Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
Падобна, сапраўды штосьці пачыналася адмысловае, ніколі не чутае. На месца Зарубы прыехаў нейкі мізэрны злы чалавечак, да якога адразу першым прыйшоў Мілаван. Паўдня да абеду яны аб чымсь раіліся, а назаўтра была склікана сесія. З’ехалася нямала народу, засядалі ў нардоме. Такіх, як Азевіч ці Волкаў, туды, вядома, не пушчалі, што там абмяркоўвалі, было невядома. Але раённая газета надрукавала шырокі, на ўсю старонку, загаловак-заклік: «Ворагам народа — ніякай пашчады», і ўсё было зразумела. Ніжэй быў артыкул, у якім ударнік з бровара выкрываў слепату раённага кіраўніцтва, што не ўбачыла між сабой ворагаў. Іншыя аўтары таксама заклікалі да пільнасці і яшчэ раз пільнасці. Вораг між намі! Азевіч цэлы дзень сланяўся па выканкомаўскім падворку, хадзіў па вуліцы. Падыходзіў і да нардома, дзе стаяла многа саней, вазкоў і розвальняў прыезджых з сельсаветаў членаў камітэта. Там
А назаўтра яго паклікалі да камсамольскага сакратара Галадкова. Гэты энергічны і гаваркі хлапец з густым чорным чубам на галаве аб’явіў, што камсамолец Азевіч каапціруецца ў райком камсамола і залічваецца на пасаду інструктара. «Так што, таварыш, здавай свайго скакуна і прыхадзі на работу. Работы процьма, а кадры слабыя, не ўберагліся ад ворагаў, двух арыштавалі органы, трэба свежыя сілы з народа, з гушчыні сялянства, а Азевіч якраз такая сіла, годзе яму круціць конскія хвасты, трэ арганізоўваць моладзь на барацьбу за інтарэсы бальшавіцкай партыі і савецкага народа». Ён і яшчэ гаварыў нешта, усё ў тым жа сэнсе, а Ягор сядзеў, слухаў і думаў, што, можа, пакуль не позна паслухаць маці і даць дзёру ў вёску, дамоў. Ды не: мусіць, позна ўжо. Ходу назад, пэўна, няма.
I трэба ж таму здарыцца — з затлумленай галавой выйшаўшы з райкома, якраз на рагу вуліц сустрэўся з Палінай. Тая спынілася, неяк няўцямна ўставілася ў яго. «Ну, віншую! Правільнай дарогай ідзеш», — сказала яна. Але ранейшай прывабнай гуллівасці ў яе голасе ён не адчуў, нешта суровае і чужое стаяла ў яе вачах. I ён запытаўся: «Гэта ты памагла?» — «Я», — сказала яна проста. — «За тое, што тады напісаў?» — «Неа. Што будзёнаўскі шлем надзеў», — загадкава адказала яна і, не развітаўшыся, пабегла па вуліцы. Ягор пастаяў, не ведаючы, што думаць, як цяпер адносіцца да Паліны. Усё ж ён спрабаваў з ёй сустрэцца яшчэ і сустракаўся, але ўсё на людзях — то ў райкоме, то на вуліцы, і Паліна заўжды стрымана суха віталася, і не больш. Называла яго «таварыш Азевіч», — быццам забылася, як яго імя і як яна звала яго раней. Ён яе не называў ніяк. Клікаць Палінай было ўжо няёмка, а па прозвішчы таварыш Пашына не паварочваўся язык. Неяк, аднак, абыходзіўся.
Хай сабе Заруба быў і вораг народа і выкрыты белагвардзеец, але Ягор у яго сяму-таму навучыўся. Ну, хоць бы як выступаць. Наслухаўшыся за зіму ягоных прамоў, ён зразумеў, што галоўнае ў іх — упэўненасць. Не так важны словы, як важны тон, якім іх гавораць. Заўжды трэба настойліва, упэўнена, напорыста, не шукаць словы, не мычаць і думаць, а рэзаць першыя, што ідуць з языка. Тады будуць слухаць і будуць верыць. Бо як не паверыць таму, хто гаворыць гэтак упэўнена?
А гаварыць даводзілася процьму прамоў і выступленняў. Кожнага дня зноў раз’езды па вёсках, хутарах і сельсаветах, і скрозь — сходы, сходы, нарады, паседжанні. Азевіч хутка і без натугі спасцігаў сэнс новай работы, галоўным у якой безумоўна было паскараць тэмпы калектывізацыі. I яшчэ выбіваць выкананне планаў нарыхтовак збожжа, мяса, малака, яек, воўны і асабліва льну. Адны толькі льнонарыхтоўкі неслі столькі клопату, што ад іх круцілася ў галаве і не было спакою многія тыдні.
Часам у рэдкія вольныя вечары да яго ў пустую стадолу прыходзіў гаспадар гэтай дамоўкі стары Ісак. Сапучы астматычнымі грудзямі, сядаў на зэдлік у парозе і заводзіў даўгую і нудную гаворку, якую Азевіч не ведаў, як скончыць. Звычайна ён пачынаў з міжнароднага становішча, у якім яго найболей цікавілі праблемы сусветнай рэвалюцыі. «Калі ж гэта там паднімецца рабочы клас, ці не хопіць ужо яму спаць, цярпець сусветны буржуйскі прыгнет? Ды і мы тут марнеем, адны будуючы камуну, ды ходзім у дзіравых ботах». Азевіч спасылаўся на аб’ектыўныя прычыны ў гэтае справы, упамінаў здраду справе рэвалюцыі з боку сацыял-дэмакратаў, а Ісак, жмурачы цёмнае вока, уважліва слухаў яго тлумачэнне і зноў пытаўся: «Можа, вы скажаце, таварыш, чаму гэта спаборніцтва так шпарка разгарнулася, што мануфактуры няма ні ў мястэчку, ні ў горадзе, а чэргі, калі яе прывязуць, становяцца ад царквы да рэчкі?» Азевіч тлумачыў пра цяжкасці з вытворчасцю, а Ісак ужо меў новае пытанне: «Дзе мы будзем купляць яйкі, як калектывізацыю выканаем на сто працэнтаў? Во і цяпер дзесятак каштуе на рынку пяцёрку. Хіба гэтак было пры цару?»… Такіх і іншых пытанняў у яго было процьма, і, адказаўшы на першыя, Азевіч пачаў злаваць на гэтага яўрэя, які не спрачаўся, не абвяргаў яго тлумачэнні, цярпліва і да канца іх слухаў і пытаўся зноў. Ды так,
Органы між тым рэгулярна прарэджвалі раённае кіраўніцтва, хапалі ўвесну, хапалі ўлетку. Азевіч даўно ўжо не ламаў галаву над пытаннем: завошта або каго ўзялі? I ён, і ўсе навокал ведалі, што могуць узяць кожнага, абы знайшлася якая прыдзірка. Зрэшты, і без прыдзіркі бралі таксама. Тое было як лёс, як знянацкая благая хвароба. Між тым, не зважаючы на старанную працу ГПУ, работнікаў апарату не меншала, нават большала. У райком прыслалі новага першага — доўгага і худога, бы жардзіна з плота, таварыша Дашэўскага. Невядома, дзе ён рабіў раней, мусіць, на чыгунцы, бо з’явіўся ў чорным чыгуначным шынялі і чыгуначнай гімнасцёрцы. Твар меў хваравіты, худы і ў зморшчынах, але характар паказаў жалезны. Гэты зусім быў скупы на словы, выступаў рэдка, мала і брыдка, са смакам лаяўся. На кожнай нарадзе ён некага выкрываў, называў нацдэмам ці польскім шпіёнам, і таго ўночы бралі органы Мілавана. Апарат у таго таксама пабольшаў Аднекуль прыехалі два хлопцы-гэпэушнікі, якія пакуль што хадзілі ў цывільным і ўсё нешта вынюхвалі па канторах, гарталі дакументы, асабістыя справы і маўчалі. Служачыя са страхам пазіралі на іх і чакалі вынікаў.
Аднойчы ў рэдкую вольную нядзелю, прыехаўшы з раёна, Азевіч надумаў схадзіць у лазню. Там, аднак, сабралася чарга, і ён з венікам на каленях сядзеў на лавачцы побач з пяццю мужыкамі — чакаў. Было сонечна, цёпла, ужо распусцілася лістота на дрэвах, буяла вясна. Якраз у той час з лазні выйшаў распараны, счырванелы Мілаван разам з адным са сваіх новых хлопцаў. Выціраючы ручніком потную, свежа паголеную галаву, ён заўважыў Азевіча і кінуў яму: «Падыдзі». Ягор у думках паслаў яго на тры літары, але мусіў падняцца і павітацца. «Ты ўсё ў Ісака жывеш?» — запытаў гэпэушнік. «У Ісака» — «У яго, кажуць, пакой вольны?» — «Можа, і вольны, — сказаў Азевіч з палёгкай, што гаворка не пра яго — пра іншага. — Я ж адзін займаю». — «Ёсць, ёсць у яго яшчэ жылплошча», — казаў Мілаван, уладкоўваючы на лысай галаве форменны картуз з сінім верхам і чырвоным аколышам. Побач моўчкі стаяў з пакункам бялізны ў руках ладны, спартыўнай паставы яго супрацоўнік, уважліва слухаў. «Ты во што, Азевіч, пагавары з Ісакам. Трэба во таварыша Кмета ўладкаваць. Усё ж сям’я, двое малых, а жыць няма дзе. Пагавары з яўрэем. А заўтра скажаш». — «Добра, што ж, пагаварыць можна», — сказаў няпэўна Азевіч. «I ўгаварыць, — дадаў Мілаван. — Гэта табе наша заданне. Ад органаў. Лады?»
Яны пайшлі сабе з падворка да вуліцы, а Азевіч у думках зноў вылаяўся. Называецца, атрымаў заданне. Хай бы самі ішлі і гаварылі. I прасілі Ісака. Ён тады доўга, з асалодай мыўся, як дачакаўся свае чаргі, ленай хадой ішоў дадому, нібы адцягваючы момант непрыемнай размовы. Быў амаль упэўнены, што Ісак не пагадзіцца — нашто яму сям’я, ды яшчэ з малымі дзецьмі. Так у іхнім гародчыку разрасталіся кветкі, узышлі вяргіні, а з дзецьмі… Асабліва калі хлапчукі. Зноў жа і садавіна — некалькі яблынь расло за хляўкамі, хаця цвету ў тым годзе было не надта, яблык мелася быць небагата. Але хлопцы папораць астатнія, тое ён па сабе ведаў. Тым не менш трэба было пагаварыць з гаспадаром, хоць бы перадаць яму просьбу галоўнага іх гэпэушніка. I ён надвячоркам пастукаўся ў каморку да Ісака.
Мабыць, стары яўрэй таксама меў выхадны і сядзеў дома. Азевіч застаў яго ля стала з нейкаю чорнай кніжкай у руках і ў ярмолцы на галаве. Ісак не здзівіўся прыходу кватаранта, ветліва пасадзіў яго ў высокае, але вузкае крэсла з такім жа высокім падгалоўнікам. «Я да вас па справе, — адразу пачаў Ягор. — Кажуць, у вас ёсць вольны пакой…» — «Пакой? — здзівіўся Ісак. — Які гэта пакой? Гэта куратнік, а не пакой. Хіба ў такім пакоі можа жыць прыстойны чалавек? Во, паглядзіце самі, во, хадзіце сюды». Ён расчыніў дзверы ў суседні пакой і даў Азевічу зазірнуць туды. Ну так, пакой быў даволі нехуцавы — не то сенцы, не то кухня пры адным акенцы ў двор. «Разумееце, — сказаў Ягор, — упаўнаважаны ГПУ таварыш Мілаван просіць уладкаваць свайго таварыша. Сям’я, а жыць недзе».
Ісак пляснуў сябе рукамі па сцёгнах, неспакойна прабег вакол стала. «Ах, ах! Няма дзе жыць! А пры чым тут Ісак? Ісак што — багаты домаўладальнік? Я — халодны сапожнік. Што гэта, мой дом? Быў мой. А цяпер я сам тут кватарант, нічога не маю. Ні грошай, ні права, ні дроў. Адзін гэты кут». — «А ў іх і кутка няма. Двое дзяцей», — ціха ўставіў сваё Азевіч. Ісак прабег да парога, зноў да сцяны, зірнуў у акно. «Двое дзяцей, двое дзяцей… I ў мяне было двое дзяцей, я ведаю… Ба, ба, ба… Можа, прывязуць дроў, зімой цяплей будзе… Ну хай. Скажыце, хай! Што ўжо тут зробіш».