Пляц Волі
Шрифт:
Падпісалі заяву Тарашкевіч і — як сябры дэлегацыі — Аляксюк, Кахановіч і Кушнеў.
Адбылася сустрэча віленскай дэлегацыі з Беларускім камітэтам у Варшаве, прэзідыум якога складалі архітэктар Лявон Дубейкоўскі, паэт Гальяш Леўчык, Язэп Арбуз і іншыя. Камітэт працаваў на Навагродзкай вуліцы ў доме № 58 (кватэра 11). Тарашкевіча найбольш уразіла тое, што ў Беларускім камітэце ў Варшаве можна было набыць усе беларускія кніжкі і чытаць усе беларускія газэты…
Праз некалькі дзён Пілсудскі зноў прыняў дэлегацыю Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны
«<…>Прызнаньне беларускага народу правоў на незалежнае быцьцё і падтрыманьне польскай дэмакратыяй для абодвух народаў прынясе толькі карысьць, бо паложыць цьвёрды фундамэнт для будучага згоднага жыцьця і прыязнага збліжэньня. <…> Рада зварачаецца да Вашае Міласьці з просьбаю падтрымаць стварэньне збройнае сілы, як вядомага знаку імкненьня беларускага народу да вольнага і незалежнага жыцьця.
З свае стараны Рада лічыць магчымым тварэньне беларускага войска на такіх асновах:
1. Беларуская Рада Віленшчыны і Горадзеншчыны выдзяляе Вайсковую Камісію з месцам быцьця пры Галоўным Камандаваньні Польскага Войска. <…>
2. Камісія кіруе нацыянальным гадаваньнем беларускага войска і канцэнтруе ўсялякую працу, што датычна падмогі беларускаму салдату беларускім грамадзянствам.
3. Беларуская Вайсковая Камісія разам з Галоўнаю Польскаю Камандаю ўстанаўляе форму Беларускага Войска.
4. Беларуская Вайсковая Камісія безадкладна назначае камісію дзеля апрацаваньня статутаў службы. <…>
5. Беларускае Войска можа ваяваць толькі на беларускім фроньце і ня можа быць выводзена з тэрыторыі Беларусі».
Падпісалі дэкларацыю старшыня рады Тарашкевіч і яе сакратар Сянкевіч.
«Дай то Бог нашым цяляткам воўка з'есці, - сказаў пасля прачытання гэтай дэкларацыі Езавітаў — у рэдакцыі «Беларускага Жыцьця», калі Аляхновіч рыхтаваў дакумэнт да публікацыі. — Уражанне, што нашы пасланцы самі яшчэ не вераць у тое, чаго дамагаюцца… Беларускае войска — то з маленькай, то з вялікай у іхнім тэксце скача…»
Сам жа ён не верыў у поспех распачатай ад імя Цэнтральнай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны справы — не мог забыць, не мог дараваць раззбраенне і інтэрнаванне (па-сутнасці — паланенне) з вялікімі цяжкасцямі сфармаванага ім Першага беларускага палка…
Пілсудскі ж з уважлівасцю выслухаў дэкларацыю (яе зачытваў Тарашкевіч), затым пачаў казаць пра свае клопаты і распытваць пра жыццё на Віленшчыне. Напрыканцы сустрэчы (аўдыенцыя доўжылася сорак хвілін) узрушана запэўніў беларусаў:
— Прыкладу ўсе сілы, каб здаволіць усе думкі беларускага народа аб незалежным існаванні. З ідэй сваёй адозвы да народаў Вялікага княства Літоўскага не сыйду ніколі і буду абараняць іх пры ўсялякіх варунках. — І затым, калі пасланцы ўсталі, каб развітацца, дадаў-запэўніў: — Што тычыцца войска — зараз дам мясцовым вайсковым уладам загад, каб згаварыліся з Беларускаю радай і заняліся арганізаваннем беларускай збройнай сілы…
Для беларускай дэлегацыі Польска-беларускім камітэтам быў наладжаны абед у гатэлі «Еўрапейскі», на якім прысутнічалі і некаторыя сябры польскага Сойму. Тарашкевіч выступіў
Праз два дні 1 жніўня дэлегацыя вярнулася ў Вільню. У Варшаве застаўся адзін Тарашкевіч — заняцца, як казаў, доляй ваякаў-беларусаў, што апынуліся ў Варшаве — «каб уцягнуць іх у работу пры арганізацыі беларускага войска».
З самае раніцы 1 жніўня на віленскім вакзале збіраўся натоўп — чакалі прыезду ў горад Начальніка Польскай Дзяржавы і Галоўнага камандуючага польскім войскам Язэпа Пілсудскага. Вільня — вымеценая і вычышчаная — рыхтавалася прыняць пашанотнага госця. Паўсюдна гірлянды кветак, сцягі…
Цягнік спазніўся і марудна ўпоўз, пыхкаючы парай, на разагрэты сонцам вакзал а палове другой дня. Пілсудскага закідалі кветкамі, затым на легкавіку без варты ён паехаў у біскупскі палац, дзе яму падрыхтавалі рэзідэнцыю.
Турма на Лукішках
Ліпеньскай раніцай па дарозе ў Лукішскі астрог (выбраліся адведаць арыштаваных таварышаў: Мадэста Яцкевіча, сакратара Беларускага нацыянальнага камітэта, якога схапілі за раздачу палонным газэты «Беларуская Думка», і сябра Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Горадзеншчыны Тамаша Грыба, арыштаванага на вакзале — збіраўся ехаць у Горадню) Аляхновіч расказваў Езавітаву горкі анекдот.
— Жанчына ў царкве кажа бацюшку:
«А мой жа мяне нядаўна так пабіў, што ледзьва да вас дайшла… Так пабіў!..» — «И каким же это образом?» — пацікавіўся бацюшка. — «Каб жа абразом… — цмокнула жанчына. — Палкаю, гад, біў!»
Завярнулі на Феліцыянскую, як раптам насустрач — кабета з хатульком на руцэ, у доўгай квяцістай хустцы:
— Паночкі, нарайце, да каго тут можна з жалобай падысці?
— А ў якой справе? — стуліў бровы Аляхновіч.
— Пабілі нас, паночкі. Бізунамі… Жандары пабілі… - Да іх нясмела падсунуліся яшчэ дзве — амаль у такіх жа хустках, доўгіх — да пят — спадніцах.
— Адкуль вы? Бадай, не віленскія? — пацікавіўся ў жанок Езавітаў.
— Ды з-пад Гальшанаў… Пан Чапскі прыслаў па астаткі нашага дабытку. Мы прасілі, каб злітасцівіўся, не ўсё забіраў… А яны нас бізунамі…
— Мы чулі, - перапыніла сяброўку тая, што падышла першай, — што ў Вільні быў пан Пілсудскі і казаў бараніць бедных… — Яна падціснула вузельчык хусткі. — Дык мы й ідзём прасіць паратунку. Зусім ужо гоніць нас рэвіровы, гоніць пан, жандар, а ў камісара гальшанскага адно графы на ўме, паліцыянт жа ад яго нас выгнаў — вось мы і насмеліліся ў Вільню…
Падрабязна патлумачылі гаротніцам, як дайсці ў Магістрат, параілі затым расказаць пра сваіх мясцовых панкоў у Беларускай радзе, пажадалі поспеху — і сумна папляліся далей.
— А пра гэта ў показках не гаворыцца? — Езавітава Аляхновіч такім калюча-гнеўным не бачыў.
— Такое, — выціснуў, памаўчаўшы, — і ў рамане выказаць цяжка…
У Лукішскі астрог Аляхновіч з Езавітавым — як сябры камісіі па вызваленні вязняў-беларусаў — патрапілі з дазволу пана гарадскога камісара. У трох карпусах сярод трохсот чатырох арыштантаў большасць была беларусаў. Аляхновіч падрабязна распытваў дзяжурнага пра адзіночкі і «групоўкі», папрасіў напачатку правесці ў «цэнтралку», куды вязні патрапляюць пасля следства — і дзе ўмовы найгоршыя.