Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма
Шрифт:
Праверыў тата мае сшыткі, і контурную карту праверыў, да мамы павярнуўся.
— Глядзі ты — усё зрабіў! Аказваецца, у яго і галава на плячах ёсць…
— А гэта не ўчарашняе? — запытала мама.
— У дзённіку паглядзіце. Там усё запісана… Тата ўзяў мой дзённік, пагартаў.
— Сённяшняе заданне ён выканаў. Трэба яго часцей на пасяджэнне выклікаць.
Цікава, ад каго яны пра сённяшняе пасяджэнне даведаліся? Але не дзіва. Усё-ткі вёска. У адным баку чыхнуў, а ў другім чуваць. Але што яны скажуць, калі Даведаюцца,
— Што табе казалі там? — запытаў тата.
— Дзе там? — прыкінуўся я, што не разумею.
— Ты дурнем не прыкідвайся, — строга сказаў тата. — Напэўна, вымову далі?
— Ды не. Звеннявым выбралі,— знарок абыякава адказаў я.
— Максім, ты не смейся. Недарэчныя смешкі,— прамовіла мама.
— Я зараз выведу ягоныя смешкі,— узлаваўся тата. — Вось толькі папругу вазьму.
Спалохаўся я. Як даказаць, што буду звеннявым?
— Нам у школу трусоў прывязуць. Будзем іх гадаваць, — кажу. — Жывёлагадоўчае звяно ў школе арганізоўваюць. А я — звеннявы…
— Гм… — гмыкнуў тата, — заслужыў.
Гэтае «заслужыў» быццам са здзекам ён прамовіў. А я далей расказваю:
— Тата, мы ў суботу дзень самакіравання праводзім.
— Дзень самакіравання? — прыжмурыўся тата.
— Але, дзень самакіравання. Я праўду кажу. Настаўнікі хочуць, каб мы былі актыўнымі…
— Актыўнасці ў цябе хапае, — перапыніў тата.
Я на хвілінку разгубіўся, потым пачаў зноў даказваць:
— У нас вучні і ўрокі будуць праводзіць.
— Урокі праводзіць? — здзівілася мама.
— Будуць, мама! Усё-ўсё самі будуць рабіць. Іх хочуць да самастойнасці прывучыць.
— Іх? — запытаў тата. — А цябе, мабыць, не?
— Мабыць, і мяне, — апусціў я галаву. Тата з мамай пераглянуліся.
— Цяпер мне зразумела, чаму ты без нас урокі вучыш.
«Чым яшчэ здзівіць тату? — думаю. — Пахвалюся… Хіба ён даведаецца, што схлусіў?»
— Тата, я таксама ў суботу ўрок праводжу.
— Ты-ы?! — здзівіўся тата. Я нават і вокам не міргнуў.
— Даверылі мне.
— Нарэшце выправіўся наш Максім, — усміхнулася мама.
Я таксама ўсміхнуўся. А тата сказаў:
— У суботу ў мяне вольны дзень. А Вольга Пятроўна даўно ў школу запрашае. Вось і прыйду ў суботу. Пасяджу на тваім уроку, паслухаю.
Я аж у крэсла ўціснуўся, як пачуў гэта.
— Тата, не трэба. Я засаромлюся.
— Не бойся, Максім. Усё будзе добра, — абнадзеіў мяне тата і пайшоў на кухню. А я застаўся сядзець як У здранцвенні.
І хто мяне за язык пацягнуў? Не раз казала мама: сем раз адмерай, а адзін раз адрэж.
Адклад не ідзе ў лад
Я вырашыў схадзіць да Косці, параіцца з ім. Убачыўшы мяне, Косця вельмі ўзрадаваўся.
— Прывітанне, Макс, сто гадоў цябе не бачыў! Гуляеш?
— Гуляю, — уздыхнуў я. — А ты што
— Правілы зубру. Чуў? Дзень самакіравання прыдумалі. Злавіла мяне пасля ўрокаў Валянціна Іванаўна, сказала, каб у суботу правёў урок роднай мовы. А тэма — ты паслухай: «Лексіка. Паўтарэнне і замацаванне». Я гэту лексіку амаль не памятаю. Сінонімы, амонімы, антонімы яшчэ летась з галавы вылецелі. Макс, хадзем на балкон. Там я клетку для нутрый майструю. Праўда, мама сварыцца, крычыць: «Я твае клеткі з трэцяга паверха павыкідаю!» Цяжка з дарослымі дамовіцца.
— Цяжка, — пагадзіўся я.
Косця ўважліва паглядзеў на мяне.
— Талерка, ты быццам горкай цыбулі наеўся. Нейкі не такі, як заўсёды. Зноў непрыемнасці ў сям'і?
— Яшчэ якія! — прызнаўся я.
Косця сеў на канапу, закінуў нагу на нагу.
— Расказвай. Я тваю бяду адною рукой развяду. Я расказаў Косцю ўсё па парадку, пачынаючы з пасяджэння.
— Не, Максім, — сказаў Косця, выслухаўшы ўсё Цярпліва, — лепей у другі раз падумаем. Галава сёння трашчыць, ніводная думка не затрымліваецца. Мабыць, перавучыўся. Пайшлі на балкон, клеткі пакажу.
Косцевы клеткі мяне ані не цікавілі. Я зразумеў, што дарэмна спадзяваўся. Косця мне не дапаможа. І ніхто не дапаможа. Заставалася адно: прызнацца тату, што схлусіў. Тата цяпер, напэўна, адпачывае.
Ен вельмі задаволены, што я нарэшце выправіўся. І мама радуецца. Размаўляюць, смяюцца…
Не, пакуль не трэба прызнавацца. Прызнаюся пасля. Няхай хоць некалькі дзён парадуюцца. А я за гэтыя дні выпраўлюся, абавязкова выпраўлюся. Папрашу Косцю, каб у суботу па роднай мове пацёрку паставіў. Павінен паставіць. Будзе ж у суботу настаўнікам. Будзе? А калі, напрыклад, захварэе? Што тады? Тады, вядома, дома застанецца. Тады я буду настаўнікам. Няхай ідзе тата на ўрок.
— Косця, — усхвалявана прагаварыў я, — захварэй у суботу.
Косця аж шыю выцягнуў.
— Што-о-о?
— Захварэй. Сам казаў, што галава трашчыць. Усяго на адзін дзень захварэй. На суботу. Ты не хвалюйся. Я скажу Валянціне Іванаўне, што табе кепска. Скажу, што за цябе ўрок правяду. Я «Лексіку» на памяць вывучу. Не верыш? Захварэй, калі ласка!.. Ніхто не здагадаецца, што мы дамовіліся.
— А мама?
— А ты кашляй. Скажы, што ангіна ў цябе. Косця, захварэй, калі ласка!
— Не магу.
Як яго пераканаць?
— Косця, ты абавязкова амонімы з антонімамі пераблытаеш. Аднакласнікі на смех падымуць.
— Не магу.
— Косця, я табе цукерак куплю.
— Не магу. Вось упарты!
— Косця, памятаеш, як ты мяне ў аўтобусе пад сядзенне пасадзіў? Я нікому не сказаў, што дамаўляліся разам у Гродна ехаць. А ты на адзін дзень не хочаш захварэць.
І Косця задумаўся…
— Добра. Захварэю. Угаварыў. Вучы «Лексіку». Каб на памяць ведаў. Сёння ж пачынай вучыць.