Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
З таго зімовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усміхалася на жарты інжынера Шаўрова, часцей выходзіла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калі-нікалі, завіхаючыся ля машыны, ён кідаў ей некалькі звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставіўся добразычліва і ветліва, зусім не так, як другія зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што і ён не вельмі шчаслівы, што добры і нечага лепшага ў жыцці хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвішча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавіч, але ці сямейны, ці не — было невядома.
Так у маўклівай жаночай тузе мінула зіма і наступіў першы месяц вясны — сакавік. Снег на вуліцах
У жаночы дзень — 8 Сакавіка Фрузыне якраз быў выхадны, і яна, прыбраўшы зранку ў пакоі, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любіла такую работу, любіла прымерваць, прыкідваць, каб зрабіць што як мага танней і лепей. З гэткім жа стараннем яна ўзялася і цяпер, але спакваля неяк цікавасць да работы пачала знікаць. У думках усё часцей з’яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважліва, не як другія, паставіўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на калені шыццё і затуманеным зрокам доўга пазірала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалі зімой ён ладзіў машыну. Чамусьці ёй усё болей і болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлівы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго — сям’я, дзеці. Урэшце, колькі ёсць і маладзейшых, і прыгажэйшых, а яна — саракагадовая баба, — ні хараства, ні шчасця — навошта каму такая? Але звыклае імкненне да яго ўзгаралася з новай сілай, і яна ўсё пазірала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткім сэрцам ды не магла.
Урэшце перад змярканнем яна трохі адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценні, начала думаць аб іншым — аб людзях іхняй установы — трошкі ганарыстых, але ніштаватых супрацоўніках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбіральшчыцах, вахцёрах. Успомнілася, што чагосьці радзей стала смяяцца Нонка — мусіць, нешта не ладзіцца ў яе замустве; усплыло ў памяці, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узімку хварэў на нейкі цяжкі грып Петрачэнкаў і як усе клапаціліся і непакоіліся аб ім.
I вось у такую хвіліну ўспамінаў-роздумаў, адкусваючы нітку, яна незнарок зірнула ў акно і спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака ішоў Пархомаў.
Ён, відаць, раней яшчэ прыкмеціў яе ля акна і цяпер здалёк усміхаўся. У руках яго і пад пахай былі папяровыя скруткі. На ім непрывычна тапырыўся добры чорны гарнітур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмі спалохалася, кінулася да дзвярэй, пасля — да стала, скамячыла кавалкі тканіны, кінула іх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусім разгубілася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нічога не адказвала на гэты стук, толькі шаптала роспачнае «ай Божачка!», а ён усё ветліва пастукваў і чакаў дазволу ўвайсці.
Трохі счакаўшы, яна сцяміла, што трэба сустракаць госця, і, прыдушыўшы ў сабе сарамлівую збянтэжанасць, адчыніла дзверы. Ён з усмешкай зірнуў на яе, далікатна пераступіў парог, зняў кепку і пачаў старанна выціраць аб палавічок забруджаныя чаравікі.
— Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павіншаваць, бо я таксама адзін…
Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзіцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды — туды. Ён, перш чым сесці, паклаў пакункі, выняў з кішэні бутэльку гарэлкі, паставіў на стол. Фрузына здзівілася і спалохалася, не ведаючы, навошта гэта і што яно можа азначаць, але прыкінулася, што не заўважае тае незвычайнасці, і дрыжачымі ад хвалявання рукамі круціла рагі хусцінкі.
Ён быў нязвыкла прыбраны — пры гальштуку, паголены, нейкі вясёлы,
— Думаю, што будзе жанчына адна марнець у гэткае свята? Дай, думаю, з’езджу, добра, недалёка.
— Ого, недалёка, — упершыню ўсміхнулася яна, не ведаючы, куды дзець свае вялікія нязграбныя рукі.
— А якое там далёка? Тры-чатыры кіламетры — не адлегласць для чалавека, так сказаць, аўта-фота-мота. Ну, як ты тут жывеш? — спытаўся ён і агледзеў пакойчык. — Што, цячэ? — кіўнуў ён на мокрую пляму ў столі. — Рамонту дабівацца трэба, а то што ж гэта такое — жаночае свята, а ў жанчыны дах працякае. А можа, проста дзірка, трэ паглядзець. Э, ды і падлога тут рук просіць. Пераслаць бы, калі яшчэ лагі не згнілі, а то што ж?
Ён закурыў, па-гаспадарску расклаўшы на стале курэцкія прылады — блішчасты партабак з папяросамі, запалкі. У пакоі прыемна запахла духмяным дымком добрых папярос, і ад гэтага паху Фрузыне чамусьці стала лягчэй і весялей на душы. Яна ўжо перамагла ў сабе першае замяшанне, зразумела ўсё, што трэба было ёй рабіць, і, счакаўшы колькі хвілін, пачала даставаць са стала сякі-такі посуд.
Пархомаў ахвотна апавядаў пра свае шафёрскія справы, пра парадкі ў гаражы, а яна па-маладому лёгка завіхалася ля стала — дастала гуркоў, дробнымі кольцамі парэзала каўбасу з пакунка, абчысціла селядца. Да гарэлкі, аднак, яна не дакранулася, бутэлька ўсё стаяла, дзе была пастаўлена. Фрузына расставіла талеркі, напаследак дастала шклянку і невялічкі кілішак. Пархомаў добра не адмытымі ад мазуты пальцамі ўзяў кілішак, пакруціў у руках, незадаволена адставіў убок.
— А што ж гэта? Хіба большай няма?
— Няма, — схлусіла яна, зноў прысоўваючы кілішак. Ён з жартоўнай падазронасцю зірнуў на яе і ўзяўся за бутэльку.
— Ну што ж, давай адзначым жаночае свята. Сядай, чаго там, — запрасіў ён. Яна паслухмяна і няўпэўнена, бы ў гасцях у чужой хаце, прысела на лаўку.
Яны выпілі — ён паўшклянкі, яна са свайго кілішка. Пархомаў пачаў апетытна закусваць селядцом, яна таксама ўзяла кольца агурка і паціху жавала. Першы кілішак узняў у ёй цэлы рой добрых, імклівых пачуццяў, адразу стала радасна і светла, але яна хавала гэта ў сабе і толькі ўсміхалася. Ён ветліва падсоўваў ёй талерку з каўбасой і, быццам яна была яго госцяй, запрашаў:
— Ты еш, каўбаса смачная, маскоўская, самы раз: не цвёрдая, і сала ўвакурат.
Пасля яны выпілі яшчэ…
Ніколі ў жыцці ёй не было так хораша і па-маладому весела. Пархомаў добра еў; аж пачырванеў з твару ад выпітага і з’едзенага і з нейкай лёгкай сяброўскай шчырасцю абыходзіўся з ёю. Ён нешта гаварыў і гаварыў усё, але яна дрэнна ўнікала ў сэнс яго слоў. Яна ўся аддалася ва ўладу сваіх пачуццяў — ціхага шчасця ад прывабнай цеплыні блізкай чалавечай душы.
Урэшце, відаць, наеўшыся і напіўшыся, Пархомаў адсунуў ад сябе талеркі, адчыніў партабак. Яна, поўная замілавання да гэтага чалавека, усё пазірала на яго памаладзелы ўпарты твар, які заставаўся па — ранейшаму разважны і цвярозы, быццам гарэлка не мела ніякай улады над ім. А Пархомаў, смачна зацягнуўшыся, падсунуў лаўку бліжэй да яе табурэткі і раптам проста, упэўнена, але зусім не груба і не абразліва прыгарнуў яе да сябе.
I яна не вырывалася, не супраціўлялася, не аднеквалася, яна, як да жаданага, падалася да яго ўсім целам, прыціснулася да яго шырокіх, разагрэтых хатнім цяплом і гарэлкай грудзей і ўтуліла ў яго пінжак свой гэткі ж гарачы твар. Ён моўчкі і моцна туліў яе, гладзіў па плячах сваімі шорсткімі далонямі, а яна, здавалася, гатова была памерці за тыя хвіліны незвычайнага, ніколі не зведанага шчасця чалавечай блізкасці. Нейкая хваля шчаслівай бяздумнай знямогі ахапіла яе, узняла на страшную вышыню, ад якой зацяло дух і панесла, аж покуль яна перастала адчуваць сябе…