Пляц Волі
Шрифт:
У сярэдзіне жніўня Язэп Варонка і Кастусь Езавітаў склалі «Пратэст урадам Злучаных Штатаў Паўночнай Амерыкі, Велікабрытаніі, Французскай Рэспублікі і іншых дзяржаў Антанты»:
«Аўгустоўскі павет былой Сувалскай губ. з волі Антанты адданы ва ўладарства Польскай Рэчы Паспалітай…
Уся тэрыторыя Беларусі становіцца цяперака разьдзеленай на двое: паміж бальшавіцкай маскоўскай арміяй Льва Троцкага і польскімі легіонамі Пілсудзкага…
У гэтыя дні, калі знаёмая ўсім беларуская часьць Літоўскага Гаспадарства, як то паветы: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавежскі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідскі, Віленскі, Ашмянскі,
Разаружаны беларускі полк у Горадні трымаюць зачыненым у горадзе, не даючы нікому права выезду…
Зыходзячы з такога цяжкага палажэньня, у якім знаходзіцца цяпер беларускае насяленьне памянёных вышэй паветаў, <…> імем безпраўнага і зьнясіленага беларускага народу пратэстуем проці той занядбаласьці, якую дапускаюць апякуючыся Польшчай і прызнаючыя яе дзяржаўную незалежнасьць Вялікія Дзяржавы <…>, аддаючы на расправу польскім гайдамакам залітую кроўю, спаленую і галодную беларускую зямлю.
…многамільённы беларускі сялянскі народ мае такое ж права на ўвагу і справядлівыя да яго адносіны, як і народы Арменіі, Сэрбіі і Бельгіі і <…> ніякія прынцыпы крыві і жалеза… не прымусяць беларускі народ прызнаць права польскага панства на беларускую зямлю.
Гэдзь, за Нораў!..»
17 жніўня Язэп Варонка падпісаў і абнародаваў «Пратэст…», ён жа асобным лістом папрасіў прэзідэнта Вальдэмарыса «давесці да ведама місій Антанты, якія знаходзяцца ў Коўні, і па радыётэлеграфу ў Парыж» пра польскія здзекі з мясцовых жыхароў.
Пасля гэтага ў Вільні і Горадні запрацавала спецыяльная камісія па разглядзе падобных скаргаў. Некаторых беларусаў вызвалілі з турмаў, большасць жа беларускіх дзеячоў заставаліся пад арыштам. Польскія ўлады запэўнівалі камісію ў тым, што арыштаваныя — насамрэч расійскія шпіёны, якія працуюць на бальшавікоў.
А напрыканцы жніўня 1919 года выйшла з друку кніга Кастуся Езавітава «Беларусы і палякі», у якой сцвярджалася, што беларусам з палякамі «не па дарозе», і падавалася шмат дакумэнтаў аб польскіх гвалтах у Заходняй Беларусі. Кніга мела вялікі попыт і перадрукоўвалася ў амерыканскіх эмігранцкіх — расійскіх і беларускіх — газэтах; яе выдалі ў перакладах на многія мовы свету. Натхнёны Езавітаў пачаў працу над новай дакумэнтальнай працай — «Беларусь ад Керанскага да Пілсудскага»…
«Каб дзеці нас не пракліналі»
Верасень 1919 года у статрыццацівасьмітысячную Вільню прыйшоў багатым — кірмашовыя лавы ажно трашчалі ад яблык, ігруш, бульбы. Нават старажылы не маглі прыпомніць, калі ў горад прывозілася столькі таннага збожжа…
Абуджалася пасля леташняй спякоты і грамадскае жыццё: з верасня тройчы ў тыдзень пачала выходзіць газэта «Незалежная Беларусь». У «Беларускай кнігарні» на Завальнай вуліцы з'явілася новая кніга Аляхновіча — п'еса «ў двух актах са спевамі» «Дзядзька Якуб».
Францішак Аляхновіч на пачатку верасня займаўся газэтнымі клопатамі. «Беларускае Жыцьцё» з № 12 пачалі друкаваць кірыліцай, бо — як тлумачылася на першай старонцы газэты — польскае войска вызваліла усходнія землі Беларусі, дзе гэтыя літары ведаюць больш.
У той жа дзень — 7 верасня — Аляхновіч з друкарні (вярнуўся з Менска, каб дарабіць незакончанае) ішоў на выбары ў віленскі Магістрат. Сёмы нумар меў і беларускі выбарны спіс. Галасавалі папярэдне раздадзенымі карткамі: на
На прыступках Магістрата сустрэў Апанаса Новіка (ужо другі год той вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі) з купкай сяброў-гімназістаў.
– Вы што, вераб'і, ці не агітаваць сабраліся? — пацікавіўся Аляхновіч. — То далей адсуньцеся: за пяцьдзесят сажняў ад выбарнага памяшкання агітаваць забаронена.
Але хлопцы сумна паапускалі галовы.
– Дык што здарылася? — не мог даўмецца Аляхновіч. — Галасаваць хочаце, а без пашпартоў не пускаюць?
– Мы, дзядзька Францішак, не на выбары… — першым забурчаў Апанас. — Мы пратэставаць хочам.
– Во як! — Аляхновіч спахмурнеў. — А нагода?
– Палякі хочуць закрыць беларускую гімназію ў Будславе.
– Хто сказаў?
– Нашы інспектары ўчора казалі…
Па-праўдзе, нечаканай для Аляхновіча гэтая чутка не стала. Тыдзень таму ў Горадні ўлады выселілі са свайго будынка беларускую школу. І вось зараз — чарга іншых?..
Будслаўская гімназія запраектавалася яшчэ ў ліпені 1917 года, аб яе адкрыцці пачаў рупіцца Эдвард Будзька, які сам нарадзіўся і пачынаў вучыцца ў Будславе. Будзьку ведалі і як колішняга сябра выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца», актыўнага карэспандэнта «Нашай Нівы», які за нацыянальнае выступленне на мітынгу нават сядзеў у астрозе, ведалі і як аўтара пецярбургскай газэты «Дзянніца», і як удзельніка Першага усебеларускага кангрэса, сябра Рады БНР. Будзька даводзіўся родзічам (хоць і далёкім) Паўліне Мядзёлцы і ў 1908 годзе ажаніўся на ейнай сяброўцы Валерыі. У родным мястэчку Будзька склікаў быў сход, на якім пастанавілі адкрыць у Будславе беларускую гімназію (а будслаўцы гаварылі па-беларуску і, хоць былі каталікамі, палякамі сябе не ўважалі), і забраць — на той час, пакуль не займеюць асобны будынак — памяшканне валасной управы і пачаць ахвяроўваць грошы на аплату настаўнікаў. Будзька тады ўзначаліў гімназічны апякунскі камітэт і звярнуўся да Лявона Вітана-Дубейкоўскага, знаёмага яшчэ па рэдакцыі «Нашай Нівы», які скончыў Французскую акадэмію архітэктуры, — каб распрацаваў план двухпавярховага будынка гімназіі. На Зосінскай вуліцы вылучылі пляц зямлі. Непадалёк ад Будслава быў лес пана Аскеркі, які сяляне і вазілі на пабудову…
Будзька выехаў у Вільню, каб зарэгістраваць гімназію. У рэгістрацыйным адзьдзеле ў той дзень першым чакаў чаргі сур'ёзна-хмуры мужчына ў цёмным касцюме, пры гальштуку. Сакратар-справавод пачала збіраць дакумэнты… І трэба ж так сысціся: незнаёмец таксама рэгістраваў беларускую гімназію — у Слуцку!
– Можна падумаць, што адно беларускія школы і засноўваюцца ў нас! — не ўтрываў Будзька. Незнаёмец не без здзіўлення агледзеў яго, усміхнуўся:
– Думаю, вы супраць не паўстанеце…
– Ды не! Я ж сам з такім клопатам з Будслава прыехаў…
Радаслаў Астроўскі, які арганізаваў у Слуцку беларускую гімназію (а да гэтага выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце) і прыехаў яе «ўзаконіць», дачакаўся, пакуль сакратарка пераправерыла паперы і ў Будзькі, - і разам з ім падаліся на вакзал, падсілкаваліся ў чыгуначнай сталоўцы, нават замовілі з нагоды сустрэчы па шклянцы віна, а вечарам адным цягніком выехалі з Вільні…
Перад Калядамі ў Будслаўскай гімназіі пачаліся заняткі (на дзень раней адкрыліся дзверы беларускай гімназіі ў Слуцку). Пан Пянткоўскі, калі стаў бурмістрам, раскватараваў у гімназіі нямецкіх салдат, але праз некалькі дзён тыя самохаць вызвалілі яе. Пасля намаганняў Цэнтральнай беларускай рады нямецкія акупацыйныя ўлады выдалі Будслаўскай гімназіі з Менскага казначэйства грашовую дапамогу. Нямецкія афіцэры нават выкладалі ў гімназіі нямецкую мову, давалі вучням сшыткі, алоўкі… Гімназісты пад кіраўніцтвам Будзькі пачалі выдаваць часопіс «Сьветач». Склаўся свой аркестр, драматычны, танцавальны, харавы і літаратурны гурткі.