Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
— Значыцца, усё-такі, відаць, рак, — паведаміў, прыкрываючы хусцінкай рот, нехта з англійскай прэсы свайму парыжскаму калегу.
Але відавочна даў пудлу: П'ер Ляру, агідны, падступны карлік, з вялікім апломбам нешта плёў пра гераізм, пра прыгожа уніфармаваных хлопцаў новай Германіі. Зрэшты, ён не быў ніякі не журналіст, а проста багаты чалавек, які папісваў усялякую лухту пра грамадскае, літаратурнае і палітычнае жыццё еўрапейскіх сталіц з адзіна важнай для яго мэтай — заводзіць знаёмствы са славутасцямі. Гэты паскудны гном, з вострым тварыкам і віскатлівым голасам старой хваравітай дамы пагарджаў дэмакратыяй уласнай краіны і кожнаму, хто хацеў яго слухаць, тлумачыў, што Клемансо нікчэмны прахвост, Брыян круглы ідыёт, а любы — вазьмі
— Які смурод вы тут разводзіце, мой пане! — Гном глядзеў спалохана і зласліва; яго голас шабуршаў, як апалае лісце. — Стан здароўя фюрэра як нельга больш выдатны. Ён толькі крыху прастудзіўся. — Здавалася, нікчэмнае пудзіла зараз пабяжыць і данясе куды трэба.
Англійскі карэспандэнт занерваваўся, паспрабаваў выкруціцца:
— Мой італьянскі калега даверліва намякаў...
Але захлюстаны заўзятар туга нацягненых мундзіраў строга абарваў:
— Годзе, мой пане! І слухаць не хачу! Усё гэта беспардонны паклёп!... Прабачайце, — дадаў крыху лагодней, — мне трэба павітацца з балгарскім экс-каралём. З ім прынцэса Гесэнская, я пазнаёміўся з яе вялікасцю пры двары яе бацькі ў Рыме. — І пабег, склаўшы на грудзях бледныя, вострыя рукі, з выразам ханжаскай інтрыгі на твары.
Англічанін прамармытаў яму ўслед:
— Dammned snob.
Па зале прайшоў рух, пошум: увайшоў міністр прапаганды. Сённяшнім вечарам яго тут не чакалі, усе ведалі пра яго нацягненыя адносіны з тоўстым юбілярам, які, зрэшты, яшчэ не прыехаў, відаць, каб сваймy ўваходу надаць большага эфекту.
Міністр прапаганды — уладар дум мільёнаў немцаў — таропка пракульгаў праз экзальтаваны натоўп, які схіліўся перад ім. Здавалася, халадком праймала, дзе ён праходзіў. Быццам нейкае злое, небяспечнае, асамотненае і жудаснае божышча апусцілася ў ардынарнае роіва прагных да асалодаў, баязлівых і жалю вартых смяротных істотаў. Некалькі хвілінаў усё зборышча стаяла як спаралізаванае жахам. Хто танцаваў, застылі ў палётных па, спалоханыя позіркі, дагодлівыя і поўныя нянавісці адначасова, застылі на страхотлівым карліку. А той, галантнай усмешкай расцягваючы да вушэй худы, востры рот, спрабаваў крыху змякчыць і згладзіць жахлівае ўражанне, намагаўся прылагодніць і прымусіць свае глыбока-запалыя хітрыя вочы глядзець зычліва. Грацыёзна падвалокваючы кульгавую нагу, ён з лёткім спрытам ішоў праз святочна ўбраную залу, паказваючы гэтаму дзвюхтысячагаловамy збою рабоў, прыпахлебнікаў, ашуканцаў і дурняў свой фальшыва-глыбакадумны профіль драпежнай птушкі. Хітра ўсміхаючыся, ён прашмыгнуў міма групы мільянераў, паслоў, ваенных і кіназорак. Каля каго ён спыніўся, быў дырэктар Гендрык Гёфген, дзяржаўны саветнік і сенатар.
Яшчэ адна сенсацыя! Дырэктар Гёфген належаў да несумненных фаварытаў прэм'ер-міністра і генерала авіяцыі, які правёў у крэсла кіраўніка дзяржаўных тэатраў свайго вылучэнца насуперак волі міністра прапаганды, які пасля доўгай і зацятай барацьбы быў вымушаны паступіцца сваім уласным пратэжэ, паэтам Цэзарам фон Мукам. І вось цяпер ён дэманстратыўна ганаруе крэатуру свайго ворага асабіста, вітаецца, гутарыць. Ці не хоча падступны майстар прапаганды гэтым самым паказаць міжнароднай эліце, што ніякіх інтрыгаў і нязгодзіц сярод стаўпоў германскага рэжыму няма і што чуткі пра звады паміж шэфам рэкламы і генералам ад авіяцыі — не больш як пошлыя анекдоты? Альбо, можа, сам Гендрык Гёфген — адна з найбольш папулярных асобаў сталіцы — са свайго боку, быў аж такі тонкі хітрун, што здолеў прапхнуцца ў прыяцелі і да міністра прапаганды, і да генерала авіяцыі — прэм'ер-міністра? Ці не разыгрываў ён канкурэнтаў аднаго супроць другога, каб пратэжыравацца абодвума адразу? З яго легендарным спрытам — ніякага дзіва...
Усё гэта страшэнна цікава! П'ер Ляру толькі глянуў на былога караля Балгарыі і тут жа патрухаў праз залу — змецены сваёй цікаўнасцю, як пёрынка ветрам — каб паглядзець сенсацыйны
— Як пажываеце, мой дарагі Гёфген? — прыветліва ўсміхаючыся, спытаўся міністр прапаганды ў дырэктара.
Дырэктар таксама заўсміхаўся, але не тое каб ужо і да вушэй, а стрымана, здавалася, як бы нават гаркава.
— Дзякую, гер міністр!
Ён гаварыў ціха, крыху пявуча, але вельмі акцэнтавана. Міністр усё яшчэ не выпускаў яго рукі са сваёй.
— Магу я спытацца пра здароўе вашай фраў жонкі? — сказаў.
І тут ужо яго высокі суразмоўца мусіў напусціць на сябе сур'ёзу.
— Сённяшнім вечарам ёй трошкі нездаровіцца, — адказаў ён, выпускаючы руку сенатара і дзяржаўнага саветніка.
А той спагадліва:
— О, вельмі шкада.
Натуральна, ён ведаў — як, зрэшты, і ўсе ў гэтай зале, — што жонка міністра прапаганды ўся звялася, духоўна і фізічна, ад зайздрасці да жонкі прэм'ер-міністра. А як што сам дыктатар быў нежанаты, дык вянчаная жонка шэфа рэкламы выбілася ў першыя дамы рэйха, і гэтую богаспадобную функцыю яна выконвала прыстойна і з годнасцю, чаго не мог бы аспрэчыць нават яе смяротны вораг. А тут выплыла нейкая Лота Ліндэнталь, сярэдняй рукі актрыска — ужо і не першай свежасці, — і прыбрала замужжам ахвочага да бляску таўстуна. Жонка міністра прапаганды не апісаць, як пакутавала. Гэта ж трэба! Аспрэчваецца яе права на ролю першай дзяржаўнай дамы! Наперад прадзіраецца другая! З камедыянткай цацкаюцца так, быццам уводзяць культ уваскрэслай каралевы Луізы! Не дзіва, што кожнага разу, калі нешта ладзілася ў гонар Лоты, шэф-рэкламіха так моцна злавалася, што тут жа даставала мігрэні. Вось і сёння ўвечары яна засталася ў ложку.
— Вашай фраў жонцы было б тут, вядома, прыемна. — На твары ў Гёфгена ўсё яшчэ заставаўся выраз урачыстасці. У словах не было ніякай іроніі. — Шкада, што фюрэру давялося адмовіцца. Англійскі і французскі паслы таксама не змаглі прыбыць.
Гэтымі словамі, сказанымі самым мяккім тонам, Гёфген выдаваў свайго сапраўднага сябра і патрона — прэм'ер-міністра, якому быў абавязаны ўсім сваім поспехам, — раўнівага міністра прапаганды трэба было на ўсякі выпадак мець у запасе.
Спрытны кульгавец давяральна спытаўся, не без пагарды:
— А як тут настрой увогуле?
Дырэктар дзяржаўных тэатраў адказаў стрымана:
— Здаецца, усім весела.
Абодва высокія саноўнікі прыцішылі голас: вакол іх стаўкліся цікаўныя, збегліся і фатографы. Гарматная фабрыканціха шапнула П'еру Ляру, які ў захапленні паціраў на грудзях бледныя кашчавыя рукі:
— Наш адміністратар і міністр, праўда ж — цудоўная пара? Абодва такія значныя асобы! І абодва такія прыгожыя!
Яна ціснулася сваім пышным, упрыгожаным бюстам да кволага цельца карліка. Далікатны гальскі нізкапаклонец германскага гераізму, статных маладзёнаў, фюрэравых ідэй і высокіх арыстакратычных імёнаў спалохаўся задышлівай блізкасці аж такой ёмістасці жаночай плоці. Ён паспрабаваў адсунуцца, шчабечучы:
— Exquisit! Вельмі charmant! Непараўнальна!
Рэйнландка ўрачыста настойвала:
— Наш Гёфген — гэта сапраўдны мужчына, паверце мне! Геній, другога такога пашукай — ні ў Парыжы, ні ў Галівудзе! Такі спрадвечна-германскі дух, такі адкрыты, просты і сумленны! Я ведала яго яшчэ калі во-о-о такім хлопчкам бегаў. — І яна паказала рукою, якім маленькім бегаў Гендрык, калі яна, мільянерыха, ігнаравала на кёльнскіх дабрачынных распродажах ягоную маці. — Цудоўны юнак! — сказала яна яшчэ і так сэнсоўна паглядзела на Ляру, што той у паніцы даў лататы.