Пляц Волі
Шрифт:
– А ці даўно ў вас татары з'явіліся? — пацікавіўся-дапытаў Ігнатоўскі.
– Ага… Татары аселі каля Слуцку тады, як і па ўсёй Літве-Беларусі. Слуцкія паўсталі з татараў-паланёнцаў. Дзеці іхнія вернымі новай Бацькаўшчыне сталі. З іх, татараў, і першыя палкі ўланаў збіралі. Слова ўлан — ад татарскага паходзіць… ох'лам, што значыць малагодак… І былі яны адважнымі, як выпадала, то й супраць аднаверцаў татараў біліся.
За вернасць і мужнасць князі нашы іх шляхецтвам адорвалі. У часіны ж мірныя яны займаліся земляробствам, коней, авечак разводзілі, скуры выраблялі.
– А цыганы ці былі на Случчыне? — зноў Ігнатоўскі абазваўся.
– Былі-былі… Толькі я йшчэ пра уланаў даскажу… У нас колісь цэлая ўланская дывізія стаяла. З чатырох палкоў складалася: польскага — мелі ягоныя ўланы гранатавыя мундзіры з малінавымі адваротамі, коні гнядыя былі, татарскага — адвароты ўжо белыя ды коні сівыя, літоўскага — аранжавыя
На Шырокай, дзе начальнікі палкавыя жылі, і наша сям'я месцілася. Праўда, пасля Касцюшкавага паўстання павысылалі шмат добрых уланаў. Пакаралі і майго бацьку…
У 1825 року Аляксандр І праз Слуцак праязджаў. Месяц да сустрэчы той горад рыхтаваўся, усе дамы выбелілі… У ліпні было гэта. Дык начаваў, знаць, цар у доме начальніка палку ўланскага. Раніцай на літургіі ў Трайчанах быў. За ім — маршалак Непакойчыцкі з двума сынамі стаяў… З ягоным большым я ў гімназіі праз некалькі гадоў вучыцца пачаў… - Старац памаўчаў, а затым, як прачнуўшыся, зніякавела сам спытаў: - Дык пра каго вы пыталіся?
– Пра цыганоў. Ці былі яны ў Слуцку?
– Былі, сынку. Нат да места прыпісанымі. Мелі яны і караля свайго, які каля мястэчка Семежава жыў. Падчас пабору ў войска ён у Слуцак прыязджаў. У чырвоны контуш убраны, з пасам шырокім… Каўпак высокі з чырвоным верхам. Булаву ў руках насіў… Але не надта спяшалі цыганы ў рэкруты. У 1827 року бурмістра Слуцкага Плішку, пасланага цыганскі пабор праводзіць, з праламанаю галавою знайшлі…
Што йшчэ помню? За расійскім часам кіраваць Слуцкам прысланы быў першы гараднічы капітан Тычына… У 1827-м упяршынь у Слуцкіх школах увялі мову расійскую і ў ніжэйшых клясах… (Старац зрабіў пярэрву, адпачыў — і зноў абудзіўся). То я ж вам не дарасказваў пра Слуцак колішні! Пра новае мейсца забыў! Яно паўз левы бераг Случы ляжала. Да Новамейсцавай брамы ісці трэба было паўз млыны па мосце: вуліца тая прамой, як страла, была. Драўляны той мост і назву вуліцы даў — Мастовая. Абапал яе — шынкі й дамкі габрэйскія… Вуліца часта калёсьмі з'ядалася, і каляіны пяском наноў засыпаць даводзілася. Камянёў жа ў ваколіцах нашых не было, то вазілі іх здалёк. Таму і брукаванак у Слуцку толькі дзве зрабілі напачатку — Віленскую і Капыльскую вуліцы, а яшчэ і рынак уклалі… Ад Мастовай жа разліваліся Сенатарская ці Шырокая — на ёй гімназія стаіць, Юр'еўская — на ёй царква Святога Юрыя — ды Іванаўская. Юр'еўская вуліца йшла раўналегла Шырокай. На ёй і была знакамітая Пярсярня. Так звалі ў горадзе — я пэўна ўжо казаў вам пра гэта — вядомую па ўсім былым княстве і за ягонымі межамі фабрыку слуцкіх паясоў. Ткаліся яны з дарагога ядвабу, срэбра й золата… А далей, ажно да цытадэлі, што закрывала горад з усходу, шапацеў сад Радзівілаў… (Старац заціх, на вочы яго слязіна ўсплыла. Затрымцелі вусны — і раптам верш прагаварылі, - з Міцкевічаўскага «Пана Тадэвуша»…)
... пояс зняу з яго шырокі, літы Работы слуцкай - кручаны і віты, Золататканы з кутасамі шляк багаты, А сподам чорна-серабрысты шоук у краты. (Пераклад з польскай Пятра Бітэля)(Старац агледзеў слухачоў і заспяшаўся дарасказваць). Пазней ангельска-французскія фракі нашы шляхецкія строі выціснулі, і Пярсярня спусцела. Хоць яшчэ за маёй памяццю па горадзе некалькі старых у пасах тых хадзілі… Сярод іх — і пан Барсук, адзін з уласнікаў Пярсярні слуцкай.
Запытаўся тады і Алесь у старца, і пытанне ягонае крыху нечаканым падалося:
– А што з мінулага вам найбольш у памяць запала?
– Ды ўсё патроху…. (Вярхоўскі ўсміхнуўся — і ўраз пасур'ёзнеў). Найбольш, пэўна, людзі… І пан Шаміса — сярод іх. Ён выкупіў у кляштара за казармамі й астрогам невялікі надзел. Казалі, што Шаміса з Францыі прыехаў… Нямецкі ўніверсытэт скончыў… Моў шмат якіх ведаў. Былі ў яго вялікая бібліятэка ды збор медалёў розных. Кляштару мусіў плаціць штогод па 10 рублёў. Месца ж тое раней пустым і балацяным было, дык Шаміса агарод рассадзіў, аранжарэю вялікую. Кветак розных незлічона расло ў яго ледзь не круглы год. Паўднёву частку надзела дрэвамі абсадзіў. Для асушэння зямлі сваёй сажалку выкапаў, а з пяску вынятага так званую Слімакову гару ўссыпаў. А які краявід на Трайчаны з той гары адкрываўся! Думалі, што багацце несканчонае ў Шамісы, а як памёр — выявілася, што ўсе грошы
А якія людзі з краёў нашых павыходзілі! Па напісанаму ў Слуцку падручніку рыторыкі Ламаносаў вучыўся! Ян Каменскі цаніў высока педагогаў слуцкіх, запазычыў у іх шмат чаго… А Адам Плуг! А Сыракомля! А Хадакоўскі! А Янушкевіч Адольф, у Сыбір выгнаны й у «Дзядах» Міцкевічаўскіх увекавечаны! У Слуцкай духоўнай семінарыі вучыўся Павел Шпілеўскі — як на другім курсе быў, даслаў ён у Расійскую акадэмію складзены слоўнік беларускай мовы. Даследаванні затым па нашай народнай творчасці пісаў, і апавяданні таксама… А граф Бандынэлі, ён жа пісьменнік наш Альгерд Абуховіч! Які чалавек быў! Золата ў ягонай далоні мутнела! І дзесяткі іншых!..
«Зноў і зноў вяртаючыся ў тую восень 1920 года, і задумваюся, і адказу шукаю: чаму менавіта Случчына распаліла найбольшы вагонь барадзьбы за сваю волю? Так, яшчэ ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя Слуцак заставаўся адным з асяродкаў беларускага нацыянальнага жыцьця. Да 1840 года ў ім знаходзілася кіраўніцтва беларускай праваслаўнай царквы, галоўная духоўная сэмінарыя, цар-звон. Ажно да самага падпарадкаваньня Маскве Случчына адстойвала сваю самастойнасьць ад расейскай імперыі. Барадзьбу супраць апалячваньня яшчэ з XVII стагодзьдзя вяла слуцкая княгіня Соф'я Алелькаўна. Ажно з 1617 года ў Слуцку працавала гімназія — старэйшая на Беларусі. Альгерд Абуховіч вучыўся ў ёй, а затым адукоўваўся ў Жэневе, Парыжы — і ў 1863 годзе стаў паўстанцам. Паўстанцкія атрады дзейнічалі на поўначы Случчыны — менш забалочанай, лясной… Абуховіч, зьезьдзіўшы ўсю Эўропу, зразумеў, што на свёй зямлі — найлепей, — толькі вольнай зямлі. І ваяваць за яе волю прыехаў. І ў «Ваўкалаку» сваім напісаў: «Хоць галодзен — я свабодзен… На свабодзе прападу, А ў няволю — не пайду!» Дзед жа ягоны, Юзаф, шамбелян-камэргер польскага двара, быў жаўнерам пад Касьцюшкам…
А да ўсяго — легендамі перадаваліся, ад дзядоў да ўнукаў расповеды пра самастойнае Слуцкае княства..
А пры бальшавіках пачала зьнішчацца нават памяць пра ўсё гэта. Разабралі Трайчанскі манастыр — цэнтр праваслаўя на Беларусі. Старадаўнія — дарагія і рэдкія — кніжкі з манастырскай бібліятэкі пакідалі ў дамавіны, вынесьлі на бераг Случы й спалілі… Зьнішчалі й прыватныя архівы. Бібліятэка і рукапісы Абуховіча захоўваліся ў Слуцку ў доме Хведаровічаў. Дом купілі пазьней Барташэвічы. Хтось скляпаў данос, што ў Барташэвічаў ёсьць золата. Зрабілі вобыск, знайшлі шмат каштоўных карцін. Абуховічавы аркушы, сьпісаныя беларускай лацінкай, бальшавікі палічылі польскімі — падагналі балагольскую падводу й разам з бібліятэкай вывезьлі — і да сёньня невядома куды. Мо на той жа бераг Случы…
(З запісаў Алеся Ваяра).
З прачыненых дзвярэй слуцкага Палаца культуры вухнула музыка. Напалохала, стужку ўспамінную абарвала. Як колісь хлапчуком, яму няўсцерп захацелася збегчы ўніз — ад фарнага месца, дзе знаходзіўся зараз, — старым бернардынскім садам — да рэчкі. Але ў лагчыне заместа рэчкі застываў цяпер брудны раўчук, там, дзе бэры-бернардынкі раслі, - хмыз узяўся… Ды і сілы ў яго самога былі не колішнія!
Устаў цяжка, нават іскры чагось у вачах забліскаталі. Горача зрабілася, млосна. Калі паволі вярнуўся да аўтобуса, штось ногі цяжкімі сталі, і пад сэрцам як варам апякала, зноў нездаровілася сэрцу ягонаму… Убачыў, як у Вайніловічаў дом людзі ўваходзілі…