Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
— Так! — спакойна прамовіў Робін Гуд. — Думаю, пара ўжо добра правучыць гэтага пыхлівага біскупа. Я запрашу яго на абед.
Шавец усміхнуўся. Ён ведаў, што гэта значыць. Багацей-прыгнятальнік, якога пачастуе абедам Робін Гуд, павінен шчодра расплаціцца.
Назаўтра раніцай Робін Гуд і вялікі атрад стралкоў рушылі ў Барнасдэйлскі лес, праз які павінен быў ехаць біскуп Герфардскі.
— Упалюйце аленя, — сказаў Робін Гуд,— I яго асвяжуйце як след. СённяЗабітага аленя прынеслі на зялёную палянку пры лясной дарозе, і каля яго засталіся Робін Гуд і яшчэ шэсць чалавек. Астатнія схаваліся за дрэвамі і ў хмызняку.
Робін Гуд і шасцёра яго людзей былі апрануты як бедныя аўчары. Замест ярка-зялёных куртак на іх былі старыя падраныя накідкі з шэрай байкі, а замест лукаў і мячоў — пастуховыя кіі з кручкамі на канцах. Яны мелі самы мірны выгляд, таму біскуп Герфардскі, які ехаў з вялікай узброенай світай, прыняў іх за простых аўчароў, што вырашылі крыху адпачыць і павесяліцца, бо разбойнікі паспелі ўжо развесці вялікае вогнішча і цяпер весела скакалі вакол яго.
Але калі ён пад’ехаў бліжэй і ўбачыў каля вогнішча тлустага аленя, якога збіраліся смажыць, яго ахапіў гнеў. Ён быў упэўнены, што ніхто, акрамя дваран і высокіх царкоўных асоб, не мае права есці смачнае мяса аленяў, і вырашыў, што натрапіў на гняздо вандроўных браканьераў.
— Што вы робіце? — біскуп ажно вар’яцеў.— I чаму узнялі гэткі тлум? Каралеўскіх аленяў вялікіх б’яце, He з’ясце усё. Рэшта у глум? — Пастухі мы, — яму адказаў Робін Гуд,— Мы авечак пасём круглы год. А сёння прыйшлі ў каралеўскі Шэрвуд Адпачыць і насыціць жывот.Пачуўшы дзёрзкі адказ, біскуп ледзь не ашалеў ад злосці. Нечуваная абраза! Яшчэ не было выпадку, каб пастухі не станавіліся перад ім на калені з найвялікшай пачцівасцю. Ды вось знайшоўся ж нейкі хам, што размаўляе з ім гэткім задзірлівым тонам.
— Ах вы зладзеі, нягоднікі! — зароў ён. — Вы будзеце гайдацца на вісельні! Гэта дакладна, як і тое, што я — біскуп Герфардскі. Кароль будзе ведаць пра ваша злачынства і доўга не думаючы пашле вас на шыбеніцу.
— Даруйце нам, даруйце! — сказаў Робін Гуд. — Біскуп павінен мець літасцівае сэрца. Ганьба ляжа на вас, пан біскуп, калі вы забераце столькі жыццяў за аднога забітага аленя.
— Ніякай вам літасці! — гневаўся біскуп. — Мы арыштуем вас, і вы адкажаце за ўсё перад каралём.
Ён падаў знак сваёй свіце, і некалькі ўзброеных чалавек выйшлі наперад, каб схапіць пастухоў. Робін Гуд спрытна адскочыў убок, прыхіліўся спінай да дуба і дастаў з-пад падранага байкавага плашча сігнальны ражок. Ён паднёс яго да рота і так звонка і пранізліва затрубіў, што біскуп і ўся яго світа знямелі ад здзіўлення, а праз момант яшчэ і ад страху, бо з-за кожнага дрэва, з-за кожнага куста выскачылі людзі.
Біскупавы людзі зразумелі, што трапілі ў засаду, і кінуліся ратавацца. Біскуп памкнуўся за імі, ды занадта паспешліва завярнуў свайго каня, той спатыкнуўся і паваліўсяна зямлю. Біскуп вылецеў з сядла, але не так пабіўся, як перапужаўся. Маленькі Джон падскочыў і падняў яго. Біскуп зразумеў, што ён апынуўся ва ўладзе тых самых людзей, якім нядаўна пагражаў шыбеніцай.
— Знаёмся, гэта біскуп Герфардскі,— са смехам сказаў Робін Гуд Маленькаму Джону, — і ад яго нам не будзе ніякай літасці. На шчасце, яна нам цяпер і не патрэбна.
— Галаву яму з плеч ці на сук, — прагрымеў бас Маленькага Джона.
Прапанова Маленькага Джона перапалохала біскупа да смерці. Яго тлусты твар збялеў. Цяпер ужо настала яго чарга прасіць літасці.
— Даруйце, даруйце мне, — біскуп маліў,— Няўжо блізіцца смертны мой час? Дарогай бы гэтаю я не хадзіў, Каб ведаў, што стрэну тут вас.— Ну, вядома, не хадзіў бы, — сказаў Робін Гуд. — Але мы вам не даруем. Пойдзеце з намі ў лес.
Хочаш не хочаш, давялося біскупу Герфардскаму ісці з Робін Гудам. Лугавымі і ляснымі сцежкамі дабраліся яны неўзабаве ў глухую, патаемную мясціну, дзе быў прытулак разбойнікаў.
На паляне гарэла яркае вогнішча. Некалькі чалавек гатавалі на агні ежу, а брат Тук наглядаў за імі і даваў настаўленні.
Калі біскуп убачыў чалавека ў манаскім адзенні, у яго з’явілася надзея, што ён знойдзе дапамогу з боку сабрата па царкве, і падышоў да яго. Але Тук не звярнуў на яго ніякай увагі. Ён то крычаў нешта кухарам, то прабіраў аднаго з іх за тое, што падгарэла цэлая патэльня адбіўных. Біскупу нічога не заставалася, як адысці ад манаха ні з чым.
Неўзабаве ўсё было гатова да абеду. Ад смажанай аленіны ішоў такі смачны пах, што ў біскупа слінкі пацяклі. Гэтай раніцай ён шмат ездзіў і хадзіў, і свежае лясное паветра нагнала яшчэ большы апетыт.
Брат Тук прачытаў малітву, і ўсе ўзяліся за яду. Біскуп Герфардскі ачысціў сваю талерку амаль адначасова з астатнімі — разбойнікі таксама добра выгаладаліся. Пад рукой у яго стаяў вялікі кубак. Спачатку ў ім быў эль, a потым чырвонае віно. Біскуп еў і піў, нібы жывот яго быў прорвай. Калі біскуп адваліўся ад яды, дзень ужо быў на зыходзе.
— Мне пара ехаць, — сказаў ён. — Падайце рахунак. Колькі з мяне за абед?
— Ну што ж, — сказаў Робін Гуд, — ваша светласць мае рацыю. Пасля таго як госць добра падсілкуецца, трэба разлічыцца. Але хто ж зробіць падлікі, пане біскуп?
Біскуп абвёў позіркам прысутных і крыху падумаў.
— Я хацеў бы, каб рахунак склаў вось гэты дастойны манах жабрацкага ордэна. — Тоўсты царкоўнік падціснуў губы і напусціў на сябе строгі выгляд. — Я ўпэўнены, што ён добры сын царквы нашай і не пакрыўдзіць ні мяне, ні вас, Робін Гуд.