Quo Vadis
Шрифт:
Тут на хвілінку задумаўся ды, махнуўшы рукою, дадаў: — Пасля мо прыйдуць іншыя часы.
— Хай Хрыстус будзе ёй міласцівы, — кажа Вініць, — бо ты згадваеш пра Сіцылію, а яна ж хворая і можа памерці… — Уладзім яе тым часам бліжэй. Яе аздаровіць самое паветра, абы адно ўдалося яе вырваць з турмы. Няўжо ты не маеш дзе ў гарах якога арандатара, якому мог бы даверыць?
— Чаму не? Маю, так! — адказаў хутка Вініць. — Ёсць ля Карыёлі ў гарах адзін чалавек, які на руках мяне насіў, як я быў малы, і які не перастаў мяне любіць дагэтуль.
Пятроні падаў яму таблічкі.
— Напішы яму, каб падскочыў сюды ўзаўтра. Пасланца вышлю ўміг.
Гэта сказаўшы,
— На Геркулеса! — кажа Пятроні. — Хай вырываецца, як мага, але толькі не разам з ёю і не ў два або тры дні пасля яе, бо пайшлі б і вышнарылі б ейнае сховішча. На Геркулеса! Ці хочаце згубіць яе й сябе? Забараняю вам згадваць яму пра Карыёлі або ўмываю рукі.
Яны абодва прызналі яму праўду й замоўклі. Хутка Назарка пачаў развітвацца, абяцаючы падскочыць узаўтра ледзь свет. З вартаю меўся дамовіцца яшчэ тае ж ночы, але перад тым хацеў забегчы да маткі, якая была неспакойная пры такіх няпэўных часах. Памагатараў вырашыў не шукаць на мейсцы, але знайсці й падкупіць аднаго з тых, якія разам з ім выносілі трупы з вязніцы.
Пры самым выхадзе, аднак, затрымаўся шчэ і, адцягнуўшы на бок Вініція, пачаў яму шаптаць: — Спадару, не скажу пра наш намер нікому, нат роднай матцы, але Апостал Пётр абяцаў прыйсці да нас з амфітэатру, і яму адкрыю ўсё.
— Можаш у гэным доме гаварыць моцна, — запэўнівае Вініць. — Апостал Пётр быў у амфітэатры з людзьмі Пятронія. Але я сам думаю пайсці з табою, — і загадаў падаць сабе нявольніцкую накідку ды выйшлі. Пятроні супакоіўся.
— Жадаў я для яе смерці ад гэнай гарачкі, — думаў. — Для Вініція гэта было б яшчэ найменш страшным. Але цяпер вось я гатовы ахвяраваць залаты трыножнік Эскулапу ў заплату за ейнае выздараўленне… Эх ты, Агенабарбе! Манішся зладзіць сабе відовішча з болю закаханага! Ты, аўгуста, перш-наперш зайздросціла красы дзяўчыне, а цяпер зжорла б яе жыўцом за тое, што згінуў твой Руфій… А ты, Тыгэлін, жадаеш згубіць яе на злосць мне!.. Паглядзімо! Я вам кажу: вочы вашы не аглядацімуць яе на арэне, бо ці памрэ собскаю смерцю, ці вырву вам яе, бы сабакам, з пашчы… І вырву так, што не ведацімеце пра гэта, а пасля колькі разоў гляну на вас, гэтулькі разоў падумаю: во дурні, якіх перахітрыў Пятроні… І — з пачуццём самазадавальнення пайшоў у трыклініюм, дзе разам з Эўнікай селі вячэраць. Лектар чытаў ім праз гэты час ідыліі Тэокрыта. На двары вецер нагнаў хмары ад боку Сорактэ, і наглая бура змуціла цішыню пагоднае летняе ночы. Час ад часу разлягаліся грымоты на сямі ўзгорках, а яны, лежачы побач сябе за сталом, слухалі сялянскага паэта, які спеўнай дарыйскай гаворкай апяваў ім каханне пастыраў; пасля, укалыханыя, пачалі збірацца да салодкага супачынку. Але перад гэтым шчэ вярнуўся Вініць.
Пятроні, даведаўшыся пра ягонае прыйсцё, пайшоў да яго і спытаў: — Ну і што?.. Можа, прыдумалі што новае? А ці Назар пайшоў ужо ў вязніцу?
— Так, — адказвае юнак, прагортваючы валасы, змоклыя ад дажджу. — Назар пайшоў дамовіцца з вартаю, а я бачыўся з Пятром, які загадаў маліцца і верыць.
— Гэта добра. Калі пашанцуе, наступнае ночы можна будзе яе вынесці… — Арандатар з людзьмі павінен быць ледзь свет.
— Адыж дарога
Але Вініць упаў на калені ў сваім кубікулюме і пачаў маліцца.
Пры ўсходзе сонца падаспеў з Карыёлі арандатар Нігер, прывёўшы з сабою згодна з загадам Вініція мулы, лектыку і чатырох надзейных людзей, выбраных спаміж брытанскіх нявольнікаў, якіх усё ж такі пакінуў у гасподзе на Субуры.
Вініць, які не спаў цэлую ноч, выйшаў яму насустрач, а той жахнуўся, убачыўшы маладога гаспадара, і, цалуючы яму рукі й вочы, адазваўся: — Дарагі, ці ты хворы, ці маркота высмактала табе так кроў з твару, то ж на першы пагляд я ледзь пазнаў цябе?
Вініць запрасіў яго ў нутраную калюмнаду, званую «ксыстам», і там адкрыў яму тайніцу. Нігер слухаў з глыбокай увагай, і на ягоным чэрствым загарэлым твары малявалася моцнае расчуленне, якога нат не хаваў.
— Дык яна хрысціянка? — адазваўся.
І пачаў кемна прыглядацца ў твар Вініцію, а той, відаць, здагадаўся, пра што пытаюць яго вочы селяніна, бо адказаў: — І я хрысціянін… Тады ў вачох Нігера заблішчэлі слёзы; праз момант маўчаў, пасля, падняўшы рукі ўгару, вымавіў: — О, дзякуй Табе, Хрысце, што зняў бяльмо з найдаражэйшых мне ў свеце вачэй!
Ды абняў голаў Вініція і, плачучы ад шчасця, пачаў цалаваць ягонае чало. Цераз хвіліну пазней прыходзіць Пятроні, вядучы з сабою Назара.
— Добрыя весткі! — звяшчае здалёк.
І сапраўды, весткі былі памысныя. Насамперш, Глаўк заручаўся, што Лігія ачуняе, хоць мела такую самую вязнічную эпідэмію, ад якое і ў Туліянуме, і па іншых вязніцах памірала штодзень сотні людзей. Варта і кантралёр смерці распаленым жалезам не зрабілі ніякае цяжкасці. Памагатар Атыс быў таксама ўжо ўгавораны.
— Парабілі мы ў труне даволі добрыя атворыны, каб хворая магла дыхаць, — казаў Назар. — Уся небяспека ў тым, каб толькі не адазвалася або не застагнала, як будзем праходзіць ля прэторыян. Але яна надта аслабеўшы і ад самага рання ляжыць, заплюшчыўшы вочы. А Глаўк дасць ёй на сон лекаў, якія сам прыгатаваў з прынесеных мною з гораду прэпаратаў. Века труны не будзем прыбіваць. Знімяце яго лёгка і забераце хворую ў лектыку, а мы ўложым у труну доўгі мех з пяском, які мусіце вы падрыхтаваць.
Вініць, слухаючы гэтых слоў, быў белы, як палатно, але слухаў з так напружанаю ўвагай, што, здэцца, прадбачваў расказ Назаркі.
— Ці іншых якіх нябожчыкаў не выносіцімуць з вязніцы? — спытаў Пятроні.
— Памерла сянняшняе ночы блізу дваццаць асоб, а да вечара памрэ яшчэ з колькінаццаць, — гаварыў хлапец, — мы мусім ісці з цэлаю чарадою, але будзем ацягацца, каб застацца ззаду. На першым закруце мой таварыш знарок закульгавее. Такім чынам застанемся далёка ззаду. Вы чакайце нас ля малое святынькі Лібітыны. Хаця каб Бог даў цёмную ноч!
— Бог дасць, — пацяшае Нігер. — Учора быў вечар пагодны, а пасля сарвалася навальніца. Сяння зноў неба яснае, але парна ад самага рання. Штоноч цяпер зрываюцца дажджы й буры.
— Ці йсцімеце без святла? — спытаў Вініць.
— Наперадзе толькі нясуць светачы. Вы на ўсялякі выпадак будзьце ля святынькі Лібітыны як толькі сцямнее, хоць абыдна пачынаем выносіць трупы перад самаю поўначчу.
Замоўклі, чутно было толькі неспакойнае зяханне Вініція. Пятроні звярнуўся да яго: — Я ўчора казаў, што найлепш было б нам абодвум застацца дома. Цяпер, аднак, бачу, што і мне самому нельга будзе ўседзець… Бо, каб расходзілася пра ўцёкі, трэ было б большае засцярогі, але, калі яе вынесуць, як нябожчыцу, здаецца, нікому найменшае падазрэнне не стрэліць у голаў.