Пляц Волі
Шрифт:
– Што, дзед, не заходзіце? — гэта кіроўца іхні абазваўся.
– Дык гэта ўжо Слуцак?! — і ён зноў вярнуўся да аўтобуса.
– Ага..
– Скажыце, а кудой мы ўехалі?.. Не праз цэнтр чаму?
– Як не праз цэнтр? Праз цэнтр, па Леніна ехалі.
– І прыжмурана, нібы ўсміхаючыся, пасажыра свайго агледзеў. — А вам куды трэба было?
– Сюды… Сюды… — разгублена паківаў галавой, да прыступак музея вярнуўся, а ўвайсці не адважыўся.
Калі на другі бок вуліцы пераходзіў, зноў вачыма з кіроўцам сустрэўся.
–
«Відаць, забясплатна пад'ехаць захацеў з Мінску. Пераехаў, ці што?» — кіроўца на гэтым кінуў сачыць за «дзедам», сеў у аўтобус — і адумаўся:
– Дзед, вы ж чамадан свой забылі!
«Дзед» спакойна матнуў рукой…
Вогкі вецер раз-пораз парываўся ўзняць расхрыстаны плашч, і Алесь Хведаравіч доўга камячыў у непаслухмяных пальцах гузік, што аніяк не патрапляў у аплічку. На пакрытай луской-рабаціннем лужыне круціліся, як пласцінкі-кружэлкі, некалькі вялікіх каштанавых лістоў. Бліскалі жоўтым светлафоры. Наперадзе на высокім ганку хлебнай крамы сабраліся людзі…
Ён больш за паўвека чакаў сустрэчы са сваім родным горадам, і трэба ж… прыехаў — і не пазнаў. Спярша падумалася, што гэта нейкі спешка разбудаваны пасёлак, і яшчэ б чакаў, пакуль не выедуць нарэшце на слуцкае места… Хацеў дабрацца да кірмашовай плошчы пасярод горада, выцягнутай паабапал Варшаўкі, колісь пакрытай гладкай брукаванкай (плошчу тую і звалі местам). На ўзвышку як грыбы раслі там будкі крамнікаў-гандляроў, з другога боку высстройваліся сялянскія фурманкі. Не прабіцца было там у кірмашовыя дні: мяхі з пшаніцай, латкі з гуркамі й цыбуляю… А зяўца дасі — пірамідку кадак абернеш, пакоцяцца гучна каму-небудзь пад воз, і тады нахмураны бондар, перарваўшы расповед пра тое, як мяснік Шмоня, костку абразаючы, ледзь сабе палец не ўшаткаваў, ад душы ўедзе табе пад вуха…
На гэтай палове места, як пазней высветлілася, могілкі старадаўнія былі. Так вось і жылі случакі на касцях дзядоў сваіх панішчаных… Не бяспамяцтва чыніла такое, а войны, што горад ушчэнт выпальвалі — так, што нават ніводнага сведкі паховішчаў магільных не заставалася.
А ён — ці ні тая ж спаленая часцінка гэтае зямлі? Вось вярнуўся ў горад свой, сам ужо — дзед даўно. І памятаў, як да Семежава ягоны дзед праводзіў яго… За вароты выйшаў і працадзіў сполашна:
– Трэ ж на тое… Стаўпец трэшчыну даў… Нядобры знак, ліха на яго. — І шапку Алесеву задам наперад перакруціў. — Так ідзі. Гэта каб вярнуўся…
Дзед-дзед… Усё бачыў ты, ведаў. Нават расколаты стаўпец варотаў з табою загаварыць мог. А што ён? Вярнуцца — вярнуўся, а дзе магілы бацькоў, дзе крыж над дзедам стаіць — не ведае. Ды і месца вёскі сваёй (яна ўжо ў Слуцак улілася) не знойдзе…
Так і ёсць: галавешка, а не чалавек. І ўсе — ці не абсмалкі такія ж: ходзяць па касцёх дзядоў сваіх — і няўцям ім…
Каб ведаў тады Алесь Хведаравіч, што збярогся ў горадзе будынак ягонай гімназіі, што ў ім цяпер школа месцілася — адшукаў бы, як з жывой — пагаварыў бы…
А ці мог ведаць, што ў колішнім бернардынскім манастыры-кляштары цяпер… масласырбаза гарадская? Адбойнымі малаткамі сцены павыбівалі, з княжацкіх грабніцаў косці павыкідвалі — і халадзільнікі там паставілі…
Зрэшты, было яшчэ адно месца, якое ён не мог не адшукаць, якому ён не мог не пакланіцца, — Старое Замчышча. Малым, наслухаўшыся п'янкіх легендаў пра свой край, ён прыбягаў на гэтае ўзвышша, прыпадаў вухам да зямлі — і здавалася, што там, пад пракаветнай дзірвановай
Ён, здавалася, забыў… Перажыў, думаў, і самога сябе тадышняга, і мінулае колішняе. Раней, было, на настаўніка свайго, Радаслава Астроўскага, наракаў, - за тое, што адышоў той ад беларускасці, ад справы сваёй былой адхрысціўся…. А затым і сам следам тым пайшоў… Ажно не! Хоць, думалася, і астыў, прыцемніў пазаўчора сваё — учорам зажыў, пазычаным, спакойным, забяспечаным…. Дзе ж там! Ягонае сёння зноў маланкаю бліснула, перуном у памяць загрукала — і з краю далёкага ў свой край прывяло, ды так апякло, так разанула… Божа літасцівы, хіба што з прыпамінаў ды згадак сваіх яму кнігу скласці, каб усе тысячы градусаў ад перуноў тых у яе ўкласці — толькі ж дзе паперы такой знайсці, каб затым выдрукаваць усё гэта: полымя ж увомірг словы зліжа!..
Ён, помніцца, стараўся запісваць пачутае ад старца Вярхоўскага. Ды дзе сёння тыя рукапісныя «манускрыпты»? Толькі асноўнае згадвалася цяпер, і ўзнаўлялася ўжо агучаным — павольным, спакойным голасам сівога старца...
Слуцкая хроніка старца Вярхоўскага
«На замкавай выспе, падперазанай стужкаю Бычка, дзе царква Святога Міколы, колісь іншая царква стаяла. Казалі, што ад перуну загарэлася была… Ураз гарадчукі малака кіслага кадкі цэлыя панавозілі — верылі ў нас, што пажар ад перуна толькі ім стушыць можна. І такі адваявалі ў вогнішча іконы і дзве сцяны царкоўныя. Дзе-нідзе іконы агнём параніліся. Дык яшчэ мяне іх аднаўляць вучылі… (Памаўчыць старац, падумае, бараду прыгладзіць, і зноў голас павольны плыве.) Пры Радзівілах Замак слуцкі моцным быў. Татары так і не змаглі скарыць яго. Усім горадам абаранялі Замак. Усе гарадчукі-месцічы на цэхі падзяляліся, кожны цэх меў свой абарончы бастыён і свой штандар. Усе як адзін, калі небяспека надыходзіла, на памосце Замка станавіліся. На ўздапамогу тры бліжэйшыя вёскі прызначаліся: Бранавічы, Варкавічы і Лучнікі (ад ваяроў-лучнікоў назву сваю апошняя і атрымала). Жыхароў тых вёсак выбранцамі звалі — бо выбіралі дужэйшых, вышэйшых, яны вызваляліся ад усіх падаткаў…
А ў 1655 року войскі маскоўскага цара пад кіраўніцтвам князя Трубяцкога атакавалі цвержу Замка, ды зубы свае аб яе і паламалі. У шале прадмесці спалілі й адышлі. Сейм затым месца на пяць гадоў ад падаткаў вызваліў, каб яно зноў у сілу ўбіралася.
Апошнім з Радзівілаў у Слуцку Дамінік, сыновіч Пане Каханку, княжыў. Сабраў, было, полк з мяшчанаў і выбранцоў і на чале яго ў кампаніі 1812 року ўдзельнічаў, за Напалеона выступаў. Ад кантузіі за мяжой памёр. Полк ягоны спрабаваў яшчэ Нясвіж ад рускіх бараніць… Тамтэйшыя жыды данеслі генералу Тучкову, што падчас вайны ў замак нясвіжскі шмат падводаў скарбу французы з Масквы прывезлі — золата, срэбра… Генерал пячаткі на замках загадаў зламаць і аддаў нясвіжскія сховы на рабунак. Два тыдні цягалі скарбы — не маскоўскія, а радзівілаўскія, — каму не лянотна было. Маскоўскага ж дабра не знайшлі ды і не маглі знайсці… Не было яго там! Генерала Тучкова пад суд аддалі, але той яшчэ да суда, па дзіўным збегу абставінаў, памёр… У 1812-м праз Слуцак прайшоў пяты корпус Напалеона — з Гародні на Магілёў і Смаленск кіраваўся. 22 ліпеня ў Слуцку стаяў…
А тады, як Случчыну маскоўцы падпарадкавалі, гэта пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Замак спустошылі. Йшчэ пры мне яго драўляныя вежы даруйноўвалі. У 1820-м разабралі большую — з боку касцёла бернардынцаў, дзе Случ цякла. Ацалела толькі некалькі пабудоў, у адной з якіх жыў некаторы час пан Гендэрзон, брат тайнай ложы масонаў…»
Ён неўзаметку даклэпаў на стары дзядзінец, на якім цяпер замест Замка ўзвышалася бетонная аграмадзіна Палацу культуры, і, натомлены, асеў на доўгую лаўку. Аддыхаўся. Узгорак паменшаў нашмат, паразмываўся. Трава і восенню смела зелянела, вось толькі ад рэчкі — ані следу…