Пляц Волі
Шрифт:
Надакучыла салдату дым ды пыл дарожны глытаць. Паланіла яго ўдавіца покаршаўская, падсаладзіла жытку паходную — і прыстаў да яе, і во як радуецца цяпер. Плот з дубовымі шуламі нядаўна, пэўна (вунё як свежым свеціцца!), паставіў, - надоўга, відно, асталёўваўся…
– Пойду, чтоли, Марильку свою подлабуню, пускай расскупится маленько… — Зноў вуха пашкроб — і да хаты (яна побач была) рушыў — як яму з Юркам падалося, досыць нерашуча.
Ужо калі ледзь не ад'язджалі, на двары «дызерцір» з'явіўся. Пераможна да іх дацыбаў, брус сала з-пад пахі на салому выклаў.
– Вы, гэта, яшчэ брынду во ягоную забярыце, — і вінтоўку між лёстак на калёсы ўсунула. — А да сала, думаю, цыбуліны самі знойдзеце… — і галаву з неўтаймоўнымі жаўтлявымі кудзяркамі набок схіліла, гарэзлівымі вачыма — мяккімі, шчасцем сваім нечаканым рассалоджанымі — хлопцаў абмерала і ўжо з-за веснічак дадала-зачапіла: — У нас тут, прыгледзьцеся, і ягадкі яшчэ ёсць!..
– Ну и сильная баба, огонь! — прымак-«дызерцір» правёў яшчэ ненатоленым поглядам сваю Марыльку.
– Слухай, а дзе той твой напарнік па адсідцы? — закарцела дазнацца Юрку.
– А подстрелили его поляки, в этом… Копыли загорает.
– Таксама некаму ставіць… плот? — ушпіліў Юрка.
– Х-ха, разбежался! Санотделенне там. В местечке и вся рота наша стоит.
– Што ж там за скарб такі, што цэлая рота пільнуе? — Юрка зацікавіўся пачутым.
– Ни кто там уже ни кого не пильнует… Просто ревком туда перебрался. Только вы это… В гости к нему соберетесь — про меня не сказывайте. Был Ванька на побегушках да весь выбегался…
– Што ж, хоць ніхто ў госці зваць нас не збіраецца… (Юрка задумаўся і па звычцы сваёй вусны змуліў моцна)…ды самім жа напрасіцца можна. Ахвота б толькі!
Развітваліся ледзь не як даўнія знаёмцы.
– А лучше всего на меня равняйтесь, пока ещё удовушки да девчата остались! — крыкнуў «дызерцір» на ад'езд і рыпнуў веснічкамі…
А ў абед — трэба ж, каб дзень такім багатым на нечаканкі выдаўся! — з «панам» Абрамовічам стрэліся, толькі вось у якой вёсцы — ужо не помнілася. Зрэшты, сустрэчы магло б не атрымацца, калі б не дзядок адзін, Ціхмеем што назваўся… З паўгадзіны стаяў, прыглядваў, хто што ахвяраваў войску, свае каментары даваў («Піліпіха б магла і болей грэчкі… Добрая ж была высыпала ў яе… Пэўна Хведзька Настуху і гэты год замуж аддаваць не збіраецца — столькі сала адваліў!..»), а затым і выпаліў:
– Можа і дарма гэта я за Польшчу падпісаўса?..
– За якую, дзед, Польшчу? — Алесь падумаў, што не дачуў.
– За яе, камар хай крэнду ейную лечыць, Польшчу гэтую… Прыйшлі вось агенты… А мне што? Можа, і ня горай будзе?
– Якія гэта яшчэ агенты прыйшлі?
– Ды не прыйшлі, а прыехалі. Вунё й яшчэ торкаюцца… Простыя агенты, двое, з паперкамі.
Тады Алесь расповед гэты дзедаў Юрку пераказаў. І той насцярожыўся. На воза дзеда ўссадзілі:
– То правядзі, дзеду, пакажы тых «агентаў».
А тыя ўжо ў апошняй хаце былі. Выйшлі спакойныя — і да коней, на хлопцаў і не зважалі. Юрка локцем пад бок:
– Глядзі! Гэта ж пісар Абрамовіч-Абрамоўскі!
А
– Не, пан дарагі, прабач, тут да цябе запытанейка ёсць… — і за рукаў хапіў. Напарнік Абрамовічаў побач з Алесем аказаўся, счытваючы ўспалох на вачах пісара, — і сам занепакоіўся…
– Дык што гэта за паперкі чароўныя ў вас?! Мо пакажаце?
Абрамовіч моўчкі зноў паспрабаваў на каня ўзлезці, і зноў яго Юрка асадзіў, партфель лоўка з худой рукі вырваў, пстрыкнуў замочкам… і стос «ухвал» Алесю перадаў:
– Чытай!
Складзеныя па шаблоне рознымі почыркамі, пачыналіся яны так:
«Мы, жыхары вёскі (прабел) прызнаём за нашу родзенную маці Польшчу і просім яе прыняць нас у лона сваё».
Частка «ўхвал» — з дзесятак — была запоўнена і стракатала подпісамі.
– Во як, брат ты мой, усё проста! — Алесь адарваўся ад паперак… і ад неспадзеўкі толькі рот раскрыў. За крок ад яго — стаяў Абрамовічаў напарнік з наганам напагатове, бліскучая руля зласліва зазірала ў вочы. З цяжкасцю праглынуў зашэрхлы камяк і зірнуў на Юрку — і той акамянеў, на Абрамовіча касіўся, губу падсвядома змуліў, прыкусіў нават…
А напарнік з наганам па вінтоўку, што былая ўдавіца прынесла, пацягнуўся… На адзін вомірг, каб рулю намацаць, ад Алеся адарваўся… І той маланкава руку з наганам перахапіў — і каленам пад дых «ваяру»-ахоўніку. Узвыў той, і не тое што вінтоўку, наган выпусціў.
Абрамовіч, хвілю таму паспакайнелы, зноў галаву ў плечы ўтапіў, вачыма-вірламі па хлопцах прабегся, прысеў нават.
– Што ты, гадзіна, круцішся? Не бойся, не зачаплю! — Юрка кінуў да ягоных ног пусты партфель. — Давай, Алесь, гэтых «агентаў» да Мацэлі адвязём. Хай міліцыя наша з імі разбіраецца.
– Адно хай самі за падводамі йдуць… Каням і так цяжка. — Алесь тым часам разглядваў трафейны наган.
Так і завялі «агентаў» у горад. А назаўтра ўвечары саміх палякі арыштавалі — за «агентаў» тых незаконную затрымку й пабіццё. Мацэля з хадайніцтвам Нацкамітэта дамагаўся іхняга вызвалення — жаўнер нават і да камеры не пусціў.
«Кульку ім в лэб!» — прабубніў і мацюкнуўся.
Толькі калі Жаўрыд да «начальніка» Ясінскага пайшоў, тады толькі выпусцілі…
Зямля: ўміраць не трэба
– Эх, брат, зямля: ўміраць не трэба,
Не пашкадуе табе хлеба
Якуб Колас
Калі аўтобус спыніўся й заціх, калі з яго павыходзілі ўсе «экскурсанты», паволі выбраўся і ён. Разварушыў зацеклую нагу, ад аўтобуса вырашыў далёка не адыходзіць (думаў, што не прыехалі яшчэ). А тут узняў раптам вочы — о, Божухна! Прама на яго наступаў выбеленымі калонамі вялікі дом з шыльдаю на дзвярах: «Слуцкі краязнаўчы музей». Ад неспадзеўкі вочы нават заплюшчыў.