Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Шрифт:
— Што? — хрыплавата вымавіў той, валюхаста датэпаўшы да астатніх. — Перакур?
— А ты курыш? — перапытаў яго Агрызкаў. Пазнаёміліся яны толькі на аэрадроме перад тым, як скокнуць у ноч, раней Тумаша нават не бачылі і цяпер прыглядаліся да новага чалавека. Які ён?..
— Я дык не куру, — мовіў Тумаш. — Але ж вы, мабыць, курыце?
— I мы ня курым, — сказаў Агрызкаў, з асалодай выцягваючыся ў доле. — Курыць урэдна для здароўя.
— Яно так. Здароўе і партызану не шкодзіць…
Гэта была звычайная балбатня падначаленых, якія ні за што канкрэтна не адказвалі. Не тое што камандзір групы, галава якога трашчала ад нязбыўнага клопату, што гэтак знянацку на іх зваліўся. Яго спадарожнікі ляжалі сабе,
— Ну што там? — лежачы, азваўся Агрызкаў. — Далёка топаць яшчэ?
— Спярша трэба ўведаць, дзе мы? — азваўся Гусакоў. — Гэта як мінімум.
— А максімум?
— А максімум — той жа мінімум, — загадкава патлумачыў начальнік.
— Да-а… Раздалбаі летуны…
Пэўна ж так, раздалбаі лётчыкі. Нелыа ж дапусціць, што іх не спаткалі партызаны. Такога не магло быць… А можа, і было — і тое і гэта зусім нават магчыма, нечакана падумаў Гусакоў. Працуючы ў штабе партызанскага руху, ён ужо што-колечы чуў пра летуноў, як і пра партызанаў таксама. Але і Агрызкаў павінен быў што-нішто ведаць, бо хоць за лінію фронту выпраўляўся ўпершыню, усё ж служыў у дыверсійным аддзеле. Ня тое што Тумаш.
— Доктар, ну як ты скокнуў? — звярнуўся да яго Агрызкаў. — У штанах суха?
— Ды скокнуў! — адмахнуўся Тумаш. — Добра, што ноч, ні чарта не відаць. А ўдзень усё магло быць.
— У некаторых горай бывае, — тонам бывалага парашутыста сказаў Агрызкаў. — I ўначы тожа.
З выгляду яны быццам бесклапотна перагаворваліся, а твары ў абодвух былі напружаныя, і ўсё часцей абодва пазіралі і на камандзіра, ад якога залежала цяпер усё наступнае. Ды і што ён мог ім сказаць? Колькі хвілін ён вывучаў карту, і ўсё большы неспакой агортваў яго — ніводнага знаёмага арыенціра. Ні лугу, ні лесу, ні якога падобнага да гэтага поля. Яўна карта ніяк не дастасоўвалася да канкрэтнай мясцовасці. Дзе тая, патрэбная ім дарога да возера, дзе Востраў Барок ва ўрочышчы Багавізна, што зялёнаю плямай балота заняло палову аркуша карты? Дзе яны ў натуры? У якім накірунку? На захад, поўдзень, усход? Куды ім кіравацца далей? Мусіць, сапраўды давядзецца ісці ў вёску.
— Старшына! — клікнуў камандзір з ціхай рашучасцю. — Трэба вызначыцца.
Агрызкаў адразу насцярожыўся, хаця і не скрануўся з месца.
— Гэта як?
— Трэба спытацца, якая то мясцовасць. Якая вёска?
— А дзе вёска?
— Там, за полем.
Старшына пачаў уставаць — відаць было, марудна і неахвотна. Седзячы, начапіў на сябе рэчавы мяшок, падняўся на адно калена, затым на другое.
— Рэчмяшок пакінь. Тумаш возьме.
Борзда скінуўшы з плячэй цяжкі рэчмяшок, Агрызкаў з аўтаматам у апушчанай руцэ паціху пайшоў па мяжы жытняй нівы. З-пад нізка навіслага вецця Гусакоў прасачыў за ім аж пакуль той не схаваўся за збажыной.
— Да-а, — няпэўна зазначыў Тумаш. — Як цяпер быць? Камандзір нервова перасмыкнуў тварам. Фельчар яўна разьлічваў на размову ці хоць бы на адказ, але Гусакову было не да размовы. Свой клопат ён прывык трываць моўчкі і менш ім дзяліцца з кім бы то ні было. Тым болей з чалавекам староннім ці падначаленым. Зрэшты, на тое самае напіралі і ў асобым аддзеле, куды яго выклікалі перад вылетам і дзе ён пакінуў немаведама якую па ліку «падпіску аб неразглашэнні». Кепска, што ягоных спадарожнікаў у каманду сабралі паспешліва, мабыць, каго трэба было тэрмінова пераправіць у партызанскі тыл, карыстаючыся ягонай камандзіроўкай. Інструктаж давалі кароткі, для адчэпнага, як, зрэшты, і яму таксама. Хаця хто думаў, што ўсё так атрымаецца? Ён ужо ведаў, як гэта небяспечна блукаць па варожым тыле, поўным нямецкага войска, паліцыі, розных мясцовых здраднікаў. Але ж во давялося… Як цяпер
— Тумаш, ты дзе ваяваў? — запытаўся Гусакоў, уважліва зірнуўшы на фельчара, на яго зморшчаны, мабыць, нядаўна абгарэлы, чырвоны твар.
— Ды ў танкавай брыгадзе.
— Танкіст, значыць?
— Фельчарам быў.
— Панятна, — сказаў Гусакоў і падумаў: трэба было яго, а не старшыну паслаць у вёску, бо старшына, хоць і назваўся разведчыкам, аднак ці не трапіў у тую разведку ўпершыню?
Ведама, тут назвацца можна як хочаш — дакументы і пагоны яны здалі ў штаб і з выгляду былі ўсе роўныя.
Засцярожліва азіраючыся па баках, Агрызкаў выйшаў з-за жытняе нівы і стаіўся пад грушкай.
Грушка была маладая, нізкарослая і бухматая на сонечным прыволлі, калючае яе сучча абвісала да самага долу і добра затуляла чалавека. Наперадзе за платамі і агароджамі ляжала невялічкая прылесная вёска — агароды, бульбоўнікі, далей — хлеўчукі і будынкі пад саламянымі стрэхамі, за імі некалькі высокіх дрэваў. З закапцелага коміна крайняе хаты віўся ўгару слабы дымок, гатаваўся сьняданак. А за плотам, сярод бульбяных барознаў хадзіла танклявая, мабыць, не старая яшчэ кабета, штось узіралася долу, часам нагіналася, поркалася ў баразёнках. Болей паблізу ў вёсцы нікога не было бачна. Збоч, крыху наводшыбе ля кустоўя пасвіўся прывязаны на вяроўку конь. Каб там быў чалавек, Агрызкаў падышоў бы да яго, занытаў. Ды чалавека ля каня не было, зыачыць, давядзецца яму гукнуць тую цётку. Ён, аднак, не спяшаўся, лежачы пад грушкай, чакаў, калі кабета падыдзе бліжэй. Сонца ўжо даволі высока паднялося ў небе і няблага прыгравала ягоныя плечы, штаны ззаду і боты памалу падсыхалі пасля начнога купаньня ў балоце. Агрызкаў думаў, што ўвогуле то — кепскі знак, такі няўдалы пачатак. Галоўнае — не было сувязі. А ён ужо чуў, як нядаўна гаварыў ягоны начальнік генерал, што без сувязі ў тыле ворага — вельмі блізка хана. Можна аддаць жыццё за радзіму. Агрызкаў аддаваць сваё жыццё не хацеў. Нават і за сваю савецкую радзіму. Ён хацеў жыць.
Яшчэ ён чуў, што нямала ў іх справе залежыць ад тых, хто побач, з кім ісці на заданне. Іхняя група яму не надта падабалася, калі не сказаць — не падабалася зусім. Не кажучы ўжо пра абгарэлага фельчара, які так сабе, збоку-прыпёку. Гэтаму абы дабрысці да якіх партызанаў ды там і застацца. А не ўдасца да партызанаў, дык няблага патаварышавацца і з паліцаямі-немцамі. Цяпер фельчары-дактары патрэбныя ўсім — мусіць, параненых ды трыпернікаў даволі і ў тых, і ў іншых.
Агрызкаву не надта падабаўся і камандзір, гэты штабны пацук, які намагаецца камандаваць, але без патрэбнай рашучасці. Зрэшты, тое і зразумела: каб мець рашучасць, трэба ведаць куды ісці, а ён хіба ведае? Перад адлётам у асобым аддзеле яму сказалі: за камандзіра адказваеш галавой. Найперш нельга дапусціць, каб высокія ўрадавыя ўзнагароды трапілі ў рукі ворага. Калі такая небяспека надарыцца, ведаеш, што трэба зрабіць? Агрызкаў зрабіў выгляд, што ведае і не мае патрэбы ў тлумачэньнях.
Мабыць, ён доўга праляжаў пад грушкай, а цётка ўсё не падыходзіла да плота, калупалася на сярэдзіне бульбоўніку. Тады Агрызкаў падняўся і, затуліўшы за бокам аўтамат, паціху пайшоў да гародаў. Кабета пакуль што ня бачыла яго і ён змушаны быў ціха гукнуць:
— Цётка, можна вас на мінутку?
Спалохана войкнуўшы, кабета згледзела яго за плотам і кінулася па бульбоўніку да падворку. Агрызкаў нягучна вылаяўся. Далей стаяць тут было небяспечна, бо чорт ведае, што наробіць тая кабета? Тым болей, калі можа стацца, што гэта сядзіба паліцая ці старасты. I ён, усё затуляючы сабой аўтамат, памалу пайшоў уздоўж плота, беручы ўбок, бліжэй да палеткаў. Добра ці не, але на гародах і на падворках быццам нікога не было і ніхто тут не згледзеў яго. Трымаючыся наводдаль, Агрызкаў памалу пайшоў у другі канец вёскі — да выгану.