Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Адольф, стаўшы непадалёку, глядзеў на танцораў. І тут ён пачуў, як колькі пажылых незнаёмых людзей так гаманілі між сабою:
— Ці не сорам ім скакаць? — сказаў першы. — Цяпер такія цяжкія часіны! Усюды нястача.
— Думаеш, яны маюць душу? — кажа другі. — Кажуць часам добра, а робяць зусім інакш, не разумеюць, што гэта кара Божая.
Сустрэча гэтая так уразіла Адольфа, што ён не мог ім і слова сказаць. Хутчэй пакінуў гэтую мясціну, абмінуў усе хаты і заначаваў у карчме пры вёсцы.
На ўзыходзе сонца ён падрыхтаваўся да падарожжа, паведаміў гаспадару, дзе жыве, і запытаўся ў яго, якою дарогаю трэба яму вяртацца дадому.
— Першы
Здзіўлены Адольф пачаў распытваць вяскоўцаў і ад усіх чуў тое самае, што ўжо паведаміў яму карчмар. Тады падрыхтаваўся да далёкага падарожжа: купіў на некалькі дзён ежы і з кульбакаю за плячыма пайшоў далей, кіруючыся на поўдзень.
Тым часам надвор’е перамянілася. Загрымела ў небе, і Адольф убачыў чорныя хмары, падзьмуў вецер; не бачачы блізка ля дарогі чалавечага жытла, ён паспяшаўся ў лясны гушчар, каб хоць пад шатамі ялін схавацца ад залевы.
Бачыць там нейкага старога. Сядзеў ён на спарахнелым пні, угары шумелі хвоі, а на галаве яго вецер кудлаціў белыя валасы. Падышоў бліжэй і, угледзеўшыся добра, пазнаў цыгана Шылку. Стары падняўся і, кланяючыся, сказаў:
— Дзень добры, пане Адольф!
— Ах! Гэта ты, Шылка! Ледзь пазнаў цябе. Чаму ты так хутка пастарэў? Колькі дзён таму назад бачыў цябе, дык не меў ты яшчэ сівізны на галаве, а цяпер — валасы як малако.
— Не, пане Адольф, не колькі дзён таму. Ужо мінула больш за дзесяць гадоў, як ты мяне бачыў. Скажы, паніч, куды ідзеш?
— Не ведаю, дзе мой дом, дзе я цяпер, куды выведзе гэтая дарога, і неба хаваецца за хмары, і навальніца над галавою.
— Не хутка будзе такое добрае надвор’е, якое было тады, як я апавядаў табе пра жабер-траву і пра духа Фарона. Панскі дом далёка, знаёмыя і прыяцелі ўжо рэдка ўспамінаюць тваё імя, мяркуюць, што даўно развітаўся ты з гэтым светам.
— Скажы ж мне, Шылка, якою дарогаю ісці мне дахаты?
— Ідучы праз гэты дзікі лес, убачыш тры дарогі. Злева і справа — шырокія шляхі, а між імі — вузкая і ўтравелая сцежка, што ідзе праз камяністае поле і цёмныя пушчы. Не бойся ісці далей па гэтай вузкай сцежцы, не глядзі на шырокія дарогі злева і справа. Раскажу, што сустракаюць людзі, якія едуць і ідуць туды, каб падарожнічаць з выгодамі.
Леваруч цудоўныя малюнкі чаруюць вока. Зелянеюць пагоркі, на дрэвах даспявае салодкая садавіна, лугі раскашуюць духмянымі краскамі, азёры спакойныя і ясныя, як люстэркі, у вадзе люструюцца воблакі і дрэвы, што растуць на беразе, звіняць крыніцы, чыстыя, як крышталь, і гамоніць ад подыху лагоднага ветрыку лістота ў пекных гаях.
Але там на лугах і ў гаях гуляюць русалкі, на галовах у іх пекныя вянкі з валошак, вусны іх каралавыя, вочы ясныя, доўгія валасы падаюць на плечы, яны ветліва страчаюць вандроўнікаў. Адны з іх — легкадумныя, заўсёды вясёлыя, скачуць і спяваюць, вабяць да сябе, смешаць жартоўнаю гаворкаю, завабліваюць у цёмныя лясы; заблукаўшы там, няшчасны падарожны ніколі не выйдзе на дарогу. Іншыя — маркотныя, у вачах меланхолія, словы іхнія хвалююць, пяшчотныя песні раняць сэрца, як страла, акунаюць думкі ў смутак і, давёўшы гэтымі чарамі да роспачы, уцякаюць прэч.
Праваруч — высокія горы, а на іх — велічныя замкі, там шмат золата і срэбра, гаспадары гэтых гмахаў пагарджаюць беднасцю і пакутамі, але і самі пакутуюць, бо апоўначы ў іх салонах скачуць шкілеты, мучачы лютым страхам і гасячы ўвесь бляск
Дык бывай, пане, не магу я ісці з табою, бо кіруюся ў супрацьлеглы бок.
Сказаўшы гэта, Шылка закінуў за плечы кульбаку і пайшоў павольнаю ступою.
Адольф заходзіць у лес. Дзень быў хмурны, вецер шумеў у густых галінах; юнак задумліва ўспамінаў мінулае, якое здавалася яму ўчарашнім днём. Выняў лісцік жабер-травы, які нёс з сабою загорнуты ў паперу, падзівіўся з незразумелае яго сілы, пашкадаваў, што адважыўся ісці ў падводную краіну да духа Фарона, убачыў, да чаго давяло яго жаданне ведаць будучыню, схаваў зноў свой лісцік, уздыхнуў і пайшоў далей.
Прыйшоў на тое месца, пра якое апавядаў Шылка, і, не глянуўшы на дзве шырокія дарогі справа і злева, пайшоў вузкаю сцежкаю праз камяністыя палі і цёмныя пушчы.
Ішоў самотны, не меў каму і слова сказаць. Рэдкі чалавек насмеліцца ісці праз гэтае месца; бачыць толькі, як перапалоханы дзікі звер хаваецца ў гушчары, чуе толькі стук дзятлаў на сухіх хваінах і крыкі соек.
Прыйшоў вечар. Змардаваны дзённым падарожжам, Адольф прылёг на пагорку і, паклаўшы галаву на камень, заснуў. Спаў моцна, але нядоўга; ледзь заранка ўзышла на небе, заспяшаўся, каб дзе-небудзь напаткаць чалавечую хаціну і пераначаваць пад страхою.
Ідучы далей, узышоў на гару, але і адтуль не ўбачыў нідзе людзей, адно густы, як імгла, дым падымаўся недалёка за бярозавым гаем. Ледзь падышоў да таго месца, як выходзіць з гаю нейкая кабета — высокага росту, у белай сукні, твар заліты слязьмі, і, трымаючы ў руцэ меч, спыняецца каля дарогі [166] .
…………………………………………………
…………………………………………………
Заспяваў певень.
— Вось цяпер ужо не на перамену надвор’я, — сказаў дзядзька. — Самая поўнач, прыйшоў Новы год, страчайма госця. Але якімі навінамі ён нас пацешыць?
166
Наступныя два радкі, мажліва, выкрасліў цэнзар Ігнат Іваноўскі або сам аўтар, чытаючы карэктуру.
Сказаўшы гэта, ён наліў у шклянкі палёнкі, і ўсе пілі, узаемна зычачы шчасця ў доме, здароўя, багатых ураджаяў на нівах.
Пан Латышэвіч, выпіўшы да дна, паставіў шклянку на стол і сказаў:
— Мы не ведаем, што будзе, у адным толькі пэўныя: з кожным годам нас, старых людзей, усё меней. Абы толькі Бог захаваў маладых, каб былі цнатлівыя і не забывалі звычаі і звычкі сваіх продкаў!
— Ат, пан Латышэвіч, успамінаючы пра смерць, псуе нам добры настрой. Такое рабіць няварта, — сказаў Базыль. — Аж на мяне напаў смутак, і здаецца, быццам і не піў нічога. Навошта казаць цяпер пра такія рэчы? Я — цыган, маю адно каня, а яшчэ не хачу ехаць на той свет.
Сказаўшы гэта, ён наліў сабе яшчэ шклянку і выпіў, зычачы ўсім здароўя і гумору.
— Базыль, як я заўважыў, — сказаў Сівоха, — чалавек чуллівы, яго кранае кожнае слова, аднак трэба памятаць, што ён яшчэ не закончыў свайго апавядання.
— Праўда, не закончыў. Можа, калі-небудзь закончу.
Дзядзька зноў наліў шклянкі і, падаючы адну сляпому Францішку, сказаў:
— Пан Францішак сёння ўвесь час задумлівы і журботны. Выпі з намі. Жадаю вам і дзецям вашым шчасця. Няхай неба блаславіць усіх добрых людзей, пашле нам ураджай і шчаслівыя дні.