Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Шрифт:
— А каб жа яно было калі лепей, — загаманіла жанчынка. — Каб жа лепей. А то і да вайны, і ў вайну гэтую, каб яна спрахла. Колькі кроўкі нашае яна адбярэ…
Фурманка неўзабаве схавалася ў цемры, грукнула яшчэ коламі ў калдобінах, і ён зноў застаўся адзін сярод ночы. Сцюжа ва ўсю дацінала ягонае цела, біла дрыжака, і сагрэцца, апроч як на хадзе, было неяк.
Па-ранейшаму ставячы бокам нагу, каб не чапляцца падэшвай, ён шкандыбаў нейкай касагорынай прэч ад дарогі, далей у поле, у абход Сакаўшчыны. Вёска тая сапраўды, мусіць, была блізка, у паветры чуўся знаёмы пах дыму з комінаў. Дужа моцна дзьмуў вецер, часам проста рваў на ім полы шыняля, выдзьмуваючы рэшту небагатага яго цяпла. Рукі Азевіч трымаў у кішэнях, так яны менш зяблі, ішоў марудна, клыпаў кудысьці па касагорыне ўніз. Неяк азірнуўшыся, заўважыў, як угары дужа зачарнелася неба — над ім аж да небакраю, і толькі ён падумаў: пойдзе снег, як той пасыпаўся, бы з торбы. Вецер гнаў снегавую драбноту, асыпаў ёю травяністы дол, сек па спіне, плячах, па яго злубянелым картузе і асабліва
Ён не чакаў, што выбрацца з рова будзе так трудна. Боты яго слізгалі па заснежаным доле, часам разварочваючы старое лісце пад снегам. Як ён ні памагаў сабе рукамі, хапаючыся за галлё, раз за разам мусіў укленчваць, ужо разграбаючы снег каленямі, падцягваўся на руках, ступаў вышай. Прабіраўся наўкось па схіле, так было лягчэй, але той спосаб заняў процьму часу — роў аказаўся куды глыбейшы, чым яму здалося спачатку. Часам яму ўжо здавалася, што ён ніколі не вылезе з яго. За нейкім кустом на схіле сеў, пасядзеў, ліхаманкава дыхаў, упёршыся нагамі ў трухлявы пянёк, каб не спаўзці назад. Тады б ён ужо там і астаўся. У яго не асталася сілы, каб паўтарыць гэты шлях спачатку.
А снег усё сыпаў, курэў белым пылам у твар, абляпіў яго з галавы да пят. Мусіць, цяпер яго нельга было пазнаць і за пяць крокаў, так ён стаў падобны на камель ссохлага дрэва, на корч. Але ўсё ж неяк выкараскаўся на ўзровак і сеў — здаецца, ісці далей ужо не мог. Свет і рэчаіснасць засціліся ад яго мройным снегавым туманам, свядомасць яго, здаецца, таксама на нейкі час знікала ў праваллі снегавых прывідаў, і ён зноў спахапіўся, што засынае.
Заснуць было тое самае, што памерці, але памерці гэтак недарэчна ён не мог дазволіць сабе і зноў ускараскаўся на ногі.
Далей ён брыў, нібы п’яны, па костачкі грузнучы ў рыхлым снезе, слепа абмінаючы хмызняк і кустоўе драбналесся. Што будзе за тым драбналессем — лес, поле ці вёска, ён не ведаў, ён даўно ўжо страціў арыенціроўку і зусім не ўяўляў тутэйшых мясцін. У які раз падумаў хоць бы незнарок не прыбіцца да рэчкі. Рэчка яго пагубіла б дарэшты.
Рэчка, аднак, не трапілася, а драбналессе скончылася, ён зноў адчуў пад нагамі цвярдзейшае, мусіць, сенажаць ці ніву з іржэўнікам. Як заўжды, вецер у полі буяў з большым імпэтам, снегавымі крупамі сек цяпер па левай шчацэ, і Азевіч усё адварочваўся, міжволі забіраючы ўправа. Раззлаваўшыся на адарваную падэшву, якая яму надакучыла за дарогу, ён паспрабаваў зусім адарваць яе ад бота, ды не знайшоў сілы, толькі аб іржавыя цвікі да крыві абдзёр пальцы. Так і павалокся далей, дужа заграбаючы нагой снег. Добра, завея хутка засыпала ягоны след. Ён увесь час ішоў з угнутай галавой, так было зручней на ветры, і так слепа ледзьве не налез на жэрдкі. То быў паламаны, засыпаны снегам плот. Азевіч спыніўся, угледзеўся праз віхуру — непадалёк шарэлі стрэхі нейкіх будынін. Тады ён угледзеўся пільней — пад заснежанымі стрэхамі быццам чарнеліся бёрны сцяны без вокнаў; значыць, то былі не хаты, а можа, гумно — ток і павеці. Трохі нават абнадзеены такой сустрэчай, ён пералез цераз нізкія жэрдкі плота і паклыпаў да крайняй будыніны.
Гэтая нізкая будыніна, аднак, стаяла без дзвярэй, з чорнай прадранай страхой, у дол яе скрозь намяло снегу. Ён толькі зірнуў туды і павалокся да наступнай крокаў праз дваццаць. Здаецца, гэтая была спраўней, шырокія вароты былі зашчэплены на трэсачку ў прабоі — значыць, не пакінутая, мабыць, варта было туды зірнуць. Адубелымі пальцамі ён выцягнуў трэсачку і асцярожна прачыніў палавінку варотаў. На яго з цемры шыбануў летні травяны пах, у доле ад парога ляжалі пасікі снегу, а так увогуле, здаецца, тут было зацішна, і ён зайшоў, прычыніў вароты. Адразу яго абняла цемра, выцягнуўшы рукі, ён ступіў са два крокі і ўпёрся
…Неяк напрадвесні, як ён чысціў на стайні Белалобіка, сакратарка паклікала яго да старшыні выканкома. Ягор таропка ўвайшоў у кабінет, Заруба сядзеў, цяжка аблегшыся на стол, неяк уважліва паглядзеў на возчыка. Той аж абмёр пад гэтым ягоным позіркам, але старшыня спярша толькі трудна ўздыхнуў і сказаў, што сёння і заўтра яны нікуды не паедуць. Калі, можа, патрэбна Ягору, дык хай бы з’ездзіў у сваю Ліпаўку, у якой, пэўна ж, не быў ад пачатку зімы. Ягор дужа ўзрадаваўся, хуценька сабраўся і запрэг Белалобіка. З даўно ўжо адвыклай радасцю борзда імчаўся знаёмай дарогай цераз знаёмыя палі і вёскі, цераз край Галубяніцкай пушчы і праз пару гадзін убачыў заснежаныя стрэхі канцавых хат пад голым суччам дрэў. То была ягоная Ліпаўка.
Дома на падворку яго сустрэла маці з пустым вядзёркам, у якім толькі што аднесла парсюку есці. Бацькі не было дома — з Нінай каторы дзень рабілі ў лесе, тралявалі бярвенне. Меліся прыехаць позна ўвечары, і ён крыху падумаў, што рабіць? Ці вяртацца ў мястэчка, ці счакаць бацьку? Рашыў, аднак, счакаць. Даў Белалобіку сена на двары, а сам з’еў яешню, што маці хуценька сасмажыла на прыпечку. Частуючы яго, яна не пераставала бедаваць пра тое, як ён там, сярод незнаёмых людзей, невядома, як і кім там дагледжаны. Яшчэ яна бедавала-скардзілася на жыццё, што ўсчалася навакол, як сялян заганяюць у калгасы, што ў калгаснікаў усё забіраюць: і збожжа, і бульбу, якое насенне, інвентар і коней. «Ой, будзе голад, ой, паямо траўкі, і мякіны не хопіць, што ж гэта робіцца! Што яны там, кіраўнікі вашы, павар’яцелі, ці што, нашто так абыходзіцца з народам, у чым ён перад імі правініўся? Ці яны нялюдзі там, у раёне…»
Слухаць тое было не надта прыемна, але тыя скаргі ўжо не былі ў навіну Ягору. На сходах ён ужо наслухаўся рознага. I ён пачаў супакойваць маці, казаў, што, можа, спярша і труднавата будзе, але затым… Дзяржава дасць трактары і камбайны, дасць добрую жывёлу, гатунковае насенне, усё наладзіцца, і людзі зажывуць лепш, чым пры аднаасобніцтве. Маці, аднак, не верыла, хаця трохі і спакайнела.
«Ну, а як жа, сынок, ты з жаніцьбай? Надоечы Настачка прыбягала». — «Настачка? А чаго?» — «Пра цябе пыталася. Кажа, за ўсю зіму ні лістка, ні прывета. Як жа быць ёй? Сватаюцца да яе з Закарыцця, дык яна пытаецца пра цябе. А я ўжо думаю, лепей бы ты з ёй ажаніўся, усё ж свая, блізкая, а то яшчэ якая камсамолка местачковая акруціць. Во тады дасць Бог нявестачку на старасць». Ягор маўчаў і думаў: як у ваду глядзіць маці. Акручвае, лічы, акруціла яго местачковая не камсамолка нават, камуністка, што яму цяпер з суседняе вёскі Настачка. Так ён і сказаў маці. «Хай не чакае. Відаць, не судзьба нам сысціся». Маці зноў заплакала, мабыць, адчуўшы і тут благое.
Настрой яго сапсаваўся ад тае навіны пра Настачку, хаця што ўжо яму Настачка! Сядзеў у застоллі, еў, а з галавы не выходзіла Паліна, тачыла пытанне: што здарылася з ёй? I як цяпер яму быць? I якая яна да яго будзе?
Увечары прыехаў бацька з сястрой, абодва змакрэлыя, стомленыя і галодныя. Бацька пад’еў трохі, вылаяўся на Савецкую ўладу і пачаў смаліць свае самакруткі. Сястра Ніна ўсё дапытвалася, як ён і што, ці добрае ў раёне начальства, ці шмат моладзі і як тая адпачывае, ці часта танцы і ці ёсць у яго там хто. Ён адказваў скупа і, дагледзеўшы каня, сказаў, што хоча спаць. З даўно не адчуванаю радасцю лёг у свой знаёмы з дзяцінства скрыпучы ложак пад наклееным на сцяне малюнкам — паўстанне на браняносцы «Пацёмкін». Згледзеў там знаёмы, разварушаны бядою гурт матросаў і перапалоханых афіцэраў з наганамі, усміхнуўся. Радасць яго на тым скончылася. Мусіць, канчалася і юнацтва.
Назаўтра раненька ён паехаў.
Маці паплакала на развітанне, бацька панура маўчаў. А сястра сказала, што прыедзе перад Вялікаднем у адведкі. Паглядзець, можа, браток прыжаніўся да якой местачковай… Памерала яго будзёнаўку, якая ёй дужа спадабалася. Відаць, спадабалася і маці, якая аж перастала плакаць.
У выканкоме, як ён толькі прыехаў, адчуў — нешта здарылася. Сакратаркі Рымы не было за сталом, у прыёмнай наогул было пуста, на дзвярах Зарубы чырванела вялікая сургучная пячатка. Азевіч выскачыў у двор, там на розвальнях ля стайні сядзеў барадаты Волкаў, курыў цыгарку. Ягор кінуўся да старога фурмана «Што здарылася?» Той няўцямна паглядзеў на яго. «А нічога» — «Як нічога, дзе Заруба?» — «Зарубу ўзялі. Ноччу» — «Ну, а кажаце, нічога», — задрыжаў Ягор. «А што ж такога? Усіх бяруць. I Скублакова ўзялі. I Фідарзона. I ветэрынара таго аднарукага. I нас хутка паберуць. Маць яго туды!.. Во жысць настала!»