Пляц Волі
Шрифт:
Рэдакцыя «Часопісі» месцілася ў будынку міністэрства беларускіх спраў на вуліцы Міцкевіча — у доме № 13-а, двухпавярховым, перад вокнамі якога — маладыя ліпы, над паддашкам уваходу, пад вакном другога паверха, — бел-чырвона-белы сцяг.
На вокладцы першага нумара пад подпісам «Падарожжа надзвычайнай літоўска-беларускай місіі ў Варшаву» змясцілі фотаздымак сябраў місіі (у іх складзе — і Кастусь Езавітаў) на балконе горадзенскага беларускага гарнізона.
…А Езавітаў тым часам рыхтаваўся да новай ваенна-палітычнай місіі. Яшчэ 5 верасня ў Коўне ён атрымаў
«Мы, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, іменем Беларускага Народу просімо ўсе ваенныя і цывільныя ўстановы чужаземных Дзяржаў і загадываемо ўсім прыслухаючым нам ваенным і цывільным уласьцям, каму гэты пашпарт будзе паказаны, дазволіць свабодны праезд нашаму начальніку Вайскова-палітычнай місіі ў Латвіі і Эстоніі палкоўніку Канстанціну Езавітаву і даваць яму ў патрэбе ўсялякую дапамогу».
Дэлегаты місіі ўжо былі прызначаны, а Езавітаў марудзіў з ад'ездам. Варонка разумеў: чакае звароту з Менска сваёй Наталкі… Толькі ж каб ведаў, чаго давядзецца прычакаць, — тады ж, як даваў пашпарт, і выправіў бы…
Наталля Якота, як і намервалася, адведала цётку і напрыканцы жніўня чыгункай выехала з Менска ў Коўну. Праз паўсотні кіламетраў — паміж станцыямі Заслаўе і Радашковічы — стрэлачнік накіраваў цягнік на папсаваны мост, пятнаццаць вагонаў вухнулі пад аткос. Каля сотні пасажыраў былі паранены, дваццаць тры — сярод іх і Наталля — загінулі…
«Часопісь», не рассакрэчваючы дэлегацыю Езавітава, пра ад'езд ваенна-палітычнай місіі інфармацыі не змесціць, надрукуе толькі наступнае:
«29 верасьня Кастусь Езавітаў пакінуў пасаду Начальніка канцылярыі Міністэрства беларускіх спраў з асабістых прычын і выехаў з Коўны, адводзімы таварышамі па працы».
Штабс-капітан беларускай арміі
Падчас пераезду рэдакцыі «Беларускага Жыцьця» на Свята-Міхальскі завулак у Аляхновіча ўкралі партфель з дакумэнтамі. Рэдактар мусіў даваць у панядзелак 6 кастрычніка ў сваёй газэце абвестку:
«Страціўся малы чорны партфель з пашпартам і рознымі дакумэнтамі на імя Ф. Аляхновіча. Хто яго знайшоў, няхай прынясе ў Рэдакцыю «Беларускага Жыцьця» толькі ўсе дакумэнты і квіткі, а за фатыгу атрымае 10 руб.»
У рэдакцыю падкінулі, наадварот, пусты партфель…
У Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны і Горадзеншчыны ад Беларускай вайсковай камісіі з Менска прыйшла тэлеграма:
«Загад аб фармаваньні арміі падпісаны ў чацьвер. Пасылаем найглыбейшае прывітаньне ў гістарычную часіну пачатку тварэньня збройнай сілы, каторая будзе бараніць Бацькаўшчыну».
– Пэўна, у Менску Пілсудскага лепш улагодзілі, чымся тут, у Вільні, - прыцмокнуў Аляхновіч,
– Маеш на ўвазе ягоны прыезд у верасні? — у рэдакцыю да яго завітаў Ластоўскі, каротка падстрыжаны (што яшчэ больш адкрывала маладыя залысіны). Сівізна ўжо кранулася і пухматых броў, і курчавай бародкі. Як заўсёды — у накрахмаленай кашулі, з тонкім гальштукам, — цяпер у сінія палосы.
– Так… — і Аляхновіч сам спытаў: — Ці праўда, што Іваноўскага бальшавікі вызвалілі з турмы?
– То ён ужо ў Менску!
І раптам у дзверы ўпэўнена пастукалі. Зайшоў малады і статны вайсковец, казырнуў:
– Штабс-капітан Францішак Кушаль, намеснік старшыні Беларускай вайсковай камісіі. Маю гонар, спадары, пазнаёміць вашу рэдакцыю з адозвай БВК і дэкрэтам галоўнакамандуючага Польскай Дзяржавы…
Аляхновіч і Ластоўскі параскрывалі раты — штабс-капітан быў у навюткай вайсковай форме з беларускай нацыянальнай сімволікай!
– Зробце ласку…
– Во толькі пра БВК і ўзгадвалі…
– Вось, — Кушаль падышоў да стала, выклаў з папкі на стол паперы.
— Гэта дэкрэт Пілсудскага, якім камандзірам беларускай арміі прызначаецца запрапанаваны БВК палкоўнік Канапацкі, а месцам фармавання нашага войска абраны Слонім.
Аляхновіч і Ластоўскі хутка чыталі дакумэнты — раз-пораз, не стрымліваючыся, азіраючы афіцэрскую форму.
У дэкрэце Пілсудскага значылася:
«Дзеля арганізацыйнай і прыгатаваўчай работы назначаю Беларускую Вайсковую Камісію, якая ў паразуменьні з Камісарыятам Усходніх Земляў <…> будзе арганізоўваць беларускае войска:
1) даючы адпаведныя наказы палкоўніку Канапацкаму і
2) утвараючы адпаведныя падкамісіі.
У склад Камісіі ўваходзяць: палкоўнік Канапацкі, п. Рак-Міхайлоўскі, штабс-капітан Кушаль, палкоўнік Якубоўскі, п.п. Мурашка, Аўсянік, Прушынскі (Гарун) і штабс-капітан Якубоўскі.
Месцам працы Камісіі назначаю Менск».
А гэта — з адозвы БВК:
«Дзеля таго, што ў хуткім часе мае фармавацца беларуская армія, прапануецца афіцэрам, ваенным чыноўнікам і дактаром-беларусам зарэгістравацца. <…> Старшыня Вайсковай камісіі П. Аляксюк. Сябра камісіі А. Аўсянік».
– Спадзяюся, вы неадкладна пазнаёміце сваіх чытачоў з гэтым… — Кушаль паднёс далонь пад казырок.
Аляхновіч спалохаўся, што нечаканы зайшла знікне, і паспяшыў распытаць:
– Гэтая форма… на вас — беларуская?
– Так, — Кушаль задаволена ўсміхнуўся. — Спраектавана і зацверджана і вайсковая форма. Пашыта, праўда, толькі першая партыя.
– І ўся такая? — дапытаў Ластоўскі.
– Што ж, — Кушаль падкруціў вус, — можа й пра гэта варта напісаць… Фасон шапкі, як бачыце, — ангельскі, колер шэры, у штабных і тэхнічных аддзелаў канты чырвоныя, у пяхоты — чорныя, у кавалерыі — белыя…
– Чакайце… Зараз буду запісваць! — перапыніў афіцэра Аляхновіч, абмакнуў пёрка. — Ну…