Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Дзікан пабег і неўзабаве прывёў дрывасекаў з валакушай.
Галоўны ляснік загадаў сялянам:
— Падыміце гэтага шэльму, кіньце на валакушу і цягніце ў горад.
Дрывасекаў было трое. Гэта былі беднякі, апранутыя ў грубыя курткі з валовай шкуры, на нагах чаравікі з накладнымі халявамі, валасы ўскудлачаныя. Двое з іх, старыя сяляне, паспешліва кінуліся выконваць загад. Яны баяліся жорсткіх леснікоў. Трэці, дужы, плячысты хлопец гадоў трыццаці, лена падаўся за імі. Утрох яны паднялі з зямлі Робін Гуда і кінулі на валакушу — дашчаны шчыт на ясеневых палазах. Потым яны ўзяліся
Праз паўмілі пачаўся каляіністы, з калдобінамі прасёлак. Валакушу то падкідала ўгору, то шпурляла ў бакі разам з жывым грузам, загорнутым у аленевую шкуру. Робін не зляцеў з валакушы толькі таму, што з абодвух бакоў дашчанага шчыта былі драўляныя стойкі. Яго кідала ў бакі, як бервяно, ён стукаўся аб стойкі, а злосныя каралеўскія леснікі заходзіліся ад рогату — так смешна было ім глядзець на пакуты бездапаможнага палонніка. Шкура высыхала і сціскала яго, як абцугамі. Робін ледзь стрымліваў крык ад болю — сцяў зубы і маўчаў, бо ведаў: стогны толькі парадуюць яго мучыцеляў.
Раптам валакуша перастала падскокваць — спынілася. Галоўны ляснік падскочыў да маладога вяскоўца і аперазаў яго дугой лука па плячах.
— Во шэльма! — закрычаў галоўны ляснік. — Ты цягнеш напаўсілы! Можа, хочаш паказаць нам, ахоўнікам лесу, сваю ўпартую саксонскую натуру? — і на галаву і плечы селяніна пасыпаўся град удараў.
Рука маладога дрывасека пацягнулася да тронак кароткага і шырокага нажа, што быў засунуты ў яго за пояс. Але, пачуўшы трывожны вокліч аднаго са старых сялян, ён адвёў руку і павалок валакушу, як конь, якога агрэлі бізуном.
— Уіл, сынок! — сказаў стары зрывістым ад хвалявання голасам. — Цягні, цягні! He гняві пана галоўнага лесніка.
— Во, во, правільна кажаш, стары, — ухмыльнуўся гвалтаўнік. — Добрая парада. Уілу лепей не гнявіць мяне. Цягні, саксонскі сабака! — і зноў разоў шэсць агрэў лукам свавольніка.
Вочы маладога сакса бліснулі з-пад кудлаў, але, нахіліўшы галаву, нібы ідучы супраць ветру, ён пакорліва і старанна цягнуў валакушу.
— Шынок! Шынок! — праз нейкі час закрычаў Губерт. — Сябры, давайце зробім тут прывал. Прамочым горла пасля такой доўгай дарогі.
Астатнія згадзіліся з ім. Валакуша спынілася каля дзвярэй маленькай карчомкі, і леснікі загадалі гаспадару вынесці віна.
Калі яны стаялі, папіваючы, адзін з леснікоў раптам закрычаў:
— Гляньце! Сюды ідзе цэлы атрад нашых таварышаў, і зірніце, каго яны вядуць!
Між дрэў да сялібы набліжаліся яшчэ пяць леснікоў. Яны вялі з сабой двух чалавек са звязанымі рукамі.
— Цудоўна! Цудоўна! — усклікнуў галоўны ляснік, сам не свой ад радасці.— Яны схапілі двух бандытаў, што хаваліся ў лесе. Шэрыф аж заскача, як убачыць гэтых нягоднікаў і нашага малойчыка. Малайцы, хлопцы, як вы іх злавілі? — крыкнуў ён і паспяшаўся насустрач атраду леснікоў.
Яго людзі гурмой павалілі за ім. Яны не баяліся, што Робін Гуд уцячэ, і нават думкі не дапускалі, што саксонскія дрывасекі асмеляцца хоць крок зрабіць без іхняга дазволу.
I ўсё ж першы кінуўся ўцякаць той самы стары, што ўгаворваў маладога дрывасека пацярпець. Ледзь толькі леснікі адышліся, ён выпусціў з рук вяроўку і бясшумна пабег
Малады дрывасек таксама памкнуўся бегчы, але зірнуў на валакушу і спыніўся. Робін маўчаў, каб не насцярожыць леснікоў, а позірк гаварыў больш за словы. Уіл укленчыў каля валакушы, выхапіў з-за пояса нож і хуткімі спрытнымі рухамі вострага ляза разрэзаў путы на Робін Гудзе.
Робін вылузаўся са скрутка, схапіў свой лук і калчан са стрэламі, што былі начэплены на стойкі валакушы, як рэчавыя доказы яго злачынства, якія леснікі хацелі паказаць нотынгемскаму шэрыфу, і прыпусціўся за Уілам.
— Хоб! Хоб! — ціхенька паклікаў Уіл на хаду. — Уцякай следам за намі!
Хобам звалі старога дрывасека, што стаяў, вылупіўшы вочы на тлумны натоўп леснікоў, якія радаваліся сустрэчы. Ён азірнуўся на голас Уіла і ажно разявіў рот ад здзіўлення, убачыўшы, што яго таварышы ўцякаюць.
Як на тую бяду, ціхі вокліч Уіла галоўны ляснік усё ж пачуў. Ён рэзка крутнуўся, убачыў пустую валакушу і зароў на ўсё горла:
— Гэтыя нягоднікі ўцякаюць! Яны вызвалілі арыштанта! За імі, хлопцы! Схапіць іх жывымі ці мёртвымі! — а сам нацягнуў цеціву да самага вуха.
Хоб няўклюдна бег за таварышамі, як раптам чамусьці вырашыў, што лепш уцякаць проста ў лес. Але страла з гусіным апярэннем дагнала яго і ўваткнулася між лапатак. Ён упаў ніцма на траву і знерухомеў, толькі гнуткая страла яшчэ некалькі імгненняў трымцела ў спіне мёртвага дрывасека.
Раздзел другі
Як Робін Гуд зрабіўся разбойнікам (працяг)
Праз вузкі праход паміж хатамі Робін Гуд выбег у невялікі двор якраз у той момант, калі Уіл пералазіў цераз драўляны паркан. Старога дрывасека ўжо і след прастыў. Робін шпарка пранёсся ў дальні канец двара, паставіў нагу на папярэчыну ў плоце і пераскочыў на другі бок. За агароджай мясціна была адкрытая, і відаць было, як да блізкага лесу імчыцца стары дрывасек, а крыху ззаду бяжыць Уіл.
Робін з усіх ног кінуўся следам, каб разам з сялянамі схавацца ў лесе. Калі ён амаль дабег да ўзлеску, пачуў ззаду крыкі. Ён азірнуўся і над штыкецінамі ўбачыў некалькі галоў праследавацеляў. Робін весела крыкнуў ім нешта насмешліва-дзёрзкае, бо ведаў: у гушчары леснікі не знойдуць уцекачоў, выратаванне было ўжо блізка.
Юнак уляцеў пад шаты дрэў і крыху воддаль убачыў Уіла. Малады дрывасек чакаў яго.
— Сюды! Сюды! — крыкнуў яму Уіл, і Робін пабег да яго.
I тут ён убачыў старога селяніна, які трухаў па вузкай сцяжынцы, і Уіл з Робінам пабеглі за ім. Стары прывёў іх да балота і там пачаў пераскокваць з купіны на купіну, папярэджваючы, каб яны траплялі ў яго след, бо інакш з галавою праваляцца ў зыбучую твань. Неўзабаве яны зноў ступілі на цвёрдую зямлю. Стары спыніўся пад вялікім дубам і прысеў адпачыць на тоўсты корань, што вытыркаўся з зямлі.