Планета малпаў (на белорусском языке)
Шрифт:
Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязi, дзякуючы якой удзельнiкi зямных падзей набывалi ў маiм усведамленнi знешнасць гарыл цi арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым аблiччы. Гэта людзi рыкалi, гаўкалi i хапалiся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя i новыя падрабязнасцi гэтае сцэны мiльгацелi ў маёй разгарачанай памяцi. Згадваю, як пасля доўгiх назiранняў мне ўдалося выявiць некаторыя дэталi, якiя падказвалi, што ўся гэтая дзiкая мiтусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасцi.
Мне ўдалося пазбавiцца ад гэтага навязлiвага ўспамiну, адно вярнуўшыся да сваёй тэорыi паходжання малпавай цывiлiзацыi. Вiдавочнае падабенства фiнансiстаў Зямлi i Сароры толькi пацвярджала мае меркаваннi.
Самалёт пайшоў на пасадку. Я зноў быў у сталiцы. Зiра прыйшла ў аэрапорт сустрэць мяне. Яшчэ здалёк я заўважыў яе студэнцкi, ссунуты на вуха каўпачок i шчыра ўзрадаваўся. I калi пасля ўсякiх таможных фармальнасцей яна апынулася перада мною, я ледзьве стрымаўся, каб не абняць яе.
Раздзел V
Амаль цэлы месяц пасля вяртання я праваляўся ў ложку, заразiўшыся, напэўна, нечым на раскопках. Хвароба мая выяўлялася ў раптоўных скачках тэмпературы i была падобная на малярыю. Я не адчуваў фiзiчнага болю, але розум мой быў нiбыта ў агнi: я бясконца перабiраў у памяцi ўсе факты, якiя прывялi мяне да разгадкi страшнае тайны. Не заставалася нiякiх сумненняў, што задоўга да малпiнай эры на Сароры iснавала чалавечая цывiлiзацыя, i гэтая думка ап'яняла мяне i палохала.
Аднак, колькi я нi разважаў, так i не паставiўся адназначна да гэтага адкрыцця, адчуваючы i гонар, i найглыбейшае прынiжэнне. Гонар - бо малпы ўсё-такi нiчога не вынайшлi i апынулiся ўрэшце звычайнымi iмiтатарамi. Прынiжэнне - бо яны здолелi гэтак лёгка засвоiць чалавечую культуру.
Як жа гэта магло здарыцца? У трызненнi я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывiлiзацыi, i нашая таксама, ведаем мы даўно, рана цi позна адмiраюць, i ўсё ж такое бясследнае знiкненне чалавечай цывiлiзацыi на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знiкнення? Раптоўная гiбель? Катаклiзм? Або павольная дэградацыя людзей i паступовае развiццё малпаў? Я схiляюся да апошняй гiпотэзы i знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыi ў сучасным жыццi i занятках малпаў.
Узяць хоць бы тое велiзарнае значэнне, якое яны надаюць фiзiялагiчным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасцi многiя малпы служылi чалавеку аб'ектамi доследаў у розных лабараторыях, як i ў нас. I менавiта гэтыя малпы ўзялi ў свае рукi паходню i павялi наперад астатнiх, менавiта яны сталi застрэльшчыкамi рэвалюцыi. I яны, натуральна, пачалi з пераймання сваiх гаспадароў, iх жэстаў i ўчынкаў. А былi iхнiмi гаспадарамi бiёлагi, фiзiёлагi, медыкi, санiтары, вартаўнiкi. Адсюль i такая незвычайная схiльнасць да фiзiялагiчных даследаванняў, якая захавалася да сённяшнiх дзён.
А якi ж тады быў лёс у людзей?
Хопiць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маiх былых таварышаў па зняволеннi, маiх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоцiць ад лiхаманкi.
Час наведаць маiх падапечных.
I вось я зноў у зале з клеткамi. Дзiўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусiм iншымi вачыма. Перш чым увайсцi да iх, я з тугою пытаюся ў сябе: а цi ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? I яны пазналi! Усе позiркi звярнулiся да мяне, як i раней i нават... з нейкай пачцiвасцю, цi што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусiм не так, як на сваiх вартаўнiкоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелi так на мяне. I ўсё ж такi я ўжо бачу ў iх вачах iскрынкi цiкаўнасцi, незвычайнае хваляванне, ценi старажытных успамiнаў, якiя iмкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават... цьмяны бляск надзеi.
Думаю, апошнiм часам я сам абуджаю ў iх мiжволi надзею. Гэта прыводзiць мяне ў стан усхваляванай захопленасцi. Няўжо мне, менавiта мне, Улiсу Меру, закiнутаму лёсам на гэтую планету, наканавана стаць тут пачынальнiкам адраджэння чалавечага роду?
Вось нарэшце я i зразумеў, што за цьмяная думка мучыла мяне апошнi месяц. Пан бог не гуляе ў косцi, як казаў колiсь адзiн фiзiк. У жыццi не бывае нiчога выпадковага. Маё падарожжа на Бетэльгейзе было наканавана мне вышэйшым розумам. I цяпер я павiнен спраўдзiць аказаны мне давер i стаць новым Збавiцелем гэтага заняпалага чалавецтва.
Як i раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымлiваюся, каб не кiнуцца бегчы да клеткi, дзе сядзiць Нова. Хiба ж мае права пасланнiк лёсу вызначаць абраннiкаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага... Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялiкай мiсii.
З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам наблiжаюся да маёй былой клеткi, скоса пазiраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якiмi яна пачала вiтаць мяне апошнiм часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымлiваць сябе, кiдаюся наперад...
Клетка пустая...
Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клiчу вартаўнiкоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маiм падначаленым, але Зiра строга загадала выконваць усе мае ўказаннi.
– Дзе Нова?
– пытаюся я.
Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялi адсюль, нiчога яму не растлумачыўшы. Я настойваю - марна. На шчасце, нарэшце ўваходзiць Зiра. Яна робiць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замiнае ёй пачаць гаворку з Новы, i яна паведамляе мне:
– Толькi што вярнуўся Карнэлiй. Ён хацеў бы бачыць цябе.
У гэты момант мне напляваць на Карнэлiя, на ўсiх шымпанзэ, гарыл i iншых пачвар, якiя толькi могуць быць на зямлi i ў небе. Я паказваю пальцам на клетку i пытаюся:
– Дзе Нова?
– Яна нездаровая, - адказвае Зiра.
– Яе перавялi ў спецыяльнае аддзяленне.
Яна робiць мне знак i вядзе за сабою, далей ад вартаўнiка.
– Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, - кажа Зiра. Але я думаю, што ты павiнен гэта ведаць.