Пасля Жыццё
Шрифт:
Неяк у дажджлівы выхадны дзень ягоныя гаражнікі не паехалі на дачы, сышліся да сваіх «коней», як казаў Плешка. Сазон Іванавіч меў маленькі аўтамабільны тэлевізар, які падключыў да акумулятара, і той зранку трашчэў і рыпеў розныя рокі і рэпы. Сазон лаяў іх, але слухаў, можа таму, што іншага не перадавалі. Але вось загучаў дужа знаёмы голас, і Ступак выйшаў са свайго гаражу.
На багажніку Сазонавай «Волгі» мільгаў бляклы экранчык, на якім тапырыліся знаёмыя вусы самога, які то працінаў ястрабіным позіркам, калі казаў пра «вшывых блох» прадпрымальнікаў, то адорваў усіх усьмешыстай лагодай, як упамінаў самаадданых «тружаніц-жэншчын» або патрыя-
тычную моладзь, што нібыта ішла гужом у свой нядаўна створаны лукамол. Пасьля
– Берии, Ежова на них нет!
– абураўся Сазон, што на нізкім услончыку перабіраў падшыпнік. Плешка таксама па-дышоў ад свайго гаражу і дабрадушна зазначыў:
– А й на Берыю з Яжовым знайшлася ўправа.
То быў пэўны намёк, Сазон рэзка азірнуўся на суседа - ён быў абураны.
– Управа! А порядок был. Через границу как зайцы не бегали. Граница была на замке. А этим дали волю…
Тут усе ведалі, што Сазон быў з чэкістаў, гадоў з трыццаць праслужыў на мяжы, і гаражнікі, асабліва нябожчык Аляксееў дзед, клікалі яго Карацупам. Пасьля перасталі, як дазналіся, што ён разам з іншымі быў прыроўнены да ўдзельнікаў ВАВ (Вялікай айчыннай вайны). Раней і Ступак яму штось адказаў бы, але не цяпер: ён ня мог раскрывацца да часу. Тым болей, калі ў яго пачалася гэтая гульня.
– Але ж то рускія журналісты, - вёў сваё Плешка.
– Дык як жа ты супроць рускіх?
– Я против националистов!
– Беларускіх? Ці і рускіх таксама?
Сазон на тое не адказаў нічога, толькі прабурчэў нешта. Мабыць, тое пытаньне было надта складанае для просталінейнага і катэгарычнага памежніка, ушчэнт рускага па нацыянальнасьці.
Нарэшце грошы ў Ступака і зусім скончыліся, ён даеў у гаражы засохлы акраец хлеба і галадаў зранку. Пазычыць ужо не было ў каго, Плешку ён і без таго быў вінаваты дваццаць пяць тысячаў, Сазону, праўда, менш, але цяпер да Сазона ён не хацеў зьвяртацца. Заставалася папрасіць у маладога Аляксея, і Ступак зранку чакаў яго ў гаражы. Ды Аляксей штось не паяўляўся, можа куды зьехаў, думаў Ступак. Адлучыцца куды ў горад ён не адважваўся, чакаў, што павінен жа прыехаць да яго Шпак. Так і сядзеў да вечару галодны і дужа злосны - на сябе, на жыцьцё, на ўвесь белы сьвет.
На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:
– Алёшу зарыштавалі.
– Завошта?
– Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць?
– сумна пыталася жонка.
Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.
– Пусть не путается с бэнээфовцами, - сурово зазначыў Сазон.
– Нічога, ня плач, - суцяшаў Плешка.
– У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.
Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа - ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў: і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, - напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа - разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні - змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе
Можа, аднак, праз месяц пасьля шпаковага прыезду ўсё вакол Ступака раптам зьмянілася, - забурліла, замітусілася, бы на пажары. Уранку, толькі ён пагаліўся перад кавалкам люстэрка, дужа забразгала гаражнай засаўкай жонка, якую паднялі з ложку. Ступак адчыніў дзьверы, і ўбачыў яе ў файным хатнім халаце, побач стаялі два ў камуфляжы, а ззаду чарнелася ўрадавая «волга». Яго пасадзілі на задняе сядзеньне і моўчкі павезьлі кудысь па горадзе, затым - у загараддзе. Пасьля паволі між нейкіх дачных забудовак па лесе ці цераз парк, пад’ехалі да нейкага асабняку з калонамі. У Ступака ажно непрыемна заныла пад грудзямі — куды гэта яго? Ужо ці не пранюхалі што? Але, мабыць, яшчэ не пранюхалі, хоць па хмурых тварах яго спадарожнікаў і тых нямногіх, што траплялі насустрач, нічога нельга было заўважыць - так умелі хаваць усё ў сабе. Ці, можа, у іх не было нічога, - падумаў Ступак. Затое сыты, як і ў Шпака, твар нестарога яшчэ палкоўніка, да якога нарэшце яго прывялі, сьвяціўся лагодай і прыязнасьцю.
– Сядайце, таварыш прапаршчык, Ступак, здаецца?
– папытаўся палкоўнік і для пэўнасьці зірнуў у паперку на стале.
– Дык як жывяцё? Як здароўе?
– Нічога, - стрымана адказаў Ступак. Ён ужо ведаў, што гэтыя заўжды так пачынаюць гаворку - пра жыцьцё і здароўе, быццам тое іх дужа хвалюе.
Гаворка, аднак, выдалася доўгая - пра жыцьцё і пра палітыку, унутраную і зьнешнюю, камуністаў і дэмакратаў. Відаць па ўсім, палкоўнік быў чалавек гаваркі і меў процьму часу. Ступак болей слухаў, і калі палкоўнік пытаўся, сьціпла адказваў: так або не. Мусіць, яго суразмоўніка тое задавальняла. Як можна было зразумець, яго найбольш клапаціла стаўленьне Ступака да апазіцыі, якая «шалёна ірвецца да ўлады». А таксама той факт, што «НАТА апантана прасоўваецца на ўсход». Ступак нешта мармытаў у адказ, што мала разумеў сам, але думаў: «У труне я хацеў бачыць тое НАТА разам з табой». Аднак услых не сказаў нічога, нават трохі пабойваўся, каб палкоўнік не адгадаў яго крамольнае думкі. Мабыць, аднак, не адгадаў, бо ў той час натхнёна апавядаў, як важна супрацьстаяць агрэсіі заходняга капіталу і ратаваць бацькаўшчыну. Што ён разумеў пад тым словам - Беларусь, СНД ці ранейшы СССР, засталося невядома.
Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце - запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу, на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў - ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нараджэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.
Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці - гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно толькі слова «Музыкант», і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.