Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Косця, гэты шнур я з балкона абрэзаў. Будзе мне…
— Відаць, дастанецца, — пагадзіўся Косця.
Мы абвязалі сноп, закінуў я яго за плечы, і пайшлі мы далей. Спачатку было лёгка, але потым сноп як пацяжэў… Здавалася, з кожным крокам новым важкім зернем наліваецца кожны ягоны каласок. Не ведаю, што рабіў бы, калі б Косця не падсобіў:
— Давай я паднясу…
Я не стаў яму пярэчыць. Так і ішлі мы гэтыя шэсць кіламетраў. Да самай вёскі, да сцежкі, што пратаптана праз раллю.
— Табе
— Яшчэ сыры і капусту? — спалохаўся я. — Сабе пакінь. І так потам абліваюся.
— Твой выйгрыш — ты і забірай, — не пагадзіўся Косця.
У кішэні маёй курткі Косця паклаў два сыры, паддаў на плечы сноп, а качан капусты ўмясціў пад паху.
— Глядзі, не спатыкайся, — пажадаў ён мне на развітанне.
— І ты не падай, — сказаў я і паціхеньку паплёўся дамоў.
Сяк-так ускарабкаўся на наш трэці паверх, пазваніў у дзверы.
Адчыніла мама — і аж рукамі ўспляснула.
— Што гэта?! — усклікнула яна.
— Не што, а хто, — глуха прагаварыў я з-пад снапа.
— Адкуль ты?
— З выстаўкі. Хутчэй капусту бяры, бо рука самлела.
Узяла мама качан, прапусціла мяне ў дзверы.
— Адкуль усё гэта ў цябе?
Я скінуў сноп з плячэй, уздыхнуў з палёгкаю.
— У горадзе ў латарэю выйграў. Яшчэ і два клінковыя сыры. Усяго за два рублі.
— Пеця, хадзі сюды! — паклікала мама тату. — Наш Максім з выстаўкі прыехаў.
— Няхай распранаецца, калі прыехаў. А мне адпачыць хочацца. Хутка зноў на ферму ісці.
— Ды наляжышся яшчэ. Хадзі сюды! — узлавалася мама.
Усё-ткі раскатурхала яна тату. Выйшаў тата ў калідор.
— Во колькі выйграў! — хвалюся яму. Зірнуў тата на сноп пшаніцы.
— Дык ты і вяроўку выйграў? — пытаецца.
— Там далі мне, — ледзь чутна прамовіў я.
— Не мяшала б табе і тут даць. Папругаю, — прагаварыў тата. — Хоць прызнаўся б, а то яшчэ выкручваецца. Не ведаю, што з цябе будзе далей. Хіба можна так? Гэты шнур ты ўсё роўна як украў.
Мне стала так горка на душы, ажно слёзы на вачах выступілі.
— Не плач, — заўважыў тата. — Сядай за стол. Усё па парадку раскажаш.
Мы селі адзін насупроць аднаго, і я мусіў расказаць усё: як дамовіліся з Косцем ехаць у горад, як хацелася мне выйграць авечку, як абразаў шнур, каб было на чым прывесці яе. Уважліва выслухаў мяне тата, сказаў:
— У нас, Максім, адна сям'я. А хіба можна ў сям'і адзін аднаму хлусіць? Сёння ты крадком вяроўку абрэзаў, заўтра мама крадком шторы з вокнаў па знімае, паслязаўтра я грошы забяру. Ці будзе ў нас лад, калі пачнём так жыць? У сям'і, Максім, трэба раіцца.
— Буду раіцца. Буду, — паабяцаў я. — Мне і самому было брыдка. Прабач…
— Ну, не будзем благое ўспамінаць, — палагоднеў
— А куды мы сноп падзенем? — пасмялеў я. — Ледзь данёс яго дамоў — такі цяжкі…
— І правільна зрабіў, што дамоў прынёс, — сказаў тата. — Сноп мы ў хаце паставім, у куце. Няхай усю зіму ў нашай хаце хлебам пахне.
Павесялеў я, нават усміхнуўся. Вось як бывае. Спачатку сварыўся на мяне тата, а потым пахваліў. Праўду кажуць: і чорная хмара белым воблакам павернецца.
У акне добра, а за акном яшчэ лепей
У панядзелак мы прыйшлі ў школу з вёдрамі. Яшчэ каля веснічак мяне сустрэў Косця. І што я чую!
— Макс, хочаш авечку выйграць? — прапанаваў ён адразу.
«Жартуе, — падумаў я. — Яму-то можна жартаваць: дома, відаць, пахвалілі за сыр і за яблыкі».
— Адчапіся…
— Мусіць, дасталося ад бацькі! — скумекаў Косця. Не хацелася мне ўспамінаць учарашняе, не хацелася зноў вярэдзіць душу.
— Нічога не дасталося, — буркнуў я.
— Дык чаго ты такі? Быццам з зубнога кабінета выйшаў.
— Кіслы яблык з'еў,— прамовіў я, каб толькі адчапіўся ён ад мяне.
А Косця — як нічога ніякага:
— Паслухай, што скажу. Сёння ў горадзе будзе выстаўка.
Пра выстаўку мне зусім не хацелася слухаць. Хапіла таго, што ўчора было. Надоўга запомніцца. Не, болей Косця ні на адну выстаўку мяне не зацягне.
Я моўчкі пайшоў па дарожцы.
— Чаго ты, Талерка, так раскіс? — забег наперад Косця. — Ну, крыху мараль пачыталі. Дык што? Карона з цябе спала? Яшчэ не раз будуць мараль чытаць. Іх таксама трэба зразумець. Бацькі ўсё-такі… Яны нас павінны выхоўваць. А ты ўжо вушы апусціў.
Узлаваўся я тут на Косцю. Бач, філосаф знайшоўся!.. Разважае. «Карона з цябе спала… Вушы апусціў… Бацькі… Зразумець трэба…» Сам разбяруся, абыдуся без вучоных.
— Ніхто на мяне не сварыўся, — у другі раз паўтарыў я, раздзельна вымаўляючы кожнае слова. — Табе зразумела?
— Зразумела. Ты толькі не злуй. — Косця абняў мяне за плечы. — Я табе як сябру пра выстаўку кажу. Ведаеш, як мне хочацца, каб ты авечку выйграў, каб да сваёй бабулі яе завёз?
Хіба будзеш на такога, як Косця, злавацца?
— Пра якую выстаўку ты кажаш? — пытаюся. — Дзень жа работнікаў сельскай гаспадаркі мінуў…
— Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі мінуў, а выстаўка будзе, — без запіначкі прагаварыў Косця. — Як, напрыклад, агляд мастацкай самадзейнасці праводзіцца? Спачатку ў школах, потым у раёне, затым у вобласці, Мінску…
— І нарэшце ў Маскве, — закончыў я за Косцю.
— І нарэшце ў Маскве, — згодна кіўнуў галавою Косця. — Правільна. У Маскве таксама хочуць лепшых спевакоў і танцораў пабачыць.