Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Гэта праўда, — сказаў пан Латышэвіч. — А што ж казаць пра нашае сакавіцкае піва, пра мёд-трайняк! [162] Летась перад Калядамі паехаў я ў горад купіць сёе-тое на розныя хатнія патрэбы. У дарозе заспела мяне лютая бура: у Полацку начаваў у жыда ў халодным пакоі, відаць таму і застудзіўся. Наступнага дня балела галава і трасла мяне ліхаманка. Аднак, не маючы часу сядзець спакойна, цягаўся па горадзе і купіў усё, што хацеў. Меў яшчэ інтэрас быць у кляштары езуітаў: там на калідоры спаткаў мяне айцец Попэ, якому быў даручаны нагляд за піўніцаю [163] ,
162
Мёд-трайняк — моцны пітны мёд.
163
Піўніца — падвал, дзе захоўвалі напоі.
— Чаму ты змяніўся з твару і такі неспакойны? Відаць, нездаровы?
— Нездаровы, — адказваю. — Ехаў у непагадзь, а цяпер маю халодны пакой у жыда, дык і прастудзіўся.
— Я вылечу, — сказаў ён.
Завёў мяне ў піўніцу, наліў велізарны кухаль трайняку. Калі я выпіў, адчуў, што па ўсім целе разлілося цяпло, выступіў пот і прастуда прайшла.
— Прыемныя лекі! — сказаў Завальня. — Але нядаўна Базыль успамінаў пра нейкую дзіўную жабер-траву, якую прыкладаюць да скроні: тут нешта цікавае, зрабі ласку, раскажы нам. Будзем слухаць, не марнуючы часу. Што такое піва і мёд, ужо даўно ўсе ведаюць.
— О! Жабер-трава шмат паказвае цудаў, і дзіўныя ад яе дзівосы. Перад ёю траціць сілу агонь, чалавечае вока іначай глядзіць на свет і бачыць будучыню.
Сказаўшы гэта, цыган пачаў сваё апавяданне.
Апавяданне адзінаццатае. Жабер-трава
— Жыў некалі ў гэтым краі абазнаны цыган Шылка, які ведаў сілу духаў, што маюць уплыў на людское здароўе, лекаваў хворых, выведваў таямніцы лесу, прадказваў будучыню. Варожачы, ніколі не памыляўся, а таму адусюль сыходзіліся да яго параіцца старыя і маладыя.
Увечары, пакуль яго сям’я, што разышлася па наваколлі, збіралася ў шацёр, ён раскладваў розныя сухія зёлкі, што дапамагаюць жывёле і людзям, і калі ўрупіўся ў сваю працу, малады чалавек, якога звалі Адольф, ціха падышоў і перапыніў яго маўчанне:
— Як маешся, Шылка! Прыйшоў да цябе даведацца, які мяне лёс чакае, якая будучыня ў Альмы і што яна пра мяне думае?
Шылка ўзяў Адольфаву руку, нахмурыў лоб і, моўчкі гледзячы колькі хвілін на далонь, ківаў галавою і паціскаў плячыма: нарэшце глянуў яму ў вочы і сказаў:
— Не пытайце, пане, ні пра лёс Альмы, ні пра сваю будучыню.
— Чаму? Хачу ведаць, хачу як найхутчэй сарваць заслону з вачэй.
— Прыкладзі да скроні жабер-траву [164] . У такія маладыя гады спадзе з вачэй сатканая з пекных колераў заслона, што закрывае ад цябе будучыню.
— Хачу мець гэтую траву.
— Маеш шмат цікавасці, але ці столькі ж у цябе адвагі? — спытаўся Шылка.
— Скажы, дзе расце — дайду і апоўначы, і сярод дзікіх звяроў.
164
Паводле цыганскiх паданняў, яна расце ў воднай глыбiнi, засцерагае ад пажараў i вучыць згадваць будучыню.
— Ідзі туды, дзе бачыш з левага боку дзве пясчаныя гары, а ўнізе, на імшарыне, растуць дробныя бярозы і вербы. Бераг возера парос густым трысцём, а на тым месцы, адкуль пачынаецца галявіна, убачыш палю: вытыркаецца з-пад вады, нібы шчогла,
Там з глыбіні вытыркаюцца велізарныя вострыя камяні, а сярод іх — ясная, як зорка, свеціцца пад вадою жабер-трава. Дух Фарон [165] зладзіў там сабе жытло, упадабаў ён гэтыя зёлкі. Калі ціхае надвор’е і яснае паўдзённае сонца свеціць на небе, ён, самотны, сядзіць у глыбіні, абапёршыся правай рукою на дзікі камень і пазіраючы на ясную жабер-траву, засынае ў чароўных малюнках будучыні.
165
Адзiн з васьмi духаў, што мае ўплыў на людзей.
Калі сядае сонца, гэты дух пакрывае жабер-траву моцнаю сеткаю з раслін, якія там, накшталт хмелю, спляліся вакол дзікіх камянёў так, каб рыбы і вірлівая вада не маглі калыхнуць яе лістоты. Сам жа выходзіць з возера, на вадзяных туманах выплывае ў поле, наведвае лагі і ўзлескі.
Заўтра, калі воблакі не схаваюць сонца і возера будзе спакойнае, як шыба, у самую спякоту (дапільнуй гэтую хвіліну) зайдзі ў возера і ідзі пад вадою да самага Фаронавага прытулку: ён будзе спаць, абапёршыся на камень, а адкрытая жабер-трава — свяціцца на сонцы. Сарві лісцік, але не вяртайся назад, бо трэба перайсці ўсё возера. На другім баку, прыклаўшы жабер-траву да скроні, хутка ўбачыш дзівы і даведаешся сваю прышласць.
— Ці ж я рыба, — сказаў Адольф, — каб здолеў перайсці пад вадою ўсё возера?
— Трымай вось гэта ў роце, і нічога благога з табою не будзе.
Кажучы так, Шылка даў яму кавалачак нейкае кары.
Паўдня. Адольф усе глыбей заходзіў у ваду, нарэшце схаваўся зусім. Праходзячы там, дзе жывуць нямыя і халодныя стварэнні, ён страчаў дзіўных стогаловых і станогіх празрыстых істотаў, якія прачыналіся ад здранцвення, узнімалі плечы і зноў засыналі на дне. Калі падышоў да месца, убачыў жабер-траву. Як крышталь на сонцы, адбівалі яе лісцікі яркае святло, а дух Фарон, схаваўшыся ў зеляніне і абапёршыся на камень, адпачываў, нагадваючы вялізны куст багавіння. Над ім і над жабер-травою мітусіліся тысячы вадзяных істотаў. Адольф сарваў лісцік і, не будзячы духа, пакінуў гэтае месца і пайшоў далей.
Выбраўшыся з вады, дыхнуў на поўныя грудзі, выйшаў на другі бераг возера, адпачыў на зялёнай лугавіне і, прылажыўшы да скроні халодны лісцік жабер-травы, умомант адчуў у сабе перамены: перад яго вачыма з’явіліся зусім іншыя краявіды.
Там, на пагорку, сярод бярэзін стаяў мураваны касцёлік, — а цяпер ад дрэў тых толькі пянькі тырчаць з зямлі, касцёл у руінах, без дзвярэй і даху. Дзе была вёска — цяпер пустка, дзве толькі засталіся старыя грушы, якія нядаўна ён бачыў у садзе. Тут жа, ля яго, некалі каласілася буйное жыта — цяпер тая ніва пакрыта дзікаю травою, быццам некалькі гадоў не бачыла ратая.
Трывога агарнула яго сэрца; адышоўся ад возера і пайшоў далей аглядаць тую ваколіцу, якую колькі дзён таму перамераў нагамі са стрэльбаю за плячыма, і ўсюды бачыў вялікія перамены.
Зайшоў далёка, забыўся, якой дарогаю вяртацца, а сонца ўжо нізка. Ідучы хуткай ступою, пазіраў, ці не сустрэнецца дзе чалавечае жытло, каб адпачыць, пераначаваць ды распытаць, у які край заблукаў.
Калі дзень ужо патух і густы змрок лёг на лагі, Адольф падышоў да зусім незнаёмае вёскі. Каля аднаго дома грала музыка, скрыпач і дудар выціналі вясёлы танец, а некалькі маладзёнаў скакалі на вольным паветры.