Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Шрифт:
У гэтым сэнсе вялізная задача кладзецца на наша мастацтва і літаратуру, якія валодаюць, як вядома, зайздроснай здольнасцю спыняць хуткаплынны час, увасабляць і захоўваць яго кардынальныя моманты ў гістарычнай свядомасці народа. Сапраўды, за пасляваенныя гады ўсімі відамі мастацтва створана нямала цудоўных твораў на тэмы мінулай вайны, а літаратура ўзбагацілася кнігамі, якія, можна спадзявацца, з’явяцца надзейным сведчаннем аб ёй на многія будучыя дзесяцігоддзі. Але ўся неаглядная разнастайнасць народнага подзвігу ў агняныя гады вайны, гераізм мільёнаў, поўная не меншага гераізму і самаадданасці работа савецкага тылу тояць у сабе нямала неасветленых, а то і забытых старонак.
Трэба
Трудна пераацаніць значэнне той справы, якую робяць вышэйназваныя і іншыя аўтары. Вялікая заслуга ў гэтым жанры належала С. Смірнову з яго «Брэсцкай крэпасцю». Гэтая і наступныя яго кнігі, пабудаваныя на скрупулёзнай фактычнай дакладнасці, пазбаўленыя сумніўнага ў такіх выпадках белетрыстычнага элементу, нясуць высакародную мэту аддаць належнае непрызнаным, а то і забытым героям вайны, яны з’явіліся адкрыццём для свайго часу.
Зразумела, літаратура не можа не ўсведамляць свой абавязак як у адносінах да забытых старонак вайны, так і ў адносінах да яе герояў, ветэранаў многіх баёў, якія маюць унікальны баявы вопыт, але з-за шэрагу прычын не маюць магчымасці належным чынам зафіксаваць яго на паперы. Пры саюзах пісьменнікаў некаторых рэспублік створаны і працуюць камісіі па ваеннай літаратуры, вопытныя аўтары разглядаюць рукапісы ўспамінаў, дапамагаюць у іх дапрацоўцы. Нямала кніг штогод выходзіць у літаратурным запісе прафесійных літаратараў. I ў дадзеным выпадку вельмі важным з’яўляецца не толькі прафесійнае майстэрства літаратурнага памочніка аўтара, але таксама і яго жыццёвы і ваенны вопыт, ступень валодання гэтым няпростым матэрыялам.
Але, на жаль, бывае і так, што аўтар літаратурнага запісу, мабыць, не маючы здатнага арыгінала і не валодаючы асабістым ваенным вопытам, абмяжоўваецца ў сваёй рабоце больш ці менш пісьменным пераказам фактаў і трапляе ў яшчэ большы, на мой погляд, грэх — гвалтоўную белетрызацыю матэрыялу. I тады на працягу многіх старонак чытачу прапаноўваюцца бясконцыя размовы персанажаў, пададзеныя ў іх прамым пераказе, размовы, якія нібыта мелі месца ў сапраўднасці, што ўжо само па сабе выклікае сумненне.
Кожны літаратурны жанр мае свае законы, уласцівыя толькі яму асаблівасці. Многае з таго, што абавязкова для мастацкай літаратуры, супрацьпаказана літаратуры дакументальнай. I ўжо зусім недапушчальна, калі імя такога літаратурнага памочніка значыцца на вокладцы кніжкі побач з імем яе сапраўднага аўтара, а то і замест яго. Можа, падобная трансфармацыя не пераступае юрыдычных або літаратурных норм, але, акрамя іх, існуюць жа яшчэ і этычныя нормы, а простая замена першай асобы на трэцюю ў дадзеным жанры яшчэ не дае права на аўтарства. Даволі распаўсюджанай і не менш сумнай памылкай тых, хто піша аб перажытым у гады вайны, з’яўляецца імкненне стварыць на яе матэрыяле раман або аповесць замест таго, каб падрабязна, строга прытрымліваючыся фактаў і без выдумкі напісаць аб тым, што было і што добра
Не трэба, вядома, лічыць, што ўсё напісанае ў розных відах і формах успамінаў будзе надрукавана. Многае застанецца ў рукапісах, дакументах сям’і або будзе здадзена ў музеі і архівы, дзе захаваецца на доўгі час і так ці інакш знойдзе свайго ўдзячнага чытача.
Планы і магчымасці нашых выдавецтваў, як вядома, абмежаваны, але нельга не прызнаць таксама, што выдавецтвы яшчэ недастаткова працуюць з ветэранамі, стымулюючы іх да стварэння кніг аб вайне, недастаткова вядуць пошук цікавых рукапісаў, а з таго, што самацёкам паступае ў выдавецтвы, многае так і не знаходзіць дарогі да чытача з прычыны вытворчай працаёмкасці або незвычайнасці матэрыялу. Асабліва калі аўтар такога рукапісу — радавы ўдзельнік вайны і пасля яе не так ужо многа прыдбаў на пасадах.
Я ведаю колішняга камандзіра батарэі Івана Рыгоравіча Ушчапоўскага, які жыве ў Гродне і сапраўды прайшоў усю вайну ад яе першага да апошняга дня, многа перажыў і многа на ёй пабачыў. Валодаючы здзіўляючай памяццю адносна ўсяго, што датычыць тае пары, ён аддаў некалькі год успамінам аб перажытым, напісаў больш за тысячу старонак машынапісу. Гэты шчыры і праўдзівы дакумент — сведчанне аб найвялікшай з войнаў, убачанай вачыма яе радавога ўдзельніка, пакуль яшчэ так і не знайшоў свайго выдаўца.
Абавязак усіх, хто перажыў вайну і каму ёсць што расказаць людзям, зрабіць гэта ў любой даступнай для яго форме. Мы, літаратары, а таксама выдаўцы, журналісты павінны дапамагчы тым, хто не мае дастатковых для таго магчымасцей. I стары заслужаны генерал, які правёў сваю дывізію ад падмаскоўных палёў да Берліна, і славуты партызанскі кіраўнік, арганізатар агульнанароднай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі, і невядомая жанчына над Нёманам, што выхавала шасцярых сірот, могуць і павінны расказаць гісторыі і чалавецтву аб усім перажытым імі ў цяжкую гадзіну.
Многія ўжо напісалі, іншыя пішуць. Прыемна, калі за пяро бяруцца не толькі людзі, якія маюць вольны для таго час, але і вельмі занятыя людзі, для якіх некалькі вольных гадзін у тыдзень — цяжкая праблема. Нядаўна мы з сябрамі-журналістамі былі на прыёме ў аднаго з беларускіх міністраў, які ў канцы размовы даверліва паведаміў, што збіраецца напісаць кнігу. Мы, канешне, дружна падтрымалі гэты намер, і адзін з нас, падумаўшы пра пастаянны дэфіцыт ягонага часу, сказаў, што трэба пашукаць памочніка.
— А не, — рашуча заявіў міністр. — Такую справу я не магу даверыць нікому. Толькі сам!
Што ж, пахвальнае рашэнне!
На днях у Мінску закончылася ўсесаюзная нарада, скліканая Саюзамі пісьменнікаў СССР і БССР. Некалькі дзён вядомыя пісьменнікі і літаратуразнаўцы абмяркоўвалі праблему: «Гераізм савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны і сучасная дакументальная літаратура». Вызначаны задачы, якія стаяць не толькі перад дакументальнай, але і мастацкай літаратурай аб вайне. Галоўны ж вывад такі: усе мы, удзельнікі мінулай вайны, кожны ў меру сваіх сіл і магчымасцей, павінны няспынна сведчыць перад народам і гісторыяй аб нашым унікальным вопыце, які стаў для многіх таксама і вялізным жыццёвым вопытам, а для народа ў цэлым — найвялікшым з выпрабаванняў, якія калі-небудзь выпадалі на яго долю.