Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Зрэшты, справа, як мне здаецца, зусім не ў баявым выніку той ці іншай аперацыі або дзеяння; для літаратуры аб вайне аднолькава важныя як поспехі, так і паражэнні, вялікія і малыя. Да таго ж, што такое перамога і паражэнне з пункту погляду маральнага або філасофскага, якія больш за ўсё іншае цікавяць у мастацтве? Іваноўскі, зразумела, быў пераможаны і загінуў на сваім маленькім полі бою, але калі ён з тых людзей, аб якіх сказана, што іх можна забіць, але немагчыма перамагчы, дык яго паражэнне ператвараецца ў іншую, процілеглую, якасць. Менавіта на стыку гэтых узаемавыключных паняццяў і тояцца значныя магчымасці літаратуры, якія нярэдка ігнаруюцца намі: мы ж прывыклі да гранічнай яснасці, з якою суседнічае спрошчанасць і верхаглядства.
— Амаль усё, што вы напісалі, належыць да аднаго жанру —
— Мне трудна сказаць, як будзе далей. Можа быць, калінебудзь я і напішу раман. Але пакуль у мяне няма такога намеру.
Так атрымалася, што з самага пачатку я пісаў пераважна аповесці. Некалі гэтыя аповесці сапраўды былі лірычныя. Потым, мабыць, па меры таго, як іх аўтар набываў літаратурны вопыт, характар іх змяніўся. Беручыся за новую рэч, я не вызначаю яе памеру або структуры, хоць, канешне, і мяркую прыкладна, якой атрымаецца гэтая рэч, і ведаю напэўна, што гэта будзе аповесць. Але ў працэсе работы яна становіцца або карацейшай, або даўжэйшай, чым я меркаваў спачатку. Часам нейкія звенні сюжэта, нейкія эпізоды скарачаюцца, іншыя, наадварот, развіваюцца падрабязней. А наогул я не адчуваю цеснаты ў гэтым абжытым мной жанры. Я думаю, што гэта вельмі ёмістая форма прозы і ў ёй можна выказаць вельмі многае, а галоўнае — выказаць сцісла і канкрэтна.
— Часам гавораць і пішуць, што вашы аповесці — ва ўсякім выпадку, апошнія, — паўтараюць мастацкую структуру прытчы, хоць ацэньваецца гэтая якасць па-рознаму — і як вартасць, і як недахоп. Мне гэтае вызначэнне не здаецца правільным: прытча мае на мэце адмаўленне ад канкрэтнасці — бытавой, псіхалагічнай і перш за ўсё гістарычнай. Але гэтага ніяк не скажаш аб вашых аповесцях. Падставу для такога роду меркаванняў, мне здаецца, дае тое, што вашы аповесці вызначаюцца крайняй завостранасцю і трагізмам сітуацый, маральным максімалізмам, бескампраміснасцю ўяўленняў аб тым, што добра і што дрэнна, якая і вызначае ацэнку паводзін чалавека. Ці не таму з такой настойлівасцю вы ставіце герояў адзін на адзін з іх сумленнем, падпарадкоўваючыся якому яны самі павінны вырашыць свой лёс у акалічнасцях, дзе за вернасць абавязку плацяць жыццём?
— Сапраўды, некаторым з маіх крытыкаў хацелася б вытлумачыць нейкія асаблівасці маёй творчасці ўяўнай прыхільнасцю аўтара да жанру прытчы. Думаю, што гэта не так. Падабенства да прытчы некаторых з маіх аповесцей ідзе, на мой погляд, не ад аўтарскага гвалту над жыццёвым матэрыялам, каб дагадзіць загадзя прынятай ідэі, не ад імкнення вырашыць нейкую абстрактную маральную задачу, а ад лаканізму апавядання і сцісласці дзеяння, можа быць, ад некаторай белетрыстычнай збедненасці сюжэта і стылю. Відаць, часам адчуваецца прымат ідэі над формай, калі ідэя не ўсюды знаходзіць сваё арганічнае ўвасабленне ў форме. Напэўна, усё гэта ўласціва некаторым з маіх аповесцей, але я не імкнуўся да гэтага, больш таго, я стараўся гэтага пазбегнуць. Іншая справа, як вы сказалі, маральны максімалізм, без якога я не магу абысціся, таму што ўсімі сродкамі прывык зацягваць маральныя вузлы і па гэтай прычыне часам надта выпірае жорсткасць сюжэтных канструкцый. У той жа час можна зразумець тых, каму хацелася б мяккасці таноў, паступовасці пераходаў. Але што рабіць? Вайна кепска дапасуецца да гэтай чалавечай схільнасці. Вайна — справа надта сур’ёзная, каб на яе матэрыяле канструяваць святочнае «чціва» для бесклапотных чытачоў. Апроч таго, я перакананы, што найбольш праўдзіва расказаць аб ёй можна толькі сродкамі рэалізму. Усякая знарочыстая рамантызацыя, вольная або нявольная эстэтызацыя гэтага народнага бедства, на мой погляд, з’яўляецца кашчунствам у адносінах да яе жывых удзельнікаў і ў адносінах да памяці дваццаці мільёнаў забітых. Гэта трэба добра памятаць мастаку, які звяртаецца да суровых гадоў вайны — у гэтым своеасаблівы
— Якія свае кнігі вы любіце больш за іншыя і што вам у іх дорага? Толькі не ўхіляйцеся ад гэтага пытання, кажучы, што самая любімая, самая лепшая кніга яшчэ не напісана. Пра будучыя кнігі, я спадзяюся, мы яшчэ пагаворым. Ведаць жа, што пісьменнік са створанага ім цэніць больш за ўсё, — гэта дапаможа зразумець сутнасць яго мастацкіх пошукаў… I яшчэ адно пытанне. Ці не ўзнікала ў вас, калі мінуў пэўны час, жаданне вярнуцца, дапісаць, перапісаць калісьці напісаныя рэчы?
— Першае пытанне сапраўды даволі цяжкае, таму што ў пісьменніка некалькі ацэначных крытэрыяў сваіх твораў. У чытача наогул адзін крытэрый: спадабалася або не спадабалася, або гэты твор спадабаўся больш, а гэты менш, нават калі ён спрабуе высветліць для сябе, чаму спадабалася і чаму не спадабалася. Аўтара ж звязвае з кожным ягоным творам вельмі многае: не толькі тое, што ён выказаў у ім, але і тое, скажам, што хацеў выказаць і як яму гэта ўдалося. Потым адна рэч пішацца лягчэй, а над другой даводзіцца працаваць часам вельмі пакутна. Калі гаварыць канкрэтна, дык больш за іншыя мне дарагая аповесць «Сотнікаў», якая і пісалася даволі лёгка, і жыццёвага зместу ў ёй, мабыць, некалькі больш, чым у іншых рэчах.
Што да другога пытання, дык ужо так павялося, што я не вяртаюся да рэчаў, якія сталі набыткам чытача, для гэтага ў мяне няма ні сіл, ні жадання. Хоць амаль заўсёды ў надрукаванай рэчы знаходжу нейкія недаробкі, недахопы, засмучаюся, дакараю сябе за недагляд, але не магу прымусіць сябе ўзяцца за яе нанова. Бяруся за наступную.
— Карабель спушчаны на ваду?
— I адчаліў ад берага, ён належыць ужо не будаўнікам, а экіпажу…
— Ці ёсць у вас сярод класікаў любімыя пісьменнікі? У крытыцы, калі спрабуюць вызначыць традыцыі, з якімі звязваюць вашу творчасць, часцей называюць імёны Дастаеўскага і Кузьмы Чорнага. А як лічыце вы самі? Ці ёсць свядомасць, намер у выбары пісьменнікам традыцый? I што такое «вучоба ў класікаў», пра якую мы так часта гаворым, — выкарыстанне іх вопыту ці імкненне да той глыбіні пранікнення ў душу чалавека, якой яны дасягнулі?
— Я думаю, што паняцце «вучоба ў класікаў» у нас часта спрашчаецца. Вучыцца ў класікаў — гэта не значыць пераймаць іх тэхналогію творчасці, засвойваць іх прыёмы. Гэта штосьці больш шырокае і значнае: павага да праўды, пропаведзь гуманізму, разуменне грамадскага абавязку літаратуры і пісьменніка, — усё тое, у чым сапраўды праяўляецца сіла і значэнне класікаў.
Мае літаратурныя сімпатыі не арыгінальныя і, мабыць, могуць здацца старамоднымі. Як і мільёны чытачоў, я лічу самым высокім у нашай літаратуры Льва Талстога, побач з якім сапраўды паставіць няма каго. Сваім прароцкім прадбачаннем, разуменнем падспуднага, затоенага ў чалавечай душы заўсёды будзе вялікі Дастаеўскі, з творчасцю якога сугучна многае ў творах класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага. Вялікая руская літаратура была і застаецца той галоўнай школай духоўнасці, якую павінен прайсці кожны, раней чым наважыцца дадаць да яе нейкі свой радок…
Акрамя таго, я хацеў бы сказаць, што ў маім пісьменніцкім лёсе немалую ролю адыграла тая акалічнасць, што я пісаў і пры поўным узаемаразуменні з маімі рускімі равеснікамі, аўтарамі таленавітых кніг пра вайну, сярод якіх у першую чаргу хочацца назваць Юрыя Бондарава і Рыгора Бакланава. Я многім таксама абавязаны Алесю Адамовічу, выдатнаму беларускаму празаіку і самаму ўдумліваму з маіх крытыкаў.
— Ну, калі вы ўпамянулі, што Алесь Адамовіч не толькі празаік, але і крытык, пяройдзем да гэтага пытання, пагаворым аб крытыцы. Вы як быццам не можаце паскардзіцца на яе безуважнасць: вашы кнігі рэцэнзавалі многа і ахвотна. Хоць вам даводзілася сутыкацца не толькі з удумлівымі і строгімі меркаваннямі крытыкаў, але і з неразуменнем, нават з нядобразычлівасцю. Ці маеце вы цікавасць да крытыкі наогул і да меркаванняў крытыкаў пра вашу творчасць? Ці знаходзяць яны ў вас унутраны водгук — гэта не абавязкова згода і прыняцце, можа быць і наадварот? Вам часам — няхай не вельмі часта — таксама даводзіцца выступаць у ролі крытыка, дык робіце вы гэта з ахвотай або ў сілу абавязку?