Сказ пра Робін Гуда
Шрифт:
— А я павязу пісьмо ў Лондан заўтра на світанні,— сказаў манах і пайшоў рыхтавацца да падарожжа.
Цэлы дзень Нотынгем гуў, як разварушаны пчальнік. Людзі збіраліся на вуліцах, перадавалі адно аднаму вестку пра арышт Робін Гуда. Вакол кожнага з тых, хто быў той раніцай у царкве Святой Марыі, збіраўся натоўп гараджан, якія з цікавасцю і хваляваннем слухалі расказ пра тое, як адважна біўся са стражнікамі славуты атаман разбойнікаў.
Але за сцены горада не выйшла ні слова пра тое, што тут адбылося. Шэрыф падвоіў варту каля
— Калі з Нотынгема ніхто не выйдзе, — гаварыў шэрыф, — Робін Гуд не зможа ўцячы ад нас. А калі ніхто не ўвойдзе, яго разбойнікам не ўдасца прабрацца ў горад, каб вызваліць свайго атамана.
Нотынгем нагадваў абложаны ворагам горад. Усе вароты і ўдзень і ўночы былі зачыненыя на завалы і замкі.
I ўсё ж сумная вестка дайшла да зялёных стралкоў Робін Гуда. Яе прынёс у Шэрвудскі лес шавец Лоб.
Ён адзін з першых пачуў пра арышт Робін Гуда. Як толькі начная цемра ахутала горад, ён падняўся на дах свайго дома, што стаяў каля самай гарадской сцяны. Выбрацца з горада яму памагалі два яго верныя сябры, адданыя прыхільнікі Робін Гуда. На вяроўцы яны спусцілі шаўца са сцяны. Як толькі ён крануўся нагамі зямлі, памочнікі пацягнулі вяроўку назад, а Лоб паспяшаўся ў лес.
Шавец застаў людзей Робін Гуда ў лагеры. Разбойнікі, маўклівыя і сумныя, сядзелі на паляне вакол вялікага вогнішча. Сэрцы іх поўніліся трывогай за лёс атамана. Ён ужо даўно павінен быў вярнуцца. Больш за ўсіх непакоіўся і перажываў Маленькі Джон. Добрасардэчны волат ужо дараваў свайму сябру яго ўчынак і дакараў сябе за тое, што пакінуў яго аднаго.
I гнеў і смутак ахапілі лясных стралкоў, калі яны пачулі ад шаўца Лоба, што іх любімы правадыр сядзіць у нотынгемскай цямніцы. Самыя горшыя іх прадчуванні спраўдзіліся. Толькі Маленькі Джон упарта не хацеў верыць, што здарыцца самае страшнае.
— Робін Гуд пайшоў у Нотынгем памаліцца дзеве Марыі,— сказаў ён, — і яна не пакіне яго ў бядзе. Шмат разоў ужо нашаму адважнаму атаману пагражала смяртэльная небяспека, але кожны раз яму ўдавалася вырвацца з рук ворагаў. Веру, так будзе і цяпер. Мужайцеся, браты, кіньце смуткаваць. Трэба разведаць, што робіцца ў горадзе. А тады прыдумаем спосаб, як прабрацца туды і вызваліць нашага важака.
На досвітку Маленькі Джон і Мач прытаіліся ў гушчары перад паўднёвымі варотамі Нотынгема. Замест зялёных куртак яны надзелі скураныя камізэлькі і сталі падобныя на гандляроў-перакупшчыкаў, што ходзяць з кірмаша на кірмаш, купляючы і прадаючы жывёлу. Так яны маглі спакойна, не выклікаючы падазрэння, хадзіць па дарогах і навакольных вёсках.
Гэты майскі ранак таксама выдаўся цудоўны. Сонца ззяла на небе ва ўсёй сваёй красе. На сэрцы ў Маленькага Джона і ў Мача зрабілася балюча. Яны ўявілі сабе Робін Гуда ў цёмным брудным падзямеллі, дзе не чуваць ні вясёлых спеваў птушак, ні шапацення шаўкавістай маладой лістоты.
Раптам яны ўбачылі, як адчынілася бакавая фортка і з горада выехалі два чалавекі — чорны манах на цяжкім дужым кані і маленькі паж на белым скакуне. Фортка за
— Я ведаю гэтага манаха, — шапнуў Маленькі Джон. — Гэта келар манастыра Святой Марыі. Памятаеш яго, Мач? Мы вытраслі з яго куфэркаў цэлую груду золата, прыпамінаеш?
Мач сцвярджальна кіўнуў галавой. Маленькі Джон падаў яму знак выбірацца з гушчару. Напрасткі цераз дуброву яны выйшлі на дарогу і падаліся ў бок горада. На павароце яны зноў убачылі двух коннікаў, якія ехалі ступой, насцярожана азіраючыся па баках.
Келар уважліва паглядзеў на падарожнікаў. Насустрач ім ішлі два прасталюдзіны ў старых скураных камізэльках з дарожнымі кіямі ў руках. Неўзабаве коннікі і пешаходы стрэліся.
— Добрай раніцы, — прывітаў манаха Маленькі Джон і пакланіўся. — Ці не з Нотынгема едзеце?
— Адтуль, — адказаў манах.
— Ці праўду кажуць людзі, быццам учора злавілі гэтага страшнага разбойніка Робін Гуда?
— Дзіўна, як хутка раскрылася тайна! — усклікнуў келар. — Розуму не дабяру, якім чынам выйшла гэтая вестка за сцены горада? Так, добры ёмен, гэтага малойчыка ўчора схапілі ў царкве Святой Марыі.
— Праўда? Добрая навіна! Нягоднік, ён сілай адабраў у мяне і ў майго прыяцеля грошы. Добра, што яго схапілі!
— Ён і мяне абрабаваў,— паскардзіўся манах. — Столькі золата забраў з манастырскай казны! Але ўчора я адпомсціў яму: выкрыў яго і выдаў шэрыфу. Каб не я, яго б не арыштавалі. За гэта вы павінны дзякаваць мне.
— Няхай неба аддзячыць вам за ўсё, — сказаў Маленькі Джон. — Надарыцца магчымасць, мы таксама не паскупімся. А зараз, калі дазволіце, мы праводзім вас, бо лес гэты кішыць разбойнікамі Робін Гуда. Чаго добрага, убачаць вас, і тады вам канец.
— Ведаю, — адказаў манах, — але ў нас шпаркія коні. Калі будзе пагражаць небяспека, мы ўцячом ад іх.
— Небяспеку не заўсёды адразу заўважыш, — запярэчыў Маленькі Джон. — Таму лепш будзе, калі мы разам з вамі пойдзем праз лес.
I яны — і конныя, і пешыя — рушылі па дарозе, што цягнулася ўздоўж лесу. Келар так ганарыўся сваім подзвігам, што не пераставаў хваліцца. Расказаў і пра тое, што вязе пасланне ад шэрыфа самому каралю Рычарду.
Неўзабаве яны апынуліся ў глыбокай лагчыне. I тут у самым глухім месцы Маленькі Джон раптам узяў келаравага каня за аброць. Манах адразу адчуў нядобрае, выхапіў з-пад плашча кінжал і замахнуўся. Маленькі Джон таксама выцягнуў кінжал, які вісеў у ножнах пад скураной камізэлькай, і адказаў ударам на ўдар. Келар мёртвы ўпаў на зямлю.
— Гэта ён вінаваты, што з нашым атаманам здарылася страшная бяда, — сказаў Маленькі Джон Мачу. — Цяпер яму ўжо не давядзецца пахваляцца перад каралём.
Мач прытрымаў белага скакуна за повад і затрубіў у ражок. З лесу выбеглі некалькі лясных стралкоў. Маленькі Джон загадаў ім пахаваць чорнага манаха, а пажа ўзяць з сабой і не адпускаць, пакуль яны з Мачам не вернуцца.
Маленькі Джон дастаў з кішэні манаха пасланне шэрыфа, сеў на келаравага каня, Мач — на белага скакуна, і яны паехалі на поўдзень.