Сэрца на далоні
Шрифт:
Яны хораша, з разуменнем усміхнуліся адзін аднаму, як два добрыя сябры, якія агульнымі сіламі зрабілі карысную справу.
— Хадзем да Зосі. Я люблю прыносіць людзям добрыя весткі.
Яраш, надзвычай узбуджаны расказам пра Дымара, хадзіў па сваім кабінеце, прыгадваў паводзіны агента, калі той сачыў за ім, выкрываў філасофію здрады. Нечаканая прапанова Кірылы захапіла яго знянацку.
— Да Зосі? — Ён спыніўся каля акна і як бы раптам патух: уся яго магутная і прыгожая постаць у чорным світэры ў нейкі міг зрабілася каржакавата-нязграбнай.
— Няўжо баішся? — укалоў Кірыла без злоснага намеру.
Яраш крута павярнуўся да сябра. На твары яго з'явілася пакутлівая грымаса.
— Я даў клятву… Галі.
— Ух, людзі добрыя! Да чаго мы дажылі!
— Я ніколі не парушаў сваіх клятваў. — Голас Антона Кузьміча ўпаў да шэпту.
Кірыла ўзлаваўся. Падхапіўся, адскочыўшы ад крэсла, як гумавы мяч, пакаціўся да кніжных паліц, што займалі ўсю сцяну. Загрымеў на поўны голас, забыўшыся, што ў суседнім пакоі Наташа:
— Ты прабач… Я паважаю клятвы… Паважаю Галіну… Але калі на кожны бабскі капрыз… Не будзе ж жыцця…
Яраш знясілена апусціўся ў тое ж мяккае крэсла, дзе толькі што сядзеў Шыковіч, выцер далонямі твар.
— Кінь! Я сам ведаю. Але калі не хапае розуму і, я ўжо казаў табе, звычайнай інтэлігентнасці… Што рабіць? Скажы, інжынер душ?
Пасля прымірэння Галіна вырвала ў яго гэтую клятву — што ён ніколі больш не наведае Зосі. Ён пакляўся з бяздумнай лёгкасцю, абы замацаваць прымірэнне, бо бачыў, як цяжка перажываюць разлад дзеці. Пасля зразумеў, што такая клятва абражае яго. Хіба ён у чым вінаваты? Магчыма, у яго і не было б патрэбы і ахвоты заходзіць больш да Зосі. А цяпер яму рабілася брыдка за ўласную слабасць і бязвольнасць і часта хацелася пайсці да Зосі на злосць жонцы. Дзіўна, што жаданне такое мацнела з кожным днём. Ён змагаўся з ім. Ён сумленны чалавек і сапраўды ніколі не парушыў свае клятвы. Урэшце, справа не ў клятве. Ён проста вышэй за ўсё гэта і не дазволіць, каб подласць плеткароў і жончына неразумнасць давялі іх да разрыву, што было б трагедыяй і для іх абаіх і яшчэ большай — для Віктара і Наташы.
Так ён думаў. Але ад гэтай лагічнай разважлівасці не рабілася лягчэй. Ён мог усё дараваць, але нічога не дараваў сабе — памылак, слабасці, неразумных слоў, непатрэбных учынкаў. У той міг ён пазайздросціў Шыковічу і ўзлаваўся за гэта на сябе і на яго.
Кірыла раптам спыніў разважанні, якія ён было пачаў, аб ролі мужа ў выхаванні жонкі. Мабыць, ён адчуў, што сябру непрыемна і цяжка выслухоўваць гэта. А можа, упершыню адчуў непавагу да таго, кім захапляўся, хаваючы сваё захапленне за кепліва-жартаўлівымі словамі. Яшчэ ўлетку на дачы ён неяк сказаў пра Яраша: «Такі вялікі і такі маленькі перад жонкай». Гэта быў жарт. Аднак, магчыма, падсвядома хацелася, каб яго лепшы сябра і герой быў вялікі ва ўсім. Зашпіліўшы верхні гузік на сарочцы і падцягнуўшы гальштук перад чорнымі тамамі энцыклапедыі, Шыковіч грубавата сказаў:
— Чорт з табой! Пайду адзін, — і рушыў да дзвярэй.
У суседнім пакоі зірнуў цераз Наташына плячо ў кнігу, якую дзяўчынка чытала, дакрануўся далоняй да яе белых шаўкавістых валасоў. Яна глянула на яго і ўсміхнулася вінавата,
Кірыла апранаўся ў калідоры. Калі выйшаў Антон, ён таксама пачаў моўчкі апранацца. Праз адчыненыя дзверы Наташа глядзела на бацьку з ухвалой і страхам, нібы несла адказнасць за яго ўчынкі.
На дварэ добра прымарозіла. У паветры кружыліся сняжынкі. Але асфальт вуліцы быў сухі і шэры ў цьмяным святле ліхтароў, пабялелі толькі лункі каля ліп і каштанаў.
Шыковіч даўно ўжо прыкмеціў: у іх горадзе найбольшы рух на тых вуліцах, што ідуць паралельна цэнтральнай, а на тых, што перасякаюць яе, нават у нядзелю ціха і бязлюдна, хоць гэта бадай самыя прыгожыя вуліцы, нешырокія, зялёныя, утульныя, асабліва іх кароткія ўчасткі ад Савецкай да ракі. Шыковіч любіў гэтыя вуліцы. Любіў гуляць па іх.
Яны ішлі не спяшаючыся. Звычайная рабочая хада ў Яраша такая, што побач з ім трэба ісці ўподбег, каб не адстаць. А тут ён ішоў надзіва павольна — магчыма, усё яшчэ вагаўся. Яны як бы знарок забыліся, да каго і з якой прычыны ідуць.
— Што, аднак, ты думаеш рабіць з дачай?
— Паеду, раскладу пасярод кабінета касцёр, пагрэю вочы… Асалода на ўсё жыццё.
— Не вярзі лухты, Кірыла.
— А як інакш ты яе знясеш за месяц? Куды?
Тры дні назад яны атрымалі рашэнне аблвыканкома, у якім ім прапаноўвалася ў месячны тэрмін знесці дачу. Матывы: зямельны ўчастак адведзены райвыканкомам незаконна. Яраша гэтая бюракратычная паперка здзівіла, пакрыўдзіла і расстроіла, Кірылу — абурыла.
— Гуканаў ход канём! — адразу здагадаўся ён.
— Але ж гэта не яго сфера.
— Ты наіўны чалавек, доктар.
— Навошта яму?
— Даць нам лішні клопат, выбіць з нармальнай каляіны, адцягнуць увагу, абвінаваціць у прыватна-ўласніцкіх тэндэнцыях. Зусім нядрэнна прыдумана. Заадно паказаць сваю прынцыповасць і непрымірымасць да перажыткаў…
— Але як маглі прыняць такое рашэнне, не пагаварыўшы нават з намі? Быццам мы з табой дармаеды нейкія, — перажываў Яраш.
Яны хадзілі ў выканком. Іх ветліва прымалі, выслухоўвалі, спачувальна паціскалі плячамі. Здавалася, ніхто нічога не ведае. Толькі намеснік старшыні Мухля чамусьці ўзлаваўся:
— А што вы хацелі, таварыш Шыковіч? Будаваць асабнякі, калі людзі не маюць яшчэ звычайных кватэр? Вам волю дай — палову калгаснай зямлі захопіце…
Кірыла таксама ўзлаваўся.
— Ясна. Значыцца, ты хапуга і спекулянт, доктар Яраш! — сказаў ён сябру, які панура маўчаў, барабанячы па замку партфеля.
Мухлю стала няёмка перад Ярашам.
— Ніхто так не думае. Не кідайцеся словамі, Шыковіч. Мы абавязаны былі паправіць райвыканком.
— Іншым чынам гэта нельга зрабіць?
— Падумаем. Пастановы часам адменьваюцца.
Але пастанова не адмянілася. У той дзень яны атрымалі напамінак з раёна, на зямлі якога стаяла дача. Райвыканком скасаваў сваё, трохгадовай даўнасці, рашэнне аб адводзе ім зямельнага ўчастка. Абжытая будыніна не мела права стаяць на зямлі.
Ад злосных жартаў Кірыла паступова перайшоў да менш злоснай сур'ёзнасці і разважлівасці: