Падарожжа ў XIX стагоддзе

Шрифт:
Адам Мальдзіс
Падарожжа ў XIX стагоддзе
З гісторыі беларускай літаратуры, мастацтва і культуры
Навукова-папулярныя нарысы
«Падарожжа ў XIX стагоддзе» з'яўляецца зборнікам нарысаў аб дзеячах беларускай літаратуры, мастацтва і культуры мінулага стагоддзя, чые імёны яшчэ недастаткова вядомы шырокаму чытачу. Гэта — пачынальнікі новай беларускай літаратуры Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Каратынскі, польска-беларускі паэт У. Сыракомля і іншыя. Асобныя нарысы прысвечаны кампазітарам М. Агінскаму, С. Манюшку і А. Абрамовічу, якія нарадзіліся або доўга жылі ў Беларусі, выкарыстоўвалі беларускія народныя мелодыі і таму адначасова належаць і польскай, і беларускай культуры. Чытач пазнаёміцца з вучонымі і падарожнікамі І. Дамейкам, А. Янушкевічам, Б. Дыбоўскім, К. Ельскім. У плане займальнага літаратуразнаўства ў асобных раздзелах расказваецца аб пошуках
Кніга пашырае ўяўленне чытачоў, у першую чаргу вучняў, студэнтаў, настаўнікаў, аб беларускай літаратуры і культуры XIX стагоддзя.
Давайце, паважаны чытач, на некалькі гадзін адарвёмся ад паўсядзённых спраў і перанясёмся думкамі ў шматпакутнае і гераічнае XIX стагоддзе. Шматпакутнае, таму што невыносна жылося тады нашаму народу. Думаеш аб часах, калі «міласцю божай» панавалі розныя па ліку мікалаі ды аляксандры, і міжвольна на памяць прыходзяць трагічныя радкі з верша Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым»:
А ў краіне так цяжка (Асіны ад ганьбы палаюць), І над ёй фанабэрыцца П'яны, разбэшчаны гун, Як пры князі Усяславе — Дзень вялікі, а луста малая, Як пры князі Ягайле — На кожную спіну бізун. Абжыраюць удоў, П'юць з гарэлкай сірочыя слёзы, Тлустым задам расселіся На паднявольнай зямлі, На шлагбаумы мёртвыя Пассякалі жывыя бярозы, На шпіцрутэны гнуткія Запаветныя вербы звялі.Верш У. Караткевіча прысвечаны сялянскаму паэту-самародку Паўлюку Багрыму, які мог стаць гордасцю нашага народа, беларускім Шаўчэнкам або Бёрнсам. Мог, але не стаў. Калі Паўлюку Багрыму было 14 год, у яго родным Крошыне, што ля Баранавіч, успыхнуў сялянскі бунт. Па панскаму загаду быў «кіямі забіты» адзін з завадатараў — бацька Паўлюка, а самога юнага паэта за свабодалюбівыя вершы здалі на 25 год у салдаты. Вярнуўся ён пастарэлы і знясілены. І ўжо, відаць, не наважваўся брацца за пяро. Працаваў кавалём у Крошыне, каваў сцізорыкі, кандэлябры. І хутчэй за ўсё, нават не ведаў, што ў далёкім Лондане ў 1854 годзе навагрудскі адвакат Яцкоўскі змясціў у кнізе сваіх мемуараў яго верш «Заграй, заграй, хлопча малы». Адзіны верш Паўлюка Багрыма, які вядомы нам сёння. Верш, поўны глыбокага смутку і трагізму. Прыгадаем хаця б радкі:
Дзе я пайду? мілы божа! Пайду ў свет, у бездарожжа, У ваўкалака абярнуся, Слёзна на вас азірнуся. Будзь здарова, маці міла! Каб ты мяне не радзіла, Каб ты мяне не карміла, Шчаслівейша ты бы была! І далей: Ой, кажане, кажане! Што ж не сеў ты на мяне? Каб я большы не падрос Ды ад бацькавых калёс.Лёс Паўлюка Багрыма — бясхлебнае дзяцінства, паншчына, рэкрутчына, адзінокая старасць — гэта тыповы лёс тысяч і тысяч яго сучаснікаў і суайчыннікаў. І сярод іх было многа самародных талентаў. Напэўна, было, бо да нас жа дайшлі дзесяткі ананімных гутарак. Такіх, як «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка пана з селянінам». Сёння нам невядомы імёны іх аўтараў, але па антыпрыгонніцкай накіраванасці, па нянавісці да прыгнятальнікаў бачна, што гэта былі людзі, кроўныя па духу Паўлюку Багрыму.
Скарга, выказаная ў вершы «Заграй, заграй, хлопча малы»,— гэта скарга ўсяго заняволенага беларускага сялянства. З аднаго боку, яго прыгнятала царскае самаўладства, розныя кручковы і пісулькіны, няшчадна высмеяныя ў камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»; з другога — гэтае ж сялянства гналі на паншчыну польскія магнаты. Нягледзячы на далучэнне Беларусі да Расіі, ім яшчэ доўга належалі і землі, і душы «тутэйшых хлопаў». У першай палавіне мінулага стагоддзя беларускі селянін працаваў на пана па пяць-шэсць дзён у тыдзень. Сабе ж заставаўся сёмы дзень — нядзеля. Вузенькага ўласнага загона хапала, бадай, толькі, каб сплаціць нядоімкі. Сям'я ж кармілася хлебам, адзін выгляд якога выклікаў жах у многіх відавочнікаў. У рэвалюцыянера-петрашэўца Мікалая Мамбелі знаходзім такія радкі: «І цяпер яшчэ па жылах прабягае халоднае трапятанне, калі прыгадаю сабе бачаны мною кавалак хлеба, якім сілкуюцца сяляне Віцебскай губерні: мукі ў ім зусім няма, складаецца ён з мякіны, саломы і яшчэ нейкай травы, не цяжэй пуху, а выглядам нагадвае перамешаны з саломай і высушаны конскі гной. Хаця я праціўнік усякага фізічнага пакарання, аднак хацеў бы любячага сваіх «дзетак» імператара на некалькі дзён пасадзіць на ежу віцебскага селяніна».
Ішлі гады. Паступова недарэчнасць і жорсткасць прыгонніцтва пачалі разумець нават ліберальныя дваране, нават найбольш дальнавідныя члены сената. Рэакцыя не ў сіле
І ўсё ж XIX стагоддзе было не толькі шматпакутным, але і гераічным. Народ не мірыўся з уціскам. Стыхійна і разрознена ўспыхвалі сялянскія бунты. Больш арганізавана рыхтавалася да паўстання і паўставала дэмакратычная частка дробнай і сярэдняй шляхты, якая па свайму матэрыяльнаму стану часта зусім не адрознівалася ад сялян. І кожнае такое выступленне супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту канчалася аднолькава: розгі і вісельні, ссылка ў Сібір і катарга. Нібы эстафета, перадаваўся факел барацьбы ад пакалення да пакалення. Памяць аб грамадзянскім подзвігу членаў тайных студэнцкіх згуртаванняў філаматаў і філарэтаў, сасланых у глыбінныя губерні Расіі, натхняла паўстанцаў 1831 года, жыла ў сэрцах удзельнікаў антыцарскай змовы Ш. Канарскага. У трывожным 1848 годзе жандарам удалося раскрыць шырока разгалінаваную ў Беларусі змову, на чале якой стаялі ўраджэнцы Лідчыны браты Далеўскія. Ва ўзброенае вызваленчае паўстанне перарасла тая рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў краіне напярэдадні і пасля адмены прыгоннага права. На чале паўстання 1863 года стаў легендарны Кастусь Каліноўскі, гордасць і слава нашага народа. Палымянаму патрыёту не ўдалося ўзняць на барацьбу ўсё або хаця б большасць беларускага сялянства. Паўстанне было патоплена ў моры крыві. На беларускую зямлю ляглі цені ад мураўёўскіх вісельняў. Але памяць аб зробленым папярэднікамі — жыла! Яе збераглі беларускія нарадавольцы, якія патаемна друкавалі ў Мінску выданні «Зерно» і «Черный передел», а адзін з іх — Ігнат Грынявіцкі — кінуў бомбу ў самога «аўгусцейшага» Аляксандра ІІ, за што паплаціўся жыццём. Збераглі яе члены першых рабочых і марксісцкіх гурткоў, памнажалі ўдзельнікі першых забастовак і маніфестацый.
І як лагічнае і дастойнае завяршэнне ўсёй папярэдняй барацьбы — І з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, які адбыўся ў Мінску 1-3 сакавіка 1898 года. У драўляным доміку Румянцава, што на беразе Свіслачы, было абвешчана аб стварэнні партыі новага тыпу, былі прыняты дакументы, якія азнаменавалі пачатак новай эпохі і новага стагоддзя. Не, за XIX стагоддзе беларусам няма чаго саромецца! Царскаму самаўладству так і не ўдалося скарыць гэтую вонкава ціхую і сонную краіну, якой, адмовіўшы ў праве насіць уласнае імя, далі канцылярскую назву «Северо-Западный край». Высокапастаўленым прыхільнікам «народнасці» хацелася, каб адзінымі адметнымі рысамі беларуса былі каўтун на галаве ды лапці на нагах. Аднак раней або пазней яны пераконваліся, што ў сэрцах беларусаў заўсёды жыло жаданне волі.
І што для нас асабліва важна падкрэсліць, у гэтай вызваленчай барацьбе прама або ўскосна, з большай або меншай паслядоўнасцю ўдзельнічалі амаль усе прадстаўнікі новага беларускага пісьменства, якое ў XIX стагоддзі пачало нялёгкі шлях станаўлення і развіцця. Пералік ахвяр тагачаснай беларускай літаратуры не менш пакутлівы і страшны, чым пералік ахвяр літаратуры рускай. Мяркуйце самі. Паўлюк Багрым — у 14 год здадзены ў рэкруты, сшыткі з яго вершамі канфіскаваны. Паплечнік Канарскага, аўтар беларускага верша пра паўстанне 1831 года Франц Савіч — адпраўлены салдатам на Каўказ, памёр на Украіне пад чужым прозвішчам у час эпідэміі халеры. Ян Чачот — за ўдзел у тайных віленскіх арганізацыях сасланы ва Уфу і Цвер, вярнуўшыся, шукаў прытулку ў чужых людзей, памёр ад туберкулёзу. Ян Баршчэўскі — жыў амаль у жабрацтве. Аўтар даследавання «Беларусь» і балады «Нячысцік» Аляксандр Рыпінскі—за ўдзел у паўстанні 1831 года на тэрыторыі Віцебшчыны завочна прыгавораны да ссылкі ў Сібір, вымушаны быў эмігрыраваць; у царскай імперыі яго творы былі забаронены. Уладзіслаў Сыракомля — жыў пад наглядам паліцыі, памёр ва ўмовах хатняга арышту. Вінцук Дунін-Марцінкевіч — арыштаваны за дапамогу ўдзельнікам паўстання 1863 года, жыў пад пільным наглядам паліцыі, пасля 1863 года не меў права і магчымасці друкавацца. «Наддзвінскі дудар» Арцём Вярыга-Дарэўскі — як актыўны ўдзельнік паўстання 1863 года на Віцебшчыне сасланы ў Сібір на 8 год катаржных работ, памёр у выгнанні ў Якуціі. Францішак Багушэвіч — у сувязі з паўстаннем 1863 года вымушаны быў хавацца на Украіне. Адам Гурыновіч — за кіраўніцтва рэвалюцыйным «Гуртком моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», за распаўсюджванне перадавых ідэй і кніг, у тым ліку марксісцкіх, кінуты ў змрочны каземат Петрапаўлаўскай крэпасці, памёр у 25 год ад чорнай воспы. І нават над Аляксандрам Ельскім, пісьменнікам памяркоўна-ліберальным, а ў канцы жыцця — кансерватыўным, таксама быў устаноўлены нагляд паліцыі, якой хацелася ведаць, ці не ён гэта адпраўляе за граніцу артыкулы аб каланізатарскай палітыцы царызму ў Беларусі і ці не звязаны гэтыя артыкулы нейкім чынам з тым, што ў Пінску жанчыны... пачалі насіць цёмныя акуляры. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу.