Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Шрифт:
Гендрыку Гёфгену можна было б даць гадоў пяцьдзесят; але было яму толькі трыццаць дзевяць — неверагодна малады для такой высокай пасады. Бледны твар з акулярамі ў рагавой аправе выяўляў той каменны спакой, які ўмеюць напускаць на сябе нервовыя і вельмі славалюбныя асобы, ведаючы, што за імі назіраюць збоку. Голы чэрап быў самай высакароднай формы. На аплылым, бледнашэрым твары кідалася ў вочы перанапружаная, чуллівая і пакутлівая рыса, якая прабягала ад высока ўскінутых светлых броваў да запалых скроняў; апрача таго кідкія абрысы моцнага падбародка, які ён насіў ганарыста прыўздзёрта, так што прыгожая лінія паміж вухам і падбародкам толькі падкрэслівала адвагу і ўладарнасць. На шырокіх і бледных вуснах застыла шматзначная, адначасова пакеплівая і як бы ахвочая да спагады ўсмешка. За вялікімі люстранымі шкельцамі акуляраў ягоныя вочы мала калі можна было разгледзець: а калі ж, — дык адразу было відаць, што яны, пры ўсёй сваёй пільнасці, былі халодныя,
— Зрэшты, я павінен павіншаваць вас з вашым Гамлетам, дарагі мой, — сказаў міністр прапаганды. — Фантастычнае дасягненне. Нямецкая сцэна можа ганарыцца вамі.
Гёфген крыху схіліў галаву, злёгку прыбраўшы да грудзей прыгожы падбародак: пад высокім бліскучым каўняром адкрыліся складкі шыі.
— Хто не можа справіцца з Гамлетам, той не варты называцца артыстам. — У голасе прагучала элегантная сціпласць.
Міністрy заставалася толькі канстатаваць:
— Вы сэрцам прачулі ўсю трагедыю.
Незвычайнае ўзрушэнне прабегла па зале.
У вялікіх сярэдніх дзвярах паявіліся генерал авіяцыі і яго жонка, былая актрыса Лота Ліндэнталь: бура воплескаў і гром воклічаў прывіталі іх. Праз людскі калідор, з якога несліся крыкі захаплення, велічна ступала светлазорная пара. Ніводзін цар ніколі не меў такога шыкоўнага выхаду. Энтузіязм, здавалася, ліўся цераз берагі: кожны з дзвюх тысячаў экзальтаваных гасцей як мага гучнейшым крыкам і воплескамі хацеў засведчыць іншым і прэм'ер-міністру асабіста, што ён шчырым сэрцам прымае свята саракатрохгоддзя прэм'ер-міністра, нацыі і дзяржавы. Крычалі: "Гох!", "Хайль!" і "Віншуем!". Кідалі кветкі, якія фраў Лота лавіла з грацыёзнай годнасцю. Аркестр граў вялікі туш. Міністр прапаганды пазелянеў ад злосці і нянавісці; але на гэта ніхто не звярнуў увагі, можа, акрамя толькі Гендрыка Гёфгена. Гэты стаяў нерухома: ён чакаў свайго патрона ў сабранай, вабна стрункай паставе.
Заключалі пары — у якіх фантастычных строях гэтым разам з'явіцца таўстун. А таго акyрат собіла пакакетнічаць аскетызмам, і ён уразіў грамадскасць вельмі сціплым уборам. Бутэлечна-зялёная літоўка на ім глядзелася амаль як строгага крою хатняя куртка. На грудзях блішчала толькі зусім невялікая срэбраная ордэнская зорка. У шэрых штанах яго ногі — звычайна ён хаваў іх пад доўгім поламі плашча — здаваліся асабліва магутнымі: быццам дзве калоны, на якіх ён паволі рухаўся. Каласальныя памеры і манстрозная таўшчэзнасць нібыта створаныя былі дзеля таго, каб наганяць на ўсіх жудасць і багавейную пашану — прынамсі, смяяцца з яго нікому рызыкі не ставала: у самага адважнага смех застываў у горле, калі ён уяўляў сабе, колькі крыві пралівалася па кожным кіўку гэтага мяса-сальнага монстра і колькі яшчэ пральецца ў яго гонар. На кароткай, мясістай шыі яго масіўная галава здавалася як бы аблітай чырвоным сокам: галава Цэзара, з якое злупілі скуру. На гэтым твары больш не было нічога чалавечага — нешта бясформнае з сырога мяса.
Прэм'ер-міністр велічна праносіў праз распраменены натоўп свой трыбух, велізарны выгін якога пераходзіў у грудзі. Прэм'ер-міністр выскаляўся.
Яго жонка Лота не выскалялася, яна раздорвала ўсмешкі, — ну, чыстая каралева Луіза, з галавы да ног. І яе сукенка, каштоўнасць якое склала прадмет дыскусіі дам, была пры ўсёй пампезнасці простая: гладка абцяканая, з блішчастай срэбнай тканіны, яна плаўна пераходзіла ў па-каралеўску доўгі шлейф. А брыльянтавая дыядэма на залаціста-жоўтых валасах, перлы і смарагды на грудзях сваёй вагой і бліскучасцю перабіралі ўсё, чым толькі яшчэ можна было пазахапляцца на гэтым раскошным раўце. Грандыёзныя каштоўнасці правінцыйнай актрысы цягнулі на мільёны: гэтым яна была абавязана галантарэйнасці свайго сужэнца, які ахвотна бічаваў у публічных прамовах пышналюбства і карумпаванасць рэспубліканскіх міністраў і бургамістраў, і вернасці некалькіх забяспечаных і вылучаных падданых. Фраў Лота ўмела прымаць такія знакі ўвагі з грацыёзнай прастатой і з той непрэнтэнцыёзнай палкасцю, якая прыносіла ёй славу наіўнай і мацярынскай, вартай шанавання жонкі. Яна лічылася бескарыслівай, непадкупна чыстай. Яна ўвасобіла ў сабе ідэал нямецкай жанчыны. У яе былі вялікія, круглыя, крыху выпуклыя каровіныя вочы вільготнапрамяністага блакіту; прыгожыя русыя валасы і снежна-белыя грудзі.
Зрэшты, ужо і яна была крыху таўсманая — што зробіш, у прэм'ерскім палацы кармілі хлебасольна і шырока. Расказвалі пра яе, з подзівам, што яна час ад часу заступалася перад мужам за яўрэяў з прыстойных
Усё яшчэ гралі туш, гэтак жа гучна і бездакорна; усё яшчэ доўжыўся лямант ушанавання. Тым часам Лота і таўстун наблізіліся да міністра прапаганды і Гёфгена. Трое мужчын нядбала падкінулі рукі, што мела азначаць цырымонію прывітання. Пасля Гёфген з сур'ёзным і ўнутраным смехам схіліўся над ручкай вялікай дамы, якую ён часта ціскаў на сцэне... І вось яны стаялі тут, аддадзеныя палючай цікаўнасці выбранай публічнасці: чатыры магуты гэтай краіны, чатыры трымальнікі ўлады, чатыры камедыянты — шэф рэкламы, спецыяліст па смяротных прысудах і бамбавозах, замужняя сентыменталка і пусты інтрыган. Выбраная публічнасць назірала, як таўстун паляпаў гера дырэктара па плячы, аж хрyснyла, і з нейкім парасячым смехам спрытаўся:
— Ну, як пажываеш, Мэфіста?
З эстэтычнага пункту бачання сітуацыя была для Гёфгена выйгрышная: побач з шыракамеснай парай ён глядзеўся статна, а побач са скасабочаным рэкламным карлікам — росла і станіста. Зрэшты, яго твар, якім худым і фатальным ён ні быў, ствараў нейкую пацешлівую процілегласць тром астатнім тварам вакол яго: з пачуццёвымі скронямі і моцным падбародкам ён удаваў на аблічча чалавека, які пажыў і папакутаваў; а твар ягонага заступніка быў расплылай маскай; а ў сентыментальнай — мордачкай поўнай дурноты, а ў прапагандыста — скажонай храпай.
Сентыменталка са шчырадушным позіркам сказала інспектару, да якога яна насіла ў грудзях тайную — ну, хай і не такое ўжо тайную — сімпатыю:
— Я ж вам яшчэ і не казала, Гендрык, у якім захапленні я ад вашага Гамлета.
Ён моўчкі паціснуў ёй руку, падступіўшыся пры гэтым на крок бліжэй да яе, і зрабіў спробу паглядзець на яе гэтак сама душэўна, як яно ў яе ішло само па сабе ад прыроды. Спроба не ўдалася: яго рыбіныя вочы не былі здольныя на пяшчотную цеплыню. Таму ён зрабіў сур'ёзны, амаль нават крыху злосны, афіцыйны твар і прамармытаў:
— Я хацеў бы сказаць колькі слоў, — і павысіў голас, у якім быў яркі, бездакорна пастаўлены металёвы тон, чутны і зразумелы амаль ва ўсіх кутках залы. — Гер прэм'ер-міністр! Вашы светласці, эксэленцы, мае дамы і панове! Мы гордыя — так, мы ганарымся і радуемся, што гэтае свята сёння ў гэтым доме мы можам правесці з вамі, гер прэм'ер-міністр, і з вашай цудоўнай жонкай...
На першым яго слове ажыўленая гаворка двухтысячнай зборні абмоўкла. У поўнай цішыні, у цнотнай нерухомасці ўсе слухалі доўгую, патэтычную і пошлую віншавальную прамову, якую казаў дырэктар, сенатар і дзяржаўны сакратар свайму прэм'ер-міністру. Усе вочы былі на Гендрыку Гёфгене. Усе захапляліся ім. Ён быў ад улады. Ён быў саўдзельны яе лоску — пакуль лоск трымаўся. З яе прадстаўнікоў ён быў адзін з самых вытанчаных і ўвішных. Яго голас вытачаў з нагоды сорак трэцяй гадавіны яго гаспадара самыя ашаламляльныя нюансы. Ён падняў падбародак, вочы свяціліся, ашчадлівыя і смелыя жэсты былі прыгожыя і ўрачыстыя. І ён старанна пазбягаў простых слоў. Скальпаваны Цэзар, шэф рэкламы і тая каровінавокая, здавалася, за тым толькі і сачылі, каб з яго вуснаў плыла толькі хлусня і нічога апрача хлусні: гэтага патрабавала нейкая тайная змова, якая павязала ўсіх як у гэтай зале, так і ва ўсёй краіне.