Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Нават не падзякаваўшы Косцю, я хуценька пабег дамоў. Адклад не ідзе ў лад.
Слова не верабей: выпусціш — не зловіш
Узяў падручнік, разгарнуў і пачаў чытаць: «Лексіка — гэта ўсе словы нашай мовы, яе слоўнікавы склад. Слова «лексіка» паходзіць ад грэчаскага «лексіс» — «слова».
Цікава… Даволі-такі цікава. Выходзіць, слова «лексіка» да нас прыйшло ажно з Грэцыі. Выходзіць, мы яго ўзялі ў грэкаў, пазычылі. У граматыцы такія словы называюцца запазычанымі. Вельмі цікава. Пазычылі… Але ж пазычанае трэба аддаваць. Цікава…
Я
Я расплюшчыў вочы, пачаў далей гартаць падручнік. І ведаеце, захапіўся, чытаючы. Так захапіўся, што ўсе гэтыя словы, нібы жывыя, мне сталі. А можа, і сапраўды яны жывыя — кожнае са сваім характарам, з нейкай хітрынкаю? Вось як гэтыя, што загадку складаюць: туды рог, сюды рог, пасярод нібы пірог, а сама напхана пухам і ў мяне ляжыць пад вухам. Хіба не маюць гэтыя словы свайго характару? Хітрыя яны. Так спрытна адно да аднаго дастасаваліся, што адгадку іхнюю не адразу знойдзеш. А адгадка тут такая: падушка.
Ну, а калі ўзяць слова «грэбень»? Яго называюць мнагазначным. Грэбень у пеўня, грэбень гары, грэбень, якім расчэсваюцца, — вунь колькі паняццяў яно абазначае. Ну, а «кіт»? Кіт — марская жывёла, і кіт — замазка для акон. Таксама мнагазначнае? Не, напісана, што амонім. А чаму не мнагазначнае? Якая розніца між амонімамі і мнагазначнымі словамі? Нешта не магу дакумекаць. Нялёгка бывае ў характары некаторых слоў разабрацца.
Вось у антонімаў усё зразумела, ніякіх таямніц. «Тоўсты — тонкі», «мяккі — цвёрды». А калі дыялектныя і агульнаўжывальныя словы ўзяць? Калісьці, напэўна, былі сваякамі, а цяпер адчужыліся, паасобку жывуць. Нялёгкі лёс у дыялектных слоў. Прагналі іх з падручнікаў агульнаўжывальныя словы. Цяпер яны хіба толькі ў мастацкай літаратуры жывуць. Неяк шкада іх. Чаму іх прагналі? Ці яны горшыя за агульнаўжывальныя? Па-мойму, не. Вось у падручніках слова «бульба» напісана, а мая бабуля кажа: «картопля». Дык якое з іх на адценні багацейшае? Напэўна, дыялектнае, бабуліна. Яго і ў адзіночным, і ў множным ліку можна паставіць: картопля — картоплі. А слова «бульба» не паставіш у множным ліку. Зборны лік у яго. Зборны… Ні тое ні сёе, як ні рыба ні мяса. Ці яшчэ. Пра маю бабулю нядаўна ў газеце пісалі: «Паштальён Салевіч Марыя Піліпаўна спяшаецца да сваіх чытачоў». Гэта пад яе фотаздымкам такі надпіс быў. Паштальён… А ў вёсцы яе завуць «паштарка». Хіба няправільна? «Паштарка» — жаночага роду, а «паштальён» — гэта болей да мужчынскага падыходзіць. Так, дарма пакрыўдзілі дыялектныя словы. А чаму пакрыўдзілі? Бо нясмелыя яны, не могуць сябе абараніць. Вось фразеалагізмы дык самі любога пакрыўдзяць. Хіба не закране
Чытаю падручнік, разважаю, уяўляю, і так добра ўсё запамінаецца, быццам сам яго напісаў. Дзіўна: чаму раней усяго гэтага не мог зразумець?
Стала лёгка, радасна на душы. Нібы ў незвычайнае падарожжа з'ездзіў. Вось каб так у класе ўрок правесці! Ці выйдзе ў мяне?
Я выглянуў у акно: на вуліцы, каля пад'езда, дзяўчынкі гуляюць. Зусім яшчэ малыя, дашкаляткі. Шмат дашкольнікаў у нашым доме жыве: сёлета яго засялілі. А калі з гэтымі дзяўчынкамі ўрок правесці? Такая трэніроўка не пашкодзіць.
Адклад не ідзе ў лад — гэта я добра запомніў. Апрануўся і хутчэй на двор. Выйшаў, азіраюся. Як да гэтых дашкалят падступіцца? Вось да гэтых, што купінкай селі, на пяску штосьці малююць, стараюцца, А тыя дык проста наперагонкі бегаюць. А там, відаць, паспрачаліся — крычаць, сварацца. Не, з такімі не правядзеш урок. Не зразумеюць яны сінонімаў ды амонімаў. Ім трэба ў лялькі гуляць. У лялькі? Ага, у лялькі… А калі ляльку за стол пасадзіць? Лялька паслухмяная, не такая, як гэтая малеча. З лялькі выйдзе выдатная вучаніца. Ды дзе ўзяць яе?
Ага, вунь ідзе Аленка, мая суседка, ляльку ў руках трымае.
— Аленка, — паклікаў я, — хадзі сюды. Падышла Аленка, прыклала палец да вуснаў.
— Тс-с. Насця спіць. Разбудзіш.
— Тваю ляльку Насцяй зваць? — здалёку пачаў я.
— Насця. Мы яе ўчора з мамай купілі.
— Прыгожае імя, — пахваліў я. — І банты ў яе прыгожыя.
— І сарафанчык у Насці ёсць, — пахвалілася Аленка.
— Прыгожы, — пакратаў я Насцін сарафанчык. — Яна і гаварыць умее?
Аленка нахіліла ляльку, і пачулася штосьці падобнае ці то на «ма-а», ці то на «я-а-а».
— Ты яе разбудзіў,— раптам закрычала Аленка. — Яна ўжо плача.
Яшчэ бяды не было. Зараз гэтая Аленка ляманту наробіць. Падумаюць, што пакрыўдзіў яе.
— Аленка, ты на мяне не крычы, калі ласка. Я незнарок тваю Насцю разбудзіў. Калі хочаш, я яе гаварыць навучу. Яна ніколі не будзе плакаць.
Аленка ад здзіўлення ажно вочкі паказерыла.
— Твая лялька толькі плакаць умее. Я-а-а, — перадражніў я Аленчыну Насцю. — А слоў зусім не ведае. Дай мне Насцю — я ўсім-усім словам яе навучу, навучу яе гаварыць.
Аленка мацней прыціснула ляльку да сябе.
— Не дам.
Вось упартае дзяўчо! З якога ж боку падступіцца да яе?
— Не бойся, Аленка. Я не назусім вазьму. Толькі да вечара ў мяне пабудзе. А вечарам прынясу. Я табе шакаладку дам.
— Цяпер дай.
Малое, а якое хітрае. Разумее, што потым магу не даць.
Я пабег дамоў, узяў плітку шакаладу. Гэты шакалад бабуля мне перадала, калі тата Вушасціка да яе вазіў. Прывёз тады тата шакалад, але загадаў, каб я яго датуль не еў, пакуль свае тройкі не выпраўлю.
Прынёс шакалад, кажу Аленцы:
— Давай мы шакаладам падзелімся. Палову табе, палову мне. Згода?
— Увесь мне, — адказала Аленка.
Я толькі галавою пакруціў, як пачуў гэткае. Ды не стаў таргавацца. Аддаў шакалад.
— Давай сваю Насцю.
— Не дам, — кажа Аленка і цісне Насцю да сябе.
— Дык ты не хочаш, каб я навучыў яе гаварыць? — закрычаў я.
— Ам-манваеш…
— Я абманваю?! Хлушу? — стукнуў я сябе кулаком у грудзі.— Ты, мабыць, забылася, як летам у нас лялечны спектакль паказвалі? Памятаеш, як там лялькі гаварылі?