Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Але сёння я не адгадаў. Ні праз паўгадзіны, ні праз гадзіну тата не прыйшоў.
— Кладзіся спаць, Максім, — сказала мама. — Позна ўжо.
Звычайна я аднекваюся, а сёння адразу паслухаўся. Распрануўся і лёг у пасцель.
— Максім, — прыйшла мама, — каля цябе пасяджу. Села мама на краёчак ложка, твар рукамі затуліла і маўчыць.
— Мама, пайду тату пашукаю, — не стрываў я. Адняла мама рукі ад твару.
— Пасля і цябе буду шукаць? Сама пайду. Ты спі.
— Не, разам пойдзем, — не пагадзіўся
— Ляжы. Яшчэ крыху пачакаем.
Толькі прамовіла гэта мама — замок у дзвярах ляснуў, рыпнулі, адчыніўшыся, дзверы, і пачулася:
— Мя-а-а-а…
Ну як немаўля заплакала!
А пасля татаў голас, надта ласкавы:
— Ну, чаго ты? Супакойся, супакойся…
— Мама, што гэта? Каго тата прынёс?
— Н-не ведаю, — сумеўшыся, прамовіла мама. А з калідора мацней:
— Мя-а-а-а…
— Супакойся, кажу табе! — строга сказаў тата.
— Мама, ты чуеш?!.
— Ч-чую, чую…
Мама павольна ўстала і выйшла з пакоя. Я ўсхапіўся — і за ёю.
На калідоры стаяў тата і трымаў у руках ягня. Ен гладзіў яго і ціхенька казаў:
— Супакойся, супакойся. Ну, вось і прыехалі… Убачыўшы нас, тата вінавата ўсміхнуўся.
— Галоднае. Усяго другі дзень яму. Мікола, трактарыст з Асабнякоў, даў мне яго…
Мама прайшла на кухню, апусцілася на табурэтку.
— Малайчына, — толькі і прамовіла.
— Мя-а-а-а, — заплакала ягня.
Тата апусціў яго на падлогу. Ягня было вельмі прыгожае. Чорнае, з белай падкоўкай на лбе, а вушы доўгія-доўгія, адно з белай плямінкай. Шырока расстаўляючы заднія ногі, ягня прастукала вострымі капыткамі па падлозе, падышло да мяне і таўханулася мяккай пысай у мае ногі.
— Мя-а-а-а…
— Я чакаю, а ён… Сумлення не маеш, — з дакорам зірнула мама на тату.
— Мама, не сварыся на тату, — заступіўся я. — Бачыш, якое прыгожае ягня ён прынёс!
— Яно есці хоча, — нясмела прагаварыў тата.
— Мя-а-а-а, — адказала ягня.
— Я яму хлеба дам!.. Ці булкі,— закрычаў я. Мама нагнулася, пакратала ягня за вушы.
— Вось які ты вушасцік.
— Мы яго Вушасцікам і будзем зваць, — узрадаваўся я. — Вушасцік! Вушасцік! Мама, дай Вушасціку булкі.
— Яно яшчэ толькі малако п'е. З соскі,— усміхнуўся тата. — Вера, я соску пашукаю. У нас навінна быць.
— Шукай, — сказала мама.
Я здагадаўся, што мама ўжо не злуе на тату.
Мама падагрэла малако, і мы пачалі паіць Вушасціка з бутэлькі. Спачатку Вушасцік не разумеў, што яму даюць малако, упіраўся, адварочваў пыску. Тады мама пасадзіла яго сабе на калені, але ён вырваўся, падскочыў і ўпаў на бачок.
— Ой, забіўся!.. — спалохаўся я.
Але Вушасцік устаў і працягла закрычаў:
— Мя-а-а-а…
— Без мукі не набыць навукі,— сказаў тата.
— Пі, Вушасцік, пі,— прасіў я і прыцмокваў
І Вушасцік нібы зразумеў мяне, пачаў піць, ласа цмокаючы. Падахвочваючы Вушасціка, я таксама ў такт яму цмокаў языком. Я вельмі баяўся, што Вушасцік пакіне піць, але ён выпіў гэтае малако і зноў ухапіўся за соску.
— Мама, Вушасцік яшчэ хоча.
— Хопіць, — сказала мама. — Зараз ён ляжа і будзе спаць. Заўтра вечарам тата да бабулі яго завязе. І ты, Максім, ідзі спаць. Пацешыўся.
Мне хацелася яшчэ хоць хвілінку пабыць з Вушасцікам, але мама не дазволіла. Развітваючыся з Вушасцікам, я пагладзіў яго.
— Цяпер умееш піць малако? Смачнае? Спадабалася? А спінка не баліць?
— Мя-а-а-а, — адказаў Вушасцік.
— Пацярпі, Вушасцік, пацярпі. Яшчэ не раз ты будзеш падаць. «Без мукі не набыць навукі», — паўтарыў я Вушасціку татавы словы.
Бывай, Вушасцік!
А восьмай гадзіне раніцы я прачнуўся. І адразу пабег на кухню, да Вушасціка. А Вушасцік ужо стукае капыткамі па падлозе, круціць маленькім хвосцікам. Убачыў мяне, падбег, каля ног трэцца, лашчыцца.
— Максім, хто за цябе будзе мыцца? — заглянуў на кухню тата.
Пайшоў я ў ванную, а Вушасцік — за мною. Бяжыць і тоненька заводзіць:
— Мя-а-а-а…
Адкрыў я кран — вада зацурчэла. А Вушасцік задраў галоўку і слухае. Маўляў, што гэта? Страшна яму цераз парог пераступіць. Але адважыўся, зайшоў у ванную. Стаіць каля мяне, не адыходзіцца. Вось які разумны! «Трэба і яму капыціш памыць», — думаю. Я ўзяў Вушасціка на рукі, набраў вады ў жменю, пырснуў Вушасціку на ногі, а ён як страпянецца — ледзь яго ўтрымаў.
— Мя-а-а, — просіцца, каб не мыў.
Пашкадаваў я яго. Выцер капыткі ручніком і адпусціў.
— Максім, — паклікала мяне мама, — нам з татам на работу трэба ісці. Праз паўгадзіны напоіш Вушасціка малаком. Малако ў бутэльцы стаіць. Гэтае вып'е, а болей не давай, бо пашкодзіць.
— А хто яго потым накорміць? — пытаюся ў мамы. — Няўжо ён цэлы дзень будзе галодны?
— Як-небудзь я з магазіна вырвуся, пакармлю, — сказала мама. — Не дай яму малака — ён на ўвесь дом раскрычыцца. Нецярплівы.
Роўна а палове дзевятай напаіў я Вушасціка малаком. Лёг ён на посцілку, вочкі прыжмурыў. Натаміўся, напэўна, цэлы ранак па хаце тупаючы.
Што ж, адпачывай. Пасля ўрокаў сустрэнемся.
Я апрануўся, узяў партфель, дзверы адчыніў. Відаць, здагадаўся Вушасцік, што ў школу іду. Выскачыў у калідор і ў крык:
— Мя-а-а-а…
Маўляў, не пакідай мяне, мне будзе сумна аднаму. Я адапхнуў яго рукою, а ён усё роўна да мяне лезе.
— Мне ў школу трэба ісці,— тлумачу Вушасціку. — Зразумей…