Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
А цяпер звернемся да двух беларускіх вершаў Баршчэўскага, змешчаных у кніжцы альманаха «Рочнік літэрацкі» за 1843 год. У свой час сцвярджалася, што ў іх таксама высмейваецца беларускае сялянства, яго непісьменнасць і маральныя заганы, яго імкненне выбрацца з галечы. Ці так гэта? Для пачатку працытуем першы з вершаў — «Дзеваньку»:
Ах, чым жа твая, дзеванька, галоўка занята; Ці табе не напрыкрылася чужая хата. На каго ж ты павяраеш, Сваё сэрца прымяняеш; Не будзе тут пуці. Прыўчыла ж ты двух хлопцаў, як пташак у сеці, Яны к табе дзень і ўночы рады прыляцець І ты к нім лятаеш, Панскій двор пабуджаеш На вялікі смех. ПрыўчылаЯк сведчыць Р. Падбярэскі, Баршчэўскі прысвяціў гэты верш зноў жа канкрэтным падзеям і канкрэтнай асобе — дзяўчыне Максімовічаўне з Марогаў. Высмейвае аўтар учынкі сваёй гераіні? Безумоўна. Але высмейвае за тое, што яна вядзе немаральнае жыццё, дзеліць свае пачуцці паміж панскімі паслугачамі («да ён жа слуга гаспоцькі»). «Галоўка» дзеванькі занята яўна не тым, чым трэба. Яна хоча выбіцца ў людзі цаной уласнага сумлення. І аўтар слушна раіць ёй не губляць чалавечай годнасці, не смяшыць людзей і застацца самой сабою («мадамай табе ня быць»).
На першы погляд здаецца зусім бяскрыўдным верш Баршчэўскага «Гарэліца». Ну што ж у тым «крамольнага», калі паэт высмейвае селяніна, якому ў галаве не хатка, не дзеткі, не жонка, а гарэліца-«весялуха»?! Аднак варта ўспомніць, што ў першай палове XIX стагоддзя п'янства мела глыбокія сацыяльныя карэнні, з'яўлялася адным з праяўленняў прыгонніцкага ладу. Сялян сілай прымушалі купляць гарэлку, якая пастаўлялася ў карчму з панскіх бровараў. Прыгоннікі заахвочвалі п'янства (у «Гарэліцы»: пан «яшчэ хлопцу чарку водкі мне прынесць прыкажэць»). Вось чаму ў 40-50-я гады ў Расійскай імперыі шырока разгарнуўся рух цвярозасці. Яго гарачымі прыхільнікамі сталі Чарнышэўскі і Дабралюбаў, якія заклікалі народ актыўна супрацьдзейнічаць п'янству. Рух цвярозасці варожа сустрэлі як афіцыйныя ўлады, так і прыгоннікі. І таму «Гарэліца» Баршчэўскага, напісаная значна раней, чым пачаўся гэты рух, аб'ектыўна мела прагрэсіўнае гучанне.
Разгледзеўшы ўсе тры беларускія вершы Баршчэўскага, якія дайшлі да нашага часу (а напісана іх было, без сумнення, значна больш), мы прыходзім да вываду, што ў іх няма нічога антынароднага, рэакцыйнага, ёсць толькі абмежаванасць, абумоўленая абмежаванасцю дробнашляхецкага асяроддзя, з якога паходзіў сам аўтар. Але гэта ўжо не столькі віна яго, колькі бяда.
У другім томе польскай «Энцыклёпэдыі повшэхнэй», выдадзеным у 1860 годзе, гаворыцца, што беларускія песенькі Баршчэўскага з вялікай хуткасцю распаўсюдзіліся «сярод народа Белай Русі», прынеслі іх аўтару немалую папулярнасць. Але сапраўдную вядомасць пісьменніку ўсё ж заваявалі чатыры томікі «Шляхціца Завальні». Яны выйшлі ў пецярбургскіх друкарнях Кароля Края і Эдварда Пратца на працягу 1844-1846 гадоў.
Сёння цяжка сказаць, калі пачалася работа над «Шляхціцам Завальняй». Ва ўсякім выпадку, ужо ў пачатку 40-х гадоў зборнік быў шырока вядомы чытачам у рукапісе. Звесткі аб ім трапілі на старонкі польскага часопіса «Пельгжым» у сярэдзіне 1843 года. Невядомае дагэтуль у беларускім літаратуразнаўстве выказванне «Пельгжыма» пра творчасць Яна Баршчэўскага варта таго, каб яго прывесці ў вялікіх вытрымках: «Пан Баршчэўскі аказаўся самым дасканалым рэкамендатарам простанароднай фантастычнасці і звычаяў беларускага народа. Мы ўпэўнены, што ў сваім жанры ён не ўступіць Сапліцы (славуты апавядальнік у адным з раманаў Г. Ржэвускага.— А. М.). Ён пачаў пісаць празаічныя аповесці. Цяжка перадаць моцныя ўражанні, якія яны выклікаюць. Усё там зроблена з сапраўдным майстэрствам, хаця вонкава вельмі і вельмі проста. Гэта не просты збіральнік народных паданняў... Не толькі цяпер, але і з самага дзяцінства, палкі беларус, ён правёў з народам усё жыццё; яго загарэлы, далёка не кабінетны твар даводзіць, што ён з'яўляецца чалавекам дзеяння, а не спекуляцыі... Ён поўны сапраўднай веры ў тое, што паказвае ў сваіх аповесцях, а гэта важная акалічнасць, бо кожнаму апісанню вера прыдае жывасці і праўды, ён вельмі дасканала ведае ўсю Беларусь, бо разоў з трыццаць абышоў яе пешшу і штогодна наведвае яе цяпер з Пецярбурга. І ўсюды там ён жаданы госць, усюды яго міла прымаюць, таму што, з'яўляючыся бардам той старонкі, ён сыпле, бы з рукава, апавяданнямі і анекдотамі. Дзівосны ў яго інстынкт у апрацоўцы паданняў: не дадае амаль нічога свайго, а між тым усё становіцца яго ўласным. Голы запіс казкі не меў бы асаблівай каштоўнасці, але ён спалучае гэту казку з іншымі паданнямі, дасканала драматызуе — і раптам вырастае цэласны твор, поўны простанароднай праўды і самага сапраўднага жыцця».
У працытаваным вышэй артыкуле М. Грабоўскага даволі трапна вызначана творчая манера Я. Баршчэўскага. У адрозненне
Першы том «Шляхціца Завальні» адкрываецца вялікай прадмовай Р. Падбярэскага, у якой даецца першы (калі не лічыць «Беларусі» А. Рысінскага) нарыс развіцця новай беларускай літаратуры. У прадмове разглядаецца творчасць польскіх паэтаў, якія жылі ў Беларусі і ўзнімалі беларускую тэматыку,— Францішка Рысінскага, Яна Аношкі, Францішка Князьніна, Тадэвуша Лады-Заблоцкага; даецца высокая ацэнка «першай чыста народнай па духу і форме беларускай паэме» «Энеіда навыварат», якую аўтар прыпісвае віцебскаму віцэ-губернатару Манькоўскаму. Аднак сярод тых, хто ўзначаліў «нязвычны інтэлектуальны рух» на Белай Русі, вышэй за ўсё Падбярэскі ставіць Яна Баршчэўскага: «Гэты чалавек глыбока разумее сваю старонку ў паэтычных адносінах. Напісаўшы фантастычныя апавяданні на аснове паданняў беларускага простанароддзя, ён пачынае заслугоўваць усеагульнай увагі і займаць зусім выключнае месца сярод пісьменнікаў, якія там пачынаюць з'яўляцца». І далей, аб тым жа «Шляхціцу Завальні»: «Тое, * што піша п. Баршчэўскі прозай, непасрэдна не датычыцца ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Белай Русі, але датычыцца рэчы больш важнай — народнага духу і паэзіі, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён абапёрся на самы плённы прынцып, бо вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця. Народ у яго — заўжды перад вачыма». У фантастычных апавяданнях «Шляхціца Завальні» «простанароддзю належыць толькі само ядро, цэласную ж карціну на фоне, расквечаным нацыянальнымі фарбамі, стварыў сам аўтар». Героі ў «беларускага рапсода», як называе Баршчэўскага Падбярэскі, «выходзяць тыповымі». Адзначаючы станоўчае ў зборніку, аўтар прадмовы ўказвае і на мастацкія пралікі — голае маралізатарства, зададзенасць ідэі.
Услед за прадмовай Р. Падбярэскага ў першым томе «Шляхціца Завальні» ідзе артыкул «Некалькі слоў ад аўтара». У ім Баршчэўскі дае кароткую характарыстыку паўночнай Беларусі і побыту яе жыхароў. Прызнаючы, што большасць казак, выкарыстаных у зборніку, мае змрочную афарбоўку, аўтар тлумачыць гэта змрочнасцю народнага жыцця. На тварах беларусаў, піша Баршчэўскі, заўсёды нейкі сум і панурая задума. Вось чаму і ў іх фантастычных творах «заўсёды дзейнічаюць нядобразычлівыя духі, якія, аднак, служаць толькі злым панам, вядзьмарам і ўсякім непрыяцелям сялян».
Першапачаткова Баршчэўскі меркаваў выпусціць не чатыры, а шэсць томікаў «Шляхціца Завальні». Але цяжкасці з выданнем прымусілі адмовіцца ад гэтай задумы. Рукапісы апошніх двух томікаў да нас таксама не дайшлі. Магчыма, урыўкамі з іх з'яўляюцца апавяданні пра драўлянага дзядулю і жанчыну-авадня, якія часткова змешчаны ў альманаху «Рубон».
Не маючы магчымасці друкавацца па-беларуску, у апошнія гады свайго жыцця Баршчэўскі амаль цалкам перайшоў на польскую мову. Аднак яго польскія творы (балады «Дзве бярозы», «Дзявочая крыніца», «Пачаноўская гара на Русі», «Русалка-зводніца», паэма «Жыццё сіраты») таксама заснаваны на беларускім фальклорным і бытавым матэрыяле. У іх моцна адчуваецца ўплыў польскіх рамантыкаў, асабліва маладога Міцкевіча. Гэтым уплывам тлумачыцца адыход Баршчэўскага ад рацыянальнага класіцызму, захапленне фальклорам, побытам народа, цікавасць да нацыянальнай ідэі. Услед за польскімі рамантыкамі паэт адмаўляе навакольную рэчаіснасць, супрацьпастаўляючы ёй грамадства, заснаванае на справядлівасці і любві да бліжніх. Ён верыць у дзейснасць мастацкага слова. Музыка ў паэме «Жыццё сіраты», чый вобраз у многім аўтабіяграфічны, хоча «заспяваць людзям велічны гімн», які «развее чорныя хмары і збудзіць скалы».
Беларускія і польскія творы Баршчэўскага даюць нам даволі поўнае ўяўленне аб яго грамадска-філасофскіх поглядах. Гэтыя погляды былі вельмі супярэчлівыя. Паэт па-рамантычнаму ўзнёсла любіў беларускі народ і шчыра жадаў яму дабра. У «Шляхціцу Завальні» і асабліва ў аповесці «Душа не ў сваім целе», уключанай у зборнік 1849 года, выказана вера ў тое, што панаванне зла не вечнае, што «наступяць лепшыя часы і лепш будзе жыць паміж сваімі». Аўтар заклікае вывучаць жыццё ў яго бесперапынным паступальным развіцці. «Усё ж існуюць змены як у фізічным, так і ў маральным свеце, і трэба ўваскрашаць монстры мінулага, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепш пазнаць свет новы і стары», — разважае адзін з герояў названай вышэй аповесці. «Не можна таго ўтрымаць жывым, што ўжо аджыло свой час», — працягвае ён сваю думку ў іншым месцы.