Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Я сказаў першае, што прыйшло ў галаву:
— Дзесяць.
— А хопіць?
— Угу, — выдыхнуў я.
— Да пабачэння.
Я моўчкі паклаў трубку.
Хутка сустрэнуся з татам. Вось не чакаў! На ўсю школу мы з Косцем абняславімся. Граматна напісалі пісьмо… Бегчы трэба, тату па дарозе пераняць, расказаць яму пра ўсё. Каб толькі ў школе не даведаліся…
І тут у настаўніцкую ўвайшоў Пеця. Я адразу кінуўся да яго.
— Пеця, з калгаса званілі. Саджанцы ў іх. Прасілі, каб хто-небудзь са школы прыйшоў.
Пеця паглядзеў на мяне, як на якое дзіва.
— Пра
— Яблыневыя саджанцы ў калгас прывезлі. Нам дзесяць штук даюць. Казалі, каб забралі мы. Дазволь мне забраць. Усё роўна ў нас цяпер праца. Я хутка збегаю, Пеця, добра.
— Бяжы, — прамовіў Пеця. — Толькі каб прынёс. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж.
Гуртам і ў бядзе лягчэй
Выскачыў я на калідор, ледзь Ігара з ног не збіў — той паспеў убок адскочыць. Штосьці крыкнуў Ігар наўздагон, але я ўжо дзверы зачыняў. Няма калі гаварыць, кожная хвілінка дарагая: трэба хутчэй да калгаснага праўлення бегчы.
Я прыпусціўся па дарозе. Прабег сто метраў, дзвесце — спацеў. «Не, лепей няспешна прайдуся, — думаю. — Яшчэ падумаюць людзі, што з урокаў уцякаю».
Да праўлення калгаса было не вельмі далёка: кіламетр, не болей. Гэты кіламетр я хутка прайшоў. І чым бліжэй падыходзіў, тым часцей тахкала маё сэрца, бо прадчуваў: нялёгка мне будзе.
Каля праўлення ні свайго бацькі, ні Косцевага я не застаў. І тады накіраваўся ў калгасны сад, здагадаўся, што там яны саджанцы выбіраюць.
У калгасным садзе працавалі толькі жанчыны-калгасніцы. Я некалькі разоў абышоў сад вакол, узіраўся пільна-пільна, ды дарэмна. Толькі цяпер зразумеў, што неяк размінуўся з імі.
Я сеў на пажоўклую траву, прытуліўся плячыма да ствала яблыні. На душы было трывожна, сумотна. І не дзіва. Хіба будзеш радавацца пасля гэтулькіх няўдач?
Я разумеў, што трэба вярнуцца назад, у школу, знайсці Косцю і разам з ім шчыра прызнацца ва ўсім тату, Вользе Пятроўне, Мікалаю Аляксандравічу, Пецю. Папрасіць у іх і ў сваіх аднакласнікаў прабачэння. Але хіба гэта лёгка?
Я сядзеў і думаў. Чаму са мною так здарылася? Чаму са мною, а не з кім іншым? Чаму? Я ўявіў, як наша школа выходзіць на суботнік. З шумам, з гоманам… Болей не мог заставацца адзін, у гэтым садзе. Усхапіўся і шпарка пакрочыў у школу.
На школьным двары мяне сустрэў Пеця. Ен стаяў і глядзеў на мяне.
— Пеця, — сказаў я, падышоўшы бліжэй, — пакліч Косцю, нам трэба…
— Косці няма, — перапыніў мяне Пеця.
— Уцёк? І ён уцёк? — вырвалася ў мяне.
— Не ўцёк. Ён па клеткі пайшоў. З ім пайшлі і Дзяніс, і Рая, і Вольга Пятроўна.
— Па клеткі? — здзівіўся я. — Навошта вам клеткі?
— Трусоў з горада прывезлі.
— Якіх трусоў?
— Звычайных, — адказаў Пеця. — Белых, сівых, чорных. Для нашай школьнай трусафермы. Косця сказаў, што ў яго ёсць клеткі. У гэтыя клеткі мы трусоў пасадзім.
— А пра саджанцы Косця нічога не казаў?
Я не заўважыў, як да нас падышоў Мікалай Аляксандравіч.
— Казаў,— прамовіў ён. — За табою хацеў бегчы, але я не дазволіў. Ты і сам дарогу
Мікалай Аляксандравіч нечакана ўсміхнуўся: — Твой і Косцеў бацькі прынеслі яблынькі.
— Даўно? — усклікнуў я.
— Даўно, — зноў усміхнуўся Мікалай Аляксандравіч. — Пісьмо мне паказвалі.
— А тата злосны? — нясмела запытаў я.
— Сам ведаеш, — сказаў Мікалай Аляксандравіч. — Я пагутару з ім. Ты не хвалюйся. Хаця…
Мікалай Аляксандравіч так і не даказаў да канца, ды я выдатна зразумеў ягонае «хаця». Я апусціў галаву.
— Даруйце. Мне не хацелася, каб было кепска.
— Што ж, — сказаў Мікалай Аляксандравіч, — ты сябе ўжо сам пакараў. Усе на суботнік пайшлі, а ты адзін застаўся. А мог быць разам з усімі. Запомні, Максім: гуртам і ў бядзе лягчэй.
З малой крыніцы вялікая рака пачынаецца
Не, не мог я заставацца адзін на школьным двары. Дома ў мяне ляжаў ёмісты скрутак паперы. Мае аднакласнікі сёння будуць хваліцца, расказваць, як збіралі макулатуру, дзе збіралі. А чым пахвалюся я? Скажу, што заўтра прынясу? Заўтрашняга дня чакаць не хацелася. Я падышоў да Мікалая Аляксандравіча.
— Мікалай Аляксандравіч, і я хачу па макулатуру ісці.
— Ідзі, Максім, ідзі,— сказаў Мікалай Аляксандравіч.
Скрутак паперы ляжаў на балконе. Я крыж-накрыж перавязаў яго вяроўкаю (яшчэ раней папрасіў тату, каб вяроўку прынёс), узважыў на руцэ.
«Кілаграмаў дзесяць будзе, не меней», — прыкінуў на вока. Задаволены, я выйшаў на вуліцу. На душы пасвятлела. Усе сённяшнія цяжкасці, як думалася, засталіся ззаду. Я паціхенечку насвістваў пад нос нейкую вясёлую мелодыю, складзеную на хаду. Мне хацелася спяваць. І я, мабыць, заспяваў бы. Чаму не заспяваць, калі на душы радасць! Я заспяваў бы, але… але ўбачыў, Што насустрач ідзе маці Андрэя Скварцова, Шпачыха.
«Не даруе Шпачыха, калі Андрэй пажаліўся. Ён можа ўсялякага нагаварыць. Што рабіць? Уцякаць? — імгненна пранеслася ў галаве. — Не. Будзе расказваць Андрэй, як я ад ягонай маці ўцякаў. Не, не буду ўцякаць. Не з'есць яна мяне».
Яшчэ здалёку, не даходзячы да Шпачыхі, я ветліва прывітаўся:
— Добры дзень, цётка Ганна.
Шпачыха ішла пасярод вуліцы, і я падаўся да плота. Шпачыха пайшла напярэймы.
— Пастой.
Пастой… Колькі тут давядзецца стаяць?.. А можа, кінуцца наўцёкі? Позна. Са скруткам паперы далёка не ўцячэш.
— Добры дзень, цётка Ганна, — у другі раз прывітаўся я.
— Вельмі ласкавы ты сёння, — нядобрым позіркам працяла мяне Шпачыха.
Разгубіўшыся, я стукнуў рукою па скрутку.
— Во… Макулатуру збіраем.
— Макулатуру? — Шпачыха насоўвалася на мяне, і я адступіўся да самага плота.
— Макулатуру, цётка Ганна. А ваш Андрэй не прыходзіў па макулатуру?
— Ба-а-ач, які добранькі,— працягла вымавіла Шпачыха. — Пра Андрэя ён клапоціцца. А хто сёння Андрэя набіў?
— Няпраўда, — сказаў я. — Вашага Андрэя ніхто і пальцам не крануў. Ен у класе па партах бегаў. Яго да Пеці Швайдзюка прывялі. Мы з ім толькі разабраліся…