Пасля Жыццё
Шрифт:
Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнаваць МУС. «Гэта навошта?» - спытаў Ступак. «А медкамісія!
– проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: - Праверка на СНІД».
Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй - не падабалася зусім. На якога д’ябла!
– думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць
Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, - слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце?
– папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што - агнястрэльная?» - «Афган», - коратка адказаў Ступак. «А то - ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» - «Па п’янцы?» - ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу - здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.
Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі - хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам - то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, - з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён - такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчы-некавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.
Ну, але засталося нядоўга.
Так думаў Ступак, зласьліва чакаючы, калі яго паклічуць зноў. Павінны ж урэшце паклікаць, ён ужо прагнуў таго. Хоць бы таму, што ежы не было зусім, два дні таму пазычыў пару тысячаў у былога суседа па кватэры, якога падпільнаваў у двары. Перш чым выняць яму паперку, сусед добра паплакаўся, наракаючы на жыцьцё, малую пенсію, лайдачку дачку, якая ня хоча працаваць і звыкла жыць на ягоную пенсію. Ступак суцешыў яго, што хутка атрымае зарплату і разьлічыцца. І апусьціў долу вочы, бо глядзець на старога было няёмка.
На гэты раз да яго завітаў сам Шпак, на тым самым вішнёвага колеру «Пежо», у камуфляжы, але ўжо з пагонамі маёра на шырокіх плячах. «Хутка, аднак, у іх растуць кадры!» - з нечаканай зайздрасьцю падумаў Ступак, сядаючы поруч з колішнім калегам-прапаршчыкам. Гэты маёр пачаў распавядаць яму, як шмат даводзіцца працаваць (работа ж не нармаваная), як тлумна і небясьпечна, хоць ганарова і адказна. «А зарплата як?» - стрымана папытаўся Ступак пра тое, што яго цяпер найболей цікавіла. «Зарплата нішто. Табе такой і ня сьнілася, - сказаў Шпак.
– Напачатку тры мільёны, ну пад’ёмныя і так далей. Не пашкадуеш».
Ступак унутрана парадаваўся, хоць і не падаў знаку, ды папраўдзе і слаба паверыў, прыпамятаўшы дацэнта Мінкевіча з яго шасьцюдзесяцьцю мільёнамі. Можа, маёр Шпак і атрымлівае тры мільёны, а ён жа прапаршчык…
– Пакуль будзеш жыць у афіцэрскай гасьцініцы. А там пабачым, - сказаў Шпак,
Тут, аднак, аказалася амапаўская база ці што. Некалькі гадзінаў Ступак з такімі, як сам, навічкамі, маладымі хлопцамі са сьвежымі ружовымі тварамі, абмундзіроўваўся на забітым скрынкамі ды цюкамі рэчавым складзе. Яму выдалі цэлую кучу абмундзіроўкі - зялёную і стракатую, колеру сьмецьця, сьвяточную і паўсядзённую, моцныя грубыя чаравікі, пілотку і берэт, цёплую куртку і цяльняшкі - аж тры штукі. I нават добры шкумат бязі - на каўнерыкі. Як у войску. Толькі ў войску так шмат ніколі не давалі, эканомілі. Хлопцам, што пераапраналіся з ім разам, дужа спадабаліся дзягі. «Афіцэрскія», - з захапленьнем сказаў адзін, трохі старэйшы за астатніх. Дзягі сапраўды былі адмысловыя, з таўстой, прашытай скуры пры ладных спражках, ня тое што з металічнымі бляхамі ў войску. Ступак пераапрануўся ў новае, са сьвежым прыемным пахам; свае сьмярдзючыя трусы, азірнуўшыся, піхнуў у бляшаную урну, і яго павялі цераз падворак у афіцэрскую гасьцініцу.
Першы раз за лета ён з асалодай распрастаўся на чыстай новай прасьціне, уладкаваў схуднелыя плечы на ладнай падушцы. Заўтра сказалі падстрыгчыся, - хай, ён падстрыжэцца. I яшчэ, сказалі, вусы можна не збрываць, тут паважаюць вусатых. Другі ложак у пакоі быў акуратна засланы, мабыць, кагосьці чакаў. Можа, таксама новенькага.
Служба пашыралася, камплектавалася, дасканалілася, - як і мае быць пры моцнай уладзе. Цікава было Ступаку другі раз перажываць тое, што ўжо было перажыта ў яго вайсковым юнацтве, у Афгане і пасьля.
Дэмабілізаваўшыся сем гадоў таму, думаў, што перажытое ніколі ўжо не паўторыцца. Аж во, абяцала паўтарыцца, хоць і на іншым вітку жыцьця.
Але дужа падобным. Як да таго трэба паставіцца, часам ён пераставаў разумець. Адно адчуваў, што будзе сыты, дагледжаны, а там… А там пабачым, як яно будзе, думаў Ступак.
Збылося амаль так, як ён меркаваў. Назаўтра ён добра пасьнедаў на першым паверсе ў амапаўскай сталоўцы, зьеў пару катлетаў з гарнірам макаронную запяканку, выпіў шклянку ражанкі і яшчэ - салодкай гарбаты. Бы на курорце ці ў доме адпачынку. Навакол з куды меншым, чым у яго, апетытам сьнедалі за сталамі іншыя амапаўцы, маладыя хлопцы з сяржанцкімі пагонамі на плячах. У яго пагонаў яшчэ не было, і ён трохі турбаваўся з тае прычыны. Усё ж у войску ці ў міліцыі ўсе павінны былі мець пагоны, якія і вырашалі статус кожнага. Без пагонаў ты ніхто. Проста цывільны чалавек - ня болей.
Той і наступныя два дні былі заняткі - у класах і на плацы, як некалі ў войску. Хіба што, апроч тэорыі, іх вучылі нейкай дзівоснай практыцы - як адбіваць напады дэманстрантаў, нападаць самім, строіцца і перастройвацца ў шчыльныя шэрагі. Вывучалі таксама ўласьцівасьці розных сьлезацечных і баявых газаў - у балончыках, дымавых шашках, гранатах. У праграме таксама значыліся найноўшыя сакрэтныя сродкі барацьбы з тэрарыстамі, экстрэмістамі і радыкаламі. Ступак слухаў усё ня надта ўважна, бы ў сьне; будова і ўласьцівасьці хімічных сродкаў яго ня дужа цікавілі, яго цікавіла зброя. Але пра зброю чамусьці гаворкі пакуль не было.
Пасьля ён зразумеў, чаму не было.
Мабыць, усе гэтыя хлопцы-амапаўцы, хто раней, хто пазьней, служылі ў войску і вайсковую зброю ведалі, стралялі ня раз з АК і кулямётаў - то не было для іх навіной. Ім жа тут рыхтавалі нейкую навіну, і яны чакалі яе.
Але аднойчы, яшчэ бяззбройных, іх паднялі па трывозе на золку, загадалі разабраць баявое снаражэньне - белыя шчыты, шлемы, надзець цяжкія бронекамізэлькі, пабраць палкі і - хутчэй на пасадку ў «Камазы». Яшчэ цалкам не разьвіднела, яны кудысь ехалі, спыняліся, паварочвалі назад, бы стараючыся заблытаць ворага, і толькі гадзінаў у дзесяць выгрузіліся каля рэзідэнцыі самога. Тут ужо быў маёр Шпак, куча іншых маёраў ды палкоўнікаў; амапаўцаў выстраілі ў тры шэрагі ўпоперак вуліцы - якраз, як тады, улетку, калі ён трапіў у перадзелку. Як бы ня трапіць зноў, засьцярожліва падумаў Ступак, апынуўшыся ў пярэднім шэрагу. Як і ўсе, ён стаяў плячо да пляча з суседзямі, маладымі хлопцамі, трымаючы ля ног лёгкі дзюралевы шчыт, з гумовым «дэмакратызатарам» у правай руцэ. Рука і плячо амаль перасталі балець, і ён, каб упэўніцца ў тым, трохі памахаў над сабой палкай і сьцішыўся. Нейкі час на вуліцы было амаль пуста, рух транспарту спыніўся, прасьпект перакрылі з абодвух бакоў. Увогуле навакол было спакойна і ціха, калі б не трывожная ўзьвінчанасьць начальства, якое, бы ўгарэлае, насілася перад амапаўцамі; некаторыя бегалі да чорнай «волгі», што прытулілася да будынку ззаду. Усе чакалі.