Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
— Дык Вы ж былі артылерыстам.
— I ў стралковай дывізіі ёсць артылерыя. Я служыў, пачынаючы ад батальёна-саракапяткі і канчаючы армейскім артылерыйскім палком, дзе былі гаўбіцы… З тых жа, з кім я вучылішча канчаў, з роты ўжо нікога не засталося, акрамя Уладзіміра Леўчука… А гэта — фатаграфіі сыноў, адзін з іх афіцэр, другі медык.
— Гавораць, што Вас ужо аднойчы былі «пахавалі» ў брацкай магіле. На помніку нават Ваша прозвішча было высечана.
Пісьменнік моўчкі адкрывае шуфляду і падае мне архіўную выпіску: «Паведамляю, што ў імянным спісе беззваротных страт 399 стралковага
— Вайна і асоба, вайна і чалавечая мараль — гэта кардынальныя праблемы мастацкага даследавання сутнасці чалавека XX стагоддзя. Як ставіліся гэтыя праблемы ў час вайны?
— Праблемы маралі — гэта праблемы жыцця чалавека. І яны заўсёды важныя, а на вайне выступаюць асабліва абвострана. Бо цана і мера гэтай праблемы — чалавечае жыццё. Бо кожны дзень трэба паміраць. Салдат павінен плаціць за вайну сваім жыццём рана ці позна. Генералу аддадзены безліч лёсаў людзей, і ён павінен кіраваць. Праблемы маралі выходзяць на першы план найбольш рэзка. Бо ніхто не хоча паміраць, кожны хоча жыць. Вайна вымагае шукаць рашэнняў, каб захаваць сваё жыццё, а часта гэта несумяшчальна. I толькі мараль чалавека, яго высокая свядомасць, яго духоўная арганізацыя вызначаюць сапраўднае выйсце з гэтай сітуацыі.
— Як гэта было, напрыклад, у «Сотнікаве».
— Хоць бы і так.
— У нас у літаратуры праблему вайны некаторыя ўсё яшчэ звужаюць. Калі гавораць пра вайну, дык толькі пра гераізм. Гераізм быў, гэта безумоўна. А яшчэ была маса самых розных праблем. Практыка лепшых савецкіх пісьменнікаў, тут я павінен адзначыць вялікую ролю Вашых твораў, гэта пацвярджае.
— Жыццё і смерць — дзве гэтыя несумяшчальнасці парадзілі ў сваім сутыкненні цэлы комплекс і іншых праблем. І таму на вайне праяўляецца ўсё: сацыяльнае, псіхалагічнае, маральнае. Усё наглядна, катэгарычна, на працягу кароткага часу. Кожны дзень разыгрываюцца драмы і трагедыі.
— Ці бывае ў Вас так: хочацца, каб персанаж выглядаў сімпатычным чалавекам, а на практыцы выходзіць наадварот.
— Для мяне важна не прыгожае апісальніцтва. Яно — асаблівасць, можа, не столькі пісьменніка, як чытача. Асаблівасць літаратуры, у тым ліку і беларускай, — невычэрпная асалода красамоўства, скажам, прыгожага апісання ўзыходу сонца, пейзажа. Многія развітыя літаратуры, па-мойму, вычарпалі гэтую цікавасць. Для іх важна тое, што не відаць вачмі, але складае яшчэ большую значнасць чалавечага жыцця.
Калі я пачынаю пісаць твор, для мяне на першым месцы стаіць праблема і тэма. Вы кінулі рэпліку пра «Сотнікава». Я рашыў, што пастаўленую праблему ў гэтай аповесці лепш за ўсё вырашыць на партызанскім матэрыяле. Хаця штуршок ішоў ад фронту. Я ўжо неяк расказваў пра выпадак на Украіне. Пасля фарсіравання Дняпра камандзір батальёна са сваім штабам быў акружаны немцамі. Нашы адбіваліся, але іх знішчылі. Лічылася, што камандзір загінуў. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Калі пачалася Яса-Кішынёўская аперацыя, мяне начальства паслала ў тыл, каб павярнуць падвоз боепрыпасаў па другой дарозе. У адной вёсцы, румынскай, быў арганізаваны збор ваеннапалонных немцаў. Там іх была маса. Я еду, гляджу — ля дроту знаёмы твар. У нямецкай пілотцы, у нямецкім мундзіры. I ён на мяне глядзіць. Прыгледзеўся — камбат. Пытаюся: «Як вы трапілі сюды? Вы ж Герой Савецкага
— Вы хочаце сказаць, што ў літаратуры павінна быць так, як у жыцці?
— Безумоўна. Няма такога водападзелу на толькі станоўчых і толькі адмоўных. Бывае, абставіны складуцца такім чынам, што ў чалавеку праяўляецца толькі лепшае. А бывае наадварот — выпірае самае чорнае з яго душы. Некалі яшчэ Горкі пісаў, што чалавек каштоўны сваім супраціўленнем сіле жыцця. Таму вельмі важна існа чалавечае, бо абставіны бываюць — нечалавечыя! Толькі чалавек з вялікай сілай можа супрацьстаяць гэтым нечалавечым сілам. Калі вярнуцца да размовы пра камбата, то і ў яго чыста біялагічныя сілы былі здаровыя і моцныя. Ён шукаў магчымасці, каб выжыць. Але духоўныя сродкі для жыцця ён знайшоў не тыя, якія б забяспечылі яму маральнае існаванне на гэтым свеце. Хоць ён і застаўся жывы, тым не менш ён загінуў. Для «Сотнікава» я ўзяў партызанскую стыхію, дзе больш вырашалася — куды? як? з кім? У арміі ёсць загад. Партызанскі ж матэрыял з меншым дэтэрмінізмам, тут можна лягчэй абысціся з магчымасцю выбару. Ну, а астатняе — для пісьменніка няцяжкая справа: ведаючы вайну наогул, не так ужо цяжка было ўявіць партызанскую вайну.
— Яшчэ пра адну цяжкасць, Васіль Уладзіміравіч. У арміі — свая тэрміналогія, свая лексіка, і гавораць там пераважна паруску. А чытаеш Ваш твор і адчуваеш, што ён — беларускі. У асваенні беларускай літаратурай мовы вайскоўцаў Вы шмат зрабілі. I хацелася б пачуць Вашы думкі наконт гэтага.
— Так, армія абыходзіцца рускай мовай. I тэрміналогія — па-руску. Значыць, дыялогі дзеючых асоб даводзіцца перакладаць. Задача пісьменніка — знайсці нейкі эквівалент, каб гучала па-беларуску і разам з тым каб, не парушаючы нацыянальнай мовы, была перададзена праўда адносін вайсковых людзей. Атрымаецца фальшыва і ненатуральна, калі рускія афіцэры загавораць на мове дзядзькоў палескай вёскі.
— Чым павінен кіравацца мастак, каб стварыць такую кнігу, якая стала б сучаснай на многія гады?
— Тут, на мой погляд, вырашаюць тры ўмовы. Першая — талент. Другая — сумленнасць мастака. Трэцяя — грамадская атмасфера, гэта значыць магчымасць з’яўлення кнігі.
Грамадства павінна выспець, каб успрыняць подзвіг мастака. Бо калі яно не гатова да гэтага, то атрымаецца, што твор прызнаюць пазней. Гэта асабліва заўважаецца ў выяўленчым мастацтве, — калі мастак апераджаў магчымасці ўспрымання мастацтва сваімі сучаснікамі і прызнанне, і папулярнасць прыйшлі толькі пасля смерці, як, напрыклад, да Ван Гога. У літаратуры, як пісаў той самы Маэм, рэдка так адбываецца, каб слава, якая абыходзіла пісьменніка пры жыцці, палюбіла яго пасля смерці.
— А вялікі польскі паэт Норвід, напрыклад, за якім настойліва трымалася рэпутацыя «незразумеласці», якога не прызнавалі нават буйнейшыя літаратары-сучаснікі? Сёння імя Норвіда стаіць побач з імёнамі Міцкевіча, Славацкага.
— Гэты прыклад якраз з тых рэдкіх выпадкаў.
— А Вы ўлічваеце ўспрыманне сучаснага чалавека?
— Калі я пішу, то думаю і пра псіхалогію салдата, і пра псіхалогію ўспрымання сучаснага чытача. Я шукаю такіх ваенных перажыванняў, каб гэтая псіхалогія і перажыванні мелі водгук у душах сучасных людзей.