Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

Уранку, ледзьве памыўшыся і дужа спяшаючыся, Пархомаў сабраўся і пайшоў. На парозе ён пацалаваў яе ў лоб, таропка прыгарнуўшы да сябе, і скупа сказаў на развітанне:

— Ну, будзь здарова. Не смуткуй, нічога. Харошая ты, праўда.

Яна начала наводзіць дома парадак, прыбрала пасцель, перамыла посуд. Увесь час яе перапаўнялі ўзнёслыя, радасныя адчуванні ад усяго, што здарылася, ад таго, што ёсць гэткі просты і гэткі цудоўны чалавек на зямлі. Ёй вельмі прыемна было адчуваць, што яна, — як і ўсе жанчыны, не якая-небудзь пагарджаная няўдаліца, а таксама вось прывабная і любая мужчыне, што ён аддаў ей столькі пяшчоты і шкадуе яе. Ураз знікла тая застарэлая маркота, якая ў адзіноце

гэтулькі год дапякала ёй, — Фрузына адчула незвычайную дзявочую лёгкасць, зухаватасць, — здавалася, вярнулася яе даўняя забытая маладосць.

З гэтымі новымі радаснымі адчуваннямі яна прыйшла на працу, змяніла ў вестыбюлі Драздову, замяла падлогу, выцерла падаконнікі і не ведала, куды яшчэ падзець сваю сённяшнюю імклівую энергію. Як заўсёды, за акном бразнулі дзверцы і паўз яе, важна сапучы, прайшоў Іван Кузьміч. Яна павіталася з ім, але ўжо не тым палахлівым голасам, а з нейкай годнасцю і незалежнасцю ў тоне. Неўзабаве мякка, па-кацінаму ступаючы на тоўстых падэшвах, прайшоў Петрачэнкаў, і ён не здаўся ёй сёння такім недасяжным і далёкім, як заўсёды. I калі, адстукаўшы абцасікамі на ганку, у вестыбюль з’явілася Нонка, Фрузына не вытрымала і на прывітанне ветліва адказала:

— З мінулым святам вас, Нона Васільеўна!

Увесь гэты дзень Фрузына з прытоеным бляскам шчаслівых вачэй усміхалася знаёмым. Хацелася ёй, каб хто спыніўся, загаманіў з ёю, нешта вялікае бруіла ўвесь час у яе душы, не змяшчаючыся там, і жанчыне карцела падзяліцца з людзьмі радасцю, толькі дзяліцца не было з кім.

З таго дня Пархомаў стаў часта наведваць яе. На працы ва ўстанове, сустракаючыся з ёю, ён быў ранейшы — па-дзелавому строгі, заклапочаны, нават трошкі няласкавы — як і ўсе. Яна не падыходзіла ўжо да яго, як раней, толькі віталася пры сустрэчах — і ўсё. Здавалася ёй: тое, што сталася між імі, трэба берагчы ад старонняга вока, і не таму, што хтосьці можа перашкодзіць ім, а так, проста было неяк сорамна ад людзей. Яна чакала суботы, нядзелі, калі ў яго і ў яе супадалі выхадныя, прыбірала ў пакоіку, апранала сваю сінюю з мярэжкамі сукенку і садзілася ля акна. Ён заўсёды прыходзіў перад вечарам, часам прыносіў бутэльку, а болей ішоў так. Яна ўсё па — ранейшаму хвалявалася, сустракаючы яго, а ён ужо асвойтаўся ў яе пакоі, трымаў сябе роўна і ўпэўнена. Пакуль яна гатавала на дваіх вячэру, ён, каб не сядзець без справы, браў сякерку, малаток і ладзіў што — кольвечы па гаспадарцы — замасціў дзіркі ў падлозе, затуліў дах, паправіў лаўку на прызбе. Суседкі перашэптваліся і хітра ўсміхаліся, сноўдаючы на панадворку, але яна не саромелася іх. Наадварот, яна ціха таіла ў сабе стрыманую жаночую гордасць, гордасць за сябе і за чалавека, які стаў поруч з ёю.

У доўгія гадзіны пяшчотнай блізкасці яны болей маўчалі. Ён часта прытульваў яе да сябе, гладзіў, зрэдку ўздыхаючы — здагадвалася яна — шкадаваў яе. Ён амаль ніколі не казаў нічога пра свае пачуцці, ні пра сям’ю, якая, яна ўжо ведала, была ў яго ў Баранавічах. Хоць ёй і вельмі хацелася ведаць пра ўсё гэта, але яна не пыталася, каб не парушыць чым свайго нечаканага, няпэўнага, толькі трошкі зведанага шчасця. Яна вельмі берагла і вельмі баялася за тое шчасце — чула яе душа, што яно кволае і кароткае, як усё неспадзяванае, цудоўнае…

Тым часам прыйшоў сонечны квяцісты май. Зранку над горадам зіхацела чыстае блакітнае неба, над сценамі туліліся сінія цені, на рагу пачалі прадаваць газіроўку. Петрачэнкаў апрануў клятчасты, бы шашачная дошка, скошаны ў плячах пінжак, Нонка ляскатала ў асляпляльна белых басаножках на вострых абцасах. Ля ганка ўстановы былі дзве вялікія клумбы, і на іх, ледзьве прарэзаўшыся з зямлі, чысцюткай сінявой стракацелі анюціны вочкі.

Аднаго ранку, счакаўшы, пакуль перастануць

рыпець дзверы і ўсе супрацоўнікі разыдуцца па кабінетах, Фрузына ўзяла пад лесвіцай палівачку, набрала ў бочцы вады і выйшла паліць клумбы. Пасля застылай засені вестыбюля на сонечным угрэве вуліцы было цёпла і ўтульна. У Фрузыны, як і ўсе гэтыя дні, было добра і спакойна на сэрцы. Тая ўзрушаная радасць, што спачатку поўніла яе і бруіла ў ёй, спакваля саступіла месца роўнаму замілаванаму пачуццю, — так хацелася пражыць жыццё, і шкадаваць не было б чаго.

Жанчына палівала, стараючыся ступаць як мага асцярожней, каб не парушыць цудоўнага хараства гэтых мігатлівых, як зоркі, кветак, і ўсё думала, думала пра яго — незвычайнага гэтага Пархомава. Ён ужо тыдзень як быў у камандзіроўцы, таму ёй не было каго сустракаць ні дома, ні на панадворку ўстановы, заставаліся толькі думкі, успаміны, розныя меркаванні.

У гэты час адчыніліся дзверы, і прыбіральшчыца Ганка, санлівая, леная дзяўчына, чухаючы бок, прамовіла:

— Цётка Фрузына, вас Петрачэнкаў клічуць.

У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставіла на асфальт палівачку і, паправіўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другі паверх і, прыпыніўшыся ля чорных дэрмацінавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.

Петрачэнкаў пісаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькі буркнуў: «Ага, зараз». Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамі сядзелі людзі — усе былі заняты сваімі справамі і, здавалася, не звярталі на яе ніякай увагі. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала і з хвіліну чакала, усё робячы здагадкі, якая патрэба прымусіла гэтага чалавека клікаць яе.

Напісаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале і, нібы аб якой простай будзённай справе — надвор’і ці нясвежай вадзе ў графіне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.

— Слухайце, Сямашка, ці праўда, што вы таго… з шафёрам гэтым, як яго?.. З Пархомавым?

Петрачэнкаў коратка бліснуў акулярамі, а яна, счырванелая і збянтэжаная ад гэтай бессаромнай праматы, стаяла і пакутна ламала свае непрыгожыя пляскатыя пальцы.

— Га? — зноў запытаўся гэты выглянцаваны чалавек. — Відаць, плёткі, праўда?

Яна ніколі не хлусіла нікому, ніколі не апраўдвалася, калі была вінавата, і, хоць цяпер была здзіўлена і абражана гэтай бесцырымоннасцю, сказала:

— Ну, а што? Ну, ён прыходзіць калі…

Петрачэнкаў варухнуў брывамі, здзіўлена пераглянуўся з некім за яе спіной, крыва ўсміхнуўся і загаварыў прыкра і нудна:

— Прызнацца, не чакаў такога… здзіўляючага сваёй класічнай праматой адказу… А вы ведаеце… што такімі сваімі… ганебнымі, я сказаў бы, паводзінамі кідаеце цень неблагачыннасці, так сказаць, на ўсю ўстанову, вось… Вам вядома, што гэты ваш, як яго… Пархомаў мае сям’ю, так сказаць, да якой ён нейкім чынам павінен захоўваць свой абавязак. Вось. I цяпер, у свеце вашага недвухсэнсоўнага прызнання, я як старшыня мясцкома буду вымушан не абмежавацца гэтай гутаркай, а прыняць, так сказаць, дзейсныя меры, з тым разлікам, каб…

Да яе дрэнна даходзіў сэнс гэтых слоў, яна да болю ў душы адчувала толькі, што сталася нешта агіднае, нешта ганебнае і што яна вінавата ў нечым. Затуманеным зрокам жанчына глядзела цераз лысаватую голаў гэтага чалавека праз акно на панадворак, там відаць быў канец гаража, апошнія вароты, дзе стаяла машына Пархомава. Цяпер гэтыя вароты былі зачынены. I ёй стала вельмі сумна ад таго, што яна адна і што ёй за дваіх трэба прымаць гэты цяжкі удар. З прыкрым адчуваннем нейкай так і не зразумелай віны Фрузына неўзабаве спусцілася ўніз на свае месца ля вешалак і прысела, абапершыся на падаконнік.

Поделиться:
Популярные книги

На границе империй. Том 7. Часть 4

INDIGO
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 4

Двойник Короля

Скабер Артемий
1. Двойник Короля
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Двойник Короля

Кодекс Крови. Книга I

Борзых М.
1. РОС: Кодекс Крови
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Кодекс Крови. Книга I

Граф Суворов 7

Шаман Иван
7. Граф Суворов
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Граф Суворов 7

Возвышение Меркурия. Книга 13

Кронос Александр
13. Меркурий
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 13

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Вторая жизнь

Санфиров Александр
Фантастика:
боевая фантастика
альтернативная история
6.88
рейтинг книги
Вторая жизнь

Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Цвик Катерина Александровна
1. Все ведьмы - стервы
Фантастика:
юмористическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Все ведьмы – стервы, или Ректору больше (не) наливать

Госпожа Доктор

Каплунова Александра
Фантастика:
попаданцы
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Госпожа Доктор

Господин следователь

Шалашов Евгений Васильевич
1. Господин следователь
Детективы:
исторические детективы
5.00
рейтинг книги
Господин следователь

Прорвемся, опера! Книга 2

Киров Никита
2. Опер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Прорвемся, опера! Книга 2

Славься, Кей!

Прядильщик Артур Иванович
Вселенная EVE Online
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическая фантастика
космическая фантастика
6.33
рейтинг книги
Славься, Кей!

АН (цикл 11 книг)

Тарс Элиан
Аномальный наследник
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
АН (цикл 11 книг)

Зауряд-врач

Дроздов Анатолий Федорович
1. Зауряд-врач
Фантастика:
альтернативная история
8.64
рейтинг книги
Зауряд-врач