Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
— Паверыш, добры ёмен, — сказаў кароль, — у мяне засталося толькі сорак фунтаў. Я быў у Нотынгеме разам з каралеўскім дваром і патраціўся на пачастункі высокім асобам, што прыехалі з каралём.
— Значыць, ты верны прыхільнік нашага караля Рычарда? — ажывіўся Робін Гуд.
— Ты не памыліўся, ёмен. Я люблю яго, як самога сябе.
— Гэтым ты збярог сабе палову грошай, пане абат. Аддай мне дваццаць манет, а астатнія дваццаць пакінь сабе на дарогу.
— Вялікі дзякуй, — падзякаваў абат. — Ты сціплы чалавек, ёмен. Я павінен сказаць, што прыехаў
Рычард дастаў з-пад плашча каралеўскую пячатку і паказаў яе Робін Гуду. Робін апусціўся на калена ў знак павагі да яе. Усе стралкі як адзін адкінулі на плечы капюшоны і стаялі з непакрытымі галовамі.
— Вось як! — здзівіўся кароль Рычард. — А мне гаварылі, ёмен, што ты здрадзіў каралю, злосна парушаеш яго законы і чыніш адно толькі ліха.
— He, пане абат, — сказаў Робін Гуд. — Я ненавіджу несправядлівых шэрыфаў і сквапных манахаў, гэта праўда. Але нікога на свеце так не люблю, як нашага доблеснага караля Рычарда Львінае Сэрца. Калі ты яго пасланец і маеш пры сабе яго пячатку, ты жаданы госць у Шэрвудскім лесе. Я запрашаю цябе пад наш запаветны дуб на абед у гонар яго вялікасці караля Англіі.
З гэтымі словамі атаман разбойнікаў узяў за аброць каня караля, і неўзабаве яны апынуліся каля магутнага дуба, пад якім заўсёды збіралася лясная дружына Робін Гуда. Тут ён затрубіў у ражок, і з лесу шэраг за шэрагам выйшлі прыгожа апранутыя і добра ўзброеныя малайцы і дружна сталі на калені перад сваім атаманам.
«Клянуся, — падумаў Рычард, — гэтыя разбойнікі больш адданыя свайму атаману, чым мае рыцары мне, каралю».
Хутка падалі шчодры абед. Абата і яго людзей запрасілі да стала. Рычард еў і піў са смакам.
Пасля абеду Робін Гуд сказаў свайму госцю:
— Цяпер, пан абат, паглядзіце, як мы бавім вольны час, а потым раскажаце каралю нашаму Рычарду.
Пачаліся спартыўныя гульні. Барацьба, паядынкі на дубінках і самае любімае спаборніцтва лясных стралкоў — стральба з лука.
У дальнім канцы паляны ўторкнулі ў зямлю доўгі тонкі прут. Яго трэба расшчапіць стралой надвае. Другой мішэнню служыў вянок з руж. Страла павінна трапіць усярэдзіну яго і не зачапіць ні лістка, ні пялёстка.
— Далекавата! — усклікнуў Рычард. — Да гэтых мішэняў сама мала пяцьдзесят крокаў!
— Правільна, — усміхнуўся Робін Гуд. — Якая карысць страляць па лёгкай цэлі? А яшчэ ў нас ёсць умова: хто прамажа, атрымае добрую аплявуху.
— А не робяцца ворагамі людзі пасля гэтага?
— He, пан абат. Аплявухі дае наш капелан, брат Тук, а царкоўная кара прымаецца з пакорай. Хадзі сюды, брат Тук, хутка пачнецца стральба.
Таўстун манах з жалем палажыў вялікі недаедзены кавалак пірага з дзічынай і падышоў да Робін Гуда. Ён павітаўся з абатам: прамармытаў нешта па-латыні. Абат адказаў яму на добрай лацінскай мове і спытаў:
— I ты б’еш іх з усяе моцы, брат?
— Вядома, з усяе, — адказаў брат Тук, — бо калі людзі нашы пачнуць
Пачалося спаборніцтва стралкоў. Рычард толькі дзіву даваўся майстэрству ёменаў у зялёных куртках. Але вось Мачу не пашанцавала, і страла праляцела міма прута. Няўдачніка адразу падвялі да дужага капелана, той размахнуўся — і Мач апынуўся на зямлі. Потым, усім на здзіўленне, схібіў Маленькі Джон. Ён не пацэліў стралой у вянок. I хоць быў ён волат волатам, але і яго зваліла на зямлю цяжкая рука брата Тука. Стралкі дружна зарагаталі, калі памочнік атамана расцягнуўся на траве. Няўдача напаткала і самога Робін Гуда: яго страла закранула вянок. Пад дружны рогат ён падышоў да брата Тука, які ўжо прымерваўся да ўдару, і, усміхаючыся, сказаў:
— Калі мне ўжо суджана прыняць кару ад святой царквы, дык дазволь, святы айцец, зрабіць выбар. Пан абат, будзьце ласкавы, пакарайце мяне сваёй рукой.
— He, атаман, — запярэчыў брат Тук, — я не дам табе выкруціцца ад заслужанага пакарання. Чаго можна чакаць ад гэтага лянівага абата? Удар яго — не мацнейшы за дотык трысцінкі.
— Годзе, манах, замаўчы! — не сцярпеў Рычард. — Ты не адзіны чалавек у сутане, у каго ёсць трохі сілы ў руцэ!
— Нічога ў цябе ў руцэ няма, — пагардліва сказаў манах. — На вось, стукні мяне. Я нават не пачую, што нешта даткнулася да майго вуха.
— Ах так! — падхапіўся абат. — Дык давай дамовімся, манах. Я падстаўляю пад твой кулак сваю галаву, а ты падстаўляеш пад мой сваю.
— Я першы б’ю? — загарэўся брат Тук.
— Добра, — згадзіўся абат.
— Клянуся абедняй, мне не давядзецца падстаўляць сваю галаву! — весела крыкнуў Тук.
Брат Тук закасаў правы рукаў сваёй сутаны. Мускулы вузламі перакочваліся на яго руцэ, калі ён сціскаў і расціскаў магутны кулак.
Стралкі хуценька ўтварылі круг. Абат бясстрашна стаў пасярэдзіне, чакаючы ўдару задзірлівага манаха.
— Святой дзевай клянуся, — прамармытаў Робін Гуд, — абат гэты прыгожа складзены!
Велічная постаць Рычарда Львінае Сэрца была на галаву вышэйшая за дзябёлую прысадзістую постаць брата Тука. Тук з усяе сілы стукнуў Рычарда. Той нават не варухнуўся. Толькі капялюш зляцеў з галавы і ўпаў на траву за дваццаць крокаў ад яго.
Стралкі закрычалі ад захаплення. Нарэшце такі знайшоўся чалавек, які ўстаяў пад магутным кулаком брата Тука!
— Цяпер мая чарга, брат, — сказаў абат. Тук, ні слова не сказаўшы, стаў пасярэдзіне круга.
Абат закасаў правы рукаў і ўдарыў манаха с такой сілай, што той кулём паляцеў на зямлю, быццам маланкай забіты.
Лес задрыжаў ад рогату. I гучней за ўсіх смяяліся тыя стралкі, што адведалі цяжкі кулак капелана. Нарэшце ён паспытаў таго самага! Адзін толькі Робін Гуд не смяяўся.
«Здаецца, я пралічыўся, — падумаў ён. — Незнаёмец гэты дужэйшы за нашага капелана».
I ўсё ж ён стаў перад абатам, каб атрымаць пакаранне за няўдалы стрэл. Той ударыў, і Робін Гуд расцягнуўся на зямлі, а з абата зноў зляцеў капялюш.