Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
Але старац настойліва прасіў літасці, маліў не забіваць яго.
— Паны дабрадзеі,— прасіў-маліў старац. — Якая вам карысць, калі вы пазбавіце жыцця нейкага жабрака? Адпусціце мяне з мірам, і я сам аддам вам усё, што ёсць у маёй сумцы: сто фунтаў золатам ды яшчэ трохі серабра. Я збіраў усё гэта не год і не два, але чалавеку лепш
— Ты чуеш, што кажа гэты шэльма? — абурыўся Джордж-а-Грын. — У яго жабрацкім кашальку цэлых сто фунтаў і нават больш! He, сапраўды, пра чалавека нельга меркаваць па яго адзежы. Знешнасць падманлівая.
— А я ўжо даўно гэта ведаю, — усміхнуўся Маленькі Джон. — He раз даводзілася пераканацца, што ў наш трывожны век дзіравы плашч прыкрывае вялікае багацце. Што ж, выкладвай, што ты там назбіраў. Паглядзім, колькі ў цябе грошай.
— З вялікім задавальненнем, — сказаў жабрак. Ён адшпіліў ад раменьчыка вялікую скураную сумку і асцярожна, з намаганнем, нібы цяжкі груз, апусціў на зямлю. У вузкай лагчыне падзьмуў моцны вецер. Пад яго раптоўным подыхам лахманы старца ўзвіліся. Ён павярнуўся спінай да разбойнікаў, нібы хаваючыся ад ветру, і нахіліўся над сумкай. Маленькі Джон і Джордж-а-Грын уважліва сачылі за кожным рухам жабрака.
Жабрак засунуў абедзве рукі ў сумку і раптам падняў іх угору. Але не грошы былі ў яго ў жменях, а мука, і ён сыпануў яе проста ў твар разбойнікам. У Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына адразу пацямнела ўваччу і заняло дыханне. Мука зацерушыла ім вочы, забіла ноздры, рот і ўсё сыпалася і сыпалася, пакуль яны зусім не аслеплі і не пачалі задыхацца. А тут яшчэ моцны вецер узвіхурыў муку, схаваўшы за непрагляднай белай пялёнкай каварнага і спрытнага жабрака.
Жменю за жменяй кідаў ён муку ў твары разбойнікаў і напаследак рэшткі вытрас ім на галовы. Небаракі намагаліся нешта крычаць, але мука душыла іх, яны сутаргава хапалі ротам паветра, намагаючыся выціснуць нейкія словы, няшчадна церлі вочы, але ад гэтага ім рабілася яшчэ горш.
Раптам старац скочыў і схапіў свой кій, які тырчаў у зямлі там, дзе яго ўваткнуў Маленькі Джон.
— Што гэта з вамі, паны дабрадзеі?! — закрычаў жабрак. — Ой, здаецца, я нарабіў вам бяды, запэцкаў мукой вашу вопратку! Дык, калі ласка, я памагу выбіць вашы куртачкі,— і пачаў бязлітасна малаціць цяжкім кіем няшчасных разбойнікаў. Бух! Бух! — апускаўся кій жабрака на спіны і плечы Маленькага Джона і Джорджа-а-Грына. Мука зноў белым воблакам заклубілася вакол іх, і яны, як сляпыя шчаняты, тыцкаліся ва ўсе бакі, выстаўлялі рукі, шукаючы свайго крыўдзіцеля, але той лёгка ўхіляўся ад іх і няшчадна малаціў па галаве, па спіне, па плячах, нібы цэпам па снапах.
Нарэшце небаракі зразумелі: выйсце ёсць толькі адно — ратавацца ўцёкамі. Адчуваючы боль ва ўсім целе, яны задалі драпака па лагчыне, ледзь разбіраючы дарогу.
— Куды вы спяшаецеся? — крычаў жабрак і бег за ўцекачамі, якія імчаліся, спатыкаючыся аб карані і апалае вецце. — Пачакайце адну хвілінку! Я з вамі яшчэ не разлічыўся! He бойцеся, я не жмінда!
Але Маленькаму Джону і Джорджу-а-Грыну ўжо досыць перапала
— Ага, вы не маеце часу! Дык вось вам апошняе маё бласлаўленне на дарогу! — жабрак дагнаў іх і з усяе сілы агрэў іх па чарзе кіем, павярнуўся і пайшоў сваёй дарогаю.
Калі Маленькі Джон і Джордж-а-Грын пераканаліся, што жабрак пакінуў іх у спакоі, яны спыніліся каля ручая і прамылі вочы. Да іх вярнуўся зрок. А жабрака ўжо і след прастыў. Ён знік у лесе, як іголка ў стозе сена. Давялося ім ні з чым вяртацца да атамана і Уіла Скарлета.
— Што такое? — здзівіўся Робін Гуд, убачыўшы іх белыя постаці.— Што з вамі здарылася? Вы пайшлі за жабраком, але, відаць, набрылі на млын і з галавы да ног запэцкаліся мукой.
Маленькі Джон шырока ўхмыльнуўся. Хоць яму і шмат перапала, але пачуццё гумару перамагло.
— Мы схапілі яго, нікуды ён ад нас са сваім кашальком не ўцёк. Нават сам прапанаваў нам выкуп, — і Маленькі Джон расказаў усё, як было: і пра муку, і пра кій.
Робін Гуд і Уіл Скарлет не маглі ўтрымацца ад смеху. Уіл аж заходзіўся ад рогату, бо адзін ён не пакаштаваў жабрацкай палкі.
— Што ж тут скажаш, жабрак нас адолеў,— зазначыў Робін Гуд, бо паважаў смелых і спрытных праціўнікаў.— Давядзецца нам вяртацца, акрамя сінякоў і шышак, з пустымі рукамі. I здаецца, ён пакалаціў вас абодвух куды горш, чым мяне.
— Я акрыяю толькі праз тыдзень, — прабурчаў Маленькі Джон.
— На мне жывога месца не засталося, — паведаміў Джордж-а-Грын.
— Думаю, нам лепш нікому нічога не расказваць, — сказаў напаследак Робін Гуд, — бо мы зняславім сябе павек. Гэта ж трэба, каб нас збіў нейкі старац!
Маленькі Джон і Джордж-а-Грын не мелі, вядома, ніякай ахвоты выстаўляць сябе на пасмешышча, але Уіл Скарлет, відаць, палічыў, што гэтай смешнай гісторыяй нельга з кім-небудзь не падзяліцца, бо неўзабаве яна пайшла гуляць па краіне. Склалі нават баладу і доўга яшчэ спявалі ў народзе пра сустрэчу Робін Гуда і яго слаўных стралкоў з жабраком, у якога торба была набіта мукой.
Раздзел чатырнаццаты
Біскуп Герфардскі i аўчары
Ясным сонечным ранкам, праз некалькі дзён пасля злашчаснай сустрэчы з жабраком, Робін Гуд сядзеў на бервяне каля пячоры, што служыла прытулкам яму і яго людзям, і ладзіў лук. На міг адарваўшыся ад свайго занятку, ён убачыў, што да яго шыбуе шавец Лоб. Лоб ужо ачуняў пасля хваробы і цяпер ішоў у Шэрвудскі лес з важнай весткай.
— Навіна, атаман, навіна! — сказаў шавец, падышоўшы.
— Пра каго і пра што, добры Лоб? — спытаў Робін Гуд.
— Пра біскупа Герфардскага.
Робін Гуд насупіў бровы, бо пасля вянчання Алана-а-Дэйла біскуп Герфардскі зрабіўся злейшым ворагам Робін Гуда. Робін Гуд узненавідзеў біскупа за яго прагнасць і жорсткасць.
— Расказвай, Лоб! — загадаў Робін Гуд.
— Біскуп цяпер у Нотынгеме, — паведаміў шавец, — а заўтра паедзе праз Барнасдэйлскі лес. Ён сабраў арэндную плату за царкоўныя землі. Яго грашовыя сумкі напакаваны золатам і серабром, бо ён прымусіў арандатараў разлічыцца поўнасцю, хоць час цяпер цяжкі і грошай у людзей мала. Забраў апошні пені ад удоў і сірот, не паменшыў ні на грош непасільных пабораў.