Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
— Хто задасць пытанне Раі? — звяртаецца да нас Косця.
Узрадаваўся я, думаю: «Зараз я ёй не толькі пытанне, а цэлае заданне дам. Будзе ведаць, як адзнаку зніжаць».
Есць у мяне сказ з хітрынкаю. Гэты сказ я яшчэ тады падабраў, калі збіраўся ўрок за Косцю праводзіць.
Я ўстаў з-за парты.
— Рая, запішы сказ.
Рая ўзяла крэйду, на мяне ўважліва глядзіць.
— Увосень слаўна чакаць снегу, а зімой — першай травы, — прадыктаваў я.
Напісала Рая сказ, а пасля
«Памылка», — хацеў крыкнуць я, ды Рая мяне апярэдзіла:
— Гэта няпоўны сказ. Няпоўныя сказы мы яшчэ не праходзілі, але пра такія сказы нам Валянціна Іванаўна казала. У другой частцы гэтага сказа прапушчаны словы «слаўна чакаць», на іх месцы трэба паставіць працяжнік.
Сказала і хуценька паставіла гэты працяжнік.
— Правільна, — сказаў Косця. — Пяцёрка.
Рая, ганарліва глянуўшы на мяне, пайшла за парту.
— Адкажа, цяпер адкажа… — Косця няспешна водзіць пальцам па журнале.
— Я! — трасу рукою.
— Гародка Дзяніс.
— А я вось не разумею, — пачуўся Ігараў голас. — Няхай Максім мне растлумачыць.
— Чаго ты не разумееш? — незадаволена паморшчыўся я.
— Не разумею, чаму ўвосень слаўна чакаць снегу, а зімой — першай травы. Не даходзіць да мяне сэнс гэтага сказа.
І чаго ён выскачыў як Піліп з канапель? Сэнс сказа ён не разумее… Просценькі сэнс, а не разумее.
— Растлумачыць? — пытаюся.
— Растлумач, — згодна ківае галавою Ігар.
— Слаўна чакаць — гэта добра чакаць. Зразумеў?
— Не зразумеў.
«Ну як да яго не даходзіць? — дзіўлюся я. — Мабыць, ён так слухае, што ў адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае».
— Ты ўважліва слухай, — прапаную Ігару.
— Я слухаю ўважліва.
— Увосень снегу слаўна чакаць, а зімою — травы. Травы, травы. Слаўна, Ігар! Вельмі слаўна! — стараюся я. — Зразумеў?
— Не зразумеў,— упарта паўтарае Ігар.
— Можна, я растлумачу? — падняў руку Дзяніс. — Усё роўна мне адказваць.
— Растлумач, — сказаў Косця. Дзяніс устаў з-за парты.
— Ігар, цяпер табе хочацца, каб зіма прыйшла? Ігар падумаў і адказаў:
— Яшчэ як хочацца! Даўно на лыжах я не катаўся… Ага! Здагадаўся! Здагадаўся! Калі доўга няма зімы, дык сумна без яе, а вось потым, калі надакучыць яна, хочацца ўбачыць траву, кветкі. Хочацца бярозавы сок спускаць. Здагадаўся!
Я выцер успацелы лоб.
— Сам ведаеш, а яшчэ пытаешся.
Дзяніс, як і Рая, адказаў хутка. Таксама ніводнай памылкі не зрабіў. І яму Косця паставіў пяцёрку.
— Хто яшчэ прачытае практыкаванне? — пытаецца.
— Я, — зноў трасу рукою.
— Калі ласка, Талерчык.
Я спачатку падумаў, што мне падалося, што ў мяне слыхавая галюцынацыя.
— Дамашняе практыкаванне прачытае
— Максім, смялей!.. Я паволі-паволі ўстаў.
— Чытай, Максім, чытай…
— Ен не напісаў практыкаванне! — гукнуў з-за спіны Ігар.
Косця глядзіць на мяне, запрашае:
— Максім, чытай… Калі ласка…
«Дык ён проста не зразумеў мяне! — здагадаўся я. — Ен думае, што я на самой справе хачу, каб выклікаў. І чаму так не шанцуе мне? Праўду кажуць: на мядзведзя ўсе шышкі валяцца…»
— Максім, дык ты не напісаў? — дзівіцца Косця. Я кіўнуў галавою.
— Трэба яму двойку паставіць, — прамовіў Дзяніс Гародка.
— Я адзінку паставіла б! — крыкнула Рая.
Мне было ўсё роўна, двойка ці адзінка. Хіба вялікая розніца?
Да маёй парты падышоў Косця, глянуў у сшытак.
— Сапраўды, не напісаў,— сказаў ён, разгублена азіраючыся.
Я дастаў з партфеля дзённік.
— На, стаў што хочаш…
Косця, як бы баронячыся, затрос абедзвюма рукамі. — Не, Не!.. Ідзі да дырэктара. Да Швайдзюка. Раскажы яму, растлумач.
— А я паставіла б адзінку, — паўтарыла Рая. І тады сказала Валянціна Іванаўна:
— Я лічу, што Косця правільна разважае. Няхай Максім сходзіць да дырэктара. Гэта сур'ёзнае пакаранне.
Так, пакаранне. Што скажа Швайдзюк? Што будзе далей? Сапраўды, мне так не шанцуе. Сапраўды, на мядзведзя ўсе шышкі валяцца.
Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж
Пасля ўрока я адразу пайшоў у кабінет дырэктара. Мікалая Аляксандравіча, на маё шчасце, у кабінеце не было. Толькі Пеця Швайдзюк стаяў каля акна і чытаў нейкую кніжку. Убачыўшы мяне, Пеця прагаварыў:
— А-а, ты, Максім? Заходзь. Як у вас? Усё добра? Я хацеў сказаць Пецю, што не вельмі добра, але Пеця апярэдзіў мяне:
— Набегаўся я, Максім. І тое трэба, і туды ідзі, і там разбірайся. Як толькі Мікалай Аляксандравіч такое штодзень вытрымлівае?
«Пасля скажу, што практыкаванне не напісаў,— падумаў я. — Няхай ён супакоіцца, няхай адпачне. Вунь як яму дастаецца».
— За нас не хвалюйся, — кажу. — Наш клас цябе не падвядзе.
— Малайчына, — чамусьці аднаго мяне пахваліў
Пеця. — Я яшчэ на пасяджэнні казаў, што ты добры хлопец.
Хваліць мяне Пеця, а не ведае, які я добры. Можа, адразу прызнацца, што практыкаванне не напісаў? Не, як-небудзь абыдзецца.
— Максім, я ўжо на калідор баюся выходзіць, — нечакана прызнаўся Пеця. — Першакласнікі ды другакласнікі мяне замучылі. Толькі выйду на калідор, а яны за мною як прывязаныя: «Дылектар пайшоў, дылектар пайшоў…»