Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7
Шрифт:
Праўда, цяпер часы іншыя, але ўсё ж людзі бываюць розныя, хіба не знойдзецца хто пакпіць з адзінокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклічуць на мясцком і дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькі пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобіцца ад людзей, жыць толькі ім, аглухнуць
Папраўлялася яна добра і праз некалькі дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволілі ўставаць, і Фрузына, сеўшы на ложку і захінуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калі прывозілі малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусім падобных белых скруткаў на калясцы і, не могучы ўтрымаць замілаванай радасці, першая ўзнімалася насустрач, карміла і з вялікай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалілі яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, і мацярынскае сэрца поўнілася ціхім гонарам. Ніколі яшчэ так не ганарылася яна ў сваім жыцці. Гэта было сапраўднае, вялікае шчасце.
I вось прыйшоў дзень, калі трэба было пакідаць бальніцу.
У апошнюю ноч ёй стала асабліва неспакойна на душы. Звечара яна прысніла непрыемны, благі сон, ратуючыся ад пакутаў якога яна прачнулася і ўжо болей не заснула да ранку. Ёй сніўся Петрачэнкаў, і дырэктар Іван Кузьміч, і Шаўроў, быццам яны з’явіліся ў раддом і злосна патрабавалі ў яе вярнуць некуды яе малога. Яна вельмі спалохалася, бо яе абвінавачвалі ў крадзяжы дзіцяці, на якога яна не мела права, а як апраўдацца, даказаць, што гэта яе дзіцёнак, яна чамусьці не мела сілы. I яна толькі пакутавала і бегала па пакоях, па вуліцах, хавала малога, а за ёй ганяліся людзі і атукалі, як у полі на воўка.
Яна не стрывала да канца гэтага страшнага відовішча, але ўжо ведала, што заўтра здарыцца нешта благое. На світанні яна ўзнялася і стала клапаціцца, каб сабраць свае рэчы, званіла па тэлефоне ва ўстанову. Ноччу там дзяжурыла Ганка, якая, аказваецца, цяпер замяніла яе ля дзвярэй, Фрузына папрасіла перадаць Драздовай, каб тая прынесла з кватэры малому бялізну. Пасля яна стала чакаць, калі папрыходзяць дактары і напішуць яе дакументы. Ёй было ніякавата ад таго, што ніхто не прыйдзе за ёю, што і ў апошнюю хвіліну ёй не мінуць украдкам кінутых позіркаў сясцёр, санітарак, — позіркаў, у якіх празмерная цікаўнасць, здагадкі і прытоенае асуджэнне.
Час ішоў вельмі марудна. Мінула ўжо і дзесяць, і адзінаццаць гадзін, а Драздовай усё не было. Фрузыне ўжо выдалі дакументы — даведку, што ў яе нарадзіўся хлопчык, што яму зроблены ўсе прывіўкі. Гэтую даведку, бы найдаражэйшы дакумент, яна загарнула ў паперку і схавала за пазухай. Яна ўсё хадзіла па калідоры і чакала, агорнутая клопатам, як данесці малога дадому па такой сцюжы, што трэба было б купіць цёплую коўдрачку, ды вось дагэтуль на ўсё не хапіла грошай.
Жанчына аж здрыганулася, калі сястра адчыніла ў калідор дзверы і паклікала яе апранацца. Там, у пярэднім прахадным пакойчыку, яна спаткалася з Драздовай — захутаная ў цёплы шалік, у плюшавым жакеце, вахцёрка чакала яе са скруткам у руках. Яна ледзь прыкметна ўсміхнулася насустрач
— Ну што, выхадзілася, нябога? Ну, нябось пазнала, дзе ракі зімуюць? А што, не казала я?! Ну! Дзе ён — твой крывапівец? На вось, сабралі тут. На кватэру я не хадзіла — далёка, ну яе.
Яна сунула ў рукі Фрузыне тугі скрутак — коўдрачка, прасцінкі, сіняя шаўковая стужка. Жанчына здзівілася: чыё ж усё гэта?
— Бяры, бяры, — папіхнула яе Драздова. — Сабралі тут. Нонка, Куцячыха, Шаўроў даў паўсотні. Я сваіх пару пялёнак загарнула — спатрэбіцца.
— Дзякуй, — сказала Фрузына і прыплюшчыла вочы. Ёй раптам стала нечага вельмі жаласліва на душы — і да сябе, і да іх, што не забыліся, не пагрэбавалі…
— Ну ідзі, ідзі, паказвай свайго крывасмока, — падштурхнула яе Драздова.
Яна хуценька апранулася ў сваё пакамечанае, несамавітае адзенне, ад якога ўжо паспела адвыкнуць, і ўсё пазірала на дзверы, прыслухоўвалася — адтуль у першы свой шлях па зямлі павінен быў выйсці сын, яе ўцеха і яе вялікае шчасце ў жыцці.
Вельмі занятая, рухавая і заклапочаная сястра вынесла ёй акуратна загорнуты пульхны скрутак, падала ў рукі і развіталася. Фрузына асцярожна ўзяла яго, адхінула ражок прасцінкі — ён соладка спаў, сцяўшыся тварыкам у маленькі ружовы камячок. Драздова таксама зірнула пад прасцінку.
— Спіць? Іш ты, Пархом халерны. Ну ладна, расці. Дай сюды, я…
Яна бесцырымонна забрала яго з рук маці, спрытна ашчаперыла, штурхнула нагой дзверы, і жанчыны выйшлі на вуліцу.
Пакуль яны ішлі глухаватымі завулкамі, Фрузына паступова набіралася лёгкага радаснага забыцця. Ёй было добра — зноў тонкай, памаладзелай, перанёсшай труднае ў жыцці; радасна, што прыдбалася ў жыцці блізкая, дарагая істота, частачка яе жыцця; прыемна, што вось Драздова — заўсёды зласлівая Драздова — гэтак дарэчы ўслужыла ёй.
А вахцёрка ішла крыху наперадзе і ўсё нешта прыгаворвала малому — нешта знарочыста сварлівае. Фрузына даўно ўжо прывыкла да гэтага яе тону і цяпер неяк асабліва выразна адчувала ў ім і спагаду, і пяшчоту, якія заўсёды былі старанна захаваныя пад гэтай знешняй яе незадаволенасцю. Яшчэ Фрузына вельмі ўдзячна была Нонцы і Шаўрову. Адчувала яна, што шматлікія пакуты неяк зблізілі яе з людзьмі, далі, відаць, ёй нейкае няпісанае права на людскую прыхільнасць.
Падыходзячы да іх установы, Драздова нечакана павярнула ўбок, да ганка.
— Ідзі, пакажам твайго крыкуна. Хай паглядзяць. А то — Фрузына такая, Фрузына сякая… Ідзі, ідзі, чаго там, — прыкрыкнула яна на жанчыну, калі тая нерашуча спынілася на вуліцы.
Фрузына збянтэжылася: ёй вельмі няёмка было несці туды дзіця, але Драздова ўжо адчыняла нязладныя дзверы. Нічога не заставалася рабіць, і яна вымушана была пацягнуць за тыя медныя ручкі-поручні. Дзверы працяжна прарыпелі, бы прывіталіся са старой знаёмай, і гэты іх рып душэўным болем працяў нутро жанчыны.
У вестыбюлі было цёпла, да іх адразу прытупала ў скрыўленых валенках Ганка. Драздова, прымасціўшыся ля батарэі, начала расхутваць малога.