Столькі год я гляджу на палеткі і весі Ў іх сцюдзёнай і чыстай асенняй расе, Закалела, ўзмакрэла на золкім узлессі, Як старая жанчына, што пасвіць гусей. Валасы мае чэша вятрыска і трусіць, А ў халодных травах туды і сюды Валуны на пашы, як белыя гусі, Што гані не гані, а не йдуць да вады. Ад вясёлай Друці да нетраў Падляшша, Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц - Валуновая паша, гранітная паша, Камяні, камяні, камяні, камяні. І хоць мох на каменнях сівее ад гора, А ў галіны мае б'юць шалёна грамы, - Ўсё ж нам добра глядзець на лугі і разоры, На зямлю, для якой паслужылі і мы. Бо тады, калі праўду хацелі павесіць, А над хатамі курчыўся змей агнявы, Мы хавалі людзей на падбегах да лесу - Я і гусі мае сярод стылай травы. Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі, Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб'е, Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень, І пяшчотным, як добрыя косы мае.
II. Старыя сувоі
I снiў Адам...
Н. Н.
Ў той дзень зямля святло і празарэнне Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў, Не зведаўшы яшчэ грэхападзення, - Як кветка, як алень, як зоркі спеў. Травою пахнулі яго далоні, Бег цень
ад Дрэва Дабрыні і Зла. А побач верылі дрымотна коні У вечны свет без бойняў і сядла. І сніў Адам: Камета ўстала ў небе Барвяным страшным зракам - і тады Крывёю пачала сачыцца глеба І згінулі эдэмскія сады. І пакаціўся ён, бяздольны, голы, Як пералёт, адсохлы на карню, Несустрач болю і насустрач волі, Насустрач злу і сернаму агню. І сніў Адам: Зямля ў глыбінным лоне Няволю нараджае для жывых. Дрымотныя, даверлівыя коні Ў бяздоннай захлынаюцца крыві. І сніў Адам: Да светлых зор сусвету Імчыць, як лямант, шматвяковы жах, - Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак, Рагнеды плач і Хірасімы прах, І дыбіцца шалёны свет гарою Над цалаванай брызам і вадой, Карункавай ад сонца і прыбою, Блакітнаю каралавай градой. ...Туды... сюды... ...Туды... сюды... Над прыскам, Над цішынёй, дрыжачай, бы струна, Бязгучная гайдаецца калыска, Як паміж небам і зямлёй труна. ...І плакаў ён, Хаця ў праменнях сініх Эдэмская купалася зямля, Бо лепш у самым чэраве загінуць, Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях. Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?! Нашто стагоддзі беспрасветных мук?! . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . І Ева падышла і працягнула Далоні сонных і пяшчотных рук. І ён з трывогай, з радасцю няпэўнай І з мужнасцю суровай, як праклён, Прынік да іх у страсці горкай, гнеўнай, Бо ён любіў... Бо добра помніў сон.
Апошняя песня Дантэ
Арлену Кашкурэвічу
У пошуках за любай і адзінай, Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім, У нетры той нязведанай зямлі, Дзе нават пекла ўлада асяклася, Дзе павуціння д'яблы не плялі На душы самых горшых, тых, што гасяць У чалавеках праўду і любоў, На душы, дзе кублом гадзюк сплялася Атрута вераломства. Злосць звяроў Узнагарылася бы поруч з ёю... І там пабачыў я бяздонны роў. Бязмежнаю варонкаю густою Зрываўся ён ля самых нашых ног У нетры зла. І гэтаю сцязёю Сам божы сын - і той прайсці б не змог. Схіл абрываўся: стромы і смярдзючы, Схіл зла і слёз, адчаю і трывог, Пакут і безнадзейнасці пякучай. І нехта там варочаўся на дне, Дарэмна поўз на ледзяныя кручы І ўніз зрываўся, грузны, як свінец. Ў бяссільнай злосці, ў ярасці пакутах Ён ланцугамі пачынаў звінець, Стагнаў і выў раз'юшана і люта, І роў, як львы і гарпіі - адзін, - Як быццам дэман там крычаў прыкуты Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін... І я пабачыў, што вакол бязодні Стаяў натоўп занураных мужчын. Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных. Там быў мой брат з крывёю на губах, Мой друг, апечаны агнём паходні. Распятыя на болю і дратах, Яны вакол стаялі і чакалі, Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках. Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых, Якія скавыталі і стагналі Аб літасці на розныя лады, А ураган, імпэтны і імклівы, Іх кідаў на адхон, на край, на льды. І вось тады натоўп людзей маўклівы, Над прорваю схіліўшыся ніжэй, На гэтых, што спаўзалі па абрыву, Стаў кідаць срэбных і цякучых змей. І змеі іх кусалі ў вочы, ў карак, У кіпці, што чапляліся за глей. Яны зрываліся. І там пачвара, Ўздымаючыся змрочнай галавой, Задыхала атрутнай, мерзлай парай І забурчэла з радасцю нямой. І спадарожнік мне сказаў з трывогай: "Горш сатаны царыца прорвы той. Яе адроддзе пазабыла бога І, д'яблаў горш, пануе на зямлі, У вёсках, гарадах і на дарогах. О справядлівасць, душы іх спалі! Развей іх попел! Пракляні іх семя! Да сотага калена спапялі! Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя І зрынуць іх сюды, на дно, на дно, На схілы прорвы, вострыя, як крэмень! Каб дзерла твары ім, як баразной, Каб паспыталі многіх простых мукі, І каб пачвара зжэрла гэты гной, Як змеянят сваіх жарэ гадзюка... Хай згубіцца ў бяздонні іхні крык, - І зацвітуць зямлі пакутнай лукі, І заплыве правал, як свет стары, Бо здохне з голаду дракон-пачвара, Бо злосць яго без паліва згарыць". . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Ён скончыў. І прадбачаннем кашмара Я ў яме зведаў ворага майго... Ты, вечная любоў мая і мара, Загінула ад подыху яго, Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку, Пакінуўшы мяне з маёй тугой. "Настаўнік, - я спытаў (нясцерпна-дзікай Была здагадка. Я хацеў стагнаць), - Хто там крычыць у ярасці вялікай?" І ён сказаў: "Не бачыш ты? Вайна!"
Чашы cлёз
Божа, мы гінем, галодныя, збітыя, Гінем, як быдла, без слова, без мар, Жыта чырвонае, чорнае жыта Коле нам вочы і лезе у твар. Ў небе ўздымаюцца скірдаў горы, Пот залівае нам вочы і лоб, Сілы няма, каб звязаць наша гора Так, як звязалі мы тысячны сноп. Рыга барона ў пашчу пустую Цягне бясконца снапоў іржу. Божа, дашлі нам цемру начную, Божа, дашлі нам хоць кроплю дажджу. О сонейка, зайдзі, Спякоту адгані, Не выпрастаць рукі, Не разагнуць спіны. Праменні паляць нас І поле, бы ў агні. Жні, жні, жні, Да самай смерці жні. Піць! Хоць глыточак! Смагаю скутыя, Мы засыхаем, як семя ў зямлі. Мала ім нашай бязмернай пакуты, - Студні ў нас яны аднялі, З нашых каменняў, на гора наша, Каб над вадою асвер не крычаў, Высеклі нам каменныя чашы: – Піце адсюль. Не марнуйце час. Гразь каля чашы заўжды адбівае Нашых каленяў і рук сляды. Людзі ваду да сябе ўздымаюць, Быдла - схіляецца да вады. З твараў пакутных, змарнелых, як цені. Тыдзень за тыднем, за годам год, Поўнячы з коптурам чашы каменныя, Падаюць слёзы і падае пот. Глытаючы слязу, Ідзём, бы ў страшным сне. Нас цівуна бізун Ляскае па спіне. Праменні паляць нас І поле, бы ў агні. Жні, жні, жні. Да самай смерці жні. Ў неба ўзвядзём мы гнеўныя вочы, Страціўшы веру ў ласку нябёс, Цёмнаю ноччу, зарнічнаю ноччу Косы наточым аб чашы слёз. Вострыя, хай яны лепей удараць Сотнямі джал на нашу бяду... Можа, равучыя замкаў пажары Лепей, чым слёзы, да бога ідуць. Каб аджыла наша ніва святая, Каб у каменныя чашы слёз Бралася толькі вада дажджавая, Падалі толькі лісткі з бяроз.
Чорная балада Гаркушы
Распускалася сонца - ружовы цвет, Зіхацелі лугі над ім. Як павіны хвост, разгортваўся свет Пад уражаным зрокам людскім. Наплывалі чароды ліловых хмар, Залатыя злівы лілі, І вясёлкі сямікаляровы пажар Піў ваду з ізумруднай зямлі. Серабрысты, густы вадзяны пасеў Шумеў
па цяжкіх садах, Быў зялёны па-рознаму мох на страсе І бляшаны замкавы дах. І сівела, звінела ад кропель рака... І ў гарачым святле плылі Сінія песенькі жаўрука Над карычневай песняй раллі. Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш, Цвіў і пахнуў, як бэз і язмін. Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш І ракаў нясцерпны кармін. Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны, І гарэлі ў руках людскіх Паліваныя, як аліўкі, збаны З палкім сонцам, што білася ў іх. Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў Ап'янелы пярэсты чмель, Андаракаў хванды былі, як жар, Як валошкі, як сонца, як хмель... Вуснаў каханых вішнёвы агонь, Белы хмель у тоўстай касе... Шлях дамоў... Далёка аранжавы звон... Маладзік, што драбіцца ў расе... Адышло ты, каханне, ў сівыя палі, Прывід шчасця зіхоткага знік, І пагаснулі, выцвілі фарбы зямлі, Як стары сялянскі ручнік. Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла Разлівам крывавых крушын. Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла, Дзе ты, сонца маёй душы?! Свечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо. Жоўты воск каханай рукі. Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў, Малінавыя бадзякі. "На каго ж ты?!." Марозна-зялёны палын, Горкі верас ліловых палян. Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь. Барвяны гнеўны вулкан. Быццам белая лава, што з Этны цячэ, Бруіла лава палкоў, І ўцякала цемра ад сініх мячэй, Ад блакітнага грому падкоў. Потым барву зарніц глытала імгла, І пад покрывам буры сухой Беларусь, як макава поле, цвіла. Кожны мак - пажар пад страхой... Сіні спеў жаўрука... Аранжавы звон... Мёд... Валошкі... Зіхоткі шлях... Андаракаў хванды... Вясёлак агонь... Сонца б'ецца ў зялёных збанах... Згасае, згасае вясёлкавы плёс. Памяць! Памяць! Малю! Малю!!! Аднаві мне фарбы палёў і нябёс, Аднаві мне маю зямлю. Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць, Да мяжы ў заходняй крыві, Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы Аднаві мой край! Аднаві!!! Як махровая сажа ў хаце курной, Чарнела вакол імгла. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй, Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй, Пажыццёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй... Пажыццёва. Без іскры святла.
Самсон
Мой край ваўкі зубамі шкамуталі. З вачэй, закінутых журботна, слёзы, Змяшаўшыся з крывёй, на дол плылі. Я простым быў. Я ўсё жыццё хацеў Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы, На святы ў недалёкім гарадку, Пот змыўшы з цела, танцаваць з дзяўчынай... І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край Прыйшоў філісцімлянін. Я не мог... Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю. Адное засталося - сіла зброі. Адное засталося - песні гневу. І я узняў свой сцяг. І легіёны Пайшлі за мной. У гневе ярай бітвы Я перамог амаль. І толькі сэрца Ўсё тым жа засталося, чалавечым, І сумавала па садах і хаце, Па простых радасцях і па каханай, Па ўсім, перагарэлым у сутычках, - Што я забыў. Адпомсціла яно. Звяло мяне з падступнай і пяшчотнай... Прыгожая - яна была каханай. Далёкая - яна была жанчынай З вачыма божай маці на іконах. І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век Мяне трымала ў радасным палоне, І добрым называла, і прыгожым, І пальцамі, слабымі, як пялёсткі, Адняўшы сілу, выдала чужым... Стаю, хістаючыся, над сталамі, Прыкуты ёю да калон варожых, І чую музыку, і гром кімвалаў, І слёзы блізкіх, што рабамі сталі... Няма, няма заступніка у іх! Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца, Што чую голас дарагой і любай І пацалункі - ката і яе. І трызняць вочы цёмныя, сляпыя, Успамінаючы парог бацькоўскі І маці, што прадзе штовечар воўну На камені яго... О гэты смех Прыгожай сукі у раскошнай зале!.. Што можаш ты паставіць супраць Маці! Усе твае надуманыя словы - Хлусня, як ты сама. А маці ёсць. І сонца ёсць. І ёсць мая радзіма. Я сын яе. І я ў крыві ўстаю. Хістаюся. Ўстаю і ажываю. Я буду жыць. Я знішчу вашы вежы, І род твой на зямлі забудуць людзі. Ты памылілася і гэтай здрадай Такога ворага братам прыдбала, Якога ў іх ніколі не было. Хістаюцца калоны! Дах трасецца! Няхай загіну, але разам з вамі, Таму, што я сляпы, таму, што цёмны, Прададзены багамі і табой.
Балада аб нашэсцях
Між Дняпром і крыкам жураўліным, Наўздалёк ад дымнага сяла Ў прадзедам пакінутай хаціне З козлікам Алёначка жыла. Травы залацістыя дымелі, Ноччу поўз вугор гарох крануць; Як страла ў кальчугу, стронг на мелях Упіваўся ў рабізну. І аднойчы, як страла ў кальчугу, Раць аднекуль з-за лясоў прыйшла, Каб усё забраць: людзей за плугам, Хлеб і дым ад дымнага сяла. Чорныя, рагатыя, як здані, Ў золаце й каменнях, бы ў агні. Сэрцы іх забылі аб каханні, Рукі - аб звычайнай дабрыні. Іх багі удзячнасці чакалі, І Алёнку - ў дар вадзяніку - Вывелі з хаціны і звязалі, І на дзідах кінулі ў раку. Сонца ўніз схілялася сурова. А калі далей пайшлі палкі - Белы козлік выбраўся са сховаў І - чуйдух! – пацокаў да ракі. І замэкаў, застагнаў, заплакаў, Высунуўшы шэры язычок: . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . "Пашкадуй, Алёначка, сястрыца, Выйдзі да мяне на беражок".
Скарына пакідае радзіму
Ў сялянскіх крывулях-хатах Зноў сушылі кару. Знову конік пузаты Месіць нагамі бруд. У доктарскай шапцы дзіўнай - Адзінай на гэтай зямлі - Коннік мокне пад ліўнем, Што зноў як з сіта паліў. Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне. Па волі зямных багоў Спалілі браты-хрысціяне Кнігі пра бога свайго. З адчаем упартым, пахмурым Людзі ў жорсткіх баях За цемру сваю і дурасць Знішчаюць друзі свая, Зрабілі з Сіная малпоўню, Й не хочуць бачыць яны, Што справу іхнюю кроўную Хаўтурна адплачуць званы. Яны не даждуць, што Скарына Зямлю сваю пракляне: Страціў не я Афіны, Хутчэй Афіны - мяне. І горш за пакуты крывавыя, Што будуць думаць рабы, Нібыта ў шчасці і славе Я разам з моцнымі быў.
III. Калі памірае каханне
"О каханне маё бясконцае..."
О каханне маё бясконцае, Не ўцякай ад мяне, пашкадуй! За табой, як за светлым сонцам, Па штодзённай дрыгве іду. Чарада нада мной жураўліная, Пада мною - балот віры. Журавінамі, журавінамі Кроў мая на куп'і гарыць. На шляху толькі чорная лотаць, А за мной, ад маёй крыві, Утрапёна квітнеюць балоты Смолкай песень, пярэснай любві. Кроў сплывае. Няма спакою. І калі ўпаду нежывы, Красаванне кветак жывое Застанецца на месцы дрыгвы.
"Я iду лугавою дарогай..."
Я іду лугавою дарогай, Пакручастай і цёмнай, як лёс. Над ракой азярод шматногі Барадою сена зарос. Галавою прынікшы да сена, Ў ноч гляджу на рачное шкло... Глуха так, так цяжка і дрэнна Мне ніколі яшчэ не было. Ўсё было: пацалункі світаннем, Над ракою туман залаты, Бедны прывід майго кахання, Што здушыла разважліва ты. Сэрцам ведаю: так не трэба. І ніколі халодны разлік Не заменіць дарогі пад небам, На якім ледзяны маладзік. Нельга жыць з незгасальным болем, І ўсё роўна да схілу год Памажы мне - ніколі, ніколі Не забыць пра яе, азярод!