Том 11