Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Шрифт:
— Вы з кулямётам застанецеся? — маючы на ўвазе хуткую атаку, запытаў Маркін.
— Я з кулямётам. Да, а вам вядома, што Самохін забіты?
— Ведаю. Сёмай пакуль камандуе Вера.
— Знайшлі камандзіра!
— А што? Дзеўка бядовая…
— Бядовая, ды цяжарная. Вы падумалі аб тым?
— Ну што ж, што цяжарная. Ніхто яе тут не трымаў. Сама засталася. Так што…
— Чорт бы вас узяў! — не стрымаўся Валошын, забыўшыся ў гэты момант, што гадзіну назад сам паслаў Веру наводзіць парадак у сёмай.
Але тады ён ужо страціў свае паўнамоцтвы адпраўляць яе ў тыл, тыя паўнамоцтвы, якія разам з іншымі перайшлі да Маркіна і якімі новы камбат распараджаўся
Прыгнуўшы галаву, Валошын сядзеў на скосе варонкі. Провад памалу варушыўся ля яго ботаў, ціха знікаючы ў полі. Значыць, Іваноў усё поўз, напэўна, яшчэ не бачыў траншэі. Але вось шырокая пятля провада замерла на краі варонкі, Валошын старанна выпраміў яе загіб, ды провад не варухнуўся. «Зараз скамандуе», — падумаў Валошын. Аднак мінула хвіліна, другая, каманды ўсё не было чуваць. Маўчала і батарэя.
— Ну што ён там? — нецярпліва сказаў Маркін і выглянуў з варонкі.
Валошын таксама выглянуў, але Іванова нідзе не ўбачыў, напэўна той схаваўся за выпукласцю гэтага схілу. Высоўвацца ж далей не мела сэнсу. Яны яшчэ пачакалі, але провад болей не кратаўся, і гаўбічная батарэя ззаду працягвала маўчаць.
— Чорт ведае што! — губляючы трыванне, вылаяўся Маркін, і ў свядомасць Валошына ўдарыла трывога.
Як на бяду, ні ў варонцы, ні каля яе нідзе не было нікога. Счакаўшы трохі і не могучы адолець вострага непакою за сябра, Валошын падаўся па ягоным следзе з варонкі.
— Вы куды? — крыкнуў наўздагон Маркін.
— Я зараз…
Ён таропка папоўз уздоўж провада, які чырвонаю ніткай пралёг па схіле, і яшчэ зводдаль убачыў сябра — той нерухома ляжаў ніц на пакрэмсаным чэргамі ржэўніку, і ён падумаў, што, відаць, найгоршыя яго апасенні спраўдзіліся. Адсюль ужо відаць была вышыня і брустверны бугорчык бліжняга канца траншэі са ствалом нямецкага кулямёта на сошках. Кулямёт, зрэшты, пыхкаючы дымком, біў некуды ў фланг сёмай. Валошын падпоўз да Іванова і лёгка перакаціў на бок яго сухарлявае цела, зваліўшы з галавы на леташні ржэўнік яго скамечаную шапку; з вуснаў капітана споўз па шчацэ тонкі струменьчык крыві. Іваноў прастагнаў і кволым позіркам паглядзеў на Валошына.
— Дружа, куды цябе? — ліхаманкава абмацваючы яго, запытаў Валошын.
— Папала і мне, — прастагнаў Іваноў і раптам загрэбаў сябе рукамі.
— Баліць, га? Я перавяжу. Дзе баліць?
— Сувязь… Сувязь трэба…
— Чакай ты з сувяззю. Давай у варонку назад!
— Трэба перадаць на агнявую…
— Я перадам, ладна, — запэўніў Валошын і перакінуў ягоную руку сабе за шыю, каб цягнуць яго па схіле назад да варонкі.
— Перадаць паварот, — упарта паўтарыў Іваноў, бездапаможна закінуўшы галаву. — Дай трубку!
Дрыготкімі рукамі, хвалюючыся і лаючыся, Валошын расшпіліў футарал апарата і выняў тэлефонную трубку. Іваноў прыўзняў аслабелую руку, у якую Валошын, адціснуўшы клапан, уклаў яго трубку.
— «Бяроза»… — ледзь чутна вымавіў камандзір батарэі.
— «Бяроза» слухае! — зараз жа бадзёра адгукнуўся ў трубцы. — «Бяроза» слухае, таварыш капітан.
— «Бяроза», я ранены. Даю паварот: рэпер нумар тры, правей ноль-сорак. Уравень больш ноль-ноль тры…
Лежачы побач, Валошын добра ўчуў у трубцы паўторы ягоных каманд, чаго сам Іваноў, здаецца, ужо не чуў. Камандзір батарэі ўвачавідкі губляў свае сілы, і з імі, здавалася, знікала яго свядомасць. Ён маўчаў, трубка таксама замоўкла, амаль
— Што, можна агонь? Можна агонь, таварыш камбат?
— Агонь… Беглы агонь, — няслушнымі вуснамі прашаптаў камбат і сціх.
Спалохаўшыся, што на агнявой маглі не пачуць ягонай каманды, Валошын падхапіў трубку і гучна пракрычаў у яе:
— Усімі снарадамі агонь! Адкрывайце агонь! Вы чулі, камбат скамандаваў агонь!
Пасля ён сунуў трубку ў футарал і, закінуўшы руку Іванова сабе за шыю, павалок яго назад да варонкі. Ён яшчэ не дапоўз да яе, як зямля пад ім пругка здрыганулася, і чатыры гаўбічныя выбухі грымотна прагрукацелі на вышыні каля самай траншэі. Гэта было так блізка, што асколкі з фыркатным звонам пранесліся над яго галавой, і ён спалохаўся, як бы каторы з іх ненаўмысля не зачапіў Іванова. Але асколкі іх абмінулі, ён зваліў сябра з плячэй на краі варонкі, пасля, ухапіўшы пад пахі, сцягнуў уніз. Маркіна тут ужо не было, на скосе адзінока стаяў кулямёт ды насупраць супакоена ляжалі двое забітых. Да іх ён паклаў параненага.
Іваноў чуўся кепска, здаецца, губляў прытомнасць, і Валошын, не паспеўшы аддыхацца, кінуўся яго перавязваць. Ён расшпіліў дзягу з пісталетам, расхінуў запэцканы ў крыві паўшубак, пад якім аказалася мокрая, ліпкая ад крыві гімнасцёрка, і Валошын зразумеў, што куля ўдарыла капітана ў грудзі. Гэта было горш, рану ў грудзях перавязаць не проста, асабліва ў такіх умовах, калі няма часу і пад рукамі ўсяго адзін індпакет. Баючыся, што вось-вось прагучыць каманда на атаку, ён туга абгарнуў бінтам індпакета паверх гімнасцёркі з вялікаю плямай крыві і захінуў паўшубак. Яму трэба было не празяваць пачатак атакі, у якой заўжды нямала спраў кулямётчыку.
Але, здаецца, пакуль ён завіхаўся з параненым, атака ўжо пачалася. Наперадзе ля траншэі яшчэ рванула некалькі выбухаў, закідаўшы схіл камякамі зямлі, і хтось там ужо мільгануў сярод дыму і пылу, на секунду прапаў, пасля мільгануў зноў. Страляць па траншэі было ўжо позна, і Валошын, падумаўшы, што спазніўся, выкаціў цяжкі ДШК з варонкі, пацягнуў яго ўгору. Зводдаль і ззаду беглі байцы восьмай роты.
Відаць, збянтэжаныя знянацкім напорам, немцы на хвіліну разгубіліся, нават спынілі мінамётны агонь па вышыні «Малой», пераносіць жа яго па атакуючых так блізка ад сваёй траншэі яны, відаць, не адважыліся. Сёмая з восьмай жыва скарысталі гэтую нядоўгую замінку і ўварваліся на вышыню, амаль дабегшы да самай траншэі. Але з траншэі ва ўпор ім ударылі кулямёты, і байцы адзін за адным пачалі падаць на дол.
Адчуўшы на бягу, як густа зафукалі каля яго кулі, Валошын таропка павярнуў кулямёт і таксама ўпаў, затуліўшыся за пагорбленым яго шчытом. Лежачы, ён сцягнуў з пляча цяжкую з патронамі стужку і ўбачыў лейтэнанта Круглова, які на чацвярэньках поўз да яго і крычаў:
— Таварыш капітан!.. Таварыш капітан, вунь бачыце?.. Вунь, зараза, з-за бруствера…
Ён ужо ўбачыў на брустверы кулямёт, кулямётчык якога, мабыць, таксама заўважыў іх збоку. Звернуты крыху ўбок яго ствол раптам крута вывернуўся і, здавалася, упёрся ў Валошына. Не паспеўшы яшчэ прыўзняць ахоўнік, Валошын здрыгануўся, як ад апёку, аглушаны імклівым трэскатам скіраванай па ім кулямётнай чаргі. Аднак пагнуты, пакрэмзаны асколкамі шчыт ДШК яго ўратаваў, чарга сыпанула далей і ўзад, і ён, тузануўшы затвор, ударыў па кулямёту, зласліва адчуваючы, як ягоная разрыўная чарга змятае разам з рыхлай зямлёй усё, што было на брустверы. Калі ён расслабіў на спуску знямелыя ад намагання пальцы, кулямёта там ужо не было, толькі нешта пыльна шарэла нястрашным нежывым бугарком.