Пасля Жыццё
Шрифт:
Вось табе і на - ужо і да іншага. Трэба было зьдзівіцца, але Ступак перастаў ужо тут зьдзіўляцца. Афіцэры абступілі Шпака, а ён пайшоў у гасьцініцу, сабраў сваё небагатае майно. Праз паўгадзіны яго ўжо везьлі ў закрытым «Урале» кудысь за горад. У кузаве побач сядзелі яшчэ тры чалавекі - усе з іхняга АМАПу. Але яны былі мала знаёмыя Ступаку, і ён маўчаў. Неўзабаве, аднак, машына спынілася, яны вылезьлі. Вакол у вечаровым прыцемку стаялі высачэзныя хвоі, і пад імі мясьціліся шырокія нізкія будыніны - дачы. То была, як ён здагадаўся, старая ўрадавая рэзідэнцыя, куды іх прывезьлі, каб папоўніць асабістую ахову самога. «Во папаў!» - зноў падзівіўся Ступак, яшчэ ня ведаючы, радавацца з тае нагоды ці засмучацца. Аднак зьнешне ён не выказваў нічога, толькі слухаў і выконваў усё, што загадвалі, ішоў, куды вялі. Зноў былі анкеты, падпіскі, нават подпіс строгай таемнай прысягі. Усё тое ён рабіў, бы машынальна,
Праз дзён колькі, аднак, давялося парадавацца, як іх тут узбройвалі, чаго ён не дачакаўся ў АМАПе. I не якімі хвалёнымі качэргамі АК, што адбівалі плячо пры стральбе і нямала заміналі на маршы, а новенькімі карацелькамі «Узі». Дужа спрытныя выдаліся аўтамацікі, бы самі прасіліся ў рукі і зусім не заміналі - хоць на плячы, хоць на грудзях. Б’юць, казалі, за дваццаць крокаў у вераб’я пры нулявым расьсейваньні. Ступак старанна выцер з варанёнага металу лішак негустой змазкі, рукамі паважыў у сабраным стане. Ён быў задаволены. Можа, спатрэбіцца.
Клопату ў гэтым бары было, аднак, няшмат, некаторыя групамі кудысь езьдзілі, вярталіся і маўчалі.
Палітапрацоўка, як заўважыў Ступак, вялася ў інтэнсіўным тэмпе, рэгулярна, калектыўна і індывідуальна. Удзень і асабліва ўвечары заўжды па адным кудысь выклікалі, штось высьвятлялі, з іншымі доўга гутарылі. Так старанна не апрацоўвалі нават нампаліты ў войску. Ну, але тут было ня войска і нават не АМАП. Бяры вышэй. Яны - эліта бясьпекі, як сказаў новы палкоўнік, самыя з самых. Асабістая ахова. Хаця таго, каго ім належала ахоўваць і абараняць «вплоть до пожертвования собственной жизнью», яны нават ня бачылі. Ні зблізку, ні здаля. Адчувалі, што ён недзе тут побач, у гэтых дамоўках-дачах між хвояў, але дзе канкрэтна - ня ведаў ніхто. I ніхто пра тое ні ў каго не пытаўся, - было забаронена. Наогул гэта было падразьдзяленьне маўчуноў. Яны маўчалі з начальствам, маўчалі ў страі, маўчалі ў сталоўцы і на адпачынку. Тое маўчаньне часам пачынала прыгнятаць, але Ступак думаў: хай! Ужо ён чагось дачакаецца. Кепска, што не было як выпіць. Пры тым, што
грошай ужо набралася поўныя кішэні, некалькі пачак «зайцоў» ён пакінуў у тумбачцы, захінуў газетай. I ніхто іх ня ўкраў. Мусіць, грошай у іх хапала. Затое не хапала часу, каб іх рэалізаваць, ізаляцыя была адмысловай. Бы ў турме. Мабыць, то была іхняя плата за сыты дабрабыт і няпыльную працу. Плата воляй. Але што зробіш - на гэтым сьвеце за ўсё трэба плаціць. Заплоціць і ён.
Аднойчы ўранку іх пастроілі ў спортзале, усіх чалавек трыццаць, што складалі цяпер ядро групы «Альфа», як іх ужо назвалі. Казалі, што пакуль трыццаць, але будзе трыста, бо трэба мацаваць шчыт і меч кіраўніка дзяржавы. На тым пастраеньні з самага пачатку былі ці ня ўсе іхнія начальнікі разам з галоўным палкоўнікам - мажным бугаём, што зьверху форменнага кіцеля насіў скураное паліто - дзеля маскіроўкі. Зрэшты, так тут хадзіў не адзін ён, а і яшчэ некаторыя, таксама маскіраваліся ці што? Яны можа, з гадзіну прастаялі ў страі, начальнікі ўсё аглядалі выпраўку і падкаўнерыкі, і чысьціню абутку, і ці ўсе добра паголеныя. Ніхто не казаў нічога, але яны пачалі здагадвацца, ці не зьявіцца да іх сам?
I сапраўды - тоўсты грымнуў каманду, і з галоўнага ўваходу зьявіўся ён. На той раз ён таксама быў у камуфляжы, новенькім, акуратным, які добра дапасаваўся да яго рослай спартыўнай постаці. Нягучным, нейкім цеплаватым, амаль хатнім голасам ён дазволіў «вольна» і падышоў да правага флангу, дзе стаялі самыя даўгалыгія, фізічна найболей накачаныя хлопцы, пачаў з усімі вітацца за руку. То было штосьці новае, - каб вялікі начальнік вітаўся з кожным у страі паасобку. Яны ўсе, бы зачараваныя, утрапёна ўзіраліся ў ягоны хітравата-ўсьмешысты твар, у якім цяпер не было і сьледу ад яго нядаўняй тэлевізійнай суровасьці - была толькі цеплыня і спагада. Калі чарга дайшла да Ступака, здалося: ён з нейкім асаблівым пачуцьцём зірнуў у ступаковы вочы, быццам пранікаючы ў самую глыб душы. Поціск рукі быў дужы, Ступак адказаў такім жа, і адчуў, што ён задаволены. Парукаліся, як мае быць, - па-мужчынску. Па-вайсковаму. Бо цяпер абодва былі вайскоўцы, хоць той і паходзіў з міліцыянтаў. Ды цяпер ужо і Ступак таксама.
Абышоўшы строй, ён выйшаў на сярэдзіну залы і пачаў гаварыць. Казаў нягучна, ціхім хрыплаватым голасам і, стоячы за пяць крокаў ад Ступака, здаўся яму зусім не маладым, хутчэй пажылым і стамлёным. А гаварыў пра тое, што дужа спадзяецца на сваю службу бясьпекі, да якой яны маюць гонар належаць, што яна - галоўная яго апора, для іх ён не пашкадуе нічога і будзе клапаціцца пра кожнага як родны бацька. Калі ў каго ёсьць якая патрэба, хай ідзе проста да яго і расказвае, - ён зробіць усё. Бо ён іх
Ступак за жыцьцё нямала ўжо пераслухаў розных агітатараў-прапагандыстаў, у тым ліку і ў войску, і ніколі не ўспрымаў іх усур’ёз, заўжды слухаў хіба адным вухам. Не хацелася верыць і гэтаму. Але нейкая ўпартая сіла памалу памалу, усё ж дзейнічала на ягоную сьвядомасьць; напор і шчырасьць разважаньняў пачалі даходзіць да яго разуменьня. Найперш неяк бы міжволі само сабой хацелася ў тое паверыць. Так шчыра было ўсё сказана, што зьявілася спагадлівая думка: сапраўды, як нялёгка быць кіраўніком такога маштабу, як небясьпечна і адказна.
З гэткаю думкай-пачуцьцём Ступак і стаяў у страі, трошкі нібы задумаўшыся, як пачуў, што прамова перайшла на афганскую тэму, і аж скалануўся, як той, пазіраючы ў ягоны бок, прамовіў:
– Вон пусть скажет Саша Ступак, он участник, отмеченный наградами. Он на своих плечах вынес груз дружбы с братским афганским народом…
Пачуцьцё зьдзіўленьня кальнула Ступака - глядзі ты, ён ведае! Ведае пра Афган, нават называе яго па імені, чаго ў Ступака не здаралася нават у войску, нават у Афгане. Незвычайны, дзівосны чалавек, сумеўшыся, думаў Ступак. Не сказаць, аднак, каб тыя цёплыя словы ўзрадавалі яго, - зьбянтэжылі, гэта дакладна. I ён, задуменны, пайшоў у курылку, калі ўсё скончылася і строй распусьцілі. Ён нічога ня мог нікому сказаць пра сваё ўражаньне ад той сустрэчы, ды тут і ніхто не гаварыў пра яе нічога, усе зацята маўчалі, толькі пільней прыглядваліся адзін да аднаго, нібы выпрабоўваючы: ну што? Ну як? То былі толькі маўклівыя пытаньні без адказаў.
Нечакана надышоў момант, пра які Ступак столькі перадумаў калісьці, да якога ўвесь час міжволі рыхтаваўся. Здарылася, як і шмат што ў ягоным жыцьці, нечакана, зьнянацку, самым брутальным чынам.
Уранку, яшчэ да сьняданку, пад іхнюю лясную дамоўку падкацілі адразу тры чорныя «Ландроверы», у якія порстка, бы мышы ў норы, шаснулі іх стракатыя постаці з новенькімі, яшчэ пахучымі ад змазкі «Узі». Пад камандай незнаёмага падпалкоўніка ў скураным паліто хутка пад’ехалі да прахадной нумарнога заводу на гарадской ускраіне, які нядаўна яшчэ быў «паштоваю скрынкай»; адразу заехалі ў двор і выгрузіліся ля будынку заводакіраўніцтва. Тут жыва разьбегліся двума шэрагамі ўпоперак прыступак, утварыўшы нешырокі, але і ня вузкі калідор да дзьвярэй, і застылі. Іншыя, што прыехалі раней, былі ўжо ўнутры. Усе маўчалі, аднак Ступаку стала зразумела, што яны забясьпечвалі прыезд самога. Ступак вольна стаяў на другой аднізу прыступцы і думаў, што тое самае, што валодала ім гэтулькі часу, здаецца, урэшце наблізілася ўшчыльную. Урэшце ён дачакаўся магчымасьці, пра якую столькі перадумаў, да якой імкнуўся. Ражок аўтамата быў поўны патронаў, аўтамат на грудзях у поўнай гатоўнасьці. Не хапала хіба апошняй кропкі рашучасьці. Але чаму? Хіба што-небудзь было ім няўцямлена, ці што зьявілася новае?
Нешта ўсё ж ён не пасьпеў дадумаць, каб канчаткова наважыцца, як да прыступкаў нечакана падляцеў адзін міліцэйскі «Мерседэс» з мігалкай, за ім другі такі ж самы. З іх борздка павыскоквалі людзі ў масках, разьбегліся непадалёк па завадскім навакольлі. Тады падкаціў і трэці аўтамабіль, грузны, мабыць, браніраваны «Кадзілак», з якога праз паслужліва расчыненыя дзьверы лёгка выскачыў ён. На гэты раз ён быў у цёмным, добра адпрасаваным гарнітуры, пры даўгім, да пупа, гальштуку; хуткім, амаль драпежным позіркам кінуў у адзін бок, у другі, мусіць, каб упэўніцца, што варта на месцы і ягоная ахова забясьпечаная. Ягоны цьвёрды, уладарны твар цяпер нёс няскрушную злую суровасьць. Тым самым прыдзірлівым позіркам ён акінуў абмерлую варту і, здалося, нібы спатыкнуўся на гэткай жа, як і ў яго, вусатай фізіяноміі Ступака. Ступак незнарок варухнуў кароценькай руляю аўтамату, міжволі скіроўваючы яе ўбок. Тады ж трывожна тузануліся ля пераносься русявыя бровы, але болей - нічога. Ступак абмёр, а той спружыніста скочыў цераз дзьве прыступкі вышэй і ўмомант апынуўся ля высокіх дзьвярэй, дзе яго чакала невялікая група ў цывільным і ў масках. Яны ўсе разам схаваліся ў памяшканьні. Ступак расслабіў свае напятыя мускулы і выдыхнуў.