Сэрца на далоні
Шрифт:
Вельмі можа быць, што яна ўсё-такі стамілася, а таму спяшалася як можна хутчэй скончыць свой расказ. Маша гэта адчула першая і шумна пляснула ў далоні, як бы ставячы кропку:
— Таварышы, астывае кава.
24
Завод абавязаўся выканаць дзесяцімесячны план да адкрыцця з'езда. Цэхі, змены, брыгады неслі перадз'ездаўскую вахту. Знешне як бы нічога не змянілася. Хіба толькі абнавіліся лозунгі і заклікі. І больш іх стала ўсюды — на прахадной, у заводскім двары, у цэхах, у сталоўцы, у канторы. Але нават Славік з яго двухмесячным стажам адчуў новы
Славік заўсёды ставіўся скептычна да розных лозунгаў і заклікаў. А цяпер хадзіў і ўважліва перачытваў цытаты з праекта Праграмы, як бы хочучы знайсці тыя словы, якія прымусілі ўсіх, ад вахцёра да Галыгі, вось так працаваць — па-новаму. Нават у сталоўцы сталі лепш карміць. Славік неяк сказаў у часе абеду сваім хлопцам:
— Архімеды, растлумачце мне, чаму ў вас не могуць увесь час вось так працаваць — роўна, рытмічна, каб не псаваць людзям нерваў.
— Пачынае думаць хлопчык, — кінуў Косця, калі Славік, выслухаўшы супярэчлівыя адказы, пайшоў у буфет купляць папяросы.
— Толькі ўсё ў яго вось так, — Ходас дастаў правай рукой, цераз галаву, сваё левае вуха.
Генрых далікатна, двума пальцамі, паправіў пазалочаныя акуляры. Хмыкнуў:
— Але ж і артадокс ты, Іван. Быць табе прафсаюзным лідэрам, бо ад усяго складанага ты ўмееш адмахнуцца.
А Славік задаў пытанне, на якое не так проста адказаць.
— Адзін дурань можа спытаць такое, што не адкажуць сто разумных.
— Але няхай яны паварушаць мазгамі, разумныя, — нечакана і чамусьці злосна сказаў Тарас. — А то ў нас, сапраўды, некаторыя толькі перад святамі запускаюць вось гэтую «кібернетычную машыну», — ён пастукаў пальцам па лбе, — на поўны ход.
Ходас не адразу зразумеў, каго падтрымлівае брыгадзір. А Генрых пускаў з акуляраў вясёлых зайчыкаў на твары сяброў.
— Прычын арытмічнай работы завода — адна тысяча дзвесце сорак чатыры і шэсць дзесятых. Каб мы з табой, Іван, іх выявілі, раскрылі і апісалі, нам можна было б прысвойваць дактароў навук.
— У тым і бяда, што мы іх не выяўляем, — сказаў Тарас ужо лагодна, без злосці.
— А давайце зробім пачатак! — Косця любіў выказваць самыя нечаканыя прапановы і сам жартаваў з гэтага: «З сотні хоць адна ды будзе разумная». — А каб не выяўляць усіх тысячы двухсот Генрыхавых прычын, выявім адну: чаму цяпер усё пайшло нармальна?
— Вахта, — коратка і вычарпальна растлумачыў Васіль Лапацін, вымакваючы хлебам рэшткі соўсу на талерцы.
— А Косця мае зерне…
— Адно?
— Не блазнуй.
— Ён у Славіка вучыцца.
— Я ў тым сэнсе, — Тарас звяртаўся да Генрыха, ён быў іх «галоўны тэарэтык», — што прычыны арытмічнай работы, можа, яны і выяўляюцца… А калі работа наладзіцца так, як у нас цяпер, усялякі аналіз канчаецца. Пачынаем славасловіць, раздаваць прэміі…
— Любім «ура» крычаць, — азваўся Славік, пачуўшы апошнія Тарасавы словы. Кінуў на стол пачак папярос. — «У нас не паляць», — прачытаў шыльдачку на сцяне і чыркнуў запалку.
— «Ура» вядзе на штурм, — сказаў Лапацін, адстаўляючы нарэшце талерку. — Не, Вера смачней гатуе.
— Таму, відаць, і крычым, што часта прыходзіцца штурмаваць, — засмяяўся Генрых.
— Вера гатуе смачней? — усумніўся Косця, гарэзліва падміргнуўшы Генрыху. Той прыняў «эстафету», сказаў сур'ёзна, амаль трагічным голасам, звяртаючыся да Тараса:
— Няшчасная. Я ёй не зайздрошчу.
Лапацін, які не адчуваў гумару гэтак жа тонка, здзівіўся:
— Каму? Веры? Чаму?
— Паспрабуй нагатаваць на такога абжору, — бліснуў зубамі Косця.
— Ну і пустабрэхі!
— Трэба будзе пагаварыць на парткоме…
Славіку падабалася, што ў брыгадзе ўмеюць і пажартаваць і пагаварыць сур'ёзна, глыбока, і пераходы гэтыя ад жарту да сур'ёзнага і наадварот заўсёды нечаканыя, раптоўныя.
Увогуле яму ўсё больш і больш падабаліся хлопцы. Нават з Ходасам стала менш сутычак. Вось толькі з Тарасам…
…На другі дзень пасля «дуэлі» ён не пайшоў на работу. З такім вокам сорамна было на вуліцу высунуцца, не толькі на завод. Усю раніцу сварыўся з Ірай, якая даволі-такі злосна кпіла з яго «ліхтара», не верачы, што ён зваліўся з матацыкла. Пайшла Іра ў інстытут — шукаў, куды маці схавала каньяк. Перавярнуў усю кватэру. У шуфлядзе Ірынага стала, пад старымі канспектамі знайшоў яе дзённік. З цікавасцю чытаў. Дзяўчына пісала пра сваё каханне, пра сваё жаданне адкрыцца яму і пра сваю боязь і сарамлівасць зрабіць гэта першай. Славік доўга не мог уцяміць, хто «Ён». Займеннікі, што замянялі яго імя, Іра пісала з вялікай літары.
«Звяртаецца, як да Бога», — смяяўся Славік, паціраючы рукі і калені ад злараднасці. Вось цяпер ён жыцця не дасць сваёй дарагой сястрыцы. Не, ён прымусіць яе служыць, як вернага сабачку, калі яна не хоча, каб ён выдаў яе тайну. Каб толькі яшчэ расшыфраваць яго імя!
Нарэшце ён дайшоў да апісання таго дня, калі ўся брыгада і Маша абедалі на дачы. Іра больш не хавала яго імя.
Адкрыццё ашаламіла Славіка. Знікла жаданне помсціць сястры, кпіць з яе. Наадварот, стала шкада дзяўчыну. Уразіла Ірыніна празорлівасць: «Я адразу адчула ў гэтай рудой саперніцу. Маё няшчаснае каханне! Ты яшчэ не засвяцілася для Яго і для ўсіх, а на цябе ўжо насоўваецца хмара».
Не, ён, Славік, адпомсціць яму — за сябе, за сястру!
Але прачытаўшы, ужо без асаблівай цікавасці, яшчэ пару старонак дзённіка, ён разважаў інакш.
А можа, лепш зрабіць так, каб Ірына адкрылася яму? Памагчы ёй. Тады можа здарыцца, што ён адмовіцца ад Машы.
Славік лаяў сястру:
«Авечка! Да дваццаці двух год дажыла, інстытут канчае, а паводзіць сябе, як сямікласніца. Уздыхае, дзённічак піша!.. Дурніца!»
Узлаваўшыся, шыбануў тоўсты сшытак на ложак. Але праз хвіліну з пэўнай павагай палажыў дзённік назад у шуфляду.