Рэвізор
Шрифт:
Зьява ІІ
Ганна Андрэеўна. Ну, скажэце на ласку: ну, ці-ж ня сорам самім? Я на саміх на адных спадзявалася, як на прыстойнага чалавека: усе раптам выбеглі, і самі туды сама за імі! і я вось, ад нікога дасюль ладу не дайду. Ці-ж ня сорам самім? Я ў саміх хрысьціла вашага Яначку й Лізачку, а самі вось як са мной абыйшліся!
Добчынскі. Дальбог, кумухна, гэтак бег засьветчыць пашану, што не магу адсапнуцца. Маё шанаваньне,
Мар’я Антонаўна. Дабрыдзень, Пётра Іванавічу!
Ганна Андрэеўна. Ну, што? Ну, расказвайце: што й як тамака?
Добчынскі. Антон Антонавіч прыслалі самім пісульку.
Ганна Андрэеўна. Ну, ды ён хто гэткі? гэнэрал?
Добчынскі. Не, не гэнэрал, а не паддасца гэнэралу. Такая адукацыя й важнецкія абыходкі.
Ганна Андрэеўна. Га! дык гэта той самы, пра якога было пісана мужу.
Добчынскі. Запраўдны! Я гэта першы выкрыў разам ізь Пётрам Іванавічам.
Ганна Андрэеўна. Ну, раскажэце, што й як?
Добчынскі. Ды, дзякуй Богу, усё шчасьліва. Спачатку ён прыняў быў Антона Антонавіча крыху засурова; але-ж, злаваў і казаў, што ў гасьціньніцы ўсё нядобра, і да яго не паедзе, і што ён ня хоча сядзець за яго ў турме; ды пасьля, як пазнаў бязьвіннасьць Антона Антонавіча і як бліжэй разгаварыўся зь ім, адразу-ж зьмяніў думкі і, дзякуй Богу, усё пайшло добра. Яны цяперака паехалі аглядаць богугодныя ўстановы… ато, прызнаюся, ужо Антон Антонавіч думалі, ці ня было патаёмнага даносу. Я сам таксама спалохаўся крышку.
Ганна Андрэеўна. Дык-жа самім чаго баяцца? Самі-ж ня служыце.
Добчынскі. Ды так, ведаеце, калі вяльможны гаворыць, пачуваеш чалавек страх.
Ганна Андрэеўна. Ну, што-ж… гэта ўсё, аднак-жа, дурніна; раскажэце, які ён ізь сябе? што, стары ці малады?
Добчынскі. Малады, малады чалавек, год дваццаць тры; а гаворыць зусім як стары. «Калі ласка, — кажа, — я паеду й туды, і гэнтуды…» (вымахвае рукамі)так гэта ўсё слаўна. «Я, — кажа, — і напісаць, і пачытаць люблю; ды шкодзіць, што ў пакоі, —кажа, — крышку зацёмна».
Ганна Андрэеўна. А зь сябе які ён, брунэт ці блёндын?
Добчынскі. Не, болей шантрэт, і вочы такія шпаркія, як зьвераняты, гэтак да замяшаньня ажно даводзяць.
Ганна Андрэеўна. Што тут ён піша мне ў сваёй пісульцы? (Чытае). «Сьпяшаюся табе паведаміць, сэрцайка, што стан мой быў вельмі жаласны; але, спадзеючыся на міласэрдзе Боскае, за два салоныя гуркі асобна й паўпорцыю ікры рубель дваццаць пяць капейкаў…» (Спыняецца). Я нічога не разумею: да чаго-ж тут салоныя гуркі й ікра?
Добчынскі. А, гэта Антон Антонавіч пісалі на чорнай паперы, з насьпеху: там нейкі рахунак быў напісаны.
Ганна
Добчынскі (бяжыць і крычыць празь дзьверы). Міхалка! Міхалка! Міхалка!
Ганна Андрэеўна. Слухай адно: бягай да купца Аўдуліна… чакай, я дам табе пісульку (сядае да стала, піша пісульку і тымжачасам гаворыць): гэтую пісульку ты аддай хурману Сідару, каб ён пабег да купца Аўдуліна і прынёс адтуль віна. А сам пайшоў зараз агледзь добранька гэты пакой для гасьця. Там паставіць ложак, мыцельнік і іншае.
Добчынскі. Ну, Ганна Андрэеўна, я пабягу цяпер якхутчэй зірнуць, як там ён аглядае.
Ганна Андрэеўна. Ідзеце, ідзеце, я ня баўлю саміх.
Зьява ІІІ
Ганна Андрэеўна. Ну, Марылька, нам трэба цяпер узяцца за тоалет. Ён сталічная штучка: крый Божа, каб чаго ня высьмяяў. Табе прыстайней за ўсё надзець тваю блакітную сукенку з дробнымі хвальбонкамі.
Мар’я Антонаўна. Фэ, мамуленька, блакітную! Мне зусім не падабаецца: і Ляпкіна-Цяпкіна ходзіць у блакітным, і Землянікава дачка таксама ў блакітным. Не, лепш я надзену каляровую.
Ганна Андрэеўна. Каляровую!… Праўда-ж, гаворыш, абы толькі наўсуперак. Яна табе будзе куды лепш, бо я хачу надзець крэмавую; я вельмі люблю крэмавую.
Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, самім не да твару крэмавая!
Ганна Андрэеўна. Мне крэмавая не да твару?
Мар’я Антонаўна. Не да твару, я што хаця даю, не да твару; на гэта трэба, каб вочы былі зусім цёмныя.
Ганна Андрэеўна. Во добра! а ў мяне вочы хіба ня цёмныя? самацёмныя! Якую дурніну пляцеш! Як-жа ня цёмныя, калі я варажу на сябе заўсёды на хрысьценную даму?
Мар’я Антонаўна. Ах, мамуленька, самі больш чырвенная дама!
Ганна Андрэеўна. Кепства, зусім кепства! Я ніколі ня была чырвенная дама. (У пасьпеху выходзіць разам із Мар’яй Антонаўнай і гаворыць за сцэнай). Гэтакае раптам уроіцца: чырвенная дама! Бог ведае, што такое!