Падарожжа ў XIX стагоддзе
Шрифт:
Як ужо гаварылася вышэй, да нас дайшлі ўсяго тры беларускія вершы Баршчэўскага — «Дзеванька», «Гарэліца» і (ва ўрыўках) «Рабункі мужыкоў». Напісаныя на невысокім мастацкім узроўні, сёння яны маюць толькі гісторыка-літаратурнае значэнне. Аднак у свой час яны карысталіся значнай папулярнасцю, былі часткова пакладзены на музыку, пайшлі, як кажуць, у народ. Урыўкі з «Рабункаў мужыкоў» знайшлі (пад назвай «Размова хлопаў») пры вобыску ў Паўлюка Багрыма. З народных вуснаў трапілі яны ў фальклорныя запісы П. Шэйна. Як бачым, сяляне знаходзілі ў Баршчэўскага нешта сваё, нешта сугучнае сваім думам і пачуццям!
А як жа тады пагадзіць указаныя вышэй факты з тым, што ў 30-40-х гадах нашага стагоддзя, даказваючы рэакцыйнасць поглядаў Баршчэўскага, звычайна спасылаліся на тыя ж «Рабункі мужыкоў»? Як пагадзіць, напрыклад, са словамі Л. Бэндэ, што творчасць
Не, народ не памыляўся. Памыляліся вульгарныя сацыёлагі. Сёння настаў час па-новаму, з канкрэтна-гістарычных пазіцый, прааналізаваць беларускія творы Баршчэўскага. Для пачатку звернемся да ўрыўка з «Рабункаў мужыкоў», які прыведзены Р. Падбярэскім у прадмове да «Шляхціца Завальні». Паколькі гэты тэкст па традыцыі не ўключаецца ні ў хрэстаматыі, ні ў анталогіі і таму амаль недаступны неспецыялістам, непазбежнымі будуць пераказ і вялікія цытаты:
Як пранцузская сіла Із-за Дзвіны наступіла, Нам стала карціць, Чтоб парадак прыўраціць. Аднака ж сядзелі ціха, Аж тут прыносіць ліха Пранцузаў у паш двор, І нутка дзелаць здор (мабыць, збор.— А. М). Клеці паразбівалі, Паноў нашых загналі, Нас казалі пазбіраць І гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, Аб нашым краю ўпаміналі І на мігі нас прасілі, Каб мы з імі двор лупілі. І мы доўга там гулялі, Что хацелі — пілі, бралі.У гэты час пачынаецца наступленне рускай арміі. Французы пакідаюць двор. Нашы войскі разбіваюць іх у вядомай бітве пад Калясціцамі. А між тым у двары:
Як пранцузы выйшлі самі, Мужыкі былі панамі І, калі так пагулялі, Раду сабе укладалі. Першый Мінка сеў за стол, У куты глядзіць, як сакол, На крэсле, і дзе сядзеў пан, Пуза, як барабан. А ногі як разапнець, Хоць з калёсамі праедзь.Усеўшыся за стол, Мінка пачынае хваліць старых паноў, якія мелі вусы «на ўвесь свет» і два запасныя рукавы, і лаяць новых, што «і самі ўжо згалелі». На гэтым тэкст абрываецца: ідуць шматлікія шматкроп'і, відаць абумоўленыя цэнзурай. Але ў канцы ўсё ж прарываецца, наколькі было мага, і сялянская крыўда на прыгонніцкі лёс. Цяжка сказаць, каму належаць гэтыя словы, але напэўна не пузатаму Мінку:
Прыйдзеш у двор, баішся, Пакуль к пану зблізішся, Доўга галаву скрабеш... Яшчэ ж гэта не канец, Паложыш на стол яец, І тут ешчэ страх бярэць Ждаць, што пан запяець... Пусць мне хоць паб'юць штаны, Да ўжо ж не будуць паны!Звернем увагу на апошнія два радкі. Як бачым, герой-апавядальнік (а разам з ім і аўтар) абураецца бяспраўем прыгонных сялян. Ён поўны рашучасці знішчыць панства, хаця за гэта пагражаюць цялесныя пакаранні («паб'юць штаны»). Яшчэ выразней «бунтарскі» настрой сялян выказаны ў фрагменце, які ў прадмове Падбярэскага, відаць, па цэнзурных меркаваннях быў заменены шматкроп'ем, аднак шчасліва захаваўся ў спісе, знойдзеным у час вобыску ў П. Багрыма (сам Багрым наўрад ці ўносіў бы змены ў тэкст):
Дзецюкі! Худа нам жыць, Пакіньмо прыгон служыць, ЗробімТакім чынам, у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі даволі пераканаўча паказаў пакутлівасць жыцця прыгонных сялян, іх неадольнае жаданне зрабіць урэшце «вольнасць». Больш таго, аўтар сімпатызуе гэтаму жаданню, гэтым бунтарскім настроям. Сімпатызуе? А як жа тады быць з антыпатычным Мінкам, які кіруе «рабункамі»? А як быць з асуджэннем «рабункаў», якое прыкметна ў першых радках верша?
Каб адказаць на гэтыя пытанні, звернемся да тлумачэнняў Р. Падбярэскага. Ён піша, што памеры прадмовы (наўрад ці толькі памеры) не дазвалялі яму цалкам прывесці твор, напісаны ў адпаведнасці «з вядомым у ваколіцы выпадкам у маёнтку п. Маліноўскага ў Шнітаўках, 50 вёрст ад Полацка, у 1812 годзе». Значыць, Баршчэўскі апісаў канкрэтны выпадак. Значыць, і да самога твора трэба падысці вельмі канкрэтна.
Прыгадаем, што адбывалася ў 1812 годзе. Калі французы акупіравалі беларускую зямлю, сімпатыі мясцовай шляхты падзяліліся. Прапольская яе частка стала на бок французаў. Але не менш аказалася патрыётаў, якія не здрадзілі свайму краю. Відаць, да іх ліку належаў і гаспадар Шнітавак Маліноўскі. Бо інакш чым вытлумачыць той факт, што рабаваць двор загадалі французы і што гаспадар хаваўся (магчыма, з партызанскім атрадам) у лесе (у віцебскай публікацыі 1864 года прама гаворыцца: французы «паноў нашых у лес загналі»)? Са сваім прыхільнікам акупанты абышліся б зусім інакш...
Са сказанага вышэй лёгка напрошваецца вывад: у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі асуджае не сялянскае паўстанне наогул (апошнія два радкі публікацыі Падбярэскага і варыянт, знойдзены ў Багрыма, сведчаць, хутчэй, аб адваротным), а звычайны грабеж, інспіраваныя чужаземцамі «рабункі». Менавіта французы «казалі пазбіраць» сялян, каб тыя нішчылі дабро іх праціўніка. Менавіта яны абуджалі ў «мужыкоў» самыя нізкія інстынкты, «пахваляючы» за грабеж. І хто ж узначальвае ўвесь так званы «бунт»? Антыпатычны Мінка, пра якога ў каментарыях Р. Падбярэскага сказана, што гэта —таксама рэальная асоба, лакей пана Маліноўскага. Наўрад ці было такому «худа» жыць на панскім хлебе («пуза, як барабан»!)... Як бачна з тэксту, Мінкава «крытыка» існуючага ладу мае чыста вонкавы характар. «Новыя» паны не падабаюцца Мінку толькі таму, што яны
Палы сабе паабразалі, Хвасты ззаду падзякалі (мабыць, паадсякалі.—А. М.). І цяпер ужо ўсякі Кусай ззаду...У «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі не «ганьбіць» рэвалюцыйныя выступленні сялянства. Якая ж тут рэвалюцыйнасць быць сляпымі выканаўцамі волі акупантаў?! Аўтар асуджае толькі сялянскія рабункі, якія ў спецыфічных умовах 1812 года ператвараліся ў звычайнае марадзёрства. Рабункі ёсць рабункі і не болей!
Побач з тым нельга таксама, зыходзячы з апошніх радкоў верша, сцвярджаць, як гэта рабіў у свой час А. Хлябцэвіч, што ў «Рабунках мужыкоў» паказана «класавая вайна мужыкоў з панамі». У сваім вершы Баршчэўскі апісаў адзін канкрэтны выпадак, які адбыўся ў 1812 годзе. З-за абмежаванасці свайго таленту апісаў даволі павярхоўна, не ўзняўся да мастацкага абагульнення, але ўвогуле ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай і сапраўднай расстаноўкай сіл. У 1812 годзе лінія барацьбы пралягала зусім не там, дзе яе бачыў А. Хлябцэвіч. «Вайна мужыкоў з панамі» была тады толькі на руку акупантам, і яны імкнуліся яе пашырыць на захопленай рускай тэрыторыі.
І ўжо зусім іншая справа, што потым, калі прызабылася рэальная першааснова верша, «Рабункі мужыкоў», асабліва іх заключная частка з заклікам «пакіньмо прыгон служыць», маглі рэвалюцыйна ўздзейнічаць на сялянства. Калі «мужыкі» маглі напасці на панскі двор па чужой волі, то чаму б гэта не паўтарыць ім па сваёй, паўтарыць актыўна і пры больш зручных для айчыны абставінах?! Мне здаецца, што (хацеў таго аўтар ці не) менавіта такі вывад рабілі чытачы верша ў 20-40-я гады мінулага стагоддзя. Інакш нельга вытлумачыць тую папулярнасць, якую заваявалі «Рабункі мужыкоў» у тагачасным сялянскім асяроддзі. Інакш застанецца незразумелым, чаму Р. Падбярэскі, чалавек перадавых поглядаў, сцвярджаў з усёй катэгарычнасцю, што менавіта «Рабункі мужыкоў» паставілі іх аўтара «на чале сапраўды нацыянальнага беларускага пісьменства».