Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
Гэта, вядома, элементарна, не патрабуе доказаў і ўспамінаецца хіба тады, калі ў літаратурнай практыцы мы сутыкаемся з нечаканым адхіленнем у іншы бок пры абсалютнай несумненнасці самых добрых аўтарскіх намераў. I тут, мабыць, справа ў яшчэ адной асаблівасці мастацкай творчасці — у яе суб’ектыўнасці, якая ёсць дабро і зло адначасна і пераадолець якую не дадзена нікому з творцаў. Канечне, найбольшы каардынатар між гэтымі двума пачаткамі — ТАЛЕНТ, яго спрадвечнае імкненне да ісціны. Але талент, як вядома, якасць дужа няўлоўная, лятучая і зменлівая, яе нельга праверыць алгебрай і можна — хіба што працай, творам — канчатковым вынікам творчасці. Да таго ж талент, як казалі ў старыя часы, — ад Бога, і не залежыць ад чалавека, ягонага носьбіта, у той час як усё астатняе — ад чалавечай прыроды і цалкам у нашых руках. Найпершае з гэтага астатняга — грамадзянскае сумленне і працавітасць. Дык будзем жа памятаць пра іх і карыстацца імі спаважна, па-гаспадарску, — як таго заслугоўвае наш гераічны, шматпакутны
[1979]
[ІНтэрв’ю газеце «Советская Белоруссия»]
— Пётр Усцінавіч Броўка сказаў неяк, што ў вашай творчасці аповесць «Яго батальён» займае асобнае месца. Яна з’яўляецца як бы вяршыняй цыкла вашых ваенных твораў. А да іх адносяцца і «Альпійская балада», і «Сотнікаў», і «Воўчая зграя», і той жа «Яго батальён», і іншыя вашы творы. Студэнты Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава ў навагоднім нумары «Литературной газеты» назвалі ваша імя першым сярод пісьменнікаў, кнігі якіх яны палюбілі. Раскажыце, калі ласка, Васіль Уладзіміравіч, аб вытоках вашай творчасці, аб тых, калі можна так сказаць, «крылах», якія дапамагаюць у вашым творчым палёце, садзейнічаюць нараджэнню высокамастацкіх твораў.
— Цяпер з усёй перакананасцю можна сказаць, што як пісьменнік я пачаўся з самага звычайнага, магчыма, некалькі больш, чым іншыя мае аднагодкі, захопленага літаратурай чытача, якім я быў у дзяцінстве і ў юнацтве. Канешне, у тую ўжо далёкую пару не даводзілася і думаць аб пісьменніцтве, былі клопаты іншага роду, было нялёгкае дзяцінства, а потым яшчэ больш цяжкое юнацтва, вайна і ўсё, што з ёю звязана. Праўда, той самы неспрыяльны ў жыцці народа час даў пэўнага характару вопыт, які заўжды важны ў мастацтве, хоць гэты вопыт і дастаўся нашаму пакаленню занадта дарагой цаной. Таму, мабыць, натуральна, што, заняўшыся літаратурай, я не мог грэбаваць ім — усё перажытае патрабавала выйсця. Відаць, менавіта гэтая акалічнасць, як я цяпер разумею, з’явілася прычынай таго, што мае першыя творы былі напісаны пра вайну, тэма якой не перастае займаць мяне і цяпер, праз болей чым тры дзесяцігоддзі пасля яе заканчэння. Відаць, гэта натуральна і правамерна, таму што ўсенародны подзвіг у мінулай вайне, нашы перамогі і нашы страты накладваюць на літаратуру і мастацтва асаблівыя абавязкі, якія могуць быць выкананы толькі аб’яднанымі намаганнямі ўсіх творчых працаўнікоў на працягу многіх год.
— Пісьменнік — справядліва гавораць — інжынер чалавечых душ. Якім бы талентам ён ні валодаў, ён павінен жыць жыццём свайго народа, быць у гушчыні гэтага жыцця. Відаць, пры гэтай умове і спадарожнічае пісьменніку поспех. Я добра ведаю, што вы многа і плённа працуеце за пісьменніцкім сталом. Вы абраны дэпутатам Вярхоўнага органа дзяржаўнай улады нашай рэспублікі, выконваеце пэўныя абавязкі ў Саюзе пісьменнікаў БССР, з’яўляецеся членам яго прэзідыума. Раскажыце, калі ласка, як вы спалучаеце творчасць з грамадскай дзейнасцю?
— Вядома, што літаратура — справа надзвычай старажытная і сутнасць яе працэсу мала ў чым змянілася з самых аддаленых часоў. У аснове літаратурнай творчасці па-ранейшаму ляжаць індывідуальныя намаганні аўтара, жыццё якога, як і ў старажытнасці, абмежаванае. У наш жа час, цяпер, калі інтэнсіфікацыя жыцця дасягнула незвычайных тэмпаў, праблема часу стала адной з галоўных праблем кожнага працоўнага чалавека, у тым ліку і пісьменніка. Часу не хапае. Але гэтая акалічнасць зусім не азначае таго, што пэўны запас часу быў бы для пісьменніка раскошай. Акрамя часу для мастака надзвычай важны непасрэдны ўдзел яго ў жыцці, той напружанай працоўнай дзейнасці, якой заняты яго блізкія, суседзі, народ. Толькі гэта дае яму магчымасць трымаць руку на пульсе жыцця, адчуваць гарачае трапятанне чалавечых сэрцаў. У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць удзел мастака ў грамадскім жыцці, у тым ліку і маю сціплую працу ў якасці дэпутата Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, дзе вырашаецца столькі самых надзённых задач агульнарэспубліканскага маштабу. Рэгулярныя сустрэчы з чытачом служаць жывым барометрам, які паказвае ступень уздзеяння літаратуры на масы, таксама як і чытачоў на аўтара. Ну і вядома, у наш час было б немагчыма ды і неразумна пазбягаць удзелу ў перыядычным друку, выступленняў па радыё і тэлебачанні, якія з’яўляюцца, як вядома, велізарнай трыбунай, што дае магчымасць размаўляць з мільёнамі адначасова, — магчымасці зусім неверагоднай у яшчэ зусім нядаўнім мінулым.
— І апошняе пытанне. Пачаўся новы год. Ва ўсіх сферах нашага эканамічнага і культурнага жыцця савецкія людзі імкнуцца павышаць эфектыўнасць і якасць сваёй працы. I, вядома ж, працаўнікоў горада і сяла Беларусі цікавіць, над якімі асноўнымі праблемамі творчага характару працуюць зараз беларускія пісьменнікі. Хацелася б, каб вы коратка расказалі аб творчых планах на будучае.
— Мне трудна гаварыць за ўвесь даволі шматлікі пісьменніцкі атрад рэспублікі, да таго ж усякая творчасць у вядомай ступені інтымная па сваёй прыродзе і не трывае афішыравання. Але я ведаю, што, апрача традыцыйнай для беларускай літаратуры тэмы мінулай
Интервью вел А. Литвин.
[1979]
Подзвіг мастака
Ягоны партрэт змешчаны апошнім у гэтай не зусім звычайнай для выстаўкі экспазіцыі і, можа быць, самы сціплы на ёй па манеры выканання, пазбаўлены якой бы там ні было мастакоўскай прэтэнзіі. Ён і падпісаны лаканічна, без аніякага намёку на адносіны да аўтара: «Вязень 32815». Але амаль кожны, хто спыняецца перад ім, не можа не адчуць штось затоена-значнае ў гэтай вельмі схуднелай постаці ў паласатай робе і ў такім жа паласатым берэце на стрыжанай галаве, у нерухомым, скіраваным кудысьці ўніз позірку. Вашу ўвагу міжволі прыцягваюць да сябе і рукі з нечакана вялікімі сціснутымі кулакамі, у якіх да часу дрэмле дрэнна прыхаваны пратэст. Болей дасведчаныя з наведнікаў неўзабаве ўгадваюць у гэтай змардаванай, але поўнай напружанай духоўнай сілы паставе нялёгкае мінулае аднаго з самых выдатных мастакоў краіны — Міхаіла Андрэевіча Савіцкага. Безумоўна, гэта ён, той, чыя працавітасць і талент паставілі яго імя ў рад самых выдатных майстроў сучаснасці.
У свеце выяўленчага мастацтва прынята ўспамінаць вытокі і называць папярэднікаў, тых, што ў гады вучнёўства ўласным прыкладам дапамаглі будучаму майстру выпрацаваць пачаткі майстэрства, «знайсці сябе». Гэтую звычайную ў такіх выпадках спасылку мне цяжка зрабіць у адносінах да Міхаіла Савіцкага, такі ён з самага пачатку сваіх творчых пошукаў ні на кога не падобны, такі самабытны, увесь — «з сябе», свайго таленту і, вядома, з трагічнага і гераічнага мінулага — з вайны. Сапраўды, перажытага ім у гады найвялікшага з усенародных выпрабаванняў хапіла б на некалькі чалавечых лёсаў. Адзін з апошніх абаронцаў Севастопаля, ён пасля падзення гэтага горада-героя трапіў на Херсанескім мысе ў рукі ворага і апынуўся ў Германіі, дзе прайшоў усе кругі гітлераўскага пекла, чатыры разы ўцякаў, быў злоўлены і прыгавораны да пакарання смерцю і толькі выпадкам пазбегнуў яе ў гітлераўскіх засценках.
Яго трыумфальны поспех у мастацтве звязваюць з цудоўнай работай на тэму партызанскай Беларусі, з «Партызанскай мадоннай», якая ўпершыню паявілася на выстаўцы адзінаццаць гадоў назад і стала цяпер не меней славутай у свеце, чым самыя выдатныя яе папярэдніцы эпохі Адраджэння. Гэта сапраўды шэдэўр, які не мае сабе роўных у нашым далёка не бедным на шэдэўры выяўленчым мастацтве, але ён не адзіны ў творчасці гэтага даравітага майстра. Пасля «Партызанскай мадонны» з’явіліся, можа быць, меней вядомыя, але не меней выдатныя «Віцебскія вароты», «Кара», «Поле», напісаныя ўсё той жа таленавітай рукой на неўміручую тэму ўсенароднага подзвігу ў гады мінулай вайны. Гэтая высакародная тэма на працягу больш трыццаці гадоў натхняе нацыянальнае мастацтва Беларусі, і Савіцкі шмат што сказаў у ёй сваімі работамі. Але ён бы здрадзіў сабе і свайму мастакоўскаму абавязку, калі б абмежаваўся першымі ўдачамі, якія прынеслі яму несумненны поспех.
Няўрымслівы характар мастака не мог не прыслухацца да ўладарнага закліку ўласнага вопыту, у якім самым непасрэдным чынам пераплялося драматычнае з гераічным; узмацнелы талент, атрымаўшы ўсенародную падтрымку, дазволіў наважыцца на самыя смелыя задумы. I вось каля чатырох гадоў назад пачалася ягоная праца над серыяй палотнаў-дакументаў, палотнаў выкрыцця і абвінавачання крывавых злачынстваў нямецкага фашызму, дзесяць з якіх ужо скончаны і экспануюцца на юбілейнай выстаўцы.
Гэтыя карціны — не лёгкае і не простае відовішча, і можна сабе ўявіць, чаго каштавала мастаку праца над імі. Перад вачамі гледача праходзіць шэраг пякельных прывідаў гітлераўскіх лагераў, няспынная барацьба высокай чалавечнасці з подласцю, страсна выкрываецца канібальская сутнасць фашызму і сцвярджаецца вышыня камуністычнага ідэалу. Пафасам гэтай барацьбы вее ад твараў і постацей зняволеных, што спляліся ў жахлівую вертыкаль уцёкаў («Уцёкі») цераз драцяную агароджу з электрычным токам. Так, іхні парыў імпульсіўны, удачы не будзе, на вышках ужо «працуюць» кулямёты, і акрываўленыя целы валяцца з дроту на ўтаптаную зямлю лагера. Але гэта яшчэ не фінал, гэта толькі маленькі эпізод у доўгім і гераічным ланцугу супраціўлення. I вось ужо іншы сюжэт — насцярожаная група зняволеных каля самадзельнага радыёперадатчыка, заземленага ў вядро з вадой («808»), і іхнія твары, якіх нельга забыць. Такія завостраныя профілі, патыліцы, вочы немагчыма ні прыдумаць, ні намаляваць — ніводзін натуршчык нашага часу не можа паслужыць для іх мадэллю — усё гэта трэба вынесці адтуль, адкуль іх вынес мастак.