Quo Vadis
Шрифт:
— Лепей бы мне, — наракаў, — быць нявольнікам у сялянскіх эргастулах, чым пільнаваць гэных гніючых пры жыцці сабак.
Даглядчык Ямаў пацяшаў яго бядаваннем, што і ягоная служба не лепшая. Праз гэты час Вініць апрытамнеў больш і пачаў разглядацца ў падзямеллі, дзе не мог, аднак, знайсці Лігіі і баяўся, што мо і не ўдасца яе перад смерцю бачыць. Паграбоў было колькінаццаць, злучаных свежымі перакопамі, а грабары ўваходзілі толькі да тых, адкуль трэ было выносіць мёртвых, дык узяў яго страх, што ўсе захады, каштуючыя гэтулькі намаганняў, могуць быць ударэмненыя. На шчасце ягоны патрон дапамог яму.
— Трупы, —
— На ўсе каморы ёсць нас толькі дзесяцёх, — адказаў вартаўнік, — дый мусім жа спаць.
— Дык я табе пакіну чатырох маіх людзей, якія ўночы наглядацімуць па каморах, ці хто не памёр.
— Вып’ем узаўтра, калі зробіш мне такую паслугу. Кожнага трупа хай занясуць на пробу, бо прыйшоў загад, каб мерцвяком праколваць шыю, а пасля адразу — у Ямы!
— Добра, але не забудзь — вып’ем! — нагадаў даглядчык.
Пасля вызначыў чатырох чалавек, і між імі Вініція, а з астатнімі пачаў складаць нябожчыкаў на ношы.
Вініць паспакайнеў: цяпер быў пэўны, што знойдзе Лігію. І насамперш перагледзеў добра пярэднія каморы. Заглядаў ува ўсе цёмныя куткі, куды не даходзіла святло, абгледзеў асобы, спячыя пад сценамі, накрытыя лахманамі, агледзеў найцяжэй хворых, якіх пазацягвалі ў асобны куток; Лігіі, аднак, не мог нідзе знайсці. У другім і трэцім падзямеллі ягоныя пошукі засталіся таксама без выніку. Прымеж таго, рабілася ўжо позна: трупаў павыносілі. Вартаўнікі, паклаўшыся ў праходах між каморамі, паснулі; дзеці, зняможаныя плачам, замоўклі; у спелюнках было чуваць толькі дыханне змучаных грудзей ды дзе-нідзе шэпт малітвы. Вініць выйшаў з святлом у чацвертую па чарзе камору, шмат меншую, і, падняўшы святліка ўгару, пачаў разглядацца. І — здрыгануўся, бо здалося яму, што пад кратаю ў сценным атворышчы бачыць вялігурную постаць Урсуса. Дык, патушыўшы воміг святліка, падыйшоў да яго і спытаў: — Урсус, гэта ты?
Асілак адвярнуў голаў: — Хто пытае?
— Не пазнаеш мяне? — пытае юнак.
— Патушыў святлік, як жа магу цябе пазнаць?
Але Вініць згледзеў у гэным моманце Лігію, што ляжала на плашчы пры сцяне, дык, не кажучы нічога, укленчыў пры ёй. Тады пазнаў яго і Урсус ды адазваўся: — Хвала Хрысту! Толькі не будзі яе, спадару.
Вініць, стоячы на каленях, углядаўся ў яе праз слёзы. Міма поцемку мог адрозніць ейнае аблічча, белае, бы алебастр, і паблажалыя плечукі, рукі.
Вулкан любові, падобны да раздзіраючага болю, страсянуў ягонай душой аж да глыбіні, напаўняючыся пачуццем любасці, перапоўненай літасцю, шанаваннем і захапленнем. Нагнуўшыся аж да зямлі, пачаў цалаваць беражок вопраткі, на якой спала найдаражэйшая ў свеце галованька.
Урсус праз доўгі час моўчкі глядзеў на яго, у канцы, аднак, пацягнуў хлапца за туніку.
— Спадару, — пытае, — як сюды пралез? Ці мо прыходзіш яе ратаваць?
Вініць устаў, праз хвіліну змагаўся з расчуленнем.
— Дай спосаб! — кажа.
— Я думаў, ты яго знойдзеш. Мне адзін толькі прыйшоў у голаў… Паглядзеў на краты і, як бы сам сабе паказваючы, гавора: — Так!.. Але там вартаўнікі… — Сотня прэторыянаў, — дасказаў Вініць.
— Дык… не пройдзем!
— Не!
Ліг пацёр лоб рукою ды зноў пытае: — Ну,
— Маю тэсару ад загадчыка Гнілых Ямаў, — і нагла замоўк, як бы яму нейкая думка бліснула ў галаве.
— На пакуту Збаўцы! — пачаў гаварыць хутка. — Я тут застануся, а яна хай возьме маю тэсару, абвіне голаў хусцінаю, акрыецца накідкаю ды выйдзе. Паміж грабароў-нявольнікаў ёсць некалькі недаросткаў, дык прэторыяне не пазнаюць яе, а дабярэцца да Пятроніевага дому, той яе ўсцеражэ!
Ліг спусціў голаў на грудзі й адказвае: — Не схацела б, бо кахае цябе, дый прытым яна ж хворая, не можа яшчэ на нагах стаяць.
Праз момант дадаў: — Калі ты, спадару, і крывічэсны Пятроні не маглі яе з вязніцы выдабыць, дык хто ж здолее ўратаваць яе?
— Адзін Хрыстус!..
І замоўклі абодва. Ліг у простай сваёй галаве думаў сабе: «Адыж Ён мог бы і ўсіх ацаліць, а калі гэтага не робіць, дык, відаць, прыйшла чарга пакутаў і смерці».
І згаджаўся на смерць для сябе, але шкада яму было да глыбіні душы гэнага дзіцяці, што на руках ягоных вырасла і якое палюбіў больш, чым собскае жыццё.
Вініць зноў укленчыў пры Лігіі. Праз ваконныя краты ўкрадаліся ў падзямелле касулі месяца і асвятлялі яго лепш, чым адзіны святлічок, што мігацеў шчэ над дзвярыма.
Нараз Лігія расплюшчвае вочы і, палажыўшы свае распаленыя далоні на руках Вініція, адзываецца: — Бачу цябе, я ведала, што ты прыйдзеш.
А ён кінуўся да ейных рук і давай прыкладаць іх да галавы, да сэрца, пасля, падняўшы іх крыху, прыгалубіў да сваіх грудзей.
— Я прыйшоў, мілая! Хай цябе Хрыстус сцеражэ ды ратуе, Лігійка наймілейшая!..
І не мог болей гаварыць, бо сэрца ягонае скавытала ў грудзях з болю й любові, а болю не хацеў перад ёю адкрываць.
— Я, бачыш, хворая, Марк, — прагаварыла Лігія, — і ці на арэне, ці тут, у вязніцы, мушу памерці… Але я малілася, каб цябе перад смерцю ўбачыць, і ты прыйшоў: Хрыстус мяне выслухаў!
Ён яшчэ не мог вымавіць слова, а толькі песліва прыціскаў яе да грудзей.
Тады яна гавора далей: — Я не раз бачыла цябе праз вакно ў Туліянуме і ведала, што хочаш прыйсці. А цяпер Збаўца даў мне хвіліну прытомнасці, каб маглі мы развітацца. Я ўжо йду да Яго, Марк, але кахаю цябе і заўсёды кахаціму.
Вініць перамогся, здушыў у сабе боль і адазваўся паўголасам, стараючыся быць спакойным: — Не, дарагая, ты не памрэш. Апостал мне нагадаў верыць і абяцаў маліцца за цябе, а ён жа Хрыстуса ведаў, Хрыстус любіў яго, дык просьбы ягонай не ўдарэмніць… Каб ты мелася памерці, Пётр бы не казаў мне спадзявацца, а ён мне так гаварыў: «Май надзею!» Не, Лігійка! Хрыстус змілуецца нада мною… Ён не хоча твае смерці, Ён яе не дапусціць… Прысягаю табе на імя Збаўцы, што Пётр за цябе моліцца!
Цішыня. Апошні святлічок над дзвярыма патух, затое святло месяца лунала праз усё атворышча. У кутку насупраць запішчала дзіцятка ды заціхла.
Звонку толькі даходзіў гоман прэторыянаў, якія, адбыўшы чародную варту, гулялі пад сцяною ў scriptae duodecim.
— Ох, Маранька, — адазвалася Лігія. — Хрыстус сам маліўся Айцу: «Аддалі ад мяне гэны келіх горычы», адыж яе выпіў. Хрыстус сам памёр на крыжы, а цяперака гінуць за Яго тысячы, дык чаму ж мяне адну меў бы ашчадзіць? Хто ж я такая, Марк?