Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Тэма мінулай вайны заўжды была і застанецца адной з галоўных тэм беларускай літаратуры і асабліва яе прозы. Творчае выкарыстанне выдатных традыцый рускай літаратуры, а таксама пэўныя ваенна-гістарычныя ўмовы вайны далі магчымасць беларускім аўтарам ужо ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі стварыць такія складаныя і шматпланавыя творы пра вайну, як «Векапомныя дні» аднаго з нашых самых любімых і паважаных майстроў прозы, народнага пісьменніка рэспублікі Міхася Лынькова, або «Мінскі напрамак» тады яшчэ маладога Івана Мележа, або «Глыбокая плынь» толькі яшчэ пачынаючага, а цяпер шырока вядомага Івана Шамякіна. У наступныя гады ваенная тэма знайшла сваё далейшае паглыбленае развіццё на старонках аповесцей і раманаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Карпава, Аляксея Кулакоўскага, Аляксея Карпюка, дакументальнай прозы Івана Новікава. Нягледзячы на тое, што многае з ваеннай тэмы
Вайна шматаблічная, подзвіг чалавека на ёй мнагастайны, гэта вядома кожнаму. Было б дзіўна таму зводзіць літаратуру пра яе да нейкай няхай сабе і някепскай аднастайнасці, заўжды згубнай для ўсякага мастацтва. Як немагчыма ўніфікаваць вопыт усіх удзельнікаў гэтай чатырохгадовай драмы, гэтак жа немагчыма дабіцца, каб усе аўтары пісалі аб адным і тым жа і аднолькава па мове і стылю. Разнастайнасць вопыту натуральна вызначае разнастайнасць тэм і зместу, неаднолькавасць таленту — ступень глыбіні адлюстравання характараў і падзей. Усведамленне гэтай элементарнай ісціны здымае ўсю вастрыню колішніх спрэчак аб «акопнай праўдзе» і «маштабнасці ахопу». Юрый Бондараў, адзін з самых таленавітых аўтараў ваеннай тэмы, які ў свой час выцерпеў нямала папрокаў у «вузкасці погляду», абмежаванага сектарам абстрэлу супрацьтанкавай гарматы, стварыў пасля свой славуты «Гарачы снег», даказаўшы тым самым беспадстаўнасць нашумелага супрацьпастаўлення аднаго другому. Рыгор Бакланаў пасля звужанай паводле ахопу «Пядзі зямлі» напісаў «Ліпень 41 года», падзеі якога разгортваюцца ў шырокай паласе абароны стралковага корпуса. Трылогія К. Сіманава — шырокае эпічнае палатно пра вайну, стварэнне якога было пад сілу толькі гэтаму майстру з яго іншым, чым у папярэдніх аўтараў, франтавым вопытам. Але вось той жа Сіманаў нядаўна апублікаваў «Ваенны дзённік пісьменніка» — вельмі прыватны і вузкі па падзеях, якія адлюстроўваюцца, аднак жа, не меней цікава і значна, чым у яго эпапеі.
Усё лепшае, што створана літаратурай — толькі частка аграмаднага цэлага, імя якому — вайна. На маю думку, цяпер ужо стала бясспрэчнай тая простая ісціна, што стварыць сучасную «Вайну і мір» не дадзена нікому нават з самых таленавітых майстроў мастацкага слова, што тэма нашай Вялікай вайны настолькі складаная і грандыёзная, што агульная яе карціна можа быць створана толькі калектыўнымі намаганнямі ўсёй нашай шматнацыянальнай літаратуры.
I гэтая карціна ствараецца хоць, можа быць, і не так гладка, як нам хацелася б. Больш ці менш паспяховыя намаганні ветэранаў, пісьменнікаў з вопытам суправаджаюцца спробамі маладых, тых, што перайшлі вайну ў раннім дзяцінстве — у іх таксама ёсць свая, няхай не такая, як у франтавікоў або партызан, але памятная і значная для іх вайна, аб якой яны маюць сваё мастакоўскае права расказаць чалавецтву.
Мне думаецца, што тэма мінулай вайны невычэрпная. У будучым, відаць, таксама як і ў мінулым, на шляхах ваеннай літаратуры будуць свае ўздымы і свае несумненныя спады, цікавасць да яе не можа быць раўнамернай па часе. Несумненна, многае з адпрацаванага або неактуальнага ў новых гістарычных умовах назаўжды застанецца ў мінулым. Але з’явіцца і нешта новае. Калі адважыцца на некаторае прагназаванне, дык здаецца, што самым плённым напрамкам будзе новае паглыбленне пісьменніцкай увагі да псіхалогіі, лёсу чалавека і асобы ва ўмовах каласальнага канфлікту магутных і ўзаемавыключных сістэм і светапоглядаў, а таксама спрадвечная праблема выбару. Гэтыя сітуацыі, заўжды надзвычай важныя для разумення прыроды чалавека, аднолькава важныя і для прынцыпаў гуманізму, безумоўная каштоўнасць якога для мінулага яшчэ доўга будзе заставацца нязменнай для будучыні. Можа быць, мастацтва будучага адкрые ў нашай вайне нейкія новыя магчымасці і новыя сродкі іх адлюстравання. Але пры ўсім тым трэба вельмі добра памятаць, чым была вайна для тых, хто на ёй ваяваў, бо, як вельмі дакладна сказаў у адным са сваіх выступленняў Канстанцін Сіманаў: «Якімі б ні былі высокімі нашы намеры, вайна усё роўна заставалася для нас чалавечай трагедыяй ад свайго першага і да свайго апошняга дня, і
А для нас жа быць не можа болей важнага клопату і больш значнай задачы, чым адлюстраванне гэтай праўды.
Праўды вайны, у якой гэтак пераканаўча ўвасобілася праўда нашага часу.
[1975]
Сорак трэці
Ён пачаўся для нас у шчаслівай атмасферы сталінградскай перамогі. Здавалася, самае цяжкае ўжо ззаду, і, хоць яшчэ не прайшло і паловы гэтай вялікай вайны, савецкія людзі з надзеяй і спадзяваннем уступілі ў год сорак трэці. Пасля ўсяго перажытага ў цяжкую папярэднюю восень стала яшчэ больш адчувальнаю наша сіла і наша здольнасць канчаткова разграміць ворага. Цяпер размова ішла толькі аб тэрмінах. Але, верылі многія, сорак трэці прынясе, нарэшце, адкрыццё другога фронту, і аб’яднанымі намаганнямі антыгітлераўскай кааліцыі фашысцкая Германія будзе хутка разгромлена.
Аднак, як паказалі падзеі, адкрыццё другога фронту паранейшаму адкладвалася, і, як раней, нам трэба было спадзявацца на свае ўласныя сілы.
Тым не менш ваенны поспех рашуча схіліўся ў наш бок. 10 студзеня войскі Данскога фронту ўзяліся дабіваць рэшткі акружанай арміі Паўлюса, ваўсю развівалася наступленне на Паўночным Каўказе і ў раёне Варонежа. У сярэдзіне студзеня была прарвана шматмесячная блакада горада Ленінграда.
Цяпер Чырвоная Армія ішла ў бой ужо з традыцыйнымі воінскімі пагонамі — сведчаннем высокай ацэнкі Радзімай гераізму, воінскага майстэрства і воінскага гонару яе байцоў і камандзіраў.
Надышоў год, аб якім марылі, які прынёс цвёрдую ўпэўненасць у нашай усебаковай перавазе. I хоць усе ведалі, што вайна патрабуе яшчэ многа ахвяр, на салдацкай душы стала святлей. Канешне, фізічная смерць адназначная, паміраць заўжды страшна, але цяпер смерць ужо не здавалася такой брыдкай, таму што намнога бліжэй і рэальней стала мэта ўсіх нашых намаганняў — выгнанне акупантаў, канчатковы разгром фашызму. Савецкі салдат цвёрда пераканаўся ў сваёй ратнай сіле, якой ён мог памерацца з сілай адборных фашысцкіх войск і — перамагчы.
Зрэшты, перамагаць па-ранейшаму было нялёгка. Падзеі на франтах неўзабаве пацвердзілі ўсю важнасць той ісціны, што і цяпер, калі ясна абазначылася наша ваенная перавага, трэба клапатліва і ўсебакова рыхтаваць кожную аперацыю, без чаго немагчыма разлічваць на поспех.
Нямала пабіты вораг усё яшчэ меў каласальную ваенную сілу, сіла яго танкавых армій была па-ранейшаму вялікая.
Хоць задуманае Гітлерам як «рэванш за Сталінград» фашысцкае контрнаступленне ў лютым — сакавіку 1943 года пад Харкавам і Белгарадам і не дасягнула сваёй мэты, яно дало нагляднае ўяўленне аб тым, на што яшчэ здольны фашызм. Трэба сказаць, што гэты ўрок быў улічаны поўнасцю.
На працягу вясны Савецкае Вярхоўнае Галоўнакамандаванне вяло ўсебаковую падрыхтоўку да наступных аперацый, назапашвала рэзервы. У святле летніх падзей, якія затым разгарнуліся, стала відаць уся празарлівасць гэтай работы: наперадзе спела адна з самых грандыёзных бітваў Другой сусветнай вайны, якая патрабавала максімальнай вытрымкі, арганізаванасці, вялікіх матэрыяльных рэсурсаў. Наперадзе была Курская бітва.
Гітлераўскае камандаванне старанна рыхтавала гэтую аперацыю «Цытадэль», імкнучыся ўвесь ход вайны павярнуць на сваю карысць. Менавіта да Курскага выступу былі тайна падцягнуты галоўныя танкавыя сілы вермахта, шчодра аснашчаныя цяжкімі танкамі «пантэра» і «тыгр» з нябачанай дагэтуль бранёй і магутнымі буйнакалібернымі гарматамі. Да ліпеня сорак трэцяга года тут фашыстамі было сканцэнтравана больш дзвюх тысяч танкаў. З такой сілай Гітлер разлічваў разграміць нашы войскі на Курскім выступе і абысці Маскву з усходу.
Увесь ліпень сорак трэцяга года ўвага свету была прыкавана да палітых крывёю і мазутам курскіх палёў. 12 ліпеня пад Прохараўкай адбылася славутая, для нас перамаганосная бітва, калі войскі 5-й гвардзейскай танкавай арміі сустрэліся з двума танкавымі карпусамі фашыстаў. Больш за паўтары тысячы танкаў і самаходных гармат сутыкнуліся тут у сустрэчным баі. Свет яшчэ не бачыў падобнай з’явы — дзве гіганцкія лавіны танкаў сталёвым морам запоўнілі стэпавы прастор.
У бітве на Курскай дузе мы не толькі выстаялі. Такое было і раней. Тут, своечасова падрыхтаваўшыся да таго, каб адбіць варожае наступленне, ведучы цяжкія і небяспечныя баі, ні на імгненне не губляючы кантролю над ходам падзей, мы на выбраных намі рубяжах перамалолі фашысцкую ўдарную сілу і ў загадзя прадугледжаны тэрмін нанеслі ўдары ў адказ. Гэта быў трыумф вытрымкі, майстэрства і сілы Чырвонай Арміі, яе кіраўніцтва.