Сабачае сэрца
Шрифт:
Між іншым, я адхіліўся… Такім чынам, ён падтрымлівае размову. Я мяркую, усё гэта таму, што новы гіпафіз адкрыў моўны цэнтр у сабачых мазгах і словы прарваліся плынню. Па-мойму, перад намі мазгі, якія адрадзіліся, разгарнуліся, а не нарадзіліся нанова. Во дзіўнае пацверджанне эвалюцыйнай тэорыі! Во найвялікшы ланцужок ад сабакі да Мендзялеева-хіміка! Яшчэ мая гіпотэза: мазгі Шарыка ў час сабачага перыяду жыцця накапілі масу інфармацыі і паняццяў. Усе словы, якія ён спачатку пачаў гаварыць, — вулічныя словы, ён іх чуў і захаваў у мазгах. Цяпер, калі я іду па вуліцы,
Шарык чытаў. Чаму (з клічнікам). Пра гэта я здагадаўся. Па «Главрыбе». Менавіта чытаў з канца слова. І я нават ведаю, дзе разгадка: у перапынку зрокавых нерваў у сабакі.
Што творыцца ў Маскве — розуму чалавечаму не спасцігнуць. Сем гандляроў з Сухараўкі ўжо сядзяць за распаўсюджанне чутак пра канец свету, які навялі бальшавікі. Дар'я Пятроўна гаварыла і нават дакладна называла дату: 28 лістапада 1925 года, у дзень святога пакутніка Стэфана, зямля наляціць на нябесную вось… Нейкія жулікі ўжо лекцыі чытаюць. Гэтакую карчму мы ўчынілі з гэтым гіпафізам, што хоць ты з кватэры ўцякай. Я пераехаў да Праабражэнскага па ягонай просьбе і начую ў прыёмнай з Шарыкам. Аглядальню ператварылі ў прыёмную. Швондзер аказаўся праў. Дамкам радуецца ад злосці. У шафах ніводнага шкла. Скочыў туды. Ледзь адвучылі.
З Піліпам адбываецца нешта дзіўнае. Калі я расказаў яму пра сваю гіпотэзу і пра надзею развіць Шарыка ў высокую псіхалагічную асобу, ён хмыкнуў і адказаў: «Вы думаеце?» Тон у яго злавесны. Няўжо я памыляюся? Стары нешта прыдумаў. Пакуль я запісваю гісторыю, ён вывучае гісторыю таго чалавека, у якога бралі гіпафіз.
(У сшытку ўклеены аркуш.)
Клім Рыгоравіч Чугункін, 25 год, халасцяк. Беспартыйны, спачуваючы. Судзіўся тры разы і апраўданы: першы раз з-за недахопу ўлік, другі раз паходжанне выратавала, а трэці раз — умоўна катарга на 15 год. Крадзёж. Прафесія — ігра на балалайцы ў карчме.
Маленькага росту, няўдалы. Печань павялічана (алкаголь). Прычыны смерці — удар нажом у сэрца ў піўнушцы («Стоп-Сігнал» ля Праабражэнскай заставы).
Стары не адрываецца ад гісторыі Клімавай хваробы. Не разумею, у чым справа. Мармытаў нешта наконт таго, што не здагадаўся агледзець у патолагаанатамічным усё цела Чугункіна. Не разумею, у чым справа. Якая розніца, чый гіпафіз?
17 студзеня. Не запісваў некалькі дзён: хварэў на інфлюэнцыю. За гэты час з выгляду склаўся амаль канчаткова:
а) зусім чалавек па будове цела;
б) важыць амаль 3 пуды;
в) маленькі рост;
г) галава маленькая;
д) пачаў курыць;
е) есць чалавечую страву;
ж) адзяецца самастойна;
з) гладка вядзе размову.
Вось дык гіпафіз (клякса).
На гэтым гісторыю хваробы канчаю. Перад намі новы арганізм. Назіраць яго трэба спачатку.
Прылажэнні: стэнаграмы гаворкі, запісы фанографа, фотаздымкі.
Подпіс: асістэнт
Доктар Барменталь.
VI
Быў зімовы вечар. Канец студзеня. Час перад абедам і перад прыёмам. Над дзвярыма прыёмнай вісеў белы аркуш паперы, на якім рукой Піліпа Піліпавіча было напісана:
«Семачкі лускаць у кватэры забараняю».
П.Праабражэнскі.
І сінім алоўкам буйнымі, як піражкі, літарамі рукой Барменталя:
«Ігра на музычных інструментах ад 5 гадзін дня да 7 раніцы забараняецца».
Потым Зінінай рукой:
«Калі вернецеся, скажыце Піліпу Піліпавічу: я не ведаю — куды ён пайшоў. Фёдар гаварыў, што са Швондзерам».
Рукою Праабражэнскага:
«Сто гадоў буду чакаць шкляра?»
Рукою Дар'і Пятроўны (друкаванымі):
«Зіна пайшла ў краму, сказала, прывядзе».
У сталоўцы было зусім па-вечароваму з-за лямпы пад шаўковым абажурам. Святло з буфета падала, пераламанае надвое, — люстраныя шыбы заклееныя касым крыжам ад адной фасеткі да другой. Піліп Піліпавіч, схілены над сталом, засяродзіўся над разгорнутым вялізным газетным аркушам. Маланкі праціналі яго твар, скрозь зубы цадзіліся кароткія, як буркаванне, словы. Ён чытаў заметку:
«Няма ніякага сумнення, што гэта незаконнанароджаны (гэтак гаварылі ў гнілым буржуазным грамадстве) сын. Вось як забаўляецца наша псеўданавуковая буржуазія! Сем пакояў кожны ўмее займаць да таго часу, пакуль чысты меч правасуддзя не блісне над ім чырвоным промнем.
Шв…р».
Вельмі настойліва, спрытна і па-заліхвацку ігралі за дзвюма сценамі на балалайцы, і гукі хітрай варыяцыі «Свеціць месяц» перамяшаліся ў галаве ў Піліпа Піліпавіча са словамі заметкі ў ненавісную кашу. Ён дачытаў да канца, суха плюнуў цераз плячо і машынальна праспяваў скрозь зубы:
— «Св-е-етит месяц… све-е-етит месяц, све-е-етит месяц…» Цьфу, прычапілася праклятая мелодыя!
Ён пазваніў. Зінін твар паказаўся між палотнішчаў парцьеры.
— Скажы яму, што 5 гадзін, каб перастаў, і пакліч яго сюды, калі ласка.
Піліп Піліпавіч сядзеў ля стала ў крэсле. У пальцах левай рукі тырчаў карычневы недакурак цыгары. Ля парцьеры, прысланіўшыся да вушака, закруціў нагу за нагу чалавек маленькага росту і несімпатычны з выгляду. Валасы ў яго на галаве раслі жорсткія, быццам кусты на раскарчаваным полі, а твар пакрываў непаголены пух. Лоб уражваў сваёй маленькай вышынёй. Амаль над самымі чорнымі купінкамі раскідзістых броваў пачыналася густая галаўная шчотка.
Пінжак, парваны пад левай пахай, быў у саломе, паласатыя штаны на правым калене падраныя, а на левым выквацаны ў ліловую фарбу. На шыі ў чалавека быў завязаны пякуча-нябеснага колеру гальштук з фальшывай рубінавай заколкай. Колер гэтага гальштука быў гэтакі кідкі, што час ад часу, калі Піліп Піліпавіч заплюшчваў стомленыя вочы, у цемры на столі альбо на сцяне бачыў палымяны факел у блакітным ззянні. Расплюшчваў іх і зноў слеп, бо ад падлогі пырскалі веерам святла, білі ў вочы лакавыя чаравікі з белымі гетрамі.